Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка высяляе ўнівэрсытэт”, “Расейскае тэлебачаньне выдвараюць” – артыкулы з такімі загалоўкамі зьмешчаны ў нямецкамоўным друку


Ул. інф. У цэнтры ўвагі эўрапейскіх СМІ – апошняя антыпрэзыдэнцкая акцыя ў Менску, лёс Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту й закрыцьцё прадстаўніцтва Дзяржаўнай расейскай тэлерадыёкампаніі ў Беларусі.

“Народ мусіць сказаць проста: ”так”, – заявіў нядаўна Лукашэнка, маючы на ўвазе трэйці тэрмін свайго прэзыдэнцтва, – піша “Berliner Zeitung”. І дадае: “Тым часам тысячы людзей, што прыйшлі на менскую плошчу Бангалор, сказалі “Не!” Яны выступілі супраць чарговага тэрміну лукашэнкавага кіраваньня, запатрабавалі свабодных і сумленных выбараў ды вызваленьня палітычных вязьняў. Гэта была самая вялікая апазыцыйная акцыя за мінулыя гады.

Наўрад ці Лукашэнка прыслухаецца да падобных меркаваньняў, – працягвае “Berliner Zeitung”. Беларускі кіраўнік імкнецца зьнішчыць усялякі супраціў, любое адхіленьне ад узятага ім курсу. У Беларусі жорстка перасьледуюць апанэнтаў рэжыму. Дзясяткі ўдзельнікаў апошняй акцыі былі затрыманы. Большая частка зь іх пакарана ў судовым парадку. Што да расейскага журналіста з каналу РТР, якія асьвятляў дэманстрацыю, то, выглядае, праца ў Беларусі стане немагчымай ня толькі для яго, але й для ўсяго прадстаўніцтва расейскай кампаніі РТР.

Паводле аўстрыйскай “Der Standard”, асьвятленьне менскіх падзеяў тэлеканалам “Расея”, відавочна, не спадабалася беларускім уладам: яно было крытычным. Расейскі канал дазваляе сабе крытычныя падыходы, калі размова тычыцца не расейскага кіраўніцтва. За часам кіраваньня краінай Пуціным РТР, як і ОРТ, ператварыліся ў сапраўдныя пракрамлёўскія мэдыі.

Паводле аглядальнікаў, ня большы аптымізм выклікае й далейшы лёс такой прэстыжнай навучальнай установы, як Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Адміністрацыя ўнівэрсытэту днямі атрымала ад уладаў ультыматум: вызваліць памяшканьні да 5-га жніўня.

Як падае “Berliner Morgenpost”, беларускія кіраўнікі ня могуць зьмірыцца з празаходняй арыентацыяй гэтай навучальнай установы, а таксама з тым, што ЭГУ мае шмат кантактаў за мяжой. Гэтым разам у якасьці фармальнай прычыны закрыцьця ўнівэрсытэту выкарыстоўваюць дамову аб арэндзе. Прэзыдэнцкая адміністрацыя, якой належыць будынак ЭГУ, нібыта мерыцца разьмясьціць у ім уласны офіс.

Кіраўнік Інстытуту нямецкіх дасьледаваньняў Табіас Кнубэн (дарэчы, гэты пасьпяховы праект ЭГУ створаны з ініцыятывы рэктара Анатоля Міхайлава) у інтэрвію нямецкім журналістам зазначыў: “Гэта утопія – цягам бліжэйшых двух тыдняў знайсьці для ўнівэрсытэту іншае памяшканьне”. Папярэднія спробы ЭГУ арандаваць нейкі іншы вялікі будынак былі блякаваны з боку дзяржавы. Паводле нямецкага боку, справа не ў арэндзе й нават ня ў рэктары, а ў самім ЭГУ, які дзяржава імкнецца трымаць пад сваім кантролем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG