Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва вяртае страчаныя рублёвыя ўклады


Тацяна Поклад, Прага Літва – адзіная краіна былога СССР, урад якой выплачвае страчаныя банкаўскія ўклады ў рублях, якія жыхары мелі у савецкім ашчадным банку. Паводле нядаўняга рашэньня ўраду Літвы, да канца 2007 году ўсе страчаныя ўклады павінны быць кампэнсаваныя.

Да пачатку сакавіка літоўскім укладчыкам колішняга савецкага Ашчаднага банку будзе выплачаная дзяржаўная кампэнсацыя, агульная сума якой складзе 1,137 мільярдаў літаў (каля 500 мільёнаў даляраў). Літоўскі ўрад атрымаў магчымасьць хутчэй выплаціць кампэнсацыі дзякуючы продажу канцэрна “Мажэйкю нафта”, за продаж 30% акцый якога польскі канцэрн “PKN Orlen” заплаціў Літве 2, 2 мільярда літаў.

Цяперашні прэм’ер-міністар Літвы сацыял-дэмакрат Гедымінас Кіркілас кажа, што вяртаньне страчаных рублёвых укладаў дапаможа Літве пасьпяхова перайсьці на эўра, і пры гэтым прызнае, што рашэньне вярнуць жыхарам краіны рублёвыя ўклады раней, чым плянавалася, зьвязанае з блізкімі выбарамі мясцовых органаў улады.

Выплаты адбываюцца цягам апошніх дзесяці гадоў, усе ўкладчыкі былі падзеленыя на катэгорыі: каму ў першую чаргу вернуць уклады (гэта пэнсіянэры, інваліды), а каму – у апошнюю. У студзені сёлета ў інтэрвію літоўскаму Радыё Навінаў цяперашні прэм’ер Гедымінас Кіркілас сказаў:

Кіркілас: “Насамрэч, вельмі цяжка сказаць, чаму адной групе (уклады) вяртаюцца раней, іншай – пазьней. Таму, калі ёсьць магчымасьці, трэба выканаць закон адразу. І так вяртаньне ўкладаў зацягнулася... Цягам апошніх некалькіх выбараў размовы былі толькі пра вяртаньне ўкладаў, не аб праграмах, не аб эканоміцы, толькі ўклады. Таму трэба гэтую праблему вырашыць і закончыць зь мінулым”.

Самае складанае пытаньне – індэксацыя: у якіх суадносінах літа да савецкага рубля будуць вяртацца страчаныя ўклады?

Прэм’ер-міністар адказаў на гэтае пытаньне такім чынам (інтэрвію літоўскаму “Радыё Навінаў”, 4 студзеня 2007г.):

Кіркілас: “Гэта не пазначана ў законе і было б несправядліва, каб гэта было загадзя вызначана. Як раз дзеля таго, каб не так доўга не зацягвалася гэтае вяртаньне, трэба вярнуць як найхутчэй”.

Суадносіны цяперашняга літа да савецкага рубля паводле коштаў на асноўныя прадукты спажываньня разьлічваюцца прыкладна як 10 да аднаго. Уклады спачатку вярталіся ў суадносінах прыкладна адзін да аднаго, цяпер папросту не называецца ніякіх лічбаў, – кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

Літоўскі аналітык і журналіст Віталь Каракорскі, кіраўнік незалежнай арганізацыі Інфармацыйная палата народаў Літвы, адзначае:

Каракорскі: “Гэта ад самага пачатку быў папулісцкі крок. Гэтая ідэя ўзьнікла напярэдадні чарговых выбараў дзесяць гадоў таму. І калі дасюль, праз 10, нават 11 гадоў, усё яшчэ ідзецца пра тое, што трэба вярнуць гэтыя ўклады, – гэта сьведчыць, што той, хто абяцаў – тагачасны прэм’ер-міністар Гедымінас Вагнорус, – ня вельмі разьлічваў, як гэта можна зрабіць, і ці можна ўвогуле.

Трэба сказаць, што калі Вагнорус абяцаў гэта, яшчэ ня было расейскага крызысу 1998-га году. Але ўсё ж-такі дасюль мы ў Літве чуем, што кожны чарговы кандыдат у прэм’еры абяцае вярнуць рублёвыя банкаўскія ўклады савецкіх часоў.

Нават былі кандыдаты ў прэзыдэнты, якія абяцалі вярнуць уклады. Хаця ў Літве гэта зусім не датычыцца функцыяў прэзыдэнта. Памятаю, мая цешча галасавала за Паксаса толькі таму, што ён абяцаў вярнуць усе рублёвыя ўклады, – чаго ён, вядома, не зрабіў і ня мог, уласна, зрабіць.

Тым ня менш, працэс выплатаў ідзе, ідзе паволі, і, наколькі я ведаю, гэта адзіны такі выпадак на ўсіх абшарах былога СССР”.

Гл.таксама:

Падчас “паўлаўскай” рэформы беларусы страцілі 30 мільярдаў савецкіх рублёў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG