Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт


Часта новыя храмы будуюць у стылі старажытнарускіх цэркваў, але потым дадаюць туды пазалоты. Царква ў гонар абраза Божай Маці «Ўсіх Гаротных Радасьць», Менск

Часта новыя храмы будуюць у стылі старажытнарускіх цэркваў, але потым дадаюць туды пазалоты. Царква ў гонар абраза Божай Маці «Ўсіх Гаротных Радасьць», Менск

Свабода пагутарыла з гісторыкам архітэктуры Інэсай Сьлюньковай, членам-карэспандэнтам Расейскай акадэміі архітэктуры й будаўнічых навук, пра праваслаўную «моду» ў царкоўнай архітэктуры.

Праваслаўная царкоўная архітэктура Беларусі мае агульныя рысы з украінскай, але не з расейскай. «Цыбуліны» ў нас зьявіліся толькі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя, калі беларускія землі былі ў складзе Расейскай імпэрыі. З нагоды апошніх скандальных пераробак старых беларускіх цэркваў, на якіх сьвятары паставілі нехарактэрныя ім залатыя цыбуліны, Свабода пагаварыла з Інэсай Сьлюньковай, гісторыкам архітэктуры, членам-карэспандэнтам Расейскай акадэміі архітэктуры й будаўнічых навук, аўтарам кніг па архітэктуры Беларусі.

— Інэса Мікалаеўна, адкуль увогуле зьявіліся цыбуліны ў царкоўнай архітэктуры?

Інэса Сьлюнькова

Інэса Сьлюнькова

— Цыбуліны, хутчэй за ўсё, — гэта ўсходняя традыцыя, аднекуль зь Індыі. Усход — ён жа і хрысьціянскі, і мусульманскі. Там знаходзіцца большасьць старажытных сьвятынь: у Сырыі, Турцыі. Я думаю, там трэба шукаць вытокі цыбулін.

— Калі яны атрымалі распаўсюджаньне ў Расеі? Ці былі характэрныя «цыбульныя» купалы для храмаў на беларускіх землях?

— У расейскай архітэктуры цыбуліны ўпершыню зьявіліся ў растоўска-яраслаўскім дойлідзтве ў XVII стагодзьдзі. У той жа час яны зьяўляюцца й на землях Беларусі. Але тут, як і на ўкраінскіх землях, яны былі васьмігранныя, як, напрыклад, у Сьвята-Нікольскім манастыры ў Магілёве.

Усё часьцей пасьля рэканструкцыі на купалах стала зьяўляцца золата. Царква Сьвятога Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках ў Менску

Усё часьцей пасьля рэканструкцыі на купалах стала зьяўляцца золата. Царква Сьвятога Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках ў Менску

— Наколькі адрозьнівалася праваслаўная архітэктура беларускіх зямель да таго, як яны былі далучаныя да Расеі ў канцы 18 стагодзьдзя?

— Беларуская царква ў XVII–XVIII стагодзьдзях уваходзіла ў Кіеўскую мітраполію. Таму традыцыі праваслаўнай царкоўнай архітэктуры Беларусі і Ўкраіны вельмі блізкія. Іх наагул трэба разглядаць разам. Гэта была адна царква, адна сыстэма ўлады — Косаў, народжаны ў Беларусі, быў мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі. Сьвятарства служыла і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Гэта адзіная царква, а таму тут былі агульныя прынцыпы пабудовы храмаў.

У той час як у Расеі назіралася эвалюцыя царкоўнага мастацтва, заходнеруская праваслаўная царква (Кіеўская мітраполія) існавала ў жорсткіх умовах, у ганеньні, і заставалася больш традыцыйнай. Гэта ў Расеі праваслаўе было дзяржаўнай рэлігіяй, а ў Беларусі заможныя жыхары падтрымлівалі унію ці каталіцтва. А таму праваслаўная архітэктура на беларускіх землях была больш кансэрватыўная, чым у Расеі. Тут захоўвалася традыцыя будаўніцтва цэнтрычных купальных базылік.

— Чаму менавіта ў XIX стагодзьдзі пачынаюць актыўна будаваць праваслаўныя цэрквы, увянчаныя купалам-цыбулінай?

— У XIX стагодзьдзі на зьмену клясыцызму прыйшоў новы мастацкі кірунак — гістарызм. У ім ёсьць перайманьне й аўтарскае прачытаньне самых розных стыляў. У тым ліку й так званага «рускага стылю», асноўнымі ўзорамі для якога былі якраз растоўскае і яраслаўскае дойлідзтва XVII стагодзьдзя.

— Ці было папулярным выкарыстаньне пазалочаных купалоў на праваслаўных храмах?

— Золата ў той час не было папулярным пакрыцьцём купалоў — гэта досыць рэдкая і дарагая рэч. Былі альбо медныя купалы, альбо іх фарбавалі ў зялёны ці сіні колер. Узорам залатых купалоў, верагодна, быў Благавешчанскі сабор XVI стагодзьдзя ў Маскве.

Толькі на цэрквах XIX стагодзьдзя купалы-цыбуліны стаяць «законна». Царква Сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

Толькі на цэрквах XIX стагодзьдзя купалы-цыбуліны стаяць «законна». Царква Сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

— Наколькі апраўдана сёньня ставіць цыбульныя купалы на старыя храмы?

— Гэта залежыць ад мастацкага стылю эпохі. Вельмі важна, каб архітэктар, які займаецца аднаўленьнем храму, глядзеў на першапачатковыя формы. Існуе дастаткова шмат літаратуры, і ўсе помнікі, якія ў нас рэстаўруюцца, як правіла, яны ў навуковай літаратуры ўжо апублікаваныя.

Царква Сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

Царква Сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

Калі гэта храм XIX стагодзьдзя і там першапачаткова былі цыбульныя купалы, яго, безумоўна, трэба аднаўляць менавіта ў такім выглядзе. Аднак калі архітэктар ставіць на клясыцыстычны будынак цыбульны купал — гэта непісьменна. У клясыцызьме ніякіх цыбульных купалоў не існавала. Гэтак жа як іх не было і ў старажытнарускай архітэктуры, у часы Полацкага, Наўгародзкага й Кіеўскага княстваў.

Вінаватыя нашы неадукаваныя настаяцелі, а не Масква

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

«Цыбулізацыя» праваслаўных храмаў стала вынікам неадукаванасьці настаяцеляў храмаў, а не палітыкі Масквы, лічыць старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

«Я б не называў гэта мэтанакіраванай злоснай палітыкай Масквы па русыфікацыі беларускага краю, — сказаў ён Свабодзе. — Калі сапраўды паезьдзіць па Беларусі й пагаварыць з праваслаўным актывам, дык ім самім гэтага хочацца. Яны лічаць, што гэта прыгожа».

На думку Астаповіча, паўсюднае насаджэньне цыбулінаў на цэрквы паказвае ўзровень адукацыі, культуры й эстэтычнага ўспрыняцьця звычайных людзей.

«Гэта адсутнасьць густу, — кажа Астаповіч. — Мода, якая грунтуецца на адсутнасьці адукацыі, калі людзі ўяўляюць праваслаўе празь нейкія там мітычныя залатыя цыбуліны. Ну, і гэта, вядома, падтрымліваецца кіраўніцтвам праваслаўнай царквы».

Новы залаты выгляд капліцы ў Сынкавічах

Новы залаты выгляд капліцы ў Сынкавічах

Тыдзень таму залаты непрапарцыйна вялікі купал паставілі на барочную царкву сярэдзіны XVII cтагодзьдзя ў Слоніме. За праведзеную «рэканструкцыю» настаяцель Слонімскага Свята-Троіцкага сабора Дзмітры Сёмуха нават атрымаў ад мітрапаліта Менскага й Заслаўскага Паўла ордэн Кірылы Тураўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG