Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У студэнтаў Горацкай акадэміі забралі паштоўкі да Дня Волі


У студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі кіраўніцтва факультэтаў сабрала віншавальныя паштоўкі да Дня Волі. Іх сёньня ранкам раздавалі мясцовыя рупліўцы беларушчыны.

Пра тое, што паштоўкі забралі, паведамілі самі студэнты, просячы не называць іхных імёнаў. Яны сьцьвярджаюць, што ім прыгразілі праблемамі, калі не аддадуць віншаванак. Заяўлялі, што акцыя, на якой іх раздавалі, была несанкцыянаваная і незаконная.

Рэктар акадэміі Павал Саскевіч заявіў Свабодзе, што загаду забіраць у студэнтаў паштовак не было і што ён упершыню пра гэта чуе:

«Упершыню чую. У нас усё заўжды дэмакратычна робіцца. Хто гэтыя паштоўкі будзе забіраць? Мы каманды на гэты конт не давалі. Я ўпершыню сам чую, што сёньня Дзень Волі. Мы ніколі ня ўмешваемся. Акадэмія ж вялікая», — выказаў сваю пазыцыю рэктар акадэміі Павал Саскевіч.

На думку аднаго з удзельнікаў раздачы паштовак студэнтам сябра руху «За свабоду» Андрэя Юркова, нехта з кіраўнікоў асобных факультэтаў перастрахоўваецца, каб пазьбегчы для сябе праблемаў. Паводле актывіста, за ўвесь час, як у Горках ладзяцца акцыі да Дня Волі, ніколі не было, каб у студэнтаў забіралі паштоўкі і пагражалі праблемамі. У тэксьце на паштоўках, цьвердзіць Юркоў, не было крамолы, а толькі факты з гісторыі.

«Некаму захацелася, відаць, папалохаць студэнтаў. Але наўрад ці такія дзеяньні, калі яны насамрэч былі, станоўча ўспрыме студэнцкая супольнасьць, — зазначае актывіст. — Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — такі ж факт быў у гісторыі. Студэнт Дамарацкі вучыўся тут, і сама акадэмія паставіла яму помнік. Як гэтыя факты адмаўляць? Калі яны баяцца, што студэнты пачнуць масава хадзіць да гэтага помніка, дык што ў гэтым кепскага? Няхай ведаюць сваю гісторыю. Любая дзяржава зацікаўленая, каб у краіне жылі патрыёты. І ў нашых паштоўках няма нічога антыпатрыятычнага».

XS
SM
MD
LG