Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паштоўкі на Дзень волі Андрэя Юркова выклікалі да ўчастковага


На сябра руху «За свабоду» Андрэя Юркова складзены пратакол апытаньня. Актывіст 25 сакавіка віншаваў з Днём волі студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, раздаючы ім паштоўкі. Гэта і стала падставай, каб выклікаць яго да ўчастковага міліцыянта.

Андрэй Юркоў кажа, што не хаваў, што раздаваў паштоўкі студэнтам раніцай 25 сакавіка, калі яны ішлі на заняткі. Свае дзеяньні тлумачыў тым, што з акадэміяй у яго жыцьці шмат зьвязана, таму і вырашыў паштоўкамі нагадаць студэнтам пра знакавы дзень у беларускай гісторыі. Паштоўкі, прызнаў актывіст, вырабіў ён сам.

Якія далей будуць дзеяньні, міліцыянт актывісту не патлумачыў. Сам жа Юркоў спадзяецца, што адміністрацыйнага перасьледу за віншаваньне студэнтаў ня будзе.

«Я ў сваіх дзеяньнях ня бачу правапарушэньня. Нічога кепскага ў паштоўках не было напісана — толькі гістарычныя факты пра Беларускую Народную Рэспубліку і паўстанца-каліноўца Войцеха Дамарацкага, які загінуў у Горках. Ён пахаваны на тэрыторыі акадэмічнага дэндрапарку», — зазначае Андрэй Юркоў.

Паводле студэнтаў некаторых факультэтаў акадэміі, на пачатку заняткаў у іх сабралі раздадзеныя паштоўкі. Адміністрацыя навучальнай установы абвяргае словы студэнтаў. Заяўляе, што падобных загадаў не было.

XS
SM
MD
LG