Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 чэрвеня спаўняецца 135 год з дня нараджэньня Івана Луцкевіча, грамадзкага і палітычнага дзеяча, стваральніка першага нацыянальнага гістарычнага музэю, заснавальніка першай беларускай гімназіі.

Герой нашых 20 нечаканых фактаў — Іван Луцкевіч.

Родавы герб «Навіна»

Родавы герб «Навіна»

1. Меў вельмі нэрвовы характар

Грамадзкі дзеяч Адварды Будзька адзначаў, што Іван Луцкевіч «...шмат бяды меў, здабываючы грошы на пільныя расплаты за беларускія выдавецтвы і на даўгі; аж мне здаецца, што ад прыкрасьці з гэтага стаўся нэрвовым. Гэты дэфэкт нажыўшы — нажыў сабе і абідчыкаў».

Па ўспамінах каханай Івана Луцкевіча Юліяны Вітан-Дубейкаўскай (у дзявоцтве Юліяны Мэнке), «...ён — энтузіяст, ідэаліст, жывы, рухавы, запальны, хутка дэнэрваваўся, і калі ўспыліў, быў няўстрыманы й мог добра вылаяць, але гэта хутка ў яго праходзіла і ён потым шкадаваў свой гнеўны парыў...»

Іван Луцкевіч — студэнт юрыдычнага факультэту Пецярбурскага ўнівэрсытэту

Іван Луцкевіч — студэнт юрыдычнага факультэту Пецярбурскага ўнівэрсытэту

2. Вальсы Шапэна натхнялі яго на рамантычна-любоўны настрой

Юліяна Вітан-Дубейкаўская пісала: «Выпіўшы гарбату, пан Іван пачаў перабіраць ноты на піяніна і, знайшоўшы вальсы Шапэна, папрасіў Лялю [Ляля Мэнке — малодшая сястра Юліяны, актрыса Беларускай драматычнай дружыны Францішка Аляхновіча — В. Дэ Эм] іх зайграць. «Мне хочацца гэты прыемны вечар закончыць прыгожай музыкай!» Я села каля яго на канапе. Мы слухалі, марачы кожны сваё, раптам пан Іван узяў маю руку й пачаў ціха гладзіць кожны пальчык, а затым затрымаў у сваёй руцэ, пакуль Ляля ня скончыла ігру. «Ну, мне пара дахаты, — падняўся пан Іван. Я праводзіла яго на вуліцу. Ён ціха сказаў: «У мысьлях я цалаваў вам кожны пальчык...»

Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі

3. Максім Гарэцкі захапляўся «эўропейскасьці выгляду» Івана Луцкевіча:

«Дзьве асаблівасьці кінуліся мне ў вочы на беларускім полі: эўропейскасьць выгляду і энэргічнасьць Івана Луцкевіча. Вока, прызвычаенае да беларускай дэмакратычнай, казаў той, нядбайнасьці ці проста нічым не закрытай неахайнасьці ў вопратках і апрананьні, было прыемна заваблена эўропейскай, скажу я, акуратнасьцю ў яго (...) касьцюме. Тое самае было і ў манэрах, і ў абхаджэньні зь людзьмі. Вуха, прызвычаенае да славеснай размазьні, бясконца нуднай гутаркі ці маркотнай маўклівасьці замучаных ідэйнасьцю грамадзян Беларусі, было прыемна заваблена сьціснутай, кароткай і цэннай, а глаўнае энэргічна-рашучай гутаркай гэтага правадыра беларускага руху».

4. Прыслуга ратавала яго і брата ад голаду

Па ўспамінах Вітан-Дубейкаўскай: «Браты Антон і Іван Луцкевічы, як я прыкмеціла і да прыходу немцаў, жылі вельмі скромна, а цяпер, у акупацыю, пачалі зусім дрэнна аджыўляцца: каб ня рупнасьць і спрыт іх прыслугі Пятрусі, то мусі бы змарнелі ад голаду. (...) Пятруся рупілася аб тым, каб адабраць частку грошай, калі Іван якія-небудзь грошы атрымоўваў, каб адлажыць іх на ежу, кватэру, яе пэнсію. (...) Была, адным словам, адданы ім чалавек і друг...»

Кітаб. Другая палова XVIII cт

Кітаб. Другая палова XVIII cт

5. Ён адшукаў сьвятую для мусульман кнігу, напісаную па-беларуску, «Аль-Кітаб»

У артыкуле за 1918 г. «Ай-Кітаб-Кіцёп» (які быў надрукаваны ў «Беларускім жыцьці» № 6, 1920) ён пісаў:

«„Ай-Кітаб“ (...) зьбеларушчылі ў слово „Кіцёп“. Гэта кніга сьвятая ёсьць тлумачэньне Корану, яго важнейшых прыповесьцяў. (...) Пісаны пабеларуску Коран і „Ай-Кітаб“ выходзіць з ужытку і як непатрэбная рэч затрачываецца. Доўга прышлося шукаць яе вучоным і толькі шчасьлівы выпадак давёў мяне да яго ў 1915 г. перад заняцьцем Вільні немцамі. Знайшоў я яго ў татарскага муллы Сьцяпана Палтаракевіча ў ваколіцы Сорак-Татары пад Вільняй».

Гісторык Юры Туронак у артыкуле «Па плёнах пазнаеце іх» скептычна адзначаў, што «ня быў Луцкевіч адкрывальнікам кітабаў — яны ўжо ў палове ХІХ ст. вывучаліся прафэсарам Пецярбурскага ўнівэрсытэту А. Мухлінскім».

Літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Сідарэвіч у артыкуле «Авохці мне!.. Некалькі міфаў пра Івана Луцкевіча з нагоды аднаго тэлесюжэта» («Наша ніва», 9.10.2014 г.) больш спагадна піша: «Пра кітабы ведалі і да І. Луцкевіча; ягоная ж заслуга ў тым, што ён паказаў іх вучонаму сьвету як пісаныя менавіта па-беларуску (а не „па-руску“ ці „на белорусском наречии русского языка“)».

Урывак з «Аль-Кітабу»

Урывак з «Аль-Кітабу»

6. У «Аль-Кітабах» знаходзіў доказы адметнасьці беларускай мовы

У тым жа артыкуле «Ай-Кітаб-Кіцёп» Іван Луцкевіч пісаў: «Разглядаючы гэтае старое правапісьмо, пісанае арабістыкай, мы бачым дзьве характэрные асобнасьці, якіх у кірылічным тэксьце старых беларускіх памятнікаў не спатыкаем, гэта ясны згук „дз“, напрыклад: дзень, невідзелі і г.д. Для гэтага згуку „дз“ у арабскай транскрыпцыі існуе асобае начартаньне літары „д“ — яна перачоркнута. Так-сама другі згук „ць“, напрыклад цёмна, сьветласьці, міласьць, — у кірылічнай транскрыпцыі было-бы: тёмна і сьветласті, міласть, а тутака бачым, што згукі „дз“ і „ць“, ясна пісаліся арабістыкай, так як яны ў жывой мове XVI, XVII вякоў выгаварываліся. Гэта ёсьць ня збураны доказ, што жывая беларуская мова мае гэтыя два характэрныя згукі ад надаўнейшых часоў і што новая беларуская транскрыпцыя гражданіцай і лацінкай зусім правільная, а ўсе хітрыкі максвафілаў, якіе не прызнавалі „дз“ і „ць“, фундуючыся на ўбогасьці і беднасьці кірылічнага правопісу ў недахваце знакаў для перадачы памянёных жывых згукаў беларускай мовы „дз“ і „ць“, ня маюць пад сабой ніякай навучнай падставы, апрача русыфікатарскай тэндэнцыі...»

7. Прыслуга абуралася, што замест саланіны Іван Луцкевіч купляў старадаўнія рукапісы:

«...дала пану Івану грошы й даручэньне зайсьці па дарозе да кумы, каб забраць замоўленую зь вёскі саланіну. Доўга пан Іван не вяртаўся, а калі прыйшоў, то ня мог нахваліцца, які цікавы рукапіс здабыў замест саланіны. На вячэру мусілі затое есьці сухі хлеб. Ён гатовы ўсе грошы траціць у свой музэй!»

Першы нумар газэты «Наша Доля»

Першы нумар газэты «Наша Доля»

8. На яго і брата жаліўся рэдактар «Нашай долі»

З артыкула Францішка Ўмястоўскага (Дзядзькі Пранука) «Аб «Нашай долі» (Беларускія ведамасьці, № 3 1921 г.): «...я атрымаў ад Тукеркеса [Ян Тукеркес, рэдактар «Нашай долі» — В. Дэ Эм] ліст, у якім ён мне пісаў, каб я хутчэй прыяжджаў да Вільні, бо сам ён ня можа паладзіць з Луцкевічамі. Сягоньня ня памятаю, з чаго ў іх пайшла сварка: досьць таго, што прыехаўшы, я ўсіх згадзіў, і празь некі тыдзень выйшаў першы нумар «Нашае долі».

9. Не любіў пісаць артыкулаў

Па ўспамінах Максіма Гарэцкага: «Гутарка Івана Луцкевіча была зазвычай цікаўная і цэнная, бо ён меў багатае навуковае знацьцё і аж да сьмерці йшоў разам з сусьветным прогрэсам. Хацелася іногды схапіць карандаш і запісываць за ім, каб ды ня згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладваў на пазьнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час, — усё адкладаў і забраў ад нас сваё знацьцё з сабою ў труну».

Юліяна Вітан-Дубейкаўская дапаўняе: «...трэба сказаць, што Іван Луцкевіч не любіў пяра, ягоныя думкі плылі гэтак хутка, што пяро не пасьпявала за імі, але ён меў дар слова і ўмеў захапіць слухачоў».

Вокладка кнігі Максіма Багдановіча «Вянок». 1913 г.

Вокладка кнігі Максіма Багдановіча «Вянок». 1913 г.

10. Разам з Вацлавам Ластоўскім быў фундатарам кнігі Максіма Багдановіча «Вянок»

Ластоўскі ў артыкуле «Мае ўспаміны аб М. Багдановічу» («Крывіч» № 1, 1926 г.) піша: «...М. Багдановіч надаслаў у рэдакцыю „Нашай нівы“ рукапіс (...). Рукапіс гэты пралежаў у рэдакцыі больш паўгода, бо не было грошай, каб надрукаваць яго. I толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы (...). Мая швагерка, літоўская пісьменьніца Пеледа, прывезла мне з Кейдан старое антыпэдзіюм [завеса ці пліта з упрыгожаньнямі на пярэднім баку алтара — В. Дэ Эм] з гербам „Равіч“. Гэтае антыпэдзіюм прадаў Іван Луцкевіч нейкаму памешчыку, каторы пячатаўся гербам „Равіч“ (дзева едзе на мядзьведзю), за трыста рублёў. 150 руб. з гэтых грошай пайшло на аплату друкарні за друкаваньне „Нашай нівы“, а другіх 150 руб. прызначаны на выданьне вершаў М. Багдановіча».

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

11. Быў у канфлікце з Вацлавам Ластоўскім

Вітан-Дубейкаўская пісала пра Ластоўскага: «...у яго была хвараблівая амбіцыя, ён ня мог прымірыцца, чаму ня ён, а браты Луцкевічы, асабліва Іван, іграюць першую скрыпку сярод беларусаў. Спачатку ён стараўся капіяваць Івана (...) А потым стараўся вылазіць наперад са сваімі, другі раз, недарэчнымі прапазыцыямі, ён хацеў стаяць на чале беларускага вучыцельскага саюзу і разьбіваў дружную працу, а ў апошнія гады нямецкай акупацыі (...) падпаў пад уплыў нямецкага палітычнага агента Зузэміля і стаў рабіць праз гэта проста шкодную працу. (...) Іван усё ня мог прымірыцца з гэтым, як можна ставіць свае асабістыя амбіцыі вышэй справы грамадзкай. (...) ведаю, што (...) В.Ластоўскі (...) псаваў ня раз Івану нэрвы».

Ластоўскі ж (апісваючы быт «Нашай нівы») таксама выказваў сваю крыўду: «...склад рэдакцыі (...) рэзка распадаўся на дзьве групы (...) Да „верхняй“ палаты належалі: А. Уласаў, браты Луцкевічы (...). „Ніжняя“ палата складалася зь Ядвігіна Ш., Купалы, Ластоўскага і Палуяна (...) Рэдакцыя ў цэлым ніколі ня сходзілася. (...) Паміж сабою працаўнікі гэтых дзьвюх „палат“ рэдка сустракаліся; у тэхнічных справах рэдакцыі зносіліся праз замкнутыя на ключ дзьверы па шчэлцы над парогам. Праз гэту шчэлку перасылаліся туды і назад рэдакцыйныя матэрыялы і карэспандэнцыя. (...) Ясна, што пры такім падзеле „верхняя“ і „ніжняя“ палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламі, насілі ў сабе зародкі розных кірункаў нацыянальнай мысьлі».

«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

12. Частаваў параненага Максіма Гарэцкага вінаградам:

«...у лістападзе 1914-га году сустрэліся мы ў віленскім гошпіталі „Мішмерас Хойлем“, дзе я ляжаў цяжка паранены, з аскялёпкам нямецкае гранаты ў назе. Ня блізкі сьвет і мокрае надворʼе, а Йван Луцкевіч даведаўся мяне пры першай магчымасьці, прынёс вінаграду, разгаманіў мяне, быццам дыхнуў сьвежай струёй няўмірушчага жыцьця. (...) посьле-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў».

Максім Гарэцкі ў ваенным шпіталі. 1914 год

Максім Гарэцкі ў ваенным шпіталі. 1914 год

13. Разам з братам Антонам быў адным з заснавальнікаў першай у Вільні масонскай ложы «Лучнасьць»

Гісторык Аляксандр Смалянчук у артыкуле «Беларускі рух пачатку XX ст. і ідэя палітычнай нацыі» адзначае: «...ў 1910 г., (...) у Вільні ўзьнікла масонская ложа „Лучнасьць“, сярод заснавальнікаў якой былі браты Луцкевічы. Гэта ложа абʼядноўвала прадстаўнікоў дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага, яўрэйскага і рускага этнасаў».

Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

14. Ніколі не пазычаў грошай у палітычных партнэраў

Вітан-Дубейкаўская ўспамінае, як Іван Луцкевіч вучыў яе: «Памятайце, што калі б, паміж іншага, палкоўнік Р. (Oberst R.) прапанаваў грошы на падарожжа, то зрабеце гэтак, быццам пані не зразумела, у чым справа. Каб застацца незалежным, ніколі нельга браць грошай у палітычнага партнёра».

Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў) Антон Луцкевіч

Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў) Антон Луцкевіч

15. Выдаваў разам з братам Антонам газэты на расейскай і польскай мовах

Паралельна з выданьнем «Нашай нівы» браты Луцкевічы выдавалі «Kurier Krajowy» і «Вечернюю газету». Аляксандр Смалянчук піша: «I рускамоўнае, і польскамоўнае выданьні імкнуліся выклікаць сымпатыі да беларускага руху. „Вечерняя газета“ асьцярожна згадвала пра мясцовыя беларускія карані большасьці рускай грамадзкасьці краю. „Kurier Krajowy“ заклікаў шукаць згоду і паразуменьне зь беларусамі».

16. Ставіўся да рэлігіі вельмі спакойна

Вітан-Дубейкаўская адзначае: «Асабіста Іван над рэлігійнымі і мэтафізычнымі пытаньнямі не задумваўся. Яго жывая, дзейная натура ня мела містычнага нахілу, і ён, як разумовы прыхільнік сацыялістычных тэорый, адышоў ад касьцёла (...). Я бачыла, што ён развучыўся маліцца і калі я пачынала гутаркі на рэлігійныя тэмы, якія заўсёды былі блізкія майму сэрцу, ён ухіляўся ад гэтых пытаньняў (...). Ксяндзоў-палякаў — у бальшыні з нацыянальным шавінізмам — Іван не прызнаваў, ну, а пара ксяндзоў беларусаў... Былі добрымі супрацоўнікамі на беларускай ніве, але якраз таму яны, як калегі па працы, не надаваліся, як аўтарытэтныя спаведнікі».

Ліст Івана Луцкевіча да сваёй маці. 1915 г. (сфатаграфаваны Л. Дранько-Майсюком. LCVA (Вільня).

Ліст Івана Луцкевіча да сваёй маці. 1915 г. (сфатаграфаваны Л. Дранько-Майсюком. LCVA (Вільня).

17. Адмаўляўся жаніцца, каб не ісьці да жонкі ў прымы

Па ўспамінах Вітан-Дубейкаўскай: «...Яська казаў, што пакуль вайна, ён ня можа жаніцца. (...) ну і ягоныя матарʼяльныя варункі на гэта не дазваляюць. Дарма я старалася яго пераканаць, што ў доме маіх бацькоў мы маглі б мець сваю кватэрку. Я ж зарабляю, гэтак нам хопіць на нашыя скромныя выдаткі. Гэтая прапанова абурыла Івана: як я сабе гэта ўяўляю! Ён войдзе ў чужую сямʼю й жонка на яго працаваць будзе! Не, для яго гэткая сытуацыя немагчымая, гэта супраць ягонага гонару. Калі ён здолее столькі зарабляць, што зможа ўтрымаць сваю сямʼю, тады мы абвянчаемся. Цяпер, у часы акупацыі, ён нідзе працаваць ня можа, бо ўтраціў бы сваё незалежнае становішча й ня мог бы праводзіць сваю лінію ў палітычнай працы. Трэба чакаць канца вайны!»

Сяргей Цімохаў. Партрэт Івана Луцкевіча. 1981 г.

Сяргей Цімохаў. Партрэт Івана Луцкевіча. 1981 г.

18. Не хацеў лячыцца ад сухотаў

Гневаўся на сваю каханую, калі яна прасіла заняцца здароўем: «Іван так разышоўся, што было чуваць і на кухні. Тут на падмогу прыйшла й добрая Пятруся, і мы разам пачалі даказваць Івану, што ён да рэшты змарнуе здароўе, калі ня будзе лячыцца. Нашы доказы яшчэ больш разгневалі Івана і нарэшце ён злосна кінуў: «Добра, што я яшчэ не жанаты, а то мусі і ўдзень, і ўначы ня меў-бы спакою, усё-б мяне пілавалі сваім лячэньнем і пані, і слуга!»

Стэнсіл з выявай Івана Луцкевіча ў менскім двары

Стэнсіл з выявай Івана Луцкевіча ў менскім двары

19. Як безнадзейна хворага на сухоты — Івана Луцкевіча ледзь ня выкінулі з санаторыю ў Закапаным

За дзевяць дзён да сьмерці Івана Юліяна Вітан-Дубейкаўская пісала Антону Луцкевічу: «...К сожалению, я ничего ўтешительного насчет Ивана сообщить не могу, доктора признали его окончательно безнадёжным и считают, что через несколько месяцев он покинет нас, его даже хотели неприметно ўдалить из санатория. Ляля там, пока, что уладила, но не знает как быть, и я еду к ним на помощь... (...) если Иван выскажет горячее желание вернуться домой, то думаю его взять, посмотрю, может ли он перенести дорогу...»

Магіла братоў Луцкевічаў на могілках Росы

Магіла братоў Луцкевічаў на могілках Росы

20. Перад сьмерцю шкадаваў, што не ажаніўся з каханай Юліянай

«Юлінька, — пачаў Іван, — гэтыя апошнія месяцы, лежачы самотны й хворы, я меў шмат часу быць із сваімі думкамі. І я думаў аб табе, я ізноў перажыў, як мы пазнаёміліся й пакахаліся, якая ты для мяне была заўсёды добрая, а я часта быў „немагчымы“. А галоўнае, што я не парупіўся даць табе сваё імя. І вось гэта мяне асабліва мучыць, што за ўсімі справамі я забыўся аб нашай асабістай справе. Чаму ты мяне ў той час ня лаяла й не дамаглася свайго права?»

*ліст адшуканы Леанідам Дранько-Майсюком у LCVA (Вільня)

у падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаны перадусім наступныя крыніцы:

«Беларускія ведамасьці», № 3 1921 г. (электронны рэсурс Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх).

«Беларускае жыцьцё» № 11,1919 г.; № 6, 1920 г. (электронны рэсурс Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх).

Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994 г.

«Крывіч» № 1, 1926 г. (электронны рэсурс Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх).

Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня/Беласток, 2009 г.

Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Вільня/Беласток, 2010 г.

«Наша думка» № 11, 1921 г. (электронны рэсурс Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх).

«Наша ніва», 9.10.2014 г.

Смалянчук А. Беларускі рух пачатку XX ст. і ідэя палітычнай нацыі // http://pawet.net

«Спадчына» № 1, 1991 г.

Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2008 г.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG