Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаныя выпускнікі, якія паедуць вучыцца ў Нарвэгію, Сынгапур і Армэнію


Стракаты інтэрнацыянал у UWC Dilijan (Армэнія)

Стракаты інтэрнацыянал у UWC Dilijan (Армэнія)

Больш за паўсотні вучняў 11-х клясаў прэтэндавалі ўсяго на тры месцы ў Каледжах аб’яднанага сьвету (United World Colleges), выдзеленых сёлета для Беларусі. Запаветныя пуцёўкі ў выніку дасталіся выпускнікам зь Берасьця, Ліды і Менску. Наступныя два гады маладыя людзі правядуць, адпаведна, у навучальных установах Сынгапуру, Армэніі і Нарвэгіі.

Такім чынам, у армянскі Дыліжан выправіцца Яна Мякшыла з гімназіі № 1 Ліды, у нарвэскі Флеке — Мікіта Кліменка з гімназіі № 29 Менска, у горад-дзяржаву Сынгапур — Ганна Мушакевіч з гімназіі № 1 Берасьця.

Традыцыйнага ўжо прадстаўніцтва навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа сёлета за мяжой ня будзе — годных кандыдатаў гэтым разам не знайшлося.

Каледжы аб’яднанага сьвету — міжнародны адукацыйны рух, першая вучэльня якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Сёньня гэта разгалінаваная сетка, якая налічвае паўтара дзясятка ўстаноў па ўсім сьвеце. Двухгадовае навучаньне на перадунівэрсытэцкім узроўні вядзецца па-ангельску, у кожным каледжы займаецца сама меней 200 студэнтаў з розных дзяржаў.

Стыпэндыі для беларусаў зьявіліся толькі праз 30 гадоў пасьля таго як праект распачаўся, у сярэдзіне 1990-х. З ініцыятывы дырэктара Скарынаўскага цэнтру Адама Мальдзіса ў 1994 годзе адбыўся арганізацыйны сход, старшынём абралі дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа. Ён каардынуе працэс да сёньня:

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Падчас сёлетняга сумоўя, якое па колькасьці ўдзельнікаў было, напэўна, рэкордным — больш за 70 чалавек падалі заявы на папярэдні конкурс, і зь іх блізу паўсотні прысутнічалі на вочным адборы — абітурыенты пакінулі вельмі добрае ўражаньне. Па-першае, сваёй падрыхтаванасьцю, бо калі гэта конкурс, то заўсёды маецца на ўвазе адсеў, і можна было сапраўды выбраць таленавітую моладзь. А па-другое, узроўнем мысьленьня, эрудыцыяй. Адным словам — сьветлыя галовы. Традыцыйна адзначаем, што наша правінцыя, так званая глыбінка, таксама пастаўляе цікавыя кадры, тэндэнцыя пацьвердзілася і гэтым разам. Іншымі словамі, ёсьць падставы для аптымізму, бо сучасная моладзь арыентуецца ў сытуацыі, мае свае погляды і ўласнае бачаньне пэрспэктываў разьвіцьця нашай краіны».

Навучэнцы South East Asia (Сынгапур)

Навучэнцы South East Asia (Сынгапур)

Навучаньне ў каледжах — ня толькі спосаб атрымаць веды, але і магчымасьць пакантактаваць з прадстаўнікамі дзясяткаў этнасаў: пад адным дахам зьбіраюцца людзі з сотні краінаў. Сёлета беларускія навучэнцы выправяцца ў Армэнію, Нарвэгію і Сынгапур, а раней геаграфія беларускай прысутнасьці ўжо ахапіла Босьнію і Герцагавіну, Ганконг, Індыю, Італію, Нідэрлянды ды іншыя куткі сьвету. Як кажа спадар Колас, на жаль, далёка ня ўсе ахвотныя да канца разумеюць важнасьць сваёй місіі, бо важна ня толькі здабываць веды, але і годна прадстаўляць на міжнародным узроўні сваю дзяржаву. Таму на этапе адбору бяз жалю адсякаюцца прэтэндэнты, сапсаваныя заідэалягізаванай сыстэмай адукацыі:

«Разам з прыемнымі ўражаньнямі былі і іншыя — можна нават сказаць, замбаваныя пазыцыі. Відаць, школа і надалей робіць усё, каб пазбавіць нашае маладое пакаленьне таго, што называецца нацыянальнай тоеснасьцю. Усё на ўзроўні нейкага камуфляжу, імітацыі, дэкарацыяў. Ёсьць пэўная амбівалентнасьць, ёсьць шмат супярэчнасьцяў. То бок душой людзі разумеюць, што патрэбныя і свая мова, і веданьне ўласнай гісторыі, павінна быць свая дзяржава, якая ня можа існаваць без абавязковых атрыбутаў — нармальнай сымболікі, роднай мовы, гістарычнай памяці, нацыянальных герояў — а зь іншага боку, не ўва ўсіх ёсьць неабходнае дзеля гэтага інтэлектуальнае, маральнае ці інфармацыйнае апірышча. Гэта вялікая лякуна, якая пакуль нашай школай не ліквідуецца».

Відаць, школа і надалей робіць усё, каб пазбавіць нашае маладое пакаленьне таго, што называецца нацыянальнай тоеснасьцю

У склад камісіі, якая выяўляла найбольш вартых дзеля рэкамэндацыі на навучаньне ў сыстэме Каледжаў аб’яднанага сьвету, уваходзілі аўтарытэтныя навукоўцы, прафэсійныя выкладчыкі, а таксама былыя выпускнікі гэтай міжнароднай навучальнай сеткі. Адзін зь сябраў журы, доктар філялягічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры і мовы НАН Беларусі Міхась Тычына гэтаксама зьвяртае ўвагу на неаднароднасьць прэтэндэнтаў:

«Агульнае ўражаньне — адукаваныя маладыя людзі. Але што тычыцца сфэры грамадзкай, палітычнай, то, канечне, яны праходзяць ідэалягічнае напампоўваньне. Відаць, што і бацькі, і школа адпаведна накручваюць. Новае пакаленьне вельмі моцна і хутка зьмянілася ў бок небеларускі, бо ня можа не адбіцца на чалавеку суцэльная расейскамоўнасьць, „русский мир“, які атачае нас з усіх бакоў. Дзеля справядлівасьці, многія дзеці прыемна зьдзівілі, асабліва з навучальных установаў, пра якія я дагэтуль ня вельмі і чуў: добра па-беларуску гаварылі, мелі ўцямнае ўяўленьне пра падзеі ў сьвеце. Ну, але палову, як я ўжо казаў, можна лічыць прадуктам „русского мира“. Замоцна пераступілі рысу невяртаньня, занадта далёка зайшлі ў адмаўленьні ўсяго беларускага. Вярнуцца можна, але шлях будзе нялёгкі. Якраз перачытваю Алаізу Пашкевіч, дык там шмат сугучнага з нашымі днямі. Па сутнасьці, мы скочваемся туды, пра што жартавалі палякі: у гэтай Вільні столькі беларусаў, што на адной канапе можна пасадзіць».

Міхась Тычына з выпускніком UWC Maastricht (Нідэрлянды) Алесем Вараб’ёвым

Міхась Тычына з выпускніком UWC Maastricht (Нідэрлянды) Алесем Вараб’ёвым

Практычна ўсе навучэнцы Каледжаў аб’яднанага сьвету салідарныя ў думцы, што два гады пад дахам міжнароднай вучэльні — ці не найлепшыя ў іх жыцьці. Пра ўнікальнае спалучэньне адукацыі і незабыўных уражаньняў ад новай краіны і інтэрнацыянальнага складу сяброў — выпускнік каледжу «Red Cross Nordic» у Нарвэгіі Георгі Чхаідзэ:

«Безумоўна, параўноўваць проста няма з чым — лепшага месца, каб атрымаць перадунівэрсытэцкую адукацыю, асабіста для сябе я ня бачу і бачыць ня буду. Гэта я ўжо не кажу пра досьвед кантактаваньня з прадстаўнікамі самых розных нацыяў і нацыянальнасьцяў. Так што пашанцавала вельмі моцна. Ну, і сама па сабе Нарвэгія — надзвычай трохмерная краіна, ад Беларусі кардынальна адрозьніваецца. Гэта ня ўразіць ня можа, бо пасьля звыклых беларускіх пэйзажаў такога, як тут, не сустрэнеш больш нідзе. Па той мясьціне, Флеке, дзе мы жылі, я досыць шмат вандраваў, яна вельмі прыгожая, гэта трэба проста бачыць: горы, а паміж імі ф’ёрды. Нешта даволі спэцыфічнае і адначасова вельмі нязвыклае. Ф’ёрд глыбокі, вада чыстая, адзінае, што халодная, купацца даволі складана. А вакол гэтую прыгажосьць атачаюць высокія горы. Усё гэта адлюстроўваецца ў вадзе, і асабліва калі заход сонца, то перад вачыма карціна папросту неверагоднай гармоніі і прыгажосьці».

Адукацыйная ідэалёгія Каледжаў аб’яднанага сьвету спрыяла таму, што ў розныя часы рух зьбіраў вакол сябе ўсясьветна вядомых асобаў — такіх, як Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, прынц Чарльз, Тур Хэердал, каралева Ярданіі Нур ды іншых. Большасьць стыпэндыяў фундуецца міжнароднымі мэцэнатамі, што дае магчымасьць не зважаць на фінансавае становішча ці паходжаньне іх атрымальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG