Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары могуць прайсьці датэрмінова?


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне сяброў рэгіянальных штабоў, якія дзейнічалі ў рамках прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Быў абмеркаваны плян супольнай дзейнасьці й падрыхтоўка да чарговай палітычнай кампаніі — мясцовых выбараў.

Сябры рэгіянальных штабоў былі тэрмінова скліканыя ў Менск у сувязі зь неафіцыйнай інфармацыяй, што ўлады могуць прызначыць мясцовыя выбары на лістапад. Тлумачыць выканаўца абавязкаў кіраўніка сакратарыяту палітрады аб’яднаных дэмсілаў Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Ужо мы маем досьвед, калі на два месяцы былі перанесеныя прэзыдэнцкія выбары. І гэта прымусіла нас рыхтавацца да варыянту датэрміновага. Тэрмінова склікаў рэгіянальных прадстаўнікоў з мэтай абмеркаваць дзейнасьць, магчымасьць тэрміновага складаньня сьпісаў кандыдатаў у дэпутаты, падрыхтоўкі інфармацыйнай сеткі, правядзеньня сустрэчаў зь людзьмі”.

Паводле лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, кааліцыя мае стратэгію, кірункі й канкрэтны плян дзейнасьці. Між іншым, заплянаваныя паездкі па 25 гарадах Беларусі цягам двух месяцаў, падчас якіх будуць ладзіцца пікеты, мітынгі й сустрэчы зь людзямі.

(Мілінкевіч: ) “Мы проста пачынаем дзейнасьць, штодзённую працу — гэта паездкі па рэгіёнах, распаўсюд інфармацыі. Гэта падрыхтоўка да выбараў, якія, мы разумеем, ніколі выбарамі ня будуць, але гэта для нас шанец на шырокую палітычную кампанію”.

Паводле кіраўніка гарадзенскага штабу Сяргея Мальчыка, нарэшце агульная праца зрушылася зь месца.

(Мальчык: ) “Калі будуць мясцовыя выбары раней, то трэба тэрмінова займацца ўзгадненьнем пазыцыяў на мясцовых выбарах. І ня дзеля праходу кандыдатаў ці спробаў праходу, а дзеля працягу інфармаваньня грамадзтва, данясеньня нашай пазыцыі да людзей. Вось гэтыя мясцовыя выбары трэба выкарыстаць. І неабходна, каб было пасланьне Мілінкевіча пра тое, што праца працягваецца, як яна будзе працягвацца і чаго хоча каманда — аб’яднаная дэмакратычная сіла”.

Віцэ-прэзыдэнт сацыялістычнай групы Эўрапейскага парлямэнту, дэпутат зь Нідэрляднаў Ян Віерсма ў лісьце да Аляксандра Мілінкевіча выказаў заклапочанасьць, што спадар Мілінкевіч ды іншыя лідэры кааліцыі неаднаразова наведвалі Эўразьвяз. Спадар Віерсма ня ўпэўнены, што гэта самы эфэктыўны шлях, каб займець падтрымку беларусаў. Візыты ў эўрапейскія сталіцы “наўрад ці заўважныя для патэнцыйных прыхільнікаў”. Паводле спадара Віерсмы, самая істотная частка працы спадара Мілінкевіча — унутры краіны.

(Мілінкевіч: ) ”Я згодны зь Віерсмам, што працаваць трэба перш за ўсё не ў Брусэлі ці Бэрліне, а працаваць трэба ў краіне. Але ня думаю, што мяне асабіста нехта можа папракнуць, што я мала ежджу па краіне. Езьдіў, ежджу і буду езьдзіць, і сапраўды — гэта самае галоўнае. Але я ніколі не зьменшу колькасьці паездак па Эўропе, паколькі інтарэс вельмі вялікі. Сустракацца на высокім узроўні надзвычай важна хаця б таму, што дзякуючы гэтым паездкам мы маем скансалідаваную пазыцыю Эўропы, маем магчымасьць гаварыць пра пасьпяховую кампанію “Салідарнасьць”. І кампанія “Салідарнасьць” — гэта барацьба са страхам, гэта маральны абавязак кааліцыі. І многа яшчэ што можна сказаць. І таму я лічу, што павінна быць збалянсавана — і паездкі ў замежжа, і праца ў рэгіёнах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG