Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста

  • Аляксандар Лукашук

Фрагмэнт з кнігі «Вяртаньне нацыяналіста» Аляксандра Лукашука.

Я вярнуся
Ты вернешся
Ён вернецца
Мы вернемся
Марфалогія беларускай мовы. Спражэнне зваротных дзеясловаў закончанага трывання ў будучым часе дзейнага стану абвеснага ладу.

Суд: Як Вы пісалі свае шпіёнскія данясенні?
Янка: Кроўю.
Паводле «Справы No 3383» Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР «па абвінавачанні Філістовіча І.І. і іншых грамадзян, усяго ў колькасці 17 чалавек»

Спампаваць кнігу ў PDF

Пралог

«У мяне ледзь сэрца не спынілася, калі пачуў з трыбуны імя Янкі Філістовіча! Я ж ведаў пра яго з кагэбісцкай кніжкі «Па воўчых сцежках». Ужо з яе шмат чаго можна было зразумець. Гэты чалавек выратаваў гонар БНР пасля вайны!» — так казаў мне Вінцук Вячорка, сакратар управы Беларускага Народнага Фронту, на святкаванні 75-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску.

Янка Філістовіч

Янка Філістовіч

Скончылася навуковая канферэнцыя, людзі паціху разыходзіліся, і я раптам падумаў, што Янку Філістовічу ў гэты дзень было б якіх 67 гадоў. Ён мог стаяць з намі побач у залі Дома літаратара ў Мінску, мог выступіць і расказаць сам сваю гісторыю блукання па пакутах, гісторыю, поўную фанатычнай працы, безразважнай адвагі і фантастычнага шанцавання, пошукаў, памылак і іх выкуплення. У ёй былі вайсковая форма і турэмная вопратка, аўдыторыі еўрапейскіх універсітэтаў і схованкі ў беларускіх лясах. Адысея Янкі Філістовіча пачалася ў часе ІІ сусветнай вайны ў Беларусі, працягвалася ў Італіі, Чэхіі і Нямеччыне, потым — Парыж, Сарбона, затым Лювэнскі ўніверсітэт у Бельгіі, потым — зноў Нямеччына, Мюнхен, а тады — Беларусь. Ён спусціўся на родную зямлю з нябёс, на парашуце, і адсюль жа на неба быў узяты — з кагэбісцкаю куляй у сэрцы.

Упершыню пра Янку Філістовіча я пачуў у 1991 годзе ў Парыжы. Разам з сябрам, народным дэпутатам Сяргеем Навумчыкам мы пілі каву ў маленькай кавярні на вуліцы Гравіер, побач з «беларускай» кватэрай, і чакалі, пакуль прынясуць ключы. Раптам праз вакно я пабачыў чалавека з бел-чырвона-белым значкам на грудзях. Гэта быў Міхась Наўмовіч, мастак, скульптар, даўні і найбліжэйшы сябра Янкі. Памяць пра Янку ён захоўвае ўсё жыцце. Пасля вайны хлопцы разам жылі ў Парыжы, разам заснавалі Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі і выдавалі часопіс «Моладзь». Свой расповед Міхась Наўмовіч закончыў просьбай — адшукаць сляды Янкі, якія абарваліся ўвосень 1951-га...

Чым маглі дапамагалі сябры і знаёмыя Янкі ў Лондане і Нью-Ёрку, у Канадзе і Беларусі. Аляксандр Лашук, які жыў і сёлета памёр у Лондане, пяцьдзясят гадоў беражліва захоўваў Янкавы лісты. Падчас «адлігі», г.зн. пэўнай разгубленасці камуністычнай наменклатуры ў 1992 годзе, мне ўдалося прагледзець некаторыя тамы следчай справы з архіву КГБ.

Пагартаў і «дакументальную аповесць» М. Паслядовіча «Па воўчых сцежках», «напісаную па расказу палкоўніка Д. М. Каленіка» і выдадзеную асобнай кніжкай у Мінску ў 1958 годзе. Напісанае «па расказу» годам раней друкавала «Звязда»; кніжнае выданне рэкамендавалі для «сярэдняга і старэйшага ўзросту». У прадмове аповесць называлася «не выдумкай, не фантазіяй», а «сапраўдным дакументам», дзе «выкрываецца агідная роля беларускіх буржуазных нацыяналістаў», якія «злобна мараць у цёмных логавах эміграцыі пра аднаўленне на Беларусі агнём і крывёю капіталістычнага ладу». Заканчвалася кніжка пра Янку Філістовіча заявай старшага следчага КГБ: «Суд народа скажа пра яго сваё важкае слова. Я лічу гэтую справу скончанай».

Усе свае допісы сябрам Янка завяршаў аднолькава: «Жыве Беларусь!» Народ і КГБ, як высветлілася, па-рознаму глядзяць на гэтыя словы. Гісторыя Янкі Філістовіча — гэта гісторыя любові. Любові да сваёй адзінай каханай, маці і мары — да Беларусі. Таму і справа яго не скончаная, што б там ні лічылі старшыя следчыя. І, дасць Бог, не скончыцца, — пакуль жыве Беларусь.

Адкрытага суда над Янкам Філістовічам не было. Яго судзілі і прыгаварылі да расстрэлу восенню 1953-га.*

(*Вясной скончылася следзтва, а далей быў перапынак, верагодна, выкліканы смерцю Сталіна і пераменамі кіраўніцтва МГБ і вышэйшай наменклатуры. Без Масквы справу «амерыканскага шпіёна» завяршыць не маглі, а там пасля арышту Берыі, як казаў мне следчы Трапш, які вёў справу Я.Ф., было не да мінскіх клопатаў — у саміх галовы ляцелі. Пасяджэнне Вайсковага трыбуналу Беларускай ваеннай акругі пачалося 17 кастрычніка 1953 і доўжылася тры тыдні. Успамінала стрыечная сястра А.Ф. Соф’я Самаль: «Потым быў суд. У зале панаставілі лаваў, як у школе. Тыдзень нас вадзілі туды і нават есці там давалі. Сядзім і ядзім па трох, а Янка ў куце сядзіць і не есць. Начальнік канвою кажа: «Хадзі, Філістовіч, пакушай!» Янка яму: «Дзякуй, не хачу». Той ізноў: «Да не валнуйцесь вы, усё будзе ў парадку». Але Янка так і не йшоў…» Усевалад Сцебурака, Тадэвуш Нальшчанскі. Наша Ніва, 22.06.2006 http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=2488)

Якім ён мог быць, гэты суд, дзе адвакат не адрозніваўся ад пракурора, а суддзя ад выканаўца прыгавору, дзе падсудны меў адно права — моўчкі выслухаць загадзя вядомы і яму, і суду прысуд. І ўсё ж паспрабуем уявіць, услухацца ў тую трагедыю. Галоўных дзейных асобаў дзве — суд і падсудны.

Словы Янкі Філістовіча — дакументальна сапраўдныя, узятыя з лістоў, яго ўласных публікацыяў у часопісе «Моладзь», успамінаў сяброў, а таксама з пратаколаў допыту.

«Мой вырай тут...»

Суд: Падсудны, назавіце Ваша імя, прозвішча, месца нараджэння, нацыянальнасць.

Янка: Філістовіч Янка.

Суд: Гаварыце правільна, як запісана ў пратаколе.

Янка: Філістовіч Іван Андрэевіч. Нарадзіўся ў вёсцы Паняцічы, што паміж Вілейкай, Маладзечнам і Іллёй.

Суд: Назавіце дату Вашага нараджэння.

Я н к а : Паводле пашпарту нарадзіўся 14 студзеня 1926 года. Але з дзяцінства адзначаў дзень народзінаў на Каляды.

Суд: Якія яшчэ Каляды? Гаварыце зразумела.

Янка: Дзень народзінаў адзначаў 24 снежня. Нацыянальнасць — беларус.

Суд: У суда ёсць звесткі, што Вы называлі сябе палякам.

Янка: У дзяцінстве ў Заходняй Беларусі нас выхоўвалі ў школе як палякаў. Я любіў кнігі Сянкевіча, Адама Міцкевіча... Нашыя людзі ад страты сваёй незалежнасці гадаваліся без сваёй школы або на чужых сметніках. Добра шчэ і так, што захавалі многа рысаў характару. Усё гэта будзе залечвацца гадамі.

Суд: Азнаёмцеся з пастановай на Ваш арышт і прад’яўленымі Вам абвінавачаннямі: Філістовіч Іван Андрэевіч у перыяд Вялікай Айчыннай вайны супраць гітлераўскай Нямеччыны састаяў на службе ў фашысцкіх карных органах і разам з імі ўцёк за мяжу. Пражываючы за мяжой у 1945-51 гадах прымаў актыўны ўдзел у рабоце антысавецкіх нацыяналістычных арганізацыяў беларускіх эмігрантаў, якія знаходзяцца на службе замежных разведорганаў, і займаў у іх кіруючае становішча, з’яўляючыся сябрам так званай Рады «Беларускай Народнай Рэспублікі». Тамсама, за мяжой, амерыканскай разведкай быў прыцягнуты да супрацоўніцтва і ў 1951 годзе як шпіён і паўнамоцны прадстаўнік «Урада» БНР быў закінуты ў Савецкі Саюз для шпіянажу, дыверсіяў і нацыяналістычнай дзейнасці. Выконваючы заданні, збіраў і перадаваў за мяжу шпіёнскія звесткі, арганізоўваў дыверсійныя акты і праводзіў актыўную работу па стварэнню беларускага нацыяналістычнага падполля.

Паводле пастановы намесніка начальніка 2-й управы МГБ БССР падпалкоўніка дзяржбяспекі Сапелкіна і санкцыі ваеннага пракурора войскаў МУС палкоўніка юстыцыі Арціменкава, зацверджанай намеснікам міністра дзяржбяспекі БССР Зіліным у 18:35 11 верасня 1952 года, грамадзянін Філістовіч быў затрыманы, абшуканы і арыштаваны.

Вам прад’явілі, падсудны Філістовіч, гэтыя абвінавачанні, ці не так?

Я н к а : Мне быў прад’яўлены ордэр на арышт і вобыск 11 верасня. Назаўтра была абвешчана пастанова аб абранні меры стрымання — знаходжанне пад вартай, у Мінскай турме КГБ. Я падпісаў яе 12 верасня.

С у д : Зачытаем славесны партрэт. Рост: высокі. Фігура: поўная, сярэдняя. Плечы: гарызантальныя. Шыя: доўгая. Колер валасоў: цёмна-русы. Колер вачэй: шэры. Твар: круглы. Лоб: высокі, прамы. Бровы: дугападобныя, шырокія. Нос: малы, спінка носу — прамая. Рот: малы. Вусны: малыя. Асаблівыя прыкметы: не мае.

Падсудны, раскажыце пра склад Вашай сям’і.

Янка: Бацька Філістовіч Андрэй Гаўрылавіч, каля 60 гадоў. Маці Соф’я Восіпаўна, 1900 года нараджэння. Брат Аляксандр 1937 года нараджэння, сёстры Вера 1924 года, Алена 1928 года, Ганна 1938 года, Казіміра — гадоў 16. Цяпер жывуць за мяжой.

С у д : Ваш бацька быў арыштаваны савецкай уладай. Што можаце паказаць у гэтай справе?*

(* З успамінаў малодшай сястры Я.Ф. Серафімы Філістовіч(Каладзейчы): «Калі немцы наступалі, дык усіх вязняў сабралі і вялі пад Мінск, на Хаценчыцы гналі. Па дарозе, хто не мог ісці, тых расстрэльвалі. Бацька мой адзіны толькі ў жывых застаўся з ягонага канвою, ён нават сам не зразумеў, як гэта сталася.

Недзе пад Хаценчыцамі прыляцеў нямецкі самалёт, абстраляў іх. Але калі лётчык пабачыў, што людзей вядуць пад канвоем, дык адляцеў. Тады расійскія энкавэдысты між сабою параіліся, загналі зняволеных у лес, на паляну, акружылі і пачалі расстрэльваць. Бацька не памятае, як апынуўся на зямлі і страціў прытомнасць. Калі ачуняў, пачуў галасы, людзі хадзілі на паляне. А потым адчуў, што яму лёгка пачуваецца, ён адкрыў вочы, пачуў, як пяюць жаваранкі, неба блакітнае, сонейка свеціць. І першае, што яму падумалася, што ён ужо на тым свеце, у раі. Потым убачыў, як над ім нехта нахіліўся. Гэта былі мясцовыя калгаснікі, якім, відаць, загадалі прыбраць расстраляных.

Нехта сказаў: «А гэты жыве», людзі пашапталіся між сабою і пайшлі. А бацька быў вельмі слабы, неяк перавярнуўся на жывот і папоўз у лес. Людзі потым яго перахавалі, быў надта слабы, не мог ісці, быў згаладнелы, страшны. Мы нават яго не пазналі, калі вярнуўся. Прывезлі яго ў Іллю да цёткі, мамінай сястры, і адтуль яна нам бацьку прывезла».

Радыё Свабода, інтэрвію Ганне Сурмач 27.12.2005 http://www.svaboda.org/content/transcript/803821.html)

Я н к а : Калі прыйшлі Саветы, дык неўзабаве пачалі арганізоўваць калгасы. На двары было два кані, восем кароў і цёлачак. У сям’і было шэсць дзяцей — старэйшай, Веры, 15, малодшаму, Алесю — 2 гады. У 1939-м бацьку арыштавалі як кулака і пасадзілі ў Вілейскую турму. Ад Сібіры ці

Котласа, дзе гібела беларускае сялянства, яго выратавала вайна. У 1941 годзе ён вярнуўся дахаты. Падчас вайны загадваў млыном.

Суд: Падсудны, раскажыце пра Вашу службу нямецка-фашысцкім захопнікам.

Янка: Я служыў Беларусі... Пасля пачатку вайны працягваў хадзіць у школу. Калі мінула 16 гадоў, узнікла пагроза адпраўкі ў Нямеччыну на прымусовыя работы.

Каб пазбегнуць высылкі, з пачатку 1943-га з дапамогай сваякоў уладкаваўся прыёмшчыкам малака ў Іллі, потым, як пісьменны, пару месяцаў працаваў пісарчуком Альковіцкай гміны. Увосень 43-га быў мабілізаваны на службу ў 13-ы беларускі батальён, размешчаны ў Вілейцы. Да сакавіка 1944 года салдаты займаліся вайсковай падрыхтоўкай, затым батальён перавялі ў Мінск, дзе ён знаходзіўся да чэрвеня.

Суд: Ці ўдзельнічалі Вы асабіста ў карных аперацыях супраць партызан і мірнага насельніцтва?

Янка: Не, не ўдзельнічаў. Я не баяўся ні Асобага аддзела, ні контрразведкі, ні НКВД, не кажучы ўжо пра гестапа. Голаму разбой не страшны. У Вілейцы ў батальёне займаліся вучобай, а ў Мінску батальён выконваў розныя заданні, у іх ліку і па канвою габрэяў з гета ў шталаг 32, вядомы лагер смерці ў ваколіцах Мінска. Дакументальныя сведчанні аб маім удзеле ў ваенных аперацыях, якія былі прад’яўленыя мне падчас следства, тычацца не мяне. У батальёне служыў яшчэ адзін Іван Філістовіч, шмат старэйшы.

Суд: Аднак сам факт службы ў так званым Беларускім батальёне СД Вы адмаўляць не можаце. Дзе праходзіла Ваша служба далей?

Янка: Улетку 1944-га батальён рухаўся на Захад: Прусія, затым Польшча, Катавіцы, Італія — Ундзіна, Трыест, Порт-Розэ на беразе Адрыятыкі, паўвостраў Істрыя. У студзені 1945-га перакінулі ў Чэхію, у горад Усці-на-Орліцы. Там улады даведаліся пра змову часткі беларусаў перайсці да чэшскіх партызанаў. Мяне арыштавалі немцы і пасадзілі ў турму ў Пардубіцах — чакаць суда. Ад расстрэлу выратавала тое, што 8 траўня 1945 года немцы ўцяклі з Пардубіц.

Нас выпусцілі з турмы, трэба было неяк жыць. Дзякуючы веданню польскай мовы я ўладкаваўся сакратаром гміны ў мястэчку Старая Камяніца, што недалёка ад чэшска-польскай мяжы. Аднак у верасні вярнуўся ў Чэхію, кастрычнік сустракаў у зоне амерыканскай акупацыі Нямеччыны, у польскім лагеры пад Нюрнбергам. Тут працягваў вучобу, нават паступіў у польскую духоўную семінарыю.

Суд: Падсудны, якое Ваша стаўленне да рэлігіі?

Янка: Я праваслаўны. Але калі б магаматанізм дапамог у будове Беларусі, я б нічога супраць не меў. Нашыя продкі былі паганамі, але, напэўна, былі за нас шчаслівейшыя. Таму нічога не зашкодзіла б нам узнавіць паганства. Але калі ёсць магчымасць выкарыстаць Рым — карыстай. Таму што гэта трэцяя сіла ў свеце, калі б мы пайшлі супраць яе, значыць, рабілі б сабе яшчэ большыя перашкоды. Нам добра вядома: як поп-расеец, так і ксёндз-паляк праводзілі варожую акцыю ў Беларусі, якая нічога супольнага не мае з душпастырствам.

Кожнаму сапраўднаму нацыянальна свядомаму беларусу веравызнанне не павінна ўваходзіць у рахубу ў такой справе, як будучыня ўсёй нашай краіны. Таму хто б ён не быў, праваслаўны, каталік ці паганін, калі ён беларус — мусіць ім застацца. Вера ў нас мусіць быць беларуская і для славы і дабра Беларусі, а не для аслаблення Бацькаўшчыны рознымі арыентацыямі. Гэта ўсё залежыць ад нашых святароў, якіх абавязкам перад Бацькаўшчынай і Богам будзе прышчапіць гэтую праўду Божую здарова з пункту гледжання Беларуса, а не нашых ворагаў.

Калі мы будзем мець сваіх святароў — людзей, у якіх пераліваецца Крывіцкая кроў — будзе зусім іначай. Тады ў нас будзе вера беларуская.

С у д : Вы хацелі стаць святаром, нават вучыліся ў духоўнай семінарыі. Чаму не скончылі вучобу?

Янка: Таму што я добра ўсведамляю ўсю адказнасць і надзею ў гэтай галіне. Навука і духавенства могуць падняць ці скінуць у бездань Беларусь. Але не маю да святарства паклікання і таму пакінуў гэтую справу. Дзе б я не быў, але калі над бел-чырвона-белымі штандарамі паветра прарэжа гук трубы, вочы мае заіскрацца ад радасці і тады, напэўна, скінуў бы сутану. Таму не схацеў яе адзяваць, ці лепш сказаць, я недастойны яе адзяваць.

Кожную справу чалавек выканае ўмела і з ахвотаю тады, калі ён яе любіць, мае пацяг. А я люблю толькі войска — не ведаю чаму, мо хутка прыйдзецца загінуць, а мо прыйдзецца паказаць, што ваяцкі дух калісьці так слаўных нашых продкаў абудзіўся ў нас! А калі і прыйдзецца загінуць — нічуць не пашкадую, ведаючы добра, што на крыві расце будучыня братоў.

Суд: Падсудны Філістовіч, раскажыце, як Вы трапілі ў логава беларускай эміграцыі ў Парыжы? З кім уступілі ў сувязь?

Я н к а : Людзі ехалі, і я з імі. Знайшоў прытулак у доме восем на вуліцы Гамбэта, дзе жылі разам беларускія хлопцы Сыс, Каранеўскі, Хоміч, Жаўняровіч, Лысуха, Наўмовіч, Спічонак, Монід, Казлоўскі. У кожнага быў свой шлях у Парыж.

Мне вельмі падабаўся Міхась Наўмовіч, ён быў маім найлепшым сябрам. Нават раней, калі жылі паасобку, дык сустракаліся кожны чацвер, калі з’язджаліся на спорт, штонядзелю ў царкве, а таксама на зборах. Ён браў памысны ўдзел у беларускіх арганізацыях, уваходзіў у кіруючыя органы Задзіночання Беларускіх Работнікаў, потым стаў членам Рады БНР.

Суд: Раскажыце падрабязней, што Вам яшчэ ведама пра гэтага дзеяча рэакцыйнай эміграцыі? Агентам якой разведкі ён з’яўляецца?

Янка: Аб сувязях Наўмовіча з замежнай разведкай мне нічога не вядома. Ведаю, што паходзіць Міхась з Гарадзеншчыны, там заспела яго вайна. Быў мабілізаваны нямецкімі ўладамі, уключаны ў склад аднаго з беларускіх фармаванняў. У 1944-м яго падраздзяленне перакінулі ў Францыю, на фронт супраць англа-амерыканскіх войскаў. Там Наўмовіч разам з групай беларусаў уцёк да французскіх партызан, макі. Пасля ўдзелу ў французскім руху Супраціву яго мабілізавалі ў польскую армію Андэрса. Ангельцы перакінулі другі корпус, дзе служыў Наўмовіч, у Італію, дзе андэрсаўцы ваявалі супраць арміі генерала, а потым маршала Кісерлінга. Заслугі Міхася Наўмовіча былі адзначаныя баявымі медалямі. Яшчэ з Італіі Наўмовіч падтрымліваў сувязь з беларускімі эмігрантамі ў Парыжы. Пасля заканчэння баявых дзеянняў на Апенінах ён дэмабілізаваўся і паехаў у сталіцу Францыі. Паступіў на вучобу ў школу выяўленчага мастацтва, бо меў здольнасць і схільнасць. Спачатку жыў у мяне ў гатэлі, потым зняў асобную кватэру, пасля перабраўся ў беларускі дом на вуліцы Гамбэта.

С у д : На якія сродкі Вы існавалі і вялі антысавецкую дзейнасць у Парыжы?

Я н к а : У студзені 1947-га Задзіночанне Беларускіх Работнікаў звярнулася з хадайніцтвам да Амерыканскага Хрысціянскага Камітэта ў справах уцекачоў з просьбай прыняць мяне на курсы электраманцёраў. Там мне выплочвалі стыпендыю, сціплую, але пражыць можна. Вучыўся рамяству і адначасна рыхтаваўся да экзаменаў ва Украінскай Акадэміі — лічылася, што ўкраінскі атэстат даваў магчымасць працягнуць вучобу ва ўніверсітэце. Уставаў а 5.45 раніцы, амаль гадзіну ехаў на працу, дзе знаходзіўся 9 гадзінаў, пасля гадзіна назад. Сам сабе гатаваў вячэру і так

мінаў мне ўвесь тыдзень. Да таго ж паступіў на слесарскі курс, вучоба ішла як найлепш, я ёй вельмі цікавіўся, больш як электратэхнікай. У нядзелю з рана ў царкву, бібліятэку — сюды-туды, ужо і вечар. Здаў экзамены за першы курс: крэсленне — 13 балаў, пасрэдна, электратэхніка і тэхналогія — 17, выдатна, праца практычная — 17, выдатна, і запісаўся на другі курс. Важыў 76-78 кілаграмаў, а стаў 68. Я крыху зашмат занядбоўваў сябе, але гэта не шкодзіць у працы, дзе вымагаецца менш памятаць аб сабе, іначай цяжка зрабіць дзве рэчы разам.

Суд: Падсудны Філістовіч, раскажыце, хто арганізаваў Вашу нацыяналістычную падрыхтоўку, як вёўся інструктаж?

Янка: Адно, што выкарыстоўваў з усіх сіл — гэта пару гадзін язды, якія «эксплуатаваў» з усіх сіл чытаннем. Я б асабіста нічога не меў супраць шчэ даўжэйшай язды. Прачытаў больш за 200 кніг, такіх як «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» ды іншыя. Гэта мне дало шмат патрэбнага багажу на будучыню. Карыстаўся бібліятэкай Хаўрусу Беларусаў Францыі, беларускай бібліятэкай імя Янкі Купалы, якая месцілася на плошчы Манталон, 9, у адным памяшканні з Задзіночаннем Беларускіх Работнікаў у Францыі, а таксама бібліятэкай спадара інжынера Абрамчыка, кнігі з яе прачытваў адным духам. Мая собская бібліятэка была маленькая, налічвала больш за 100 кніжак, якія мазольна збіраў па ўсім Парыжы і нават Францыі. Шмат з іх каштоўныя, адна — польская гісторыя 1911 года выдання, дзе на вокладцы супольна з арлом выступае Пагоня. Падход у ёй лепшы, чым у іншых польскіх шавіністычных дурных кнігах. Меў тако ж вельмі каштоўны стары атлас з падзелам Еўропы ў розных стагоддзях, дзе азначаюцца граніцы Вялікага Княства Літоўскага (Беларускага), а побач азначана Жмудзь, якая як складовая частка ўваходзіла ў ВКЛБ. Гэта разбівае ўсякія варожыя дэмагогіі адносна тэрміналогіі слова Літва ў паняцці і пераблытванні яе з сённяшняй Летувай-Жмуддзю.

Суд: У якіх арганізаваных акцыях беларускіх буржуазных нацыяналістаў у Парыжы Вы ўдзельнічалі?

Янка: 24 лістапада 1946 года ў Парыжы адбылася падзея, вельмі важная ў беларускім вызвольным руху — айцец Леў Гарошка адслужыў тут першую імшу па-беларуску. Няшмат было прысутных, таму што не кожны змог прыйсці, але па тварах прысутных можна было пазнаць, як скуплена кожны лавіў тыя словы, у якіх айцец маляваў нашу мінуўшчыну з сучаснасцю і будучыняй. І многа ў каго паказаліся на вачах слёзы. На Каляды рыхтавалі газеты «Беларускія навіны», ладзілі супольную вячэру. Сярод запрошаных быў і беларускі генерал (яго продкі паходзілі з Беларусі), які ў 20-я гады прымаў чынны ўдзел у змаганні з Маскоўшчынай. У сваёй прамове на Куццю генерал вельмі яскрава акрэсліў наша становішча і, дадаючы духоўнай падтрымкі прысутным, сказаў: «Беларускі народ, маючы такую слаўную мінуўшчыну, мае поўныя правы на існаванне, і ў хуткім часе беларусы самі гэта пакажуць свету». На заканчэнне прамовы генерал падняў сваю чарку за будучыню Беларусі з клічам: «Жыве Беларусь!». На што ў адказ з паўсотні грудзей вырваўся як гром кліч: «Жыве!».

Суд: Падсудны Філістовіч, Вам забараняецца весці буржуазную фашыстоўскую прапаганду ў савецкім судзе. Працягвайце паказанні. Хто яшчэ выступаў на антысавецкім сходзе?

Янка: На вечарыне выступалі таксама спадар інжынер Абрамчык, айцец Леў Гарошка, пасля была пастаноўка паводле Янкі Купалы «На Куццю». Казалі, што вельмі ўдала выйшла. Я быў князем. Калі выходзіць князь з князёўнай на сцяну замка, ён кажа:

Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,

Раз хочуць сонца, славы, песні.

Заб’юць ім зычныя званы,

Прабудным звонам на прадвесні!

Сваёй забранай старане

Скаванай мучаніцы-княжне

Ўзнясуць пасад на кургане

На панаванне недасяжне!

Пасля спадар Жаўняровіч, дарэчы, ён вучыўся ў Віленскай кансерваторыі, спяваў нашыя песні: «Ляцелі гусі», «Салавейка» ды іншыя. Потым кожны з сяброў атрымаў падарункі ад Святога Мікалая, шмат было гумару, вечар выйшаў вясёлы.

Суд: Падсудны Філістовіч, успомніце, якія яшчэ антысавецкія размовы вяліся на пераднавагоднім сходзе нацыяналістычнай групоўкі ў Парыжы?

Янка: Кожны з сяброў мімаволі думкамі заглянуў у не вельмі радасную мінуўшчыну, а таксама будучыню. Не для ўсіх беларусаў гэты дзень уродзінаў Хрыста быў радасны. Не адзін з нашых дарагіх братоў праводзіў яго пад голым небам, у недахопе вопраткі і ежы, сваіх родных і волі. Таму што волю — найдаражэйшае ў жыцці — ганебна топчуць у роднай краіне боты служакоў бальшавіцкай Масквы.

Суд: Падсудны, Вы будзеце пазбаўлены слова.

Янка: Я быў бы шчаслівы быць пад голым — але ў Родным Краі небам, прымаць удзел у рашучым пратэсце супраць наезнікаў на наш Край і Волю. Думаў, што гэтая аказія яшчэ мне падарыцца, а тады шчаслівы будзе той дзень, у які мая нага ступіць на Родную Зямельку, у абарону якой аддам усе сілы. Чаго вельмі жадаў у той вечар — як найхутчэй звярнуцца на Бацькаўшчыну, вольную, суверэнную. Але добра ведаў, што шчэ многа будзем мець працы, каб справіцца з ворагамі, якіх у нас не збывае. Але гэта ўсё асягнецца. Разыходзіцца толькі ў падрыхтоўцы да гэтага беларусаў — усіх — бо ў еднасці сіла. Тыя, хто распачынаў нашу справу ў часы «Нашай Нівы», напэўна, добра ведалі, што не дачакаюць ураджаю са сваёй працы. Аднак думалі аб тым, што закладаюць падмурак для будучыні Беларусі. Таму нам тым больш не патрэбна падаць духам, а прадаўжаць абавязак, ускладзены на нас старэйшымі змагарамі.

Суд: Суду вядома, што беларускія буржуазныя нацыяналісты асабліва гучна адзначаюць так званы дзень 25 сакавіка так званай БНР. Раскажыце, як гэта рабілася ў Парыжы ў 1947 годзе.

Янка: А другой гадзіне папалудні айцец Чэслаў Сіповіч адслужыў імшу, пасля асвяціў нашыя сцягі і герб — Пагоню, выкананую мастаком Жаўняровічам. Потым усе сабраліся ў залі, і ўрачыстасць адкрыў спадар інжынер Рыдлеўскі, генеральны сакратар Задзіночання Беларускіх Работнікаў Францыі. З дакладам аб Дні 25 Сакавіка выступіў інжынер Абрамчык. Ён зрабіў вялікае ўражанне, у прыяцеляў нашых выклікаў радасць і буру воплескаў, ворагам раскрыў вочы пакінуць усякія мары, таму пэўна не аднаму праходзіў мароз па скуры ад шчырых разумных словаў спадара Абрамчыка. Пасля спадар Паўловіч дэкламаваў Купалаў верш «На сход», спявалі беларускую партызанскую песню «У гушчарах». Я таксама дэкламаваў верш Купалы «Паўстань», спадар Жаўняровіч прачытаў верш Максіма Танка «Мы не памром», спявалі песні, чыталі вершы, а на заканчэнне прагучаў гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». На гэтым акадэмія закончылася.

Усё было скромна, але культурна, прыгожа. У нашых абставінах мы не маглі зрабіць нешта вялікае. Але, робячы гэта маленькае, мы зрабілі вялікую агульную справу, знаёмячы чужынцаў з песнямі, вершамі. Прысутных было больш за 100 чалавек, палякі, французы, украінцы, сербы, харваты, мадзяры — гэта была найкультурнейшая публіка з усіх народаў у Парыжы. Можна было заўважыць, хто гэтаму радуецца ад усёй душы, а хто не, у каго трасуцца рукі, асабліва гэта было бачна пры развітанні. Нашыя ворагі рахавалі нас за польскіх падданых, нашыя суседзі ўкраінцы і балты былі захопленыя і задаволеныя.

Суд: На якія сродкі ажыццяўлялася дзейнасць нацыяналістычных арганізацыяў і іх кіраўнікоў?

Я н к а : Гэтае пытанне надта балючае, бо, бачачы абставіны жыцця нашых двух кіраўнікоў, спадароў інжынераў Абрамчыка і Рыдлеўскага, недарэчна пытацца, з чаго яны жывуць, бо само жыццё паказвае. Іх жыццё не завіднае. І гэта ацэніць беларускі народ толькі па часе. Той герой, хто можа ахвяраваць сваё жыццё ў некалькі хвілінаў, але той некалькі разоў герой, хто ахвяроўвае іншым і Бацькаўшчыне ўсё сваё жыццё. Спадар Абрамчык для мяне спадарожны ўказальнік на ўсё жыццё як чалавек моцнай і непахіснай волі і поўны энергіі.

С у д : Падсудны Філістовіч, якую спецпадрыхтоўку і дзеля якіх мэтаў Вы атрымалі ў Сарбонскім універсітэце?

Янка: У лютым 1948 года я пачаў вывучаць гісторыю ў Сарбоне. Нялёгка было брацца, не ведаючы мовы, але верыў у свае сілы. Сам сабе пастанавіў, што калі Бог прадоўжыць наша выгнанне, буду вучыцца, бо толькі ў гэтым бачу жыццё і паратунак. Мяне страшэнна цешыла, што змагу вучыцца на Чужыне, каб безгранічна аддацца Бацькаўшчыне. З раніцы ці пасля абеду хадзіў на лекцыі, а ад 7 да 9 раніцы працаваў у сацыяльнай бібліятэцы, рыхтаваў пачкі кніжак для рассылкі студэнтам па ўсёй Францыі. Работа гультайская. Увечары ад паловы восьмай да паловы дзясятай меў курс французскай мовы ў школе. Методыка навучання выдатная, спадзяваўся, што праз паўгода буду добра знаць пафранцузску. Але тады гэта тармазіла. Думаў, калі не здам экзамены ў чэрвені, дык толькі з-за мовы. Калі б не мова, дык узяў бы яшчэ адзін прадмет, геаграфію ці права, бо гісторыя як прадмет мне лёгка давалася.

С у д : Падсудны Філістовіч, паводле звестак, у беларускім нацыянальным асяродку Вас называлі Напалеонам. Што можаце паказаць па факту гэтай канспіратыўнай мянушкі?

Я н к а : Напалеон быў сонцам... Я яго люблю за тое, што ў ім бачу найбольш яскравы прыклад любові да Бацькаўшчыны, волі, гарту, пастановы моцнага духу, стратэга, генія — адным словам, усе тыя рысы, якія ён меў і якія патрэбныя добраму жаўнеру — змагару за волю Радзімы і народа. Кожны ўспамін яго вялікага імя асвяжае мае сілу і веру. Сябры ўспаміналі мае заганы, «нетактоўнасці, гвалтоўнасці характару, парыўчатасць»... Я раіў у адказ пачытаць кнігу аб Напалеоне. Стаячая вада смярдзіць. Я гаварыў, што калі буду прымаць удзел у камандаванні нашымі вайсковымі фармаваннямі, да чаго я маю прыродны талент, дар Божы, якога не заменіць ніякая Акадэмія, дык несумленныя, ненармальныя людзі ад руля, якім будзе кіравацца наша дзяржава, падлятуць, як карашкі з бутэлькі закрытага хмелю. Не трэба думаць, што я хацеў ісці слядамі Цэзара, Напалеона ды іншых. Але ў змаганні за Народную вечна жывую ідэю, калі б мне Бог даў дасягнуць іх магутнасці, усю ўладу аддаў бы ў рукі народныя, чаго не хапала адвагі зрабіць успомненым вялікім людзям. Ды яны і не бачылі людзей, хто б змог іх заступіць. Ці Напалеон зрабіў менш для гісторыі, для несмяротнасці, будучы на востраве Святой Алены, чым кіруючы разбэшчанымі графамі, князямі, якія яго прадалі, як Хрыста Юда?

Суд: Таму і пра Вас казалі, што Вы рвецеся да ўлады.

Янка: Той, хто гэта разумее, ніколі не будзе імкнуцца да ўлады, каб кіраваць, быць наверсе. Гэта для вялікіх людзей нізка і амаральна. Яны маюць місію ад вышэйшай сілы, прыроды, зрабіць тое, што не могуць зрабіць іншыя. Бо адчуваюць у сабе такую сілу, і не выкарыстаць яе для дабра — для іх таксама злачынства. Напалеон, будучы толькі капітанам артылерыі, не маючы доступу да вярхоўнага кіраўніцтва, склаў план ваенных дзеянняў для перамогі над Аўстрыяй. Генералы сказалі, што аўтар гэтага плана шалёны чалавек. Вялі вайну па-свойму і даставалі ў хвост і ў грыву. Праз пару гадоў з той голай і галоднай арміяй Напалеон дайшоў да Вены. Абмежаваныя людзі не маюць межаў у зайздрасці, здрадзе, і, капаючы яму яму, думалі закапаць яго. Аднак выслаўшы яго на выгнанне, яны нічога не змаглі зрабіць ні для народа, ні для гісторыі. А ён зрабіў усё, што было патрэбна. Ягоныя словы «Напалеон усюды шчаслівы» — чыстая праўда. Да шчасця душы неабавязковая выгада целу. Душы, якую меў Напалеон, узяць не можна. Самому трэба яе атрымаць.

Суд: Падсудны Філістовіч, раскажыце пра выданне буржуазнага нацыяналістычнага часопіса «Моладзь». Якая прычына яго з’яўлення? Хто фінансаваў выданне? Хто даў асобнае памяшканне?

Янка: Першапачатковы адрас рэдакцыі — плошча Манталон, 9, такі самы як і Задзіночання Беларускіх Работнікаў і бібліятэкі імя Янкі Купалы. Потым адрас памяняўся на вуліцу Парк Шэвірон у Сеўры, дзе адначасова была і наша друкарня. Самы першы нумар часопіса з «Пагоняй» на тытульным лісце быў выдадзены гектаграфічным спосабам, беларускай лацінкай, у ліпені 1948 г. Мо крыху і пазнавата. Самі гэта разумелі, але перашкаджала тое, што не хапала сродкаў. У Парыжы мелі шмат важных агульнанацыянальных справаў, перад якімі часопіс мусіў адысці на задні план. Апроч таго, да нядаўняга часу наогул было шмат беларускіх часопісаў, нядрэнных што да зместу і формы. Аднак шмат якія з іх звярнулі з папярэдняга шляху служэння нацыі і перайшлі на службу замежжа. І загэтым мы пастанавілі яшчэ больш патрэсці кішэні сваіх суродзічаў у Парыжы і часопіс усё ж такі выдаць.

Таксама апошнім часам у Францыю пад’ехала крыху нашых суродзічаў з іншых краінаў. Часта, не разумеючы па-французску, цэлымі тыднямі не мелі да каго вуснаў адчыніць, хіба толькі да каня, з якім працуюць, але і гэта ў чужой мове. У такіх абставінах жыццё чалавека робіцца страшэнна шэрым і немагчымым амаль да ператрывання. Вось наш часопіс і меўся быць тою другой асобай, з якою нашы новапрыбылыя беларусы маглі гутарыць.

С у д : Якія канкрэтна антысавецкія мэты апрацоўкі эмігрантаў з ліку моладзі ставіла перад сабой рэдакцыя?

Я н к а : Меркавалася, што з нашага часопіса яны даведаюцца, як жыве моладзь у цэнтры, да чаго імкнецца, аб чым думае. А калі чаго і не даведаецца, дык будзе мець прыяцеля, да якога можна напісаць і запытацца аб тым, што хацелася б ведаць. Не адзін з чытачоў захацеў бы сам напісаць што-небудзь пра сваё жыццё ці пра свае думкі, якія, пэўна, атакуюць яго бедную самотную галаву ці то ў пару працы, ці ў пару адпачынку, або часам гоняць сон з вачэй уначы. Хай ніхто не стыдаецца, пісалі мы ад выдавецтва, што яго рука болей прывыкла да касы ці плуга, чымся да пяра. Хай піша смела, не стыдаецца і таго, што мо не меў часу на ўніверсітэт ці гімназію і плаўна не навучыўся пісаць. Гэта не яго віна, гэта доля наша была паганая.

С у д : Падсудны Філістовіч, сфармулюйце дакладна ідэалагічную мэту вашага антысавецкага выдання.

Янка: Наша ідэалагічная мэта — гэта бараніць чыстыя, гарачыя, уласцівыя беларускай моладзі пачуцці кахання Бацькаўшчыны. Мы ставілі мэтай захаваць у сэрцах нашай моладзі каштоўныя, не сапсутыя чужацкімі ўплывамі элементы, дапамагаючы ёй адшукаць у сабе сілы, загартавацца і пасвяціць сябе роднаму краю. Мы стараліся раскіданай па свеце беларускай моладзі быць шчырымі братамі, падтрымоўваючы дух і паказваючы, што, страціўшы Бацькаўшчыну, але захаваўшы веру ў будучыню, трэба смела глядзець уперад, ведаючы, што праўда пераможа.

Няхай сабе прыгнечаныя векам і здэмаралізаваныя чужакамі ганяць наш народ, няхай топчуць наш непаплямёны бел-чырвона-белы штандар, як гэта мела месца ў Міхельсдорфе, няхай сабе зневажаюць нашу слаўную мінуўшчыну, няхай прадаюць свае пасіўныя галовы і сумленне за аб’едкі са сталоў чужынцаў! — Але! Няхай не забываюцца, што ёсць яшчэ моладзь, у грудзёх якой гарыць агонь шчырага кахання Бога, Праўды і Роднага Краю, моладзь, якая сурова асудзіць тых, хто, зышоўшы ў бездарожжа, усякімі спосабамі стараецца сцягнуць і іншых.

С у д : Раскажыце, што Вам вядома пра падзеі ў беларускім лагеры для перамешчаных асобаў у Міхельсдорфе. Хто сарваў антысавецкую правакацыю з нацыяналістычным сцягам?

Янка: Некалькі тысячаў беларусаў, якія жылі ў лагеры Міхельсдорф, мелі сваю школу, сваю скаўцкую арганізацыю, сваю Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву. Яна ўтварылася падчас вайны, але ў канцы 1947 года пастанавіла далучыцца да Расейскай праваслаўнай замежнай царквы. Тым часам у лагеры адбыўся падзел на крывічоў, якія лічылі сябе за сапраўдных патрыётаў, і тых, хто менш укладаў сілаў на нацыянальную справу. Аднойчы скаўты з бел-чырвона-белым сцягам з надпісам «Крывія» на ім прыйшлі на богаслужэнне. Так было і раней, гэта было зусім нармальна. Аднак царкоўны стараста і людзі з царкоўнага гуртка вырвалі сцяг і спрабавалі патаптаць яго...

Думаю, што не знойдзецца сярод беларусаў ніводнага сведамага, які б пад гэтымі подлымі подступамі не бачыў працы варожай і шкоднай рукі, якая гідка адводзіць наш зрок у бок ад нашай мэты, на дробныя, няважныя і неактуальныя для нас справы. Адкінуўшы ўсе косткі і постаці крывічоў ці нацдэмаў, пісаў я ў часопісе, возьмемся за актуальную працу і справу, справу першай вагі, для якой мы пакінулі родны край, а праз гэта ўсё найдаражэйшае ў жыцці чалавека. Хай жа ўсемагутная сіла дапаможа нашым братам высцерагацца Каінавай ролі, як нясведамай, так і сведамай, а калі гэтаму будзе месца, што ўжо назіраецца, дык няхай жа беларускі народ не сэрцам, а розумам, як дбайны лекар, парадзіць гэтай гангрэне ў пачатковай стадыі, калі яна не паспела заразіць здаровае цела, калі яна прадстаўляе сабой найменш небяспекі.

Суд: Падсудны Філістовіч, да якой часткі беларускай эміграцыі Вы і Вашыя саўдзельнікі адносіце сябе?

Янка: Пра гэта я пісаў у нашым часопісе «Моладзь». Мы смела і з гонарам дэкларуем сваю прыналежнасць да адзінага сапраўднага беларускага лагеру БНР, аддаючыся без засцярогі пад загад яе прэзідэнта, які горда нясе непаплямёны сваімі папярэднікамі, а цяпер пакутнікамі Беларускага народа бел-чырвона-белы штандар.

Мы, беларуская моладзь у Францыі, гаварылася далей у часопісе, дэкларуем аддаць усе свае сілы, а калі зайдзе патрэба, і жыццё, каб жыла Беларусь, і каб прызнаны ўсімі паняволенымі і вольнымі народамі наш Бел-чырвона-белы штандар з БНР на чале горда шыбаў у высі, бо гэты штандар, абліты крывёю мільёнаў лепшых сыноў і дачок нашага народа, даражэйшы нам за ўсё на свеце; ён нам уручаны ў спадчыну.

С у д : Ці займалі Вы якія-небудзь пасады ў так званым урадзе так званай БНР?

Я н к а : Наша заданне, заданне палітычна сведамай беларускай эміграцыі, не палягала на выдаванні прэзідэнцкіх і міністэрскіх пасадаў, гэта справа Беларускага Народа ў Вольнай Беларусі. Мы, будучы ў выгнанні, маем тое, чаго не мае ні адзін наш брат у паняволенай Бацькаўшчыне — вольны голас! Праз гэты голас мы з’яўляемся беларускай амбасадай забранага краю.

Наша справа нялёгкая таму, што мы, беларуская моладзь, упершыню сустракаемся з Захадам і на кожным кроку мусім абвяшчаць чужынцам нашу мэту, разбіваючы хлуслівую ману і «тэорыі» нашых адвечных ворагаў, жадаючых давесці, што Беларусь — гэта «истинно русская земля» альбо «крэсы». Не нянавісць і здрада — наша зброя, а чыстасардэчнасць і сапраўднае каханне нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны.

С у д : Суду вядома, што Вам асабіста належаць антысавецкія публікацыі, падпісаныя «Я.Ф.», у якіх з ілжывых нацыяналістычных пазіцыяў паказваюцца Янка Купала, Іван Луцкевіч, Дунін-Марцінкевіч, Алаіза Пашкевіч, Андрэй Зязюля (сапраўднае прозвішча — ксёндз Аляксандр Астрамовіч), так званае Слуцкае паўстанне, ды многае іншае. У чым яшчэ, апроч напісання артыкулаў для «Моладзі», палягалі Вашы так званыя «творчыя» заняткі?

Янка: Я прасіў Аляксандра Лашука дастаць мне польскія вайсковыя падручнікі, афіцэрскі і унтэрафіцэрскі. Думаў узяцца за складанне адпаведных, патрэбных нашаму войску падручнікаў, якіх няма. Хацеў даць крытычны агляд і планы ўсіх вялікіх бітваў, ад бітвы пры Маратоне ў 490 годзе да нараджэння Хрыстова да нашых дзён. І вайсковы рэгламент, статут, інструкцыі. Словам, усё, чаго мы не маем і што патрэбна на гвалт, пачынаючы ад узроўню камандзіра групы — 12 чалавек да камандзіра дывізіі — 15.000 чалавек. Ведаў, што гэта цяжкая і марудная праца, але неабходнасць яе змушала перасіліць усе цяжкасці. Гэта толькі пачатак таго, што гадамі будзе дасканаліцца.

С у д : Падсудны Філістовіч, раскажыце больш падрабязна, якое месца займала ўзброеная інтэрвенцыя ў планах нацыяналістаў?

Я н к а : Незалежнасць свайго народа нельга выпрасіць, не вытаргуюць яе і дыпламаты, яе можна здабыць толькі збройна. Дзейнік зброі ва ўсіх народаў свету з’яўляецца канчаткова вырашальным, пісаў старшыня Галоўнага ўрада Задзіночання Беларускіх Ветэранаў у Нямеччыне палкоўнік Кушаль у звароце да беларускай моладзі. Беларускі народ мае ў сваім характары вельмі карысныя жаўнерскія якасці. Аб гэтым сведчыць нашая мінуўшчына і гісторыя войнаў тых народаў, у арміях якіх былі прымушаныя служыць беларусы.

С у д : Вы маеце на ўвазе той факт, што з 87 Герояў Савецкага Саюза — удзельнікаў партызанскага руху ў Беларусі, 49 былі беларусамі?

Я н к а : Ці ведае шырокае беларускае грамадства аб тым, што ў жніўні 1920 года ў баёх пад Варшавай гэтак званая Літоўска-беларуская дывізія, 80 працэнтаў якой складалі беларусы, сваімі грудзьмі затрымала ў шмат разоў пераважаючую бальшавіцкую армію? Што г.зв. «Цуд над Віслай» стаўся дзякуючы ў вялікай меры надзвычайнай упорыстасці беларускага жаўнера, і што ў шматлікіх брацкіх магілах пад Варшавай тлеюць беларускія косткі? Ці ведае шырокае грамадства, што ў гераічных баёх пад Монтэ-Касіна бралі ўдзел тысячы беларускіх жаўнераў?

Як адзначае спадар Кушаль, беларускі вайсковы дух распачаўся пасля расейскай рэвалюцыі 1917 года, тады ж пачалася арганізацыя беларускага войска. Аднак з-за малой колькасці нацыянальна моцных беларускіх афіцэрскіх кадраў Беларуская Народная Рэспубліка ў крытычны момант не патрапіла абараніць сябе ад бальшавіцкай навалы. Нястача афіцэрскіх кадраў не дазволіла разгарнуць беларускае войска і ў часе польска-бальшавіцкай вайны ў 1919-20 гадах, а таксама, паводле сведчання палкоўніка Кушаля, не дазволіла адпаведна скарыстаць Беларускую Самаахову і Беларускую Краёвую Абарону ў 1942-44 гадах.

С у д : Падсудны Філістовіч, Вы разумелі, што, настойваючы на паскоранай узброенай падрыхтоўцы нацыяналістаў замежжа, Вы выконвалі загад імперыялістычных колаў Захаду на захоп СССР, як раней выконвалі загады нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

Янка: Я шкадаваў, што не меў на 10 гадоў больш, я б стараўся прычыніцца да паляпшэння дабрабыту Бацькаўшчыны хоць бы збройна, хоць бы прыйшлося сто разоў уміраць за яе. А ў Парыжы мы самі не маглі ні паскорыць, ні затрымаць міжнародных падзеяў. У 1947 годзе я спрачаўся з сябрам, Аляксандрам Лашуком. Я ніколі не згаджаўся, што вайна магла не быць 15-20 гадоў. Мы жывем у атамнай эпосе, даводзіў я, і не за год-два чырвоная зараза знойдзе ці, найбольш магчыма, украдзе таямніцу атамнай бомбы, і тады крышка ўсякім перашкодам перад імі. Гэта добра зналі амерыканцы і ангельцы, а таксама любы сярэдні чалавек, які сочыць за падзеямі.

Суд: Падсудны Філістовіч, Вы не можаце адмаўляць, што здаровая частка працоўнай эміграцыі не падзяляла гэтых правакацыйных поглядаў і займалася працай, трымаючыся ад падобных правадыроў.

Янка: Мы не на тое прыехалі на чужыну, каб заснаваць сабе другую Бацькаўшчыну ды заняцца выключна сваімі справамі. Будаванне свайго асабістага жыцця, тады як патрэбна будаваць Бацькаўшчыну, не толькі не можа мець месца, але калі б хто за яго прыняўся, супакою не знойдзе. Як жа можа мець шчасце той, хто адвяртаецца ад Роднай Маці, каб не чуць ейных слёзаў, не бачыць ейнага гора!

Мы не пакінулі Бацькаўшчыну на тое, каб аддаць свае сілы і энергію далёка ў чужыне. Мы павінны дбаць пра добрае імя беларуса як на працы, гэтак і ўсюды, адначасна не забываючыся, што мы мусім вяртацца назад поўныя сілы як фізічнай, так і духоўнай. Першая рана ці позна вычэрпваецца, другая не памірае ніколі і перадаецца ў спадчыну пакаленням. Толькі тады мы зможам выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай, калі навучымся не толькі слухаць, уздыхаць ды спачуваць, але, закасаўшы рукавы, сапраўды па-беларуску возьмемся за працу для нашай будучыні.

Суд: Суду вядома, што Вы, Філістовіч, не абмежаваліся прапагандай заўзятых нацыяналістычных поглядаў, але і стварылі канспіратыўную антысавецкую арганізацыю «БНАМ». Што азначае гэты шыфр?

Янка: Заўвагі адносна нашых заданняў мала застасоўваліся ў нашым практычным жыцці. Адзін з нашых сяброў лёг у шпіталь, яго матэрыяльнае і маральнае становішча стала надзвычай цяжкім. У такім выпадку нашым святым заданнем перад Бацькаўшчынай ёсць падтрымаць кожнага беларуса ў бядзе. Але, дабраўшыся за пару сот кіламетраў туды, дзе ляжыць наш сябра, мы з сумам пераканаліся, што бальшыня сяброў у гэтым дэпартаменце не ведаюць аб яго няшчасці, а хто ведае, гэтак заняты штодзённымі клопатамі, што забываецца і аб сваім абавязку перад Бацькаўшчынай. Той, хто не захоча ці не зможа здабыцца на высілак у малой справе, ніколі не здабудзецца на яго ў вялікай. Бо чым большай яна будзе, тым больш вымагаецца ахвярнасці.

Чагосьці бракавала, каб жыццё зрабіць жывым, магутнеючым, цэнтрам прыцягнення. Мы былі ў стадыі чакання, напружання, што найбольш вычэрпвае сілы і цярпенне. Бракавала сапраўды жывой арганізацыі моладзі, не хапала пачуцця грамадскай адказнасці і здысцыплінаванасці. Мы пастанавілі стварыць у Францыі жывую арганізацыю моладзі, якая сцэментуе нас, прыцягне да грамадскай працы, прышчэпіць тыя якасці, якіх не стае.

БНАМ — Беларуская Незалежніцкая Арганізацыя Моладзі, была ўтвораная на з’ездзе 26 сакавіка 1949 года.

Суд: Падсудны, раскажыце падрабязна, хто арганізаваў гэта зборышча нацыяналістаў і хто браў у ім удзел.

Янка: У ініцыятыўную групу, апроч мяне, уваходзілі Міхась Наўмовіч, Аўген Кавалеўскі, Міцкевіч, Арсенці Монід, Сурвіла, Каранеўскі. Былі разасланыя заклікі. Лік нашай моладзі ў Францыі не сягаў высокіх лічбаў, яе нарахоўвалася ўсяго некалькі соцень. Першапачаткова планавалі правесці з’езд напачатку лютага. Але потым перанеслі да ўгодкаў БНР.

26 сакавіка а 3-й гадзіне папалудні ў залі Сіндыкату СФТС (Французская Канфедэрацыя Працоўных Каталікоў), святочна ўбранай бел-чырвона-белым сцягам, пад агульны спеў нашай ваяцкай песні-малітвы «Беларусь, наша Маці-Краіна», распачаў сваю працу першы з’езд беларускае моладзі Францыі. З’езд ушанавалі сваёй прысутнасцю прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык, старшыня Рады Сусветнага Аб’яднання Беларускай Эміграцыі Леў Рыдлеўскі, ягоны заступнік на Францыю Уладзімер Шыманец і рэктар Беларускае рэлігійнае місіі ў Францыі айцец Леў Гарошка. Былі таксама госці — прадстаўнікі братняе ўкраінскае моладзі.

Бальшыня дэлегатаў з’езду былі з Парыжа ды ягоных бліжэйшых ваколіцаў, а іншыя дэлегаты, не маючы магчымасцяў асабіста прысутнічаць, даслалі свае мандаты і прывітанні. Нягледзячы на параўнаўча невялікую колькасць дэлегатаў (15 асобаў), з’езд прайшоў надзвычай паспяхова, у паважных дыскусіях ды цёплай сяброўскай атмасферы.

Суд: Падсудны Філістовіч, ахарактарызуйце падрабязней Ваш асабісты ўдзел у рабоце так званага з’езду і ролю астатніх дэлегатаў.

Янка: Я адкрываў з’езд і быў абраны ягоным старшынём. Зачытаў прывітальныя лісты ад палкоўніка Кушаля, ад асобных сяброў і групаў, якія не змаглі прыехаць у Парыж. Прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык вітаў з’езд, дадаючы, што ворагі нашае Бацькаўшчыны на працягу стагоддзяў сведама адрывалі беларускую моладзь ад змагання старэйшых за светлыя нацыянальныя ідэалы. «Маладое беларускае пакаленне мусіць заняць у адпаведны час месцы старэйшых змагароў за незалежную Беларусь», — сказаў прэзідэнт. Айцец Леў Гарошка гаварыў, што маладая пчала выконвае сваю працу хутчэй і лепш ад старэйшае і на гэтым палягае Боская ўказка для нашай моладзі.

Інжынер Рыдлеўскі адзначыў, што нашая моладзь на эміграцыі знаходзіцца пад небяспечнымі ўплывамі вонкавага еўрапейскага жыцця, якое можа часам адарваць яе ад змаганняў старэйшага грамадства за адвечны ідэал беларусаў, і заклікаў да як найцяснейшага супрацоўніцтва з дзеячамі і арганізацыямі, якія непахісна стаяць на грунце 25 сакавіка і БНР. Ад імя Сусветнага Аб’яднання Беларускае Эміграцыі склаў прывітанне заступнік старшыні спадар Шыманец, ад Саюза Украінскіх Пластуноў — спадар Вішнеўскі.

Суд: Якія мэты былі пастаўленыя перад так званым Незалежніцкім Аб’яднаннем Моладзі?

Янка: На думку ініцыятыўнай групы па скліканні з’езду, заданні стаялі наступныя: рэпрэзентацыя навонкі, выхаванне моладзі ў нацыянальным духу, павышэнне якасці часопіса «Моладзь», супрацоўніцтва з усімі арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад САБЭ і навязванне лучнасці з арганізацыямі моладзі іншых нацыянальнасцяў, а таксама — зарганізаванне беларусаў, якія яшчэ па сёння знаходзяцца ў чужацкіх асяродках, а таксама канцэнтраванне беларускае моладзі ля цэнтру Францыі.

Суд: Што маецца на ўвазе пад «рэпрэзентацыяй навонкі»? Якія канцэнтрацыйныя лагеры для моладзі ў цэнтры Францыі планавала БНАМ?

Янка: Меркавалася ў меру магчымасцяў сцягваць з правінцыяў паадзіночна найбольш актыўную моладзь да Парыжа як цэнтру Францыі. Дзеля гэтага падшукваць працу, памяшканні і адпаведныя дазволы французскіх уладаў на пражыццё. Таксама пастанавілі навязаць цесную лучнасць з беларускай моладдзю ў Нямеччыне, Англіі, Бельгіі, іншых краінах. Па першым пункце паставілі сабе за мэту пашырэнне спаміж чужынцаў назову, культуры, нацыянальных ідэяў і здабыткаў Беларускага Народа шляхам зарганізавання тэатральнага гуртка, а ў будучым — тэатра Беларускае моладзі, мастацкіх выставаў, літаратурных і сяброўскіх вечарынаў, якія маглі б прыцягнуць увагу людзей іншых нацыянальнасцяў, спартовых секцыяў ды іншага.

Суд: Падсудны Філістовіч, пакажыце дакладна, хто ўвайшоў у кіруючыя органы і ўзначаліў так званую БНАМ?

Янка: Старшынём Цэнтральнае ўправы абралі мяне, сакратаром — Аўгена Кавалеўскага, скарбнікам — Міхася Наўмовіча. Былі абраныя рэвізійная камісія на чале з Арсенціем Монідам і сяброўскі суд, які ўзначаліў спадар Ляўковіч.

Суд: Якія Вы мелі разыходжанні паміж сабой? Чаму Вы потым пакінулі пасаду старшыні ўправы?

Янка: Пасля мяне старшынём БНАМ стаў Міхась Наўмовіч. Гэта было звязана з маім ад’ездам з Францыі ў Бельгію. Я не мог працягваць вучобу ў Сарбоне, бо, як высветлілася, паводле ўніверсітэцкага рэгламенту, атэстат Украінскай Акадэміі аказаўся недастатковым. У сакавіку 1951 года на запрашэнне Камітэту дапамогі беларускім студэнтам Лювэнскага ўніверсітэта я прыехаў у Лювэн і быў залічаны на 4-ты курс гістарычнага факультэта. Стыпендыі паспрыяў Беларускі Саюз Студэнтаў, які ўзначальваў Барыс Рагуля. У каталіцкім універсітэце Лювэна вучыліся многія дзясяткі маладых беларусаў, якія па волі лёсу мусілі пакінуць Бацькаўшчыну.

Суд: У Лювэн Вы прыехалі ўжо з пасведчаннем сябра так званай Рады БНР. Як гэта сталася?

Янка: Незадоўга да ад’езду ў Бельгію, 11 сакавіка 1951 года прэзідэнт Абрамчык запрасіў мяне да сябе ў хату, дзе ўручыў мне пасведчанне сябра Рады БНР і ўпаўнамочанага прадстаўніка ўрада БНР, датаванае 11 сакавіка 1951 года.

С у д : Трыбунал лічыць, што досыць поўна высветліў Ваша маральнапалітычнае аблічча і ідэалагічную арыентацыю як буржуазнага нацыяналіста, ідэолага нацыяналістычнага маладзёжнага руху, арганізатара замежнага антысавецкага падполля, свядомага і заўзятага ненавісніка савецкага сацыялістычнага ладу рабочых і сялян.

Такім чынам, прычыны, якія штурхнулі Вас у абдымкі варожай амерыканскай разведкі, суду ясныя.

Янка: Калі б адна энергія, ахвярнасць духу і вера былі дастатковыя для пераадолення перашкодаў і тых, хто нам іх ставіць, — ужо б даўно парасла трава над апошнімі традыцыйнымі ворагамі, а наша агульная Беларуская справа даўно дасягнула сваёй мэты.

Суд: На допыце ў КГБ Вы далі паказанні аб ролі Барыса Рагулі ў Вашай засылцы ў СССР. Цытуем: «Пераканаўшыся, што я моцна стаю на нацыяналістычных пазіцыях і з’яўляюся прыхільнікам актыўных дзеянняў супраць Савецкай дзяржавы, Рагуля прапанаваў мне перабрацца на тэрыторыю Савецкай Беларусі, не чакаючы пачатку вайны, і разгарнуць там актыўную нацыяналістычную работу». Як адбылася Ваша сустрэча з амерыканскай разведкай?

Янка: Я нічога не жадаў, толькі як найбольш быць карысным Мацікраіне, толькі гэтага я прасіў у Бога. Гэта мне шмат разоў ледзь не каштавала жыццём, а таксама жыццём маіх родных бацькоў, брата, сёстраў, але ж не толькі мне... Першая сустрэча з чалавекам, які называўся Стыфам, адбылася 8 жніўня 1951 г. Ён паабяцаў дапамагчы патрапіць на Бацькаўшчыну. Неўзабаве я пакінуў Лювэн. У мястэчку Верысгофен пад Мюнхенам вывучаў тапаграфію, вучыўся карыстацца компасам, вызначаць каардынаты, распальваць вогнішча. Вучыўся скакаць з парашутам. Трэніраваўся ў стральбе. Шмат чытаў — савецкія газеты і часопісы, літаратуру.

С у д : Хто яшчэ разам з Вамі праходзіў абучэнне ў амерыканскай разведшколе ў Баварыі?

Янка: Канстанцін Амор, былы рэдактар часопіса Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі «Беларус на чужыне». Ён меўся ляцець са мной радыстам, але я паляцеў адзін.

Суд: Якія інструкцыі Вы атрымалі перад адпраўкай у СССР?

Янка: У жніўні да мяне ў Мюнхен прыязджаў Барыс Рагуля. Ён паведаміў, што хадайнічаў перад урадам БНР аб прысваенні мне звання падпалкоўніка. Мы ўсе меркавалі тады, што вось-вось пачнецца вайна, і неабходна, каб у Беларусі былі падрыхтаваныя кадры, каб заступіць бальшавіцкую ўладу. Рагуля хацеў, каб я з’ездзіў у Вільню, каб пераканацца, колькі цяпер жыве беларусаў у нашай колішняй сталіцы, а таксама пашыраў звесткі пра БНР. Ён перадаў мне лістоўкі «Жыве Беларусь», тэксты гімну, звароту да беларускага народа і газеты і сказаў, што ідэальна было б, калі б да яго прыезду я не зрабіў ніводнага стрэлу. Амерыканцаў цікавілі настрой людзей, звесткі пра размешчанне і перамяшчэнне войскаў. Я меў адпраўляць лісты, напісаныя тайнапісам, у розныя адрасы за мяжой.

Суд: Як адбывалася Ваша перакідка праз дзяржаўную мяжу?

Янка: 9 верасня 1951 года я вылецеў з Мюнхена на поўнач Нямеччыны. Тут памянялі самалёты. Праз чатыры-пяць гадзінаў лёту былі над Беларусяй. Выкінулі мяне надзвычай удала. Я прызямліўся паблізу сваёй вёскі Паняцічы. Закапаў парашут, схаваў зброю і іншыя рэчы, і накіраваўся ў вёску.

Суд: Як Вас сустрэлі калгаснікі?

Янка: Наша хата была аддадзеная пад школу. Я зайшоў да суседа, Якава Кісяля. Расказаў, адкуль прыбыў, як. Яго жонка схадзіла, паклікала майго дзядзьку, брата маці Пятра Куляша. Падрабязна расказаў пра сябе, пра сваё заданне. Разам схадзілі, выкапалі парашут. Сустракаўся з некаторымі аднавяскоўцамі, сваякамі. Гаварылі пра жыццё ў калгасе, бясконцыя пазыкі, падаткі. Я расказваў пра сваю місію, гаварыў, што закінуты амерыканцамі з-за мяжы, даводзіў, што ўрад БНР, калі прыйдзе, памяняе камуністычныя парадкі.

Суд: Хто хаваў Вас ад органаў Савецкай улады да таго часу, як Вы перайшлі ў лес?

Я н к а : Я жыў у сваякоў і іх знаёмых. Прытулак у родным краі знайсці няцяжка.*

(* З успамінаў стрыечнай сястры Я.Ф. Яўгені Кулеш: «З ложка, пад якім ляжаў Янка, да падлогі была ссунутая накрыўка, каб не было яго бачна чужым. Малодшаму з дзяцей у сям’і Міхасю, каб той не выдаў раптам схованкі, мы казалі, што пад ложкам сядзіць страшны воўк. Дык дзіцё, як нехта заходзіў у хату, адразу цягнуў увайшоўшага за руку да кута з ложкам і картава страшыў госця: «Воўк, там воўк сядзіць...»

Усевалад Сцебурака. Куфэрак Віленшчыны. No 2. http://vialejka.org/2009/04/06/jashchje-raz-pra-jankulistovicha.html )

С у д : Чаму Вы не сказалі, што амаль паўгода хаваліся ў вёсцы Пузава ў Пятра Самаля і яго дачкі Соф’і. Які ўдзел бралі яны ў ажыццяўленні Вашых акцыяў?

Янка: У сям’і Пятра Самаля, далёкага сваяка, апроч дачкі нікога не было. Я жыў у іх хляве на гарышчы, на сене. Хлеў стаяў метрах у дзесяці ад хаты. Унізе гаспадары трымалі карову з цялятамі, авечак, кабанчыка. Але павінен сказаць, што дачка была супраць таго, каб я жыў у іх, і не раз гаварыла гэта бацьку. Ніякай дапамогі, апроч прытулку і харчавання, ні бацька, ні дачка мне не аказвалі. Яны ды яшчэ дзядзька Пётра Кулеш былі адзіныя, хто падымаўся да мяне на гарышча. Пётра Самаль быў вельмі стары, глухі, я нічога не мог яму даручыць, калі б і хацеў.

Суд: Да следчай справы падшыты дакумент аб пераводзе арыштаванай Соф’і Самаль з ізалятара КГБ у шпіталь гарадской турмы ў сувязі з цяжарнасцю і маючымі адбыцца родамі. Вы нешта хацелі сказаць, падсудны?

Янка: Я... Не. Зазначу яшчэ раз, што Соф’я пярэчыла, каб я жыў у іх, але не магла пайсці супраць бацькі.*

(* З успамінаў Соф’і Самаль: «Нас тады арыштавалі, адвезьлі ў Маладзечна на сьледзтва. Трымалі нядоўга і адпусьцілі, бо думалі, што Янка да нас прыйдзе. Абяцалі за гэта 25 тысяч рублёў. Я на працу ў калгас хадзіла і думала, што мне ўжо канец — расстраляюць. А чула, што калі жанчына цяжарная, то яе не забіваюць, вось і зрабіла сабе дзіцёнка. Пасьля сьледчыя думалі, што гэта ад Янкі, а як жа можна — ён жа мой брат».

Усевалад Сьцебурака, Тадэвуш Нальшчанскі. Наша Ніва, 22.06.2006 http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=2488 )

Суд: Як, калі і дзе Вы праводзілі канспіратыўную работу сярод насельніцтва і шпіёнскія акцыі?

Янка: Я сустракаўся і гаварыў з людзьмі і заўсёды расказваў, хто я, адкуль, з якімі паўнамоцтвамі. Многім паказваў пасведчанне сябра Рады БНР. Двойчы ездзіў у Вільню, Горадню. Усе, з кім я гаварыў, пасля таго, як даведваліся пра мэты майго прыезду, ахвотна дапамагалі, давалі прытулак, здабывалі неабходную інфармацыю.

Суд: У выніку гэтых паездак Вы пасылалі за мяжу справаздачы аб наяўнасці там савецкіх войскаў, аб вайсковым аэрадроме. Як Вы пісалі свае шпіёнскія данясенні?

Янка: Кроўю. Пракалваў палец, у некалькі кропель крыві дадаваў вады, затым завостранай палачкай пісаў тэкст. Потым сушыў на сонцы ці на вогнішчы. Тэкст упісваў паміж радкоў звычайнага ліста і пасылаў на вядомы мне адрас.

Суд: Падсудны Філістовіч, раскажыце, як і з якой мэтай Вы ўступілі ў сувязь з бандай былых паліцаяў, якія хаваліся ў лесе?

Янка: Мне расказаў пра людзей, якія хаваліся ў лесе, мой дзядзька адразу пасля майго з’яўлення ў Паняцічах. Але першая сустрэча адбылася толькі ў траўні 1952 года. Спачатку ў групе, якая месцілася ў двух кіламетрах ад вёскі Самалі, было чатыры чалавекі: Сяргей Мікуліч, Міхась Петрусевіч, Антон Петрусевіч, Андрэй Бялькевіч. У ліпені да нас далучыліся Іван Будкевіч і Уладзімер Шыцік. Я меркаваў выкарыстаць гэтых людзей дзеля вядзення нацыянальнай агітацыі, падрыхтоўкі сялян да паўстання. Але перш трэба было адукаваць саміх удзельнікаў групы. Барыс Рагуля гаварыў мне перад ад’ездам, што ідэальна будзе, калі да яго прыезду ў Беларусь я не зраблю ніводнага стрэлу. Ніводнага тэракту я не здзейсніў, не дазваляў гэта рабіць і ўдзельнікам ляснога падполля, якія да майго прыходу ў лес здзейснілі не адзін такі акт.

Суд: Раскажыце пра Вашу спробу стварыць так званыя нацыянальна-вызваленчыя ўзброеныя сілы.

Я н к а : Каб упарадкаваць нашы дзеянні, я вырашыў прывесці ўдзельнікаў групы да прысягі. Сам склаў яе тэкст. «Я, грамадзянін Беларускай Народнай Рэспублікі, уступаючы ў шэрагі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, перад Богам, Бацькаўшчынай і Беларускім Народам урачыста прысягаю быць верным светлай ідэі пастановы 25 сакавіка 1918 года і БНР і аддаць усе свае сілы для іх ажыццяўлення. Прысягаю безагаворачна выконваць усе загады Прэзідэнта Рады і ўрада БНР і сваіх камандзіраў, скіраваныя на карысць нацыянальна-вызвольнай справы. Абяцаю свята берагчы дзяржаўную, ваенную тайну, захоўваць непатаптаную чысціню бел-чырвона-белага сцяга БНР. За парушэнне маёй урачыстай прысягі абавязуюся прыняць самую суровую кару».

Суд: Раскажыце пра налёт Вашага войска на друкарню МТС у мястэчку Вязынь.

Я н к а : Нам патрабаваліся друкарскія прылады і шрыфты, каб выпускаць сваю газету, друкаваць адозвы. Маючы ўласны выдавецкі досвед, я ўзяў толькі самае неабходнае: касы з шрыфтамі, наборныя планкі, друкарскую фарбу і некалькі рулонаў газетнай паперы. Абсталяванне размясцілі ў нашым другім лагеры, ва ўрочышчы Руда, у двух кіламетрах ад вёскі Кутляны. Паспелі набраць і аддрукаваць газету «Жыве Беларусь», а таксама ўлётку. Частку друкаванай прадукцыі паспелі распаўсюдзіць.

С у д : Падсудны Філістовіч, Вы нічога не сказалі пра бандыцкі напад і абрабаванне двух савецкіх службоўцаў — фінагентаў, у якіх Вы забралі 6000 рублёў.

Я н к а : У канцы чэрвеня ў мяне скончыліся грошы, якія мне далі амерыканцы. З самага пачатку я пастанавіў нічога не браць у людзей задарма і плаціў за ўсе прадукты, якія атрымлівалі ад насельніцтва. Калі грошы скончыліся, было вырашана ўзяць іх у савецкай улады. У фінагентаў мы забралі толькі казённыя грошы.

Суд: Ці ведалі Вы, што замах на дзяржаўную сацыялістычную маёмасць з’яўляецца асабліва цынічным відам пасягальніцтва і караецца аж да расстрэлу? Зрэшты, гэта ўжо не мае значэння. Колькі вяровачка не ўецца, канец адзін. Зачытаем вытрымкі з акту МГБ, складзенага 5 верасня 1952 года ў вёсцы Самалі Ільянскага раёна Маладзечанскай вобласці. «... У ноч з 4 на 5 верасня была праведзеная аперацыя ў ліквідацыі ўзброенай бандыцкай групы пад кіраўніцтвам амерыканскага шпіёна Філістовіча Івана Андрэевіча. Напачатку аперацыі ў 23 гадзіны 4 верасня ў лесе на захад ад вёскі Седзіца быў захоплены Бялькевіч Андрэй Іронавіч, 1920 года нараджэння, які спрабаваў аказаць узброены супраціў. Канфіскаваны бельгійскі карабін, 15 баявых патронаў. Пры падыходзе да бандыцкага лагера ў лясным масіве на паўночны захад ад вёскі Самалі быў заўважаны бандыт Петрусевіч Міхал Кірылавіч, якога пры аказанні супраціву аператыўна-ваенізаваная група знішчыла, пасля чаго размясцілася ў засадзе».

Я н к а : Я ў гэтую ноч разам з Антонам Петрусевічам і Іванам Будкевічам быў у вёсцы Пузава, у свайго дзядзькі Пятра Самаля, у якога жыў першыя паўгода пасля вяртання ў Беларусь. Яго дачка, Соф’я, дала нам з сабой хлеб, масла, сыр, яечкі, насыпала сліваў. Тады апошні раз я бачыў Соф’ю... Мы выйшлі з хаты на досвітку і, калі падыходзілі да лагера, сонца яшчэ не ўстала. Было ціха-ціха...

Суд: Суду вядома, што гэтую акалічнасць, падсудны Філістовіч, Вы выкарысталі ў спробе пазбегнуць адказнасці перад савецкім законам. Працягваем азнаямленне з актам МГБ: «У 6 гадзін 5 хвілін 5 верасня 1952 года засада прыняла меры да захопу вяртаўшыхся бандытаў. Апошнія, аказаўшы ўзброены супраціў, спрабавалі ўцячы. Былі забітыя: Петрусевіч Антон Захаравіч, 1908 года нараджэння; Будкевіч Іван Данілавіч, 1916 года нараджэння. Кіраўніку бандыцкай групы шпіёну Філістовічу Івану Андрэевічу ўдалося ўцячы».

Янка: Амаль пяць дзён, ці, дакладней, начэй, ішоў на Захад, думаў перайсці мяжу з Польшчай недалёка ад Горадні. Усюды былі вайсковыя часткі, міліцыя, мясцовыя жыхары не маглі выбрацца ў суседнюю вёску. Салдаты пад камандай афіцэраў прачэсвалі лес, пускалі сабак. Начамі былі раннія замаразкі. Есці не было чаго. У верасні адна ягада, ды й тая горкая рабіна. Як некалі ў дзяцінстве, глядзеў, як адляталі ў вырай птушкі: быццам цёмныя хмары, чародкамі праляталі берасцянкі, цягнуліся берасцянкі, цягнуліся касяком гусі ды качкі, касым шнуром рэзалі паветра лебедзі... Мой вырай быў тут.

Дзень перад апошнім пераходам папрасіўся адпачыць у вяскоўцагаспадара. Начаваў у хлеўчыку, перагледзеў свае дакументы. Амаль усе парваў. Аддаў гаспадару аўтамат у прамасленай паперы, каб той захаваў. Адарваў і выкінуў ампулу з цыяністым каліем, якую далі ў Мюнхене на скрайні выпадак. На пяты дзень, калі сцямнела, мусіў хоць крыху адпачыць і паесці. На беразе невялікай рэчкі стаяла вёска Ярмолічы. Пастукаў у крайнюю хату. Раней людзі не раз дапамагалі і давалі прытулак, ніхто не выдаў на працягу года... Гаспадар пусціў у хату. Паставілі на стол вячэру, налілі гарбаты. Глынуў, і раптам усё паплыло перад вачыма, і праваліўся ў цемру...

Суд: Савецкі патрыёт, жыхар вёскі Ярмолічы, які даўно супрацоўнічаў з органамі бяспекі і дапамагаў абясшкоджваць ворагаў, змог паведаміць органам пра амерыканскага шпіёна. Яму было перададзена моцнадзейнае снатворнае, якім і была ўсыплена пільнасць класавага ворага. Зачытаем вытрымку з акту затрымання: «9 верасня 1952 года ў 23 гадзіны 30 хвілін групай управы МГБ Маладзечанскай вобласці ў колькасці 13 чалавек быў захоплены агент замежнай разведкі Філістовіч Іван Андрэевіч. Пры вобыску канфіскавана: пісталет замежнай маркі калібру 6,55 мм з абоймай і 9 патронамі; пасведчанне нумар 147/51 ад 11 сакавіка 1951 года на імя Філістовіча Янкі, выдадзенае Радай БНР і падпісанае прэзідэнтам Рады Міколам Абрамчыкам; фотакартка з надпісам «Дарагому Януку на ўспамін. М. Абрамчык. 11.03.1951 г. Парыж»; фотакартка з надпісам на адвароце «На памяць Філістовічу ад Кушаля. 20.01.1949 г. Віндышбэргердорф»; фотапартрэт з надпісам «Папа Пій ХІІ» і малітвай на абароце; два каляровыя здымкі рэлігійнага характару».

Янка: У схованцы ў лагеры застаўся малітоўнік, выдадзены ў Рыме ў 1946 годзе, паштоўкі са сцягам і гербам БНР, нумары газеты «Беларускія навіны» за сакавік-красавік 1946 года, тры выпускі газеты «Бацькаўшчына», кнігі Тараса Шаўчэнкі: «Каўказ», «Сон», «Кацярына», «Наймічка». «Як умру, то поховайте мене на могилі серед степу широкого...»

С у д : Суд тлумачыць, грамадзянін Філістовіч, што ў савецкім судаадпраўленні так званае апошняе жаданне адсутнічае як перажытак буржуазнага гуманізму. Вернемся да Вашага арышту. Вы не назвалі іншыя рэчавыя доказы, схаваныя ў лесе.

Янка: У лагеры заставаліся дэтэктарны прыёмнік «Камсамолец», навушнікі, бінокль з васьміразовым павелічэннем, сапёрная рыдлёўка, розная вопратка, коўдра, рэчавы мех, чаравікі з гетрамі, сетка ад камароў, парашутны шоўк...

Суд: Пералічыце іншыя рэчы з арсеналу для вядзення варожай нацыяналістычнай і дыверсійнай дзейнасці, якія Вы захоўвалі ў лагеры.

Я н к а : Друкарскі набор адозвы «Жыве Беларусь» і частка накладу, які не паспелі раздаць, друкарскія прылады, папера, фарба. Тапаграфічная і этнаграфічная мапы Беларусі, нажніцы для рэзкі дроту, пару соцень пісталетных патронаў, медыкаменты: шпрыц Люіра, голкі, пінцэт, ёд, 9 цюбікаў морфію, пластыр, вата, жгут, бінт.

Суд: Бандытам яны ўжо не спатрэбяцца: чэкісты па ворагах б’юць без промаху. Зачытаем акт апазнання, складзены 6 верасня 1952 года ў Маладзечне. «Арыштаваны Бялькевіч, уважліва аглядзеўшы трупы, якія былі занумараваныя пад нумарамі два і тры, заявіў, што ў абодвух трупах ён пазнаў удзельнікаў бандыцкай групы: у трупе нумар два, які ляжыць на спіне злева, ён пазнаў бандыта Будкевіча Івана Данілавіча, народжанага ў вёсцы Петрашова, які служыў у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі старастам Петрашоўскай грамады і хаваўся ад органаў Савецкай улады з 1944 года, і ў трупе нумар тры, які ляжыць таксама на спіне справа — Петрусевіча Антона Захаравіча, народжанага ў вёсцы Буйслі, які служыў у карных органах акупантаў і хаваўся ад органаў Савецкай улады з мая 1949 года. Апазнанне праводзілася ад 14 да 14.30».

Янка: У ноч, калі мяне праз здраду арыштавалі соннага, споўнілася роўна год, як я апусціўся на родную зямлю. Пад канвоем адвезлі ў Мінск, у турму КГБ, так званую амерыканку, дзе памясцілі ў адзіночную камеру. І адразу пачаліся допыты: у першую ноч допыт цягнуўся з дзевяці вечара да дзевяці раніцы. Вярнуўся ў камеру — спаць днём забаронена. У чатыры гадзіны папалудні зноў на допыт да паловы восьмай. Толькі заснуў — апоўначы зноў да следчага, дзе прабыў да паловы шостай раніцы. Наступную ноч таксама ўсю, з дзевяці вечара да дзевяці раніцы, правёў на допыце. Потым допыт днём і зноў уся наступная ноч у кабінеце следчага, і так кожны дзень і кожную ноч. Толькі за першы месяц я правёў на допытах амаль дзвесце гадзінаў.

Суд: Падсудны Філістовіч, з 28 студзеня па 6 лютага 1953 года Вам была дадзена магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі следчай справы ў 24 тамах. Ці маеце дапаўненні і хадайніцтвы?

Янка: Дадаваць нічога не буду. Хадайніцтваў у справе — не маю.

Суд: Падсудны Філістовіч, трыбунал на дадзеным этапе лічыць дастатковымі Вашыя паказанні. Пераходзім да апытання сведкі Трапша. Сведка, паведамце сваё імя, месца і год нараджэння, пасаду, займаную на момант знаёмства з грамадзянінам Філістовічам.

Т р а п ш : Трапш Рыгор Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1917 годзе ў сяле Ацы Гадаўскага раёна Абхазіі. У органах дзяржбяспекі служыў з 1937 года. Пасля заканчэння вышэйшай следчай школы МГБ СССР быў накіраваны ў Мінск. З’яўляўся намеснікам начальніка 2-га аддзела следчай часткі Міністэрства дзяржбяспекі БССР і з 10 верасня 1952 года па 17 студзеня 1953-га вёў справу Філістовіча Івана Андрэевіча ў якасці следчага. Падпалкоўнік дзяржбяспекі ў адстаўцы.*

(* Сведчанне падпалкоўніка КГБ у адстаўцы Р. Трапша запісаныя аўтарам падчас інтэрв’ю ў Мінску ў 1993 годзе).

Суд: Таварыш Трапш, у кнізе вядомага пісьменніка Макара Паслядовіча «Па воўчых сцежках», напісанай «па расказу палкоўніка дзяржбяспекі Каленіка» — гэта хіба Ваш псеўданім, ярка паказаны гераізм беларускіх чэкістаў, якія, рызыкуючы жыццём, праніклі ў банду Філістовіча, арыштавалі яго і такім чынам выратавалі дзясяткі тысячаў людзей ад дыверсійных акцыяў. Аднак, з вядомых прычынаў, аўтар не мог тады раскрыць усе дэталі аперацыі. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбывалася.

Трапш: Кніжку Паслядовіча я бачыў — поўная лухта. Аўтар ніколі са мной не сустракаўся... І ўвогуле, на след Філістовіча выйшлі не ў Мінску, а ў Маскве. Да сораму беларускіх чэкістаў, ён цэлы год жыў у падполлі. Працаваў. У Маскве, падчас перлюстрацыі пошты, выклікалі падазрэнне лісты за мяжу, напісаныя дзіцячым почыркам. Паводле зместу вызначылі, што аўтар недзе тут, у Беларусі, далі аператыўку. Тады ўжо пачала працаваць Маладзечанская ўправа дзяржбяспекі, а потым Мінск падключыўся.

Суд: У якім стане пасля затрымання і змяшчэння ў ізалятар МГБ знаходзіўся Філістовіч?

Трапш: Вельмі дрэнным, бо яго затрымалі з дапамогай снатворнага. Ён шмат перажыў за той час, калі ішоў да мяжы, а яго па пятах пераследавалі. Ён адарваў і выкінуў ампулу з атрутай, каб не спакусіцца і не прыняць. Баяўся, што ў крызісны момант не ўтрымаецца і пакончыць з сабой. Думаў да канца супраціўляцца. Я павінен сказаць, што ён вельмі цікавы чалавек, валявы хлопец, і, нягледзячы на яго становішча перада мной, ён быў мне сімпатычны як чалавек.

Першыя тры-чатыры дні запар я быў у дурацкім стане: выклікаў яго на допыт, гадзінамі глядзелі адзін на аднаго, і ён не адмыкаў нават губы, не казаў нічога, сядзеў — і ўсё. Задавай яму якія заўгодна пытанні — і нічога. Нават звесткі пра сябе не хацеў паведаміць. І толькі на трэці ці чацвёрты дзень ён адкрыў рот са словамі: «Што глядзіце, страляйце, страляйце!»

Суд: Вы вялі следства амаль пяць месяцаў, хоць законам прадугледжаны тэрмін у два месяцы. Ці былі ўжытыя ўсе сродкі, каб паскорыць прызнанне падсуднага Філістовіча?

Трапш: Спецметадаў да Філістовіча мы не прымянялі. З ім працавала абмежаванае кола людзей. Яго прозвішча не ведала нават ахова, якая дастаўляла арыштаванага з камеры да мяне. Я казаў: «Прывядзіце нумар адзін, адвядзіце нумар адзін». Спачатку ён не гаварыў увогуле, але потым пачаў гаварыць і гаварыў быццам праўду. Амаль пяць месяцаў допытаў — гэта не я цягнуў, а Іван Андрэевіч Філістовіч. Ён сведчанні даваў порцыямі. Затрымка была праз тое, чым ён займаўся ў Францыі. Допыты праводзіліся ўдзень і ўначы, традыцыя была такая. Дзякуй Богу, я жыў праз дарогу. Пайду, некалькі гадзінаў пасплю, паем і назад. Для следчых гэта было прымальна: ніхто не перашкаджаў працаваць, засяродзіцца, некалькі гадзінаў гаварыць з чалавекам аб справе.

Мой кабінет быў на 4-м паверсе, вокны выходзілі на праспект Сталіна. Я яму паказваў, цвердзіў, што ў нас усё ў парадку. Ён аднойчы ўначы з Маладзечна ў Мінск прыязджаў, сувязь завязаць, але няўдала. Я яму сказаў: хочаце, пакажу Вам наглядна, праедзем па горадзе? З вялікімі цяжкасцямі, але начальства я ўгаварыў. У закрытай машыне сеў з ім побач, ззаду. Вазілі яго на трактарны, на аўтазавод.

Суд: На якой мове вёўся допыт?

Трапш: На расейскай. Ён гаварыў па-расейску, толькі часам падкідваў слоўцы характэрныя. Адзін эпізод быў трагікамічны. Яму прад’явілі расшыфраваныя лісты, якія ён пасылаў. У адным з іх быў такі тэкст: «У горадзе в.ш. войскаў, бачыў сам». Мы доўга расшыфроўвалі, што ж гэта такое, што гэта за горад такі «В.Ш.» Не маглі знайсці такі горад.*

(* «U Horadni v š vojska (b sam): No 37618, 26; 73937; 29345; 76937; 10869; 61581; 259 O.S.B.«B».» Данясенне ад 4 снежня 1951..)

Потым я шмат разоў яго дапытваў і кожны раз вяртаўся да ліста, а ён рабіў выгляд, што не разумее, аб чым яго пытаюць. Нарэшце ён мне сказаў: «Вы каўказец, Вам гэта даравальна, але што, у вас тут няма беларусаў, якія б гэта расшыфравалі?» Ён напісаў, калі быў у Горадні, што «ў горадзе вельмі шмат войскаў, бачыў сам». Ох, колькі ў нас шуму было з-за гэтага! І ўсур’ёз усыпалі таму-сяму з нашых. А ён паздзекаваўся, кожны раз смяяўся з нас.

Суд: Вы не памыліліся, калі казалі, што на Вас Філістовіч зрабіў добрае ўражанне?

Трапш: Так, інтэлігентны, сціплы, харошы хлопец. Але фанатык. Фанатызм у дачыненні да сваёй мовы, культуры, літаратуры. Мы тут не паспявалі кнігі яму даваць, ён іх проста праглынаў. У дачыненні да насельніцтва не зрабіў нічога такога, наадварот, шкадаваў. Ён увесь час казаў «стогнуць», «мучаюцца і стогнуць». Ён умела працаваў, прыручыў гэтых звяроў, паліцэйскіх, у якіх рукі часаліся ўвесь час забіць каго-небудзь, абрабаваць, нават калі ён быў з імі. Філістовіч іх пад дулам аўтамата стрымліваў. Марадзёрства забараніў катэгарычна — бясплатна нічога не браць. Пакуль у яго былі грошы, сто тысяч, увесь час плаціў: за мяса, за бульбу. А калі скончыліся — высачыў фінагентаў, і то, калі забіраў грошы, пытаўся, дзе іх асабістыя, а дзе казённыя, і ўзяў толькі дзяржаўныя. Адзін з банды рамень забраў у калгасніка. Філістовіч пабачыў ужо на стаянцы, і пад пагрозай, што расстраляе, прымусіў аднесці назад і аддаць.

Суд: Разам з падсудным Філістовічам былі арыштаваныя яго саўдзельнікі: Кулеш Пётра Іосіфавіч, Бялькевіч Андрэй Іронавіч, Філістовіч Аляксей, Петрусевіч Іван Кірылавіч, Крэнь Уладзімер Аляксандравіч, Скабей Анастасія Дамінікаўна, Мандрык Цімафей Сяргеевіч, Чарняўскі Радыён Міхайлавіч, Стахевіч Зінаіда Ілінічна, Пехур Іван Філіпавіч, Шадурскі Фама Данілавіч, Самаль Пётра Андрэевіч, Каляда Іван Фларыёнавіч, Дуровіч Юстын Міронавіч, Буслаўскі Лявонці Пятровіч. Іх справы вяліся іншымі следчымі, і ўсе яны панясуць пакаранне па ўсёй строгасці савецкага закону.

На Вашу думку, сведка Трапш, якога прысуду заслугоўвае падсудны Філістовіч, справу якога Вы вялі ў якасці следчага?

Трапш: Гэта была самая буйная справа ў Беларусі, потым на ёй вучыліся пакаленні чэкістаў. Ведаеце, часта проста афарбоўку даюць справам: «агент, разведчык»... Але каб жывы разведчык працаваў на працягу года, так акуратна, і столькі зрабіў — гэта рэдкасць.

Філістовіч ведаў шмат каго з эміграцыі, выпускаў часопіс «Моладзь», і ў нас з’явілася думка, не адразу, вядома, што можна выкарыстаць такі багаты матэрыял. Вярнуць яго па каналах, па якіх ён прыбыў, а потым звязацца і выкарыстаць яго ў якасці агента. З самім Філістовічам пра гэта гаворкі не было.

Спачатку мяне паслалі ў Маскву, каб узгадніць вярбоўку ў Міністэрстве дзяржбяспекі. Але, здаецца, якраз арыштавалі Берыю і там было не да нашай прапановы. Іван Андрэевіч Філістовіч, натуральна, вораг — але не махровы. Ён не зрабіў нічога такога, за што можна даць расстрэл.

Суд: Сведка Трапш, Вы можаце быць свабодным. Падсудны Філістовіч, трыбунал лічыць судовае следства адносна Вашай варожай дзейнасці як беларускага буржуазнага нацыяналіста, арганізатара замежнага антысавецкага падполля, амерыканскага шпіёна і дыверсанта, завершаным. Крымінальныя справы Вашых саўдзельнікаў, якія сталі на шлях здрады Радзіме, вылучаныя ў асобную судовую вытворчасць. Вам даецца апошняе слова.

Янка: Я вельмі шчаслівы... Мо найшчаслівейшы з усіх людзей, таму што Магутная сіла дала мне ласку сапраўднага кахання да Бацькаўшчыны.

Я так мала жыў... І сёння складаю падзяку Усявышняму, што ён мне не дазволіў блукаць у раздарожжы, дарма губляючы дарагі час, але з ранніх гадоў скіраваў на сапраўдную дарогу. Пакуль б’ецца маё сэрца і ў маіх жылах пераліваецца крывіцкая кроў — дагэтуль не згасне ў мяне сапраўднае каханне да Бацькаўшчыны, а праз яго — безаглядная і бязмежная адданасць нашай справе.

Не з жалю, ранаў і болю — воля родзіцца толькі з крыві. Гэта наш крыж, і мы мусім данесці яго да канца, таму што назад, калі б і хацеў вярнуцца — дарогі няма.

І цяпер я не жадаю нічога, як толькі быць найбольш карысным Маці-краіне, гэтага толькі я прашу ў Бога. Калі Усемагутны патрабуе на адкупленне Бацькаўшчыны найвялікшай і найдаражэйшай ахвяры ў жыцці чалавека — жыццяў бацькоў, і на гэта паняволі мусіў бы згадзіцца. Я б не наракаў, а цешыўся тым, што гэта за адкупленне волі братам, гэта найвялікшая ахвяра, якую Усемагутны не можа абмінуць без узнагароды, таму што Сын Яго даў прыклад ахвяры за братоў. Але, я думаю, гэта няпраўда, проста не веру — няўжо ж гэтых горкіх слёз і той нашай крыві яшчэ мала, каб нашаму гору прыйшоў канец?! Не! Горкія слёзы і кроў, якія безустання цяклі і цякуць з нашага Народа, перапоўнілі нашы рэкі, і сёння патрэбны адзін павеў ветру, каб гэтыя кроў, гора і слёзы выліліся з берагоў, топячы па дарозе ўсё тое, што прычынялася да гора Беларускага Народа. Гэта станецца немінуча, іначай і быць не можа!

Кожны народ перажывае свае хвіліны жыцця, як радасныя, гэтак і цяжкія. Гісторыя асудзіла нас на цярпенне, паняволенне, амаль што асіміляцыю і смерць. Ужо нашы ворагі цешыліся, думалі — задушылі душу Беларуса, і цела належыць ім. Але ж як яны памыліліся. Пад попелам гараць вугалькі, іх раздзьмухае вецер, і яны запаляць штучны дом, пабудаваны ворагам замест сапраўднага. Жывы чалавек не хоча, каб яго закапалі ў зямлю. Гэтае ж самае станецца з нашай Бацькаўшчынай. Няма такой сілы, якая б змагла затрымаць гэтае жыццё. І масавае біялагічнае вынішчэнне нябачаным дагэтуль спосабам не ў сілах будзе стрымаць жыццё Беларускага Народа. Як пісаў наш паэт: «У віхры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш...»

Калі жыццё лёгкае — тады яно нецікавае, а чым больш небяспечнае і цяжкое — тым больш заўзята перамагаецца. І няма сумневу, што калі мы перажывём гэтыя цяжкія хвіліны, тады хутка і наша Бацькаўшчына будзе узнагароджаная Усемагутным.

Кастусь Каліноўскі быў далей ад той мэты, за якую загінуў на шыбеніцы, чым мы, але гэта не значыць, што яго праца была дарэмная. Наадварот — ён застанецца святым у памяці беларусаў, яго думкі і дзеянні паказалі нам дарогу, якой мы павінны ісці.

Я бязмерна рады, што сваім жыццём змагу ўцэментаваць некалькі загартаваных цаглін у вялікі дом Беларускай сям’і. І як сын гэтай сям’і, я не толькі жадаю аддаць сваё жыццё за яе таму, што забавязаны, а таму што гэта з’яўляецца маім ідэалам, імкненнем і мэтай жыцця. Аддаць сваё жыццё, каб жыла Бацькаўшчына, ёсць найбольшае чалавечае, і тым больш маё, шчасце...

Жыве Беларусь!

Эпілог

Янка Філістовіч быў прысуджаны ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі да смяротнага пакараньня праз расстрэл.

Сёстры Янкі, якія жылі ва Украіне і Польшчы і шукалі ягоныя сляды, пісалі ў Чырвоны Крыж: «У красавіку 1959-га ім адказалі, што ён памёр на тэрыторыі СССР 19 сакавіка 1954 г. А ў лютым 1992-га малодшая сястра Янкі Серафіма, што жыла ў Польшчы, атрымала з Управы юстыцыі Мінгарвыканкама дакумент, у якім паведамляецца, што Вайсковы трыбунал БВА 4-5 лістапада 1953 г. прысудзіў Янку да расстрэлу і што «прысуд выкананы».

Сястра Янкі Серафіма ўзгадвала: «Мы доўга ня ведалі, мы ўсё чакалі. Я хадзіла да варажэяў, усё мы не верылі, што яго няма. Недзе толькі два ці тры гады таму я першы раз памінала яго ў царкве як памерлага, а так усё не магла паверыць, што не жыве. У Вільні мы былі з мамай недзе ў 1967 годзе, ездзілі да цёткі, мы пайшлі ў царкву, і там мама паставіла свечку за сваіх бацькоў і за Янку. Гэтая ягоная свечка спачатку так добра гарэла, а потым зрабілася смутная, маленькая і згасла. Мама сказала: «Ужо сынка нашага няма».

Тыя, хто дапамагаў Янку і не выдаў яго ў апошні год жыцця ў Беларусі, атрымалі розныя тэрміны зняволення. Іх лёсы вымагаюць далейшых росшукаў. Чалавек, які прадаў Філістовіча КГБ і атруціў яго снатворным, атрымаў падзяку і кіраўнічую пасаду.

Член Саюза пісьменнікаў БССР Макар Паслядовіч атрымаў тры ганарары за замоўленую КГБ аповесць «Па воўчых сцежках» — у 1950-я ад газеты «Звязда», ад Дзяржвыдавецтва і ў 1986-м за перавыданне ў зборніку.

Следчы КГБ Рыгор Трапш, які вёў справу Філістовіча і не хаваў сваёй прыязнасці да яго, амаль адразу пасля яе завяршэння быў адпраўлены на заўчасную пенсію. Старонкі следчай справы Янкі Філістовіча перагортвалі беларускія чэкісты на сваіх занятках, а таксама адкрывалі яе ў 1971 і 1977 гадах у сувязі з так званымі сігналамі грамадзян, іначай, даносамі на былых Янкавых памочнікаў, якія пасля адбыцця лагернага зняволення вярнуліся ў Беларусь.

У розных кутках свету сёння жывуць сябры Янкі Філістовіча, яго знаёмыя па эміграцыі, якія разам з ім гуртавалі беларускую моладзь у Францыі, вучыліся ў Бельгіі, удзельнічалі ў падрыхтоўцы яго вяртання на Бацькаўшчыну.

На 72 чалавек з іх ліку ў 1953 годзе Міністэрствам дзяржбяспекі была заведзеная крымінальная справа, але, як адзначана ў тым дакуменце: «Улічваючы, што гэтыя асобы знаходзяцца за мяжой і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці не ўяўляецца магчымым», следчыя матэрыялы былі вылучаныя ў асобную вытворчасць і накіраваныя ў аператыўную ўправу МГБ БССР. Дастаць раскіданых па свеце беларускіх выгнаннікаў КГБ не мог, таму абыходзіліся прапагандысцкімі кампаніямі кшталту кнігі Макара Паслядовіча «Па воўчых сцежках» і пасквіляў іншых давераных літаратараў. Сярод 72 удзельнікаў «замежных антысавецкіх беларускіх нацыяналістычных арганізацыяў», якія згаданыя ў пастанове следчага МГБ, значацца прозвішчы Аляксандра Лашука, Міхася Наўмовіча, Янкі Запрудніка, Барыса Рагулі...

Аляксандр Лашук

У аснову п’есы пакладзеныя допісы Янкі Філістовіча Аляксандру Лашуку, які жыў у Лондане (памёр у 1997). Вось яго ўспамін пра Янку спецыяльна для гэтага даследвання:

«Я запазнаў Янку Філістовіча пасля таго, як яго сям’я са сваёй вёскі пераехала ў мястэчка Ілля. Гэта было пад канец лета ў 1942 годзе. Ён быў тады юнак, якіх можа 16-17 гадоў. Яго праз нейкі час забралі ў малачарні, паколькі гэта быў узрост, калі немцы якраз забіралі моладзь на вываз у Нямеччыну. Ён быў развіты, але і ўпарты, так як усе юнакі ў гэтым узросце.

Страціў я з ім кантакт, калі ён выехаў з Іллі ў Вілейку. Адшукаў яго фактычна ўжо па вайне, дзякуючы святой памяці інжынеру Рыдлеўскаму, які быў у 1946 годзе ў Рыме, дзе я быў прыдзелены пры польскім войску. Разгаварыліся, ён спытаўся, адкуль я, кажа: а, з Іллі тут у нас у Парыжы ёсць Філістовіч Янка. Пачалася перапіска, а асабіста я з ім спаткаўся ў 1948 годзе ў Парыжы, калі наша дэлегацыя беларусаў з Англіі прыехала на з’езд САБЭ — Сусветнага Аб’яднання Беларускай Эміграцыі. Я нейкі час яшчэ заставаўся ў Парыжы і начаваў там, дзе ён знаходзіўся з Наўмовічам.

Па павароце ў Англію працягвалася перапіска. Калі мне стала вядома, што ён мае намер быць скінутым у Беларусь, я яму адраджваў, бо ніякіх вялікіх рэзультатаў гэта не дасць, бо няма сілы з нашага боку. Але ён пісаў, што гэтай ідэі не закіне. У міжчасе я таксама кантактаваўся з прэзідэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам, і ён таксама адмаўляў Янку, каб ён не рызыкаваў ехаць.

Пазней ад яго сваякоў мне стала вядома, што ён казаў сваёй сястры Веры, калі з ёй спатыкаўся: «Прэзідэнт Абрамчык меў рацыю, калі гаварыў, каб я не згаджаўся на скідку ў Беларусь. Але гэта ўжо сталася, і я цяпер мушу гэту місію да канца выконваць».

Цяжка ацаніць усё гэта. Гераізм яго быў вялікі. Але тое, што ён планаваў зрабіць, зрабіць было немагчыма. Але ён быў упарты, і калі пастанаўляў нешта, дык імкнуўся выканаць. Шкада, але нічога не вернеш. Я ўважаю, што калі б ён заставаўся на Захадзе, мог прынесці большую карысць на эміграцыі для беларускай справы, чымся яго ўчынак там. Кожны з нас можа па-свойму ацэньваць гэтую справу. Хай яго на тым свеце судзяць. І кожны хай цэніць яго як патрыёта».

Міхась Наўмовіч

Найбліжэйшым сябрам называў Янка Філістовіч свайго раўналетка Міхася Наўмовіча, разам з якім ён выдаваў часопіс «Моладзь» і закладаў Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі ў Францыі. Пасля вяртання Янкі ў Беларусь гэтую арганізацыю ўзначаліў ягоны сябра. Мастак Міхась Наўмовіч жыў ў горадзе Вілепінт недалёка ад Парыжу (памёр у 2004). Ён расказваў:

«Я запазнаў Янку Філістовіча ў 1947 годзе ў беларускім памешканні на вуліцы Гравіер, калі я вярнуўся ў Францыю пасля маёй дэмабілізацыі з саюзніцкіх войскаў у Італіі. Калі Янка даведаўся, што я не меў дзе жыць, ён запрапанаваў, каб я часова спыніўся ў яго, у старэнькім гатэлі ў прадмесці Парыжа. Пасля я знайшоў асабістую кватэру і мы разышліся, але часта спатыкаліся або на зборках беларускіх, альбо ў касцёле на службах, адпраўляных айцом Львом Гарошкам, а часамі і пры спорце.

Мы зноў з’ядналіся ў адным студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Парк Шэвірон Сэўр, каля Версалю. Я жыў у адным пакоі з Янкам, і тут ён закладаў БНАМ — Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі — і часопіс «Моладзь». Супольна мы выдалі дзясятак нумароў перад ягоным выездам на студыі ў Бельгію, у Лювэн. Я працягваў выданне «Моладзі» яшчэ некалькі гадоў.

Ад часу выезду Янкі ў Лювэн я страціў з ім усе кантакты. Пра ягоны лёс я даведаўся толькі калі бальшавікі знайшлі мой адрас і прыслалі мне кніжку Паслядовіча «Па воўчых сцежках». Пра смерць Янкі, яго расстрэл бандытамі НКВД я даведаўся толькі ў 1992 годзе, праз сорак гадоў...

За што памёр мой дарагі Янка? За тое толькі, што бязмежна, усім сэрцам, усёй сваёй душой любіў сваю дарагую, незаменную Беларусь і беларускі народ. Ён таксама прычыніўся да таго, што Беларусь ёсць незалежная. Калі я ў мінулым годзе меў радасць, шчасце вярнуцца ў Беларусь пасля 49 гадоў разлукі і хадзіць зноў па сцежках маёй маладосці ў Наваградку, Мінску, на Нарачы, дык якая б у мяне была радасць, каб са мной быў мой сябра, прыяцель і супрацоўнік, мой дарагі Янка!

Яго няма, бо на 28 годзе жыцця загінуў ад кулі, якую не заслугоўваў, бо нікому ніколі ў сваім жыцці не зрабіў ніякае шкоды. Невядома нават, дзе ягоная магіла.

Дарагі Янка, калі твая душа там, далёка, з-пад зорак, бачыць тваю дарагую Беларусь, дык можа і цяпер будзеш ёй дапамагаць, каб яна вярнулася да сапраўднага шчаслівага жыцця, калі будзе кіраваная сваімі моцнымі адданымі беларускімі патрыётамі. Беларусь заслугоўвае на тое, каб была найпрыгажэйшай краінай Еўропы і свету, бо ў ёй жыве такі прыгожы народ. Як ты, Янка, заўсёды пісаў у сваіх лістах, — Жыве Беларусь!»

Янка Запруднік

Пасля вайны ў Бельгіі, у каталіцкім універсітэце Лювэна вучылася ладная беларуская грамада. Сёння многія былыя лювэнцы памятаюць Янку Філістовіча, хоць яго побыт там быў нядоўгім. У іх ліку — доктар Янка Запруднік, былы шматгадовы супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода, цяпер — ад’юнкт-прафесар Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку.

«Мы ўдзевяцёх прыехалі з Ангельшчыны ў Лювэн увесну 1950 года, і неўзабаве прыехаў Янка Філістовіч з Парыжа. Агульнае ўражанне ад яго засталося як ад маладога, прыстойнага, засяроджанага чалавека, нешматслоўнага. У мяне пасля яго застаўся сшытак, у якім ён запісваў курс гісторыі. Я быў на гістарычным факультэце, і ён гісторыяй цікавіўся. Пасля кароткага знаёмства ён мне пакінуў гэты сшытак, датаваны 3 студзеня 1947 года.

Версія мінуўшчыны Беларусі, запісаная ім — нацыянальнадзяржаўніцкая. У каго ён слухаў гэты курс — цяжка сказаць, верагодна, у Міколы Абрамчыка, старшыні Рады БНР, які сам моцна гісторыяй цікавіўся. Я таксама знаёмы з артыкуламі Янкі Філістовіча ў часопісе «Моладзь». У іх адлюстроўваецца ягоны патрыятызм, інтэнсіўнасць характару і ідэалізм. Я думаю, гэта асноўны імпульс, які спрычыніўся да таго, што Янка апынуўся на Бацькаўшчыне.

Мы нічога не ведалі пра ягоныя намеры, ён быў нешматслоўны. Рэтраспектыўна цяпер бачыцца постаць з моцным характарам і глыбокім пачуццём беларускага патрыятызму, ідэалізму і самаахвярнасці. Шмат свайго пераканання палітычнага ён чэрпаў з мінуўшчыны, з беларускай гісторыі.

Ягоны ўчынак, бясспрэчна, геройскі. Думаю, ён мусіў ведаць, на што ідзе, тую небяспеку, якая напаткае яго, і ўсё гэта перадумаць і быць гатовым. Гэта сведчыць пра сілу характару. Гэта характар пакрою Кастуся Каліноўскага. Я думаю, што калі праўда пра Янку Філістовіча, уся драма, трагізм асабістай гісторыі будуць усвядомленыя, дык ён у вачох наступных пакаленняў значна вырасце і будзе прыкладам таго драматычнага і геройскага змагання, якое вялося...»

Барыс Рагуля

Адным з тых, хто непасрэдна вёў справы з Янкам Філістовічам перад яго перакідкай у Беларусь, быў старшыня Беларускага Студэнцкага Саюза Барыс Рагуля. Доктар Рагуля жыў у Канадзе, быў выканаўцам абавязкаў старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (памёр у 2005).

«Янку Філістовіча я першы раз спаткаў у 1949-50 гадах у Парыжы. Ён працаваў разам са святой памяці Міколам Абрамчыкам, былым прэзідэнтам Рады БНР. Уплыў гэтага чалавека ў патрыятычнай, нацыянальнай падрыхтоўцы пакінуў вялікі след на Янку.

Я хацеў яго дастаць на вучобу ў Лювэн, у Бельгіі, і ён некалькі разоў прыязджаў, і тады я больш пазнаёміўся з ім. Ён быў крыху іншы ад усіх студэнтаў. Яго думка адна канцэнтравалася выключна на службе беларускаму народу. Якую б гутарку ні пачыналі, лёгкія тэмы, ён вяртаўся да аднаго. Проста было цяжка паверыць, што можа быць у чалавека такая адданасць, такая любоў да свайго народа, як у яго была.

Ён мне раз сказаў: «Ведаеце, я б ахвотна студыяваў, але мне тут душна. І ў Лювэне, і ў Парыжы, наогул на эміграцыі. Я лічу, што абавязак мой быць там, дзе мой народ церпіць». Тады не было яшчэ ніякіх магчымасцяў выканаць гэтае пажаданне. Але тады я пабачыў, што шчасця на эміграцыі ён не знойдзе. Ён шукае нейкага іншага выхаду, нейкага спаўнення сваіх ідэалаў.

І вось калі ад спадара Абрамчыка ён даведаўся аб магчымасцях, што можна падрыхтаваць людзей, якія ў выпадку вайны маглі б апынуцца на Бацькаўшчыне, ён адразу заявіў спадару Абрамчыку: «Я чакаць не магу. Дапамажыце мне, каб я адразу пайшоў на Бацькаўшчыну». Спадар Абрамчык, ведаючы яго патрыятызм, лічыў, што гэта вельмі небяспечна, і прасіў мяне з ім пагаварыць, каб ён змяніў сваю думку.

Я памятаю, яго спаткаў, доўга гутарылі. Я яму кажу: «Янка, гэта роўна самагубству». Тады ён мяне спытаў: «А Кастуся Каліноўскага чын быў роўны самагубству? Каб не было Каліноўскага, не было б 25 Сакавіка. Без ахвяраў народ не можа здабыць свабоду і незалежнасць».

Гэтыя словы так глыбока засталіся ў маёй памяці, што калі я пісаў аб ім, мне адразу прыйшла думка: гэта ёсць малады Кастусь Каліноўскі, які верыць у тое, што зямля, прасочаная крывёй, дасць плод свабоды і вольнасці. Хто ведае, каб не Каліноўскі, каб не слуцкія паўстанцы, каб не Янка Філістовіч, нават гэтая тэарэтычная Рэспубліка Беларусь, якая сёння лічыцца незалежнай, ці яна была б...

Я не ведаю, ці была б Пагоня, ці быў бы Бел-чырвона-белы сцяг, каб не такія людзі, як Янка Філістовіч. Я ўжо ў паклонным веку мімаволі схіляю галаву перад гэтай велічай душы, перад гэтай велічай духу і хачу верыць, што ягоная ахвяра не была дарэмнай».

Цяжкае вяртанне

Верасень 1994-га выдаўся надзіва сонечным. У адзін з выходных я выбраўся на Вілейшчыну, у мясціны, дзе дзейнічаў Янка Філістовіч. Хацеў пагаварыць з тымі, хто дапамагаў яму, даваў прытулак у апошні год жыцця, не данёс уладам пра госця з-за мяжы і расплаціўся за гэта гадамі свабоды.

Тады, у верасні 1952-га, КГБ арыштаваў цэлую групу аднавяскоўцаў і сваякоў Філістовіча з вёсак Паняцічы, Пузава, Ярмолічы, Лепаўшчына ды іншых, дзе бываў Янка. Былі адпраўленыя за краты Пётра Кулеш, Андрэй Бялькевіч, Аляксей Філістовіч, Янка Петрусевіч, Кастусь Кулеш, Уладзімер Крэнь, Анастасія Скабей, Цімох Мандрык, Радыён Чарняўскі, Зінаіда Стахевіч, Янка Пехур, Фама Шадурскі, Пётра Самаль і яго дачка Соф’я, Янка Каляда, Юстын Дуровіч, Лявонці Буслаўскі.

Як склаўся іх лёс, што перажылі, як выжылі? Вёскі Пузава, дзе доўгі час хаваўся Янка, на карце няма — яе перайменавалі ў Лясную. Начальству не спадабалася этымалогія назвы вёскі. Мясцовы жыхар, былы ляснік Міхал Самаль, казаў, што назва тая паходзіла з даўніх часоў, калі сюды высылалі з панскага маёнтку цяжарных дзевак.

Мне паказалі месца, у якім некалі стаяла хата і хлеў Пятра і Соф’і Самалёў, дзе некалькі месяцаў быў прытулак Янкі. Калі дачку з бацькам арыштавалі, іх падворак канфіскавалі і прадалі. На рэшткі фундамента толькі старыя вольхі скідвалі сваё лісце...

Пятра Андрэевіча Самаля з дачкой забралі 3 верасня 1952 года. Але праз пару дзён іх прывезлі назад у Пузава ў сваю хату. Янка вырваўся з засады, і хоць у пагоню былі кінутыя праваднікі з сабакамі, аператыўныя групы, раён быў ачэплены вайсковымі часткамі і паднята на ногі міліцыя, начальства КГБ моцна нервавалася. І было чаго. Большасць членаў лясной групы не ўдалося ўзяць жывымі, а галоўны вораг, амерыканскі шпіён, увогуле знік. Чалавек, які змог дзейнічаць на працягу года ў цэнтры памежнай рэспублікі, ездзіў у Горадню, Вільню, Баранавічы, Маладзечна і не быў ні разу заўважаны, здаваўся амаль містычным. Да таго ж і наводка на яго прыйшла з Масквы, дзе рабілі перлюстрацыю ўсёй пошты за мяжу. Мясцовыя чэкісты праспалі. Калі ўцячэ — давядзецца расплочвацца пасадамі і пагонамі...

Было прынятае рашэнне выкарыстаць Пятра і Соф’ю Самалёў у ролі падсадных качак. «Нас з татам прывезлі дахаты, на двары сабака сустрэў, скача ад радасьці, — успамінае Соф’я Самаль. — Зайшлі, агледзеліся. Некаторых рэчаў ужо не было — суседзі падумалі, што з канцамі, не вернемся... Нам казалі, што калі Янка прыйдзе, каб адразу паведамілі. Паабяцалі 25 тысячаў рублёў».

Янка ў Пузава не пайшоў. Праз некалькі дзён бацьку з дачкой пад канвоем зноў павезлі ў Мінск і кінулі ў адзіночныя камеры турмы КГБ — «амерыканкі».

«Цішыня ў камеры, — расказвае Соф’я. — Я ў боціках была, чую, вядуць некага па калідоры, пачала пастукваць — раптам тата? Ён пазнаў, і таксама пастукаў, і так уведаў, што я тут. Потым як ішоў, абавязкова даваў знак. На допытах мяне не білі, усё распытвалі пра Янку. А што я магла расказаць? Янка ўсё пытаўся, мы за Беларусь ці за Саветы? Пыталіся, чаго мы яго хавалі? А як мы радню прадамо? Ні за што!

Тата мне наказаў не прызнавацца, што Янка наш сваяк, бо думаў, заб’юць. Але ўсе пацвердзілі, што ён татаў пляменнік. Мне потым адзін ахоўнік сказаў, што калі радня хавала, дык менш будуць цягаць, а вось калі хто іншы, дык тады будуць шукаць чаму, якая змова ці што...

Выклікалі адзін раз мяне на вочную стаўку. Янка быў нейкі спакойны, і мне сказаў — не бойся. Я мусіла нарадзіць, і мяне перавялі ў турэмны шпіталь. Але аднойчы пачула крык на двары, падалося, знаёмы голас, выглянула ў вакно і, відаць, пераціснула сабе нешта. Дзіцё загінула... На судзе я патрабавала, каб яму далі абаронцу, бо ў яго не было. Трымаўся ён вельмі спакойна, нас падбадзёрваў...»

Соф’і далі 8 гадоў лагераў і этапавалі ў Мардовію, дзе яна шыла ваенныя бушлаты; бацьку пад канвоем павезлі ў Комі АССР на лесапавал. Вызвалілі іх у 1955-м, прычым бацьку першага, і ён адведаў дачку ў лагеры. Цяпер Соф’я Пятроўна Філістовіч (пасля лагера яна выйшла замуж за сваяка Янкі і даўно ўжо аўдавела) на белым свеце засталася адна, ходзіць з цяжкасцю, трымаючыся за ровар, але мусіць яшчэ гадаваць коз — пенсія 26 тысячаў рублёў. Дзякуй суседзям, добрыя людзі, дапамагаюць па гаспадарцы.

Дом былога лесніка Міхала Самаля стаіць амаль адразу на ўездзе ў вёсачку Пузава, якую цяпер называюць Лясная. Сам гаспадар не мае дачынення да арыштаваных за дапамогу Янку Філістовічу Пятра і Соф’і Самалёў, а вось яго жонка Яўгенія мае. Гэта яе бацьку Пятра Андрэевіча Куляша арыштавалі 3 верасня 1952 года. Самалі якраз капалі бульбу, калі я прыехаў у Пузава: сабралася ўся вялікая сям’я — чатыры сыны, іх дзеці.

Яўгенія Пятроўна спачатку не надта хацела ўспамінаць перажытае — як бы зноў чаго не выйшла. Гаварыў больш муж, але потым разгаварылася і яна. Узгадала, як некалькі разоў выбіралася ў Мінск, каб пабачыць бацьку, занесці перадачу. Але пабачыла толькі аднойчы, калі ў дзень суда вязняў вялі з машыны ў будынак. Ды яшчэ пазнала ягоныя спрацаваныя рукі на кратах акенца ў «чорным воране».

Пётра Кулеш патрапіў у лагеры ў Башкірыю, але адседзеў толькі частку тэрміну — тры гады. У 1955-м па лагерах ужо ездзілі хрушчоўскія камісіі і паводле іх актаў на волю выпускалі большасць зэкаў, пасаджаных пры Сталіне — праўда, без рэабілітацыі, зняцьця судзімасці. Калі Пётра Кулеш вярнуўся, шмат пра перажытае не казаў. Толькі расказваў часам зяцю, як збівалі яго ў Мінскай турме КГБ. «Як дадуць у плечы, у грудзі — і дух прэч. Ці заціснуць у халодны карцар — не стаць, не сесці. А зверху ледзяная вада». Пётра Кулеш захварэў на цукровы дыябет. Яго даўно ўжо пахавалі.

Расказ бацькі з цікавасцю слухалі сыны. Благога слова пра Янку і людзей, што яму дапамагалі, ніхто не сказаў. Пра яго ахвяру дзеля Беларусі мала што ведалі.

Адзін з вясковых субяседнікаў узгадаў, што чытаў некалі ў адным з беларускіх часопісаў пра амерыканскага шпіёна, які дзейнічаў у іхных мясцінах. Сапраўды, у часопісе «Нёман» No1, 1972 г. палкоўнік дзяржбяспекі ў адстаўцы нехта Дзмітры Смірноў даваў сваю версію затрымання небяспечнага агента заакіянскай разведкі. Яна не надта адрознівалася ад «дакументальнай аповесці» М. Паслядовіча, супадае нават агульная назва ўспамінаў «Па воўчаму следу». Аўтар, хоць і даслужыўся потым да пасады міністра дзяржбяспекі нейкай аўтаномнай рэспублікі, гісторыю Беларусі тлумачыў своеасабліва. Так, «БНР» расшыфраваная як «Беларуская народная рада» і характарызуецца ў якасці «нацыяналістычнай арганізацыі». Ці проста заезджы чэкіст не ведаў, што такое БНР, ці свядома зблытаў з ЦБР, Цэнтральнай Беларускай Радай, утворанай падчас ІІ сусветнай вайны — цяжка сказаць. Аднак і супрацоўнікі часопіса не паправілі напісанае.

На думку жыхара вёскі Пузава Міхала Самаля, вельмі шмат значыць для ацэнкі чалавека, як ён кажа, парода. Ён узгадаў, што дзед Янкі Філістовіча пабудаваў за свае грошы дом пад школу для навакольнай дзятвы; у гэтай школе вучыліся і сыны самога Міхала Самаля. Павагай карыстаўся і бацька Янкі, якога абралі старастам. Паважалі яго людзі і пры паляках, і пры немцах.

Падчас гэтай паездкі на Вілейшчыну давялося пачуць і пра тое, як у рэшце рэшт быў затрыманы Янка. Гісторыя гэтая добра вядомая ўсім удзельнікам падзеяў. Янка Каляда з вёскі Лепаўшчына даслаў ліст, дзе ён узгадваў абставіны арышту са словаў самога Янкі на судзе. У дэталях гэтаксама перадавалі яе і іншыя субяседнікі. Вось што адбылося адной з вераснёўскіх начэй 1952-га года.

... З засады, у якую патрапілі Янка і яго спадарожнікі, вырваўся ён адзін. Ноч была на зыходзе, і ён спяшаўся, колькі хапала сілаў, як далей адысці ад месца, дзе іх сустрэлі стрэламі і крыкамі «Стой». На лёгкую рану не зважаў. З сабой быў парашок, якім пасыпаў сляды, каб не пачулі сабакі. Некалькі разоў пераходзіў рэчку, каб канчаткова зблытаць пагоню. Вада была сцюдзёная, абсушыцца не было як. Дзень правёў у лесе, наступную ноч таксама. Раскласці вогнішча было занадта небяспечна. Нічога не еў, пачала падымацца тэмпература. На наступны дзень папрасіўся да незнаёмага дзядзькі ў хлеў. Той накарміў, узяў схаваць аўтамат. Сам Янка парваў дакументы, якія меў з сабой, выпараў і выкінуў ампулу з цыяністым каліем, зашытую ў каўнер. Відавочна, верыў ва ўдачу і спадзяваўся ісці да польскай мяжы, што б ні стала.

На наступны дзень, аднак, адчуў сябе зусім дрэнна: моцна паднялася тэмпература, не было чаго і думаць прайсці сто з нечым кіламетраў у такім стане. Трэба было здабыць медыкаменты. Бліжэйшая аптэка мясцілася ў мястэчку Вязынь. Але там сельсавет, улады, і паказвацца ў Вязыні самому азначала добраахвотна здацца КГБ. Вырашыў скіраваць шлях у суседнюю з Вязынню вёску Ярмолічы. Яна не навідавоку, там цішэй, ды і жыў у Ярмолічах добры знаёмы, школьны сябар Пётра Соніч.

Выбар Янкі тлумачыўся яшчэ, верагодна, тым, што бацька сябра, Цімафей, у свой час быў высланы як кулак у Сібір і наўрад ці меў цёплыя пачуцці да савецкай улады. Значыць — не выдадуць, дапамогуць.

Філістовіч не ўлічыў аднаго: цёплых пачуццяў да савецкай улады ў Соніча-старэйшага магло і не быць, але, напэўна, быў страх. Уся ваколіца ведала пра тое, што вядуцца пошукі «небяспечнага бандыта», і ўлады патрабавалі садзеяння, абяцалі ўзнагароду. Праўда, Філістовічу на працягу года дапамагалі зусім незнаёмыя людзі; вось і напярэдадні даў прытулак чужы чалавек, нават узяўся зброю схаваць...

У кожным выпадку, Янку патрабавалася неадкладная дапамога, і ён пастукаў да Соніча. У хату пусцілі, сустрэлі быццам нармальна. Пётра пагадзіўся схадзіць у Вязынь па лекі. Янка напісаў спіс неабходных медыкаментаў, і сябар выправіўся ў дарогу. Калі ён вярнуўся, відавочна, Янка нічога падазронага не адчуў, а магчыма, з-за высокай тэмпературы, слабасці і не мог заўважыць.

Пётра насыпаў яму вялікую порцыю белага парашку — сказаў, што ад тэмпературы — і Янка выпіў.

Праз пару гадзінаў хату акружылі гэбісты. Былі перакрытыя шляхі адыходу, патроны дасланыя ў ствалы пісталетаў і аўтаматаў, усё падрыхтавана да штурму — але супраціву не было. Філістовіч ляжаў непрытомна і нават калі яго расштурхалі, надзелі наручнікі і ўштурхнулі ў машыну, не разумеў, што адбываецца. На судзе ён скажа, што заснуў у хаце Соніча і прачнуўся ўжо ў турме.

Аперацыя прайшла ціха, без ніводнага стрэлу. Тым не меней, у вёсцы нешта пабачылі, пачулі, здагадаліся. І калі неўзабаве ў Пятра Соніча з’явіўся новенькі матацыкл, ні для каго не было загадкай, на якія грошы ён набыты.

Калі Соф’я Самаль вярнулася з Мардовіі і выйшла замуж за сваяка Янкі, дык пераехала да мужа ў гэтыя самыя Ярмолічы. Сустракала Соніча, але ні разу не загаварыла з ім пра Янку, ніяк не дала нават зразумець, што ведае пра яго здраду.

... Стары страх не памёр. Што казаць пра паводзіны запалоханых вяскоўцаў у 50-я гады, калі і сёння, праз сорак гадоў пасля падзеяў, дзяржава лічыць іх злачынцамі — за тое, што не данеслі на сваяка, аднавяскоўца, пусцілі пераначаваць, накармілі.

У Якава Кісяля, франтавіка, пасля арышту забралі баявыя ўзнагароды і дакументы на іх. Прычым калі медалёў яго мог пазбавіць суд, дык наконт ордэна Чырвонай Зоркі спецыяльную пастанову мусіў прымаць аж Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР. За ўсе гады Кісель ніводнага дня не пакарыстаўся льготамі як удзельнік і інвалід вайны. Аскепкі ў 82гадовага жыхара Паняцічаў выходзяць дагэтуль, а ўзнагароды так і не вярнулі. Сын, які, дарэчы, вучыўся некалі ў школе, пабудаванай дзедам Янкі Філістовіча, хадзіў у ваенкамат, звяртаўся ў Падольскі вайсковы архіў. Там пацвердзілі раненне, узнагароды, але Якаў Кісель працягвае атрымліваць пенсію па старасці і ўдзельнікам вайны не лічыцца: нерэабілітаваны, значыць, злачынец.

Сістэма ўчэпіста абараняе сама сябе. Два гады на мае спробы пазнаёміцца з заключнымі тамамі справы Філістовіча сустракаю глухую адмову КГБ. Пасля спатканняў у вілейскіх вёсках я звярнуўся з лістом да новага старшыні КГБ Уладзімера Ягорава, у якім, як член Камісіі Вярхоўнага Савета ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, прасіў дапамагчы азнаёміцца з дакументамі. Я адзначаў, што афіцыйныя матывы, паводле якіх мне адмаўляюць пазнаёміцца са справай да канца — тое, што Філістовіч не рэабілітаваны, — ствараюць заганнае бюракратычнае кола.

Прывяду заканчэнне ліста: «У мяне няма ілюзіяў наконт ведамасных матываў асобных работнікаў КГБ, якія і праз 50 гадоў хаваюць тайну трагічнага лёсу чалавека, які безразважна любіў Беларусь, а не БССР. Мне вядома, што на гэтай справе вучылі чэкістаў у школе КГБ. Відаць, тыя ўрокі добра засвоеныя ў нерэфармаваным КГБ Беларусі».

Ліст я адправіў 19 верасня; праз тыдзень быў гатовы адказ за подпісам першага намесніка старшыні КГБ В. Кеза. «Згодна з пастановай ад 6 чэрвеня 1991 года Вярхоўнага Савета на азнаямленне з матэрыяламі крымінальных справаў маюць права рэабілітаваныя асобы, а з іх дазволу або ў выпадку смерці апошніх — іх блізкія сваякі. Доступ да крымінальных справаў нерэабілітаваных грамадзян мае строга акрэсленае кола прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Азнаямленне іншых асобаў з матэрыяламі такіх справаў існуючым заканадаўствам не прадугледжана».

Пастанова, на якую спасылаецца КГБ, была прынятая ў часы існавання і ўлады кампартыі, калі яна рыхтавалася да апошняга бою з народам — за два з паловай месяцы да путчу. Задачай пастановы было абмежаваць доступ да дакументальных сведчанняў генацыду камуністычнага рэжыму і такім чынам абараніць партыю ад новых і новых доказаў яе злачыннасці. Пасля правалу путчу бессэнсоўнасць і амаральнасць арышту праўды пра мінулае, здаецца, зразумелі і ў самім КГБ. Паставілі некалькі сталоў у адной з раздзявалак і да архіваў сталі дапускаць гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, журналістаў. І неяк на пастанову Вярхоўнага Савета не зважалі.

Аднак пакрысе шок праходзіў, «палявання на ведзьмаў» дэмакраты не пачыналі, помнік крываваму Феліксу ў Мінску ніхто не скідваў, і ў жоўтым доме з калонамі, пабудаваным Цанавам, усё пачало вяртацца на колы свае. Дзверы ў архівы сталі прычыняцца. Сёння ведамасная кантора пад назвай КГБ зноў узурпавала агульнанацыянальны скарб — дакументальную памяць аб трагічным мінулым — і лічыць, што мае законнае права ім распараджацца ў сваіх інтарэсах.

...Розныя радзімы ў Янкі Філістовіча і яго суддзяў. У Янкі — Беларусь, у суддзяў — СССР.

Янку Філістовічу рэабілітацыя ад уладаў непатрэбная — ён рэабілітаваны гісторыяй.

Янка вярнуўся ў Беларусь, незалежна, ці выпішуць яму даведку аб рэабілітацыі, ці не. Я не стаў бы і гаварыць пра тое, калі б не лёс яго сваякоў і суседзяў, якія пацярпелі, бо не сталі даносчыкамі. І не ў савецкім лагерным кляйме справа — разумныя даўно зразумелі яго вартасць. Справа ў элементарных пенсіях, у кампенсацыях за канфіскаваную маёмасць. Па-ранейшаму здзекавацца і лічыць гэтых людзей злачынцамі можа толькі чужая, варожая Беларусі ўлада.

1994

Напісана крывёю

Пасля эпілогу

Філістовіч праколваў палец, чапляў кончыкам пяра кроплю крыві і выводзіў літары на паперы. Так былі напісаны ўсе яго лісты за мяжу з паведамленнямі пра сітуацыю ў Беларусі.*

(* Тэксты ўпершыню апублікаваны ў часопісе «Беларуская думка» 2009. No 8., паводле перадруку і расшыфроўкі скаротаў у следчай справе.)

30 верасня 1951

30.X.1951 h. Pačatak. No 1.

Sytuacyja v[ielmi] ciažkaja. Siłaj zahnali ŭ kałchozy. Uvieś chleb zabirajuć. Narod haładaje — čakaje vajny. Isnuje ŭ nas davoli mocny partyzanski ruch. Dasiul viałosia biezahladnaje zmahannie, ciapier zachoŭvajem žyvuju siłu. Niedachop zbroi, amunicyi, lekaŭ i t. p. Ahulnaje niezadavalnienie balšavickim panavanniem u našym krai. Na vypadak vajny usie biełarusy pojduć u les. Treba pryhatavać materjał i liudziej, pierasyłajcie heta na zhon sniehu na majo staroje miesca.

Zbroja jak u mianie. Vorah ciapier vielmi słaby ŭnutrana. Usim apastyleŭ abman. Adciahnuć hod budzie vialikaj pamyłkaj — prastupstvam. Partyzany pytajucca: «Čamu niama aŭdycyjaŭ pa-biełarusku?» Dajcie lepšy srodak suviazi — dam cennyja viestki razmiaščennia u našym krai avijacyi i žyvoj siły voraha (praciŭnika). Z Karei viartajucca kaleki — byŭšyja asudžanyja na 15-25 hod. Padpałk[oŭnik] Słucki pierasyłaje pryvitanni Mikolie i inšym. Žyvie Biełaruś! Janka.

9 лістапада 1951

No 2. Pačatak (a). 9.XI.1951 h.

Naš ruch aporu zusim niezaležnicki. Dobra zarhanizavany. Dasiul vorah ihnaruje maju prysutnaść. Na vypadak vajny usie biełarusy pojduć u les. Padrychtujcie da hetaha materjał i liudziej. Pierasyłajcie na majo staroje miesca. Partyzany pytajucca: «Čamu niama aŭdycyi pa-biełarusku?» Siamji (Barysa) niama — vyvieziena. U Vilno mała vojska, mała i letuvisaŭ. U Bieła-Vaka — połk La-9; u Panarach — połk La-9; u Kiedejniauie — połk P-2 (bamb.), u Paniavežy — połk Il-10 (m. šturm.) i połk Il-21 (reakc. bamb.). U Šaŭlajach — štab dzivizii bamb. — połk Il-2 (reakc. bamb.) i połk P-2 (mator. bamb.). Z Karei viartajucca kaleki byŭšyja palit. asudžanyja na 15-25 h.

Pryvitanni usim. Kaniec. Žyvie Biełaruś. Vaš Janka.

4 снежня 1951

4.12.51 h. Pačatak (d). No 3.

Padpałk[oŭnik] Słucki1 viasnoj čakaje: 1 — Mi[kuliča] P. 2. S[niežko]. 3. Hał[ubowiča] A. 4. Abr[amčyka] K. 5. Mick[eviča] V.2 2 radyst[y], 2 aparaty, 10 dobra vyškolenych aŭtamat[čykaŭ], voprat[ku] skura[nuju], poŭnaje vypasaž[ennie]. Zbroja jak maja, ci v[ajennych] niam[ieckich] aŭtamat[aŭ] 44 h[oda]. Daj[cie] najbolš: aŭtamat[aŭ], amunic[yi], hranat, min, lek[aŭ], sav[ieckija] hrošy, ratatar, pałat[ak] s miaš[kami] i t. p. Miesca majo staroje peŭnaje, tut možna śmieła adpačyć samim. Kampl[ekty] kart 1:25:50000 (moj raj[on] zach[odni] i paŭn[očny]. Jak No 1?

Pryš[licie] mnie nov[yja] dakum[enty] z inš[ym] proźv[iščam] i błankaŭ da starych. Adkazy piš[ycie] 2 — da Č[ajeŭskaha] i da V[ysockaha]. U Horadni v[elmi] š[mat] vojska (b[ačyŭ] sam): No 37618, 26; 73937; 29345; 76937; 10869; 61581; 259 O.S.B. «B». Našy part[yza]ny zabaranili mnie utrymlivać suviaź z vami, kali ad 1.I.52 h. nia budzie aŭdycyjaŭ pa-biełarusku. Pryvitanni. Z pavahaj. Kaniec. Janka. Žyvie Biełaruś. 8.III.52 h. vyviezli usich viarnuŭšychsia z Anglii.

1 лютага 1952

No 4. Pačatak (2). 1.II.52 h.

U sakaviku dataj majho prybyćia na starym miescy čakaju zbroju i tamu p[adobnaje], jak u No 3. U krasaviku toj samaj dataj čakaju zbroju i siabroŭ. Žyvie Biełaruś. Janka.

1 траўня 1952

Pač[atak] (9). No-5. 1.V.52.

U mai majoi dataj na starym miescy čakaju: zbroju, rady[ja]st[ancyju], medycyna. Kali sioleta vajna — siabroŭ. Pasla hymnu BNR — čakaju praz 48 hadzin (Hołas Am[eryki]). Ruch zusim niezaležnicki. Uvaha — zdrady! Kaniec. Ž[yvie]Biełaruś! Janka.

15 ліпеня 1952

No 6. Pačatak (3). 15.VII.52 h.

Dajcie radysta, zbroi, amunicyi i t. d. Maximum druhi dahavor 66-1096. Vorah znajšou radyjo. Mianie ihnaruje. Paśla hymnu BNR (my vyjdziem...) — Hołas Amer[yki]. — Čakaju praz 48 hadzin. Byvajcie. Žyvie Biełaruś!

Janka.

Даведка МУС БССР

Сов. секретно. Только для председателя суда В[оенного] Т[рибунала].

По сообщению управления контрразведки МГБ Прибалтийского в/округа за No 1794 от 12/XII-52 года данные о воинских частях, местах их дислокации и техническом вооружении, изъятые у обвиняемого Филистовича И.А., в основном совпадают с действительными данными и являются совершенно секретными.

Зам. нач. 5 отдела 1 управления МВД БССР подполковник Павлов. 23/X-53.

З касацыйнай скаргі Янкі Філістовіча ў Вайсковую калегію Вярхоўнага Суда СССР

«...Я окончательно выбросил о себе весь мусор, которым мне забивали голову, впервые прочитав, находясь в заключении, генеальные труды: «Капитал» К. Маркса, «Вопросы ленинизма» И.В. Сталина, несколько томов из сочинений В.И. Ленина и более трехсот других советских произведений. После этого мне, выходцу из крестьянской трудовой семьи, стало ясно: что такое капитализм и какие перспективы несет он людям труда! Мне стало ясно, что я являюсь «янчаром», коварно обманутым врагом, который взял мене своими хищными кровавыми руками почти с колыбели, ибо, родившись в неволе, я с шестилетнего возроста подпал под воздействие искусственно прыменяемого врагом опьюма. Поняв это, я глубоко переживал свое положение, в которим я очутился в результате коварного обмана, по своей молодости, и сделал все усилия к исправлению этой роковой ошибки. Я добровольно отдал весь матерьял, компромитирующий врага в его преступной деятельности против Советского Союза, а также ключ-условность з за границей для разоблачения его планов».

... 2013

Паводле публікацыі ў афіцыйным друку, аўтограф пакаяльнай касацыйнай скаргі датаваны 11 лістапада 1953 года.

Тэксталагічна гэта лістапад 1937.
Драматургічна — гэтаксама.
Графалагічна, нават без аналізу арыгінала, напісана таксама крывёй.

Час кропкі

Замест пасляслоўя

Розныя чытачы гэтай кнігі, якая ўпершыню прагучала на «Свабодзе» ў 1994 годзе і была апублікавана спачатку ў 1995-м у тыднёвіку «Культура», а потым выйшла як кніга ў 1997-м, часам ацэньвалі яе дыяметральна адрозна, але нярэдка зыходзіліся ў адным — гэта мастацкі твор без усякай, як пісаў адзін афіцыйны гісторык «гістарычнай і псіхалагічнай даставернасці», і без «пашпартызацыі цытатаў», як дадаваў адзін незалежны даследнік.

Стрыечная сястра Янкі Філістовіча, Яўгенія Самаль (Кулеш), запомніла на ўсё жыццё словы Янкі, калі ўзімку 1952-га, пасля паездкі ў Вільню, яны йшлі пешшу з Маладзечна дадому: «Слухай, Жэня, пра мяне калісьці будуць кніжку пісаць, а ніхто не будзе ў гэта верыць...»

Увагу новых чытачоў я звяртаю на апошні сказ «Пралогу» — не толькі апісаныя падзеі, але й словы героя ёсць сапраўды дакументальна зафіксаванымі словамі героя, а не аўтара. Вызначэнні і ацэнкі, лексіка і сінтаксіс, эмоцыі і факты належаць герою літаральна — я перачытаў сотні асабістых лістоў Філістовіча, іншых яго тэкстаў і, захоўваючы кантэкстны сэнс, узяў створанае ім і выклаў у выглядзе дыялогу, самай эканомной, на маю думку, формы арганізацыі такога матэрыялу. Гэтае ж тычыцца звестак, зафіксаваных у пратаколах, рапартах, даведках і іншых дакументах карных органаў.

У 1992 годзе мне як сябру камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў удалося атрымаць доступ да справы No 3383 Міністэрства дзяржаўнай бяспекі «па абвінавачанні Філістовіча І.І. і іншых грамадзянаў, усяго ў колькасці 17 чалавек». Справа была пачата 6 верасня 1952-га, скончана 6 лютага 1953-га і налічвала 23 тамы.

Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі КГБ быў перападпарадкаваны Вярхоўнаму Савету. Гэта адразу палегчыла доступ да архіваў. На першым паверсе будынка КГБ, праз цэнтральны ўваход і налева, была арганізаваная невялікая чытальная заля для даследнікаў — гісторыкаў з Акадэміі навук, пісьменнікаў, журналістаў.

З архіву прыносілі справы, і чытачы старанна перапісвалі ў свае сшыткі ўсё, што цікавіла — капіявальных машынаў не было. Каталога ніхто не бачыў, што там яшчэ хавалася на архіўных паліцах, як было арганізавана, як шукаць спадарожныя справы і дакументы, было невядома. Выдавалі матэрыялы выбарачна і толькі калі называў прозвішча асобы, якая цікавіла.

Аднак нават у такім выглядзе цягнулася гэта адліга нядоўга — менш чым праз год тагачасны старшыня камітэту раздражнёна заявіў у друку, што «КГБ — не хата-чытальня», і дзверы ў мінулае захлопнуліся.

Часам — на палове недапісанага радка. Літаральна.

Я не дачытаў усю справу да канца. Працаваў па парадку, рабіў выпіскі па ходзе чытання. Думаў — паспею. Памыліўся. Некалькі разоў спрабаваў ізноў дамагчыся доступу ў архіў, апеляваў да свайго статуса сябра камісіі Вярхоўнага Савету, і кожны раз атрымліваў адмову, апошнюю — за подпісам намесніка старшыні КГБ генерала Кеза.

Я не ведаў пра тое, што ў справе ёсць напісаныя па-руску пакаянні, не ведаў, калі яны ўзніклі, не кажучы пра тое, што ў такіх справах ніколі не застаецца сведчанняў, якім чынам яны з’явіліся. Па-мойму, гэта сведчанні не столькі пра канкрэтнага героя і яго мэту, колькі пра чалавека і машыну гвалту, пра асобу і дзяржаву. За два дзесяцігоддзі да Філістовіча такая самая гісторыя здарылася з Янкам Купалам, з дзясяткамі іншых беларускіх нацыяналістаў. І ня толькі нацыяналістаў, канечне. Чэкісты-энкавэдзісты і члены партыі з 1917 году ў руках сваіх былых калег «прызнаваліся» не менш хутка чым беспартыйныя, і ня толькі ў пік тэрору, 1930-я.*

* У траўні 1951-га быў арыштаваны міністр асветы БССР Платон Саевіч, член КПСС з 1917, герой вайны, потым высакапастаўлены партыйны начальнік, яго дапытвалі ў тых самых сценах і амаль у той самы час, што і Філістовіча — 164 разы, толькі ў чэрвені — 44 разы, днём і ўначы, па 10-16 гадзінаў, і следчы, палкоўнік Крупянкоў, крычаў яму, на карачках будзеш поўзаць — прызнаўся ва ўсім, і што трацкіст, і што кулак, і што беларускую мову ў вну хацеў увесьці, і што чорт лысы — каб уратаваць сям’ю, як патлумачыў пасля рэабілітацыі, да якой дажыў.

Гісторыя зламанага духу — матэрыял трагедыі. Але трагедыя ахвяраў не павінна засланяць простую падставовую праўду — гісторыю і адказнасць катаў за ўсё, што адбылося з ахвярамі: за арышты, высылкі, катаванні, расстрэлы, за акупацыю, за ўсе «чыстасардэчныя» прызнанні, пакаянні, прашэнні аб памілаванні, без якіх яны не могуць жыць, як вампір без свежай крыві.

Я паспеў зрабіць выпісак на дваццаць тры поўныя старонкі агульнага сшытка фармату А4. Часам тое, што ў кнізе сфармулявана адным сказам, у маіх запісах займае старонку, як, напрыклад, вось гэтая табліца — прывяду яе як прыклад «пашпартызацыі»:

Пратаколы допыту затрыманага-арыштаванага-абвінавачанага Філістовіча Івана Андрэевіча

М. Маелаў, следчы 1 аддзела следчай часткі МГБ БССР, cт. лейтэнант дзяржбяспекі

Р. Трапш, намеснік начальніка
2 аддзела следчай часткі МГБ БССР, падпалкоўнік дзяржбяспекі

ад 10 верасня 1952 г. Гор. Мінск

Філістовіч І.А., родам з в. Паняцічы
Іллянскага ра-на, беларус, з зажытачных сялян,
на момант затрымання знаходзіўся на нелегальным становішчы. Допыт пачаты а 21 г. 30 мін.

Допыт пачаты а 21 г. 30 мін.

10 верасьня 21:30 – 08:50

11 верасьня 16:00 – 19:20

11 верасьня 23:50 – 05:30

12 верасьня 21:45 – 08:30

13 верасьня 14:40 – 18:50

13 верасьня 22:45 – 06:30

14 верасьня 13:00 – 14:00

14 верасьня 23:05 – 04:10

15 верасьня 23:50 – 03:50

16 верасьня 14:00 – 18:20

16 верасьня 23:15 – 06:00

17 верасьня 13:10 – 18:00

17 верасьня 21:30 – 03:30

18 верасьня 13:30 – 18:00

18 верасьня 22:10 – 05:15

19 верасьня 14:10 – 17:30

19 верасьня 22:30 – 06:00

20 верасьня 22:00 – 04:40

22 верасьня 13:00 – 18:00

22 верасьня 22:30 – 04:20

23 верасьня 21:30 – 03:45

24 верасьня 21:10 – 05:50

25 верасьня 13:15 – 18:00

25 верасьня 23:30 – 06:00

26 верасьня 13:45 – 17:45

26 верасьня 23:30 – 03:40

27 верасьня 14:00 – 17:40

27 верасьня 22:40 – 04:00

29 верасьня 21:30 – 03:45

30 верасьня 11:50 – 17:45

30 верасьня 22:30 – 07:15

1 кастрычніка 21:45 – 05:40

2 кастрычніка 23:00 – 04:00

3 кастрычніка 22:00 – 04:45

6 кастрычніка 11:30 – 17:30

6 кастрычніка 22:40 – 02:45

7 кастрычніка 13:00 – 17:40

7 кастрычніка 21:45 – 02:45

8 кастрычніка 12:00 – 16:10

8 кастрычніка 21:20 – 03:00

9 кастрычніка 12:30 – 16:30

9 кастрычніка 21:20 – 05:00

10 кастрычніка 15:00 – 19:00

10 кастрычніка 23:50 – 03:30

12 кастрычніка 13:40 – 16:55

13 кастрычніка 23:45 – 04:45

15 кастрычніка 11:20 – 18:05

15 кастрычніка 21:40 – 05:10

16 кастрычніка 21:45 – 04:50

17 кастрычніка 13:10 – 16:45

18 кастрычніка 00:30 – 02:15

20 кастрычніка 12:00 – 16:45

20 кастрычніка 23:00 – 02:25

21 кастрычніка 22:00 – 05:45

22 кастрычніка 22:45 – 03:00

23 кастрычніка 22:30 – 04:40

25 кастрычніка 13:45 – 16:45

27 кастрычніка 12:40 – 17:50

28 кастрычніка 12:05 – 18:00

28 кастрычніка 21:45 – 03:30

29 кастрычніка 20:45 – 03:30

31 кастрычніка 11:45 – 17:30

31 кастрычніка 22:15 – 06:10

1 лістапада 13:40 – 19:10

3 лістапада 23:40 – 05:30

4 лістапада 13:10 – 18:35

5 лістапада 21:30 – 04:00

10 лістапада 11:55 – 18:30

12 лістапада 13:00 – 19:20

13 лістапада 12:40 – 18:00

14 лістапада 12:25 – 17:40

17 лістапада 12:00 – 18:10

17 лістапада 21:45 – 04:20

18 лістапада 22:40 – 05:35

19 лістапада 13:45 – 19:15

19 лістапада 22:00 – 04:30

20 лістапада 21:55 – 04:10

21 лістапада 22:45 – 05:00

24 лістапада 21:50 – 03:40

25 лістапада 23:00 – 04:40

26 лістапада 21:40 – 03:20

27 лістапада 13:30 – 21:00

1 сьнежня 11:45 – 18:10

4 сьнежня 23:15 – 03:15

8 сьнежня 23:00 – 04:45

9 сьнежня 13:00 – 15:55

12 сьнежня 14:05 – 17:40

12 сьнежня 22:50 – 04:10

14 сьнежня 01:40 – 04:00

15 сьнежня 23:40 – 04:25

16 сьнежня 23:10 – 03:15

17 сьнежня 21:30 – 02:00

19 сьнежня 12:30 – 16:30

19 сьнежня 23:50 – 03:25

22 сьнежня 23:00 – 03:35

23 сьнежня 13:15 – 17:15

24 сьнежня 11:15 – 17:00

24 сьнежня 21:30 – 02:40

26 сьнежня 11:30 – 17:00

26 сьнежня 21:40 – 03:00

29 сьнежня 21:00 – 24:00

31 сьнежня 11:50 – 17:45

2 студзеня 11:45 – 12:30

2 студзеня 20:15 – 23:50

3 студзеня 11:40 – 17:30

3 студзеня 23:20 – 02:30

5 студзеня 21:05 – 04:00

6 студзеня 11:30 – 17:15

6 студзеня 21:20 – 02:45

7 студзеня 23:00 – 04:45

8 студзеня 13:35 – 17:30

8 студзеня 21:00 – 02:45

10 студзеня 11:30 – 17:30

11 студзеня 13:15 – 17:00

12 студзеня 11:50 – 17:20

14 студзеня 11:50 – 17:00

17 студзеня – прад’яўлена абвінавачанне.

Толькі перагартаўшы паўтары дзясяткі тамоў і зрабіўшы гэтыя выпіскі, можна напісаць адзін сказ:

«Толькі за першы месяц я правёў на допытах амаль дзвесце гадзінаў».

Цікавасць да Янкі Філістовіча пасля публікацыі толькі вырасла. Яго вілейскія землякі — краязнаўцы з суполкі «Край» прайшліся яго сцежкамі і запісалі цікавыя ўспаміны сваякоў і суседзяў, афіцыйным гісторыкам далі некаторыя матэрыялы следства, недаступныя мне, і праз паўтара дзесяцігоддзя пасля «Вяртання нацыяналіста» яны паспрабавалі перамаляваць партрэт.

Рыхтуючы гэтую кнігу да друку, я прагледзеў больш-менш усё, што з’явілася на гэтую тэму за паўтара дзесяцігоддзя, ад публікацыў у выданнях КГБ Беларусі, афіцыйным і незалежным друку да інтэрнэт-блогаў, а таксама ўпершыню за гэтыя гады перачытаў «Вяртанне нацыяналіста».

У выніку я пакінуў «культавы» тэкст амаль без зменаў, удакладніўшы некаторыя дэталі, і палічыў вартым даць шэраг спасылак, цытатаў і дакументаў у зносках і гэтым пасляслоўі. Яны пашыраюць кантэкст, прыадкрываюць больш складаны феномэн героя і матывацыі яго паводзінаў і даюць асноўныя пазіцыі сучаснай палемікі, у т. л. афіцыйнай.

Спробу абвінаваціць Я.Ф. у ваенных злачынствах робіць у часопісе адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка» даследнік Алег Ліцкевіч. Атрымаўшы доступ да архіву КГБ, аўтар прыводзіць новыя дэталі, друкуе невядомыя раней дакументы справы, удакладняе даты і месцы, звязаныя са службай Я.Ф. у 13 батальёне СД — і робіць выснову, што яго расстралялі менавіта за ваенныя злачынствы. (З цытатамі з крымінальных справаў іншых асобаў, уласнымі здагадкамі, ускоснымі аргументамі, але без прамых дакументальных сведчанняў, якія б доказна выходзілі за межы тэрміну «калабарацыя», у якой за савецкім часам вінавацілі цэлыя народы, а пра злачынства пражывання на акупаванай тэрыторыі ў анкетах пыталіся аж да 1991-га года.)

У часопісе «ARCHE» яму адказвае Алесь Юркавец: «Усю праўду пра беларускі пасляваенны антысавецкі рух мы зможам даведацца толькі тады, калі гэтая тэма перастане быць полем бескампраміснага ідэалагічнага змагання, а ўсе архіўныя дакументы, якія яе датычаць, будуць выведзеныя з ведамаснага захавання і стануць даступныя любому даследчыку».

Гэта слушна, але гэта не ўсё. Справа не толькі ў даступнасці архіваў ці нават кампетэнтнасці і сумленнасці даследнікаў — справа ў каштоўнасцях.

Даўно ўжо і нудна і агідна чытаць аўтараў, якія не бачаць злачынстваў і фундаментальнага зла савецкай улады і па-ранейшаму ацэньваюць гістарычныя падзеі ў цалкам скампраметаванай імперскай камуністычнай сістэме каштоўнасцяў. У сістэме, у якой няма месца чалавеку і Беларусі.

Калі тут што і цікава, дык гэта як розняцца ацэнкі сённяшніх аматараў шыць расстрэльны артыкул пад выглядам гістарычнага каментара і меркаванні прафесійных супрацоўнікаў КГБ, якія ў 1952-53 непасрэдна і канкрэтна займаліся справай Я.Ф. — дарэчы, у час, калі ў Беларусі актыўна ішло выяўленне калабарантаў і суды над імі.

Удзельнік вайны, палкоўнік МГБ Рыгор Трапш, які вёў следства ў справе Я.Ф., дапытваў яго, сведкаў, правяраў архіўныя дакументы, звязаныя з 13 батальёнам СД, у размове са мной летам 1993 года пад дыктафонны запіс адказаў на наўпроставае пытанне пра ўдзел Я.Ф. у злачынствах упэўнена і без ваганняў: «Крыві на ім няма». Трапш лічыў, што Я.Ф. «не зрабіў нічога такога, за што можна даць расстрэл».

Яшчэ адно сведчанне з боку КГБ прыводзіцца ў выдадзенай у Мінску ў 2006 годзе кнізе «Щит и меч отечества», якую падрыхтаваў аўтарскі калектыў у складзе «кіраўнікоў і супрацоўнікаў падраздзяленняў цэнтральнага апарата КГБ, Інстытута нацыянальнай бяспекі і беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КГБ «Честь». Частка, прысвечаная Я.Ф., сканчаецца ацэнкай ветэрана вайны, генерала КГБ Івана Лысакоўскага, які асабіста браў удзел у аперацыі захопу, а пасля даслужыўся да намесніка старшыні КГБ у Беларусі, да выхаду на пенсію ў 1988 годзе шмат гадоў узначальваў вышэйшыя курсы КГБ СССР ў Мінску (дзе, дарэчы, вывучалі справу Я.Ф. на занятках): «І.Л. Лысакоўскі лічыў, што прысуд быў крайне суровы. На яго думку, Філістовіч не быў ворагам беларускага народа, ён стаў ахвярай амбіцый лідараў беларускіх эмігранцкіх цэнтраў».

Чэкісты сталінскага гарту, палкоўнік і генерал КГБ, аказаліся больш дакладнымі, аб’ектыўнымі, чым сучасны цывільны даследнік.

І яшчэ. Жанр мастацкага даследавання, у якім напісаны, напрыклад, «Архіпелаг ГУЛАГ», ва ўмовах несвабоды бярэ на сябе шмат іншых функцый, у тым ліку гістарычнай навукі — але гэта праблема гістарычнай навукі, а не аўтара.

Шасцітомны слоўнік беларускай мовы дае тры асноўныя тлумачэнні дзеяслова «вярнуцца»: прыйсці назад у тое месца, адкуль выйшаў; зноў з’явіцца, узнікнуць; зноў заняцца ранейшай справай.

А спрагаецца ў будучым часе ён так:

Я вярнуся Ты вернешся Ён вернецца Мы вернемся

Клічнік ці пытальнік чытач можа паставіць сам. Для аўтара, аднак, прыйшоў час кропкі.

Спампаваць кнігу ў PDF

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG