Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў «Белую Русь» «стаўпом грамадзянскай супольнасьці». А што гэта наагул такое?


Зьезд арганізацыі «Белая Русь» у Менску 19 студзеня 2017
Зьезд арганізацыі «Белая Русь» у Менску 19 студзеня 2017

У Менску 19 студзеня адкрыўся III зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Аляксандар Лукашэнка накіраваў вітаньне дэлегатам зьезду, сам ён на зьезьдзе не прысутнічае.

«Створаная з народнай ініцыятывы, „Белая Русь“ стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасьці, ядром здаровых і канструктыўных сілаў нашай краіны, — гаворыцца ў вітаньні Аляксандра Лукашэнкі. — Вашае цеснае ўзаемадзеяньне з органамі ўлады і праца з рознымі пластамі насельніцтва дапамагаюць забясьпечваць пасьпяховае правядзеньне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы».

Лукашэнка назваў дэлегатаў «шчырымі патрыётамі», якіх «аб’ядноўвае імкненьне быць карыснымі грамадзтву і дзяржаве».

19 студзеня праўладную «Белую Русь» узначаліў кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

За кіраўніка БТ прагаласавалі ўсе дэлегаты зьезду «Белай Русі», які праходзіць сёньня ў Менску. Былы кіраўнік Аляксандар Радзькоў застаецца ў савеце арганізацыі.

«Белая Русь» існуе ўжо 10 год. Паводле сайту арганізацыі, у яе 171 585 чальцоў, 8 тысяч першасных арганізацыяў.

Што такое «Белая Русь» і чаму яна ня стала «партыяй улады»?

«Створаная на ўсялякі выпадак» і «закансэрваваная», — Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа Свабодзе, што «Белая Русь» цяпер знаходзіцца ў «закансэрваваным» стане.

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота
Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

«Гэтая структура ня мае ніякага дачыненьня да рэальнасьці: гэта ня партыя, не грамадзкае аб’яднаньне, а ўтварэньне чынавенства, утворанае зь ініцыятывы Адміністрацыі прэзыдэнта, — кажа Ярашук. —

Зьвязаць сябе зь нейкай палітычнай сілай значыць абмежаваць свае дзеяньні і дэлегаваць частку паўнамоцтваў
Аляксандар Ярашук пра ператварэньне «Белай Русі» ў партыю

Утварылі яго „на ўсялякі выпадак“, калі сытуацыя, на думку кіраўніка дзяржавы, схілялася да таго, што трэба мець нейкае апірышча ў выглядзе палітычнай сілы. Але пакуль у гэтым неабходнасьці няма, ён, напэўна, цудоўна разумее: зьвязаць сябе зь нейкай палітычнай сілай — значыць абмежаваць свае дзеяньні і дэлегаваць частку паўнамоцтваў. Як гэта і адбываецца ў Расеі зь „Единой Россией“ і ўсімі наступствамі для кіраўнікоў дзяржавы».

На думку Ярашука, зь «Белай Русі» атрымалася «марыянэткавая структура, якая доўгі час знаходзіцца ў падвешаным стане, недзе набывае гратэскныя формы».

Ён перакананы, што «Белая Русь» не вырашае ніякіх пытаньняў, а дзейнічае толькі на загад, ды й статус гэтай сілы не прапісаны: «Такое наўрад ці можна называць стаўпом, бо „калі плячом ці локцем прытуліцца, то адразу паваліцца“».

«Калі Лукашэнка дасьць дабро»: «Белая Русь» чакае дазволу стаць партыяй

Зьмяніць гэта можа толькі загад зьверху ператварыць «Белую Русь» у палітычную сілу, але Ярашук сумняецца, што гэта трэба ўладам цяпер: калі ператвораць, значыць, у краіне запусьціцца палітычны працэс, а цяпер уся палітыка скіраваная на тое, каб і праўладныя, і апазыцыйныя партыі ні на што не ўплывалі. Але і ўтрыманьне «Белай Русі» ў такім стане не каштуе дзяржаве амаль нічога (паводле статуту арганізацыя фінансуецца з дабраахвотных сяброўскіх унёскаў і даходаў са сваёй дзейнасьці).

І хто тады «стаўпы грамадзянскай супольнасьці»?

Незалежныя грамадзкія арганізацыі цяпер існуюць ня дзякуючы дзяржаве і не зь яе дазволу, кажа Ярашук, а «насуперак жаданьню ўладаў нейкім чынам жывуць і выжываюць»: умоваў для іх разьвіцьця няма, і можна казаць, што іхная цяперашняя колькасьць і дзейнасьць — цуд, бо палітыка дзяржавы скіраваная на тое, каб было горш.

Каля 10 год таму Лукашэнка казаў, што апірышчам улады ёсьць праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ і мясцовыя саветы, згадвае Ярашук. Але, мяркуе Ярашук, у ФПБ цяпер проста прыпісалі хіба ня ўсіх працоўных, улады вымушаныя фінансаваць БРСМ, «а то разьбягуцца», а мясцовыя саветы «дэкаратыўныя», «не прадстаўляюць нікога і не вырашаюць нічога». Калі гэта «стаўпы», то беларуская дзяржава — «калос на гліняных нагах», жартуе Ярашук.

«Утойваюць, каб не было скандалу». Функцыянэр БРСМ і экспэрт пра мільёны для праўладнай моладзі

«Любая аўтарытарная ўлада сэнсам сваёй дзейнасьці бачыць разьяднаньне грамадзянаў, „атамізацыю“ асобных грамадзянаў, — разважае ён. — Нават такія ўтварэньні як супольнасьць філятэлістаў ці супольнасьць па абароне жывёлаў ствараюць патэнцыйную пагрозу, бо людзі нейкім чынам аб’ядноўваюцца. Няма сэнсу казаць, што тыя грамадзкія арганізацыі, якія ствараюцца дзяржавай, нешта зь сябе ўяўляюць або што яны могуць разглядацца як рэальныя арганізацыі людзей, якія сабраліся па сваіх інтарэсах».

626 тысяч піянэраў і акцябратаў: адкуль іх нагналі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG