Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы пасьля «Маршу недармаедаў» затрымалі Паўла Севярынца і незалежных журналістаў, у тым ліку карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык


Пасьля акцыі супраць дэкрэту «аб дармаедах» у Воршы затрыманыя сустаршыня БХД Павал Севярынец і кіроўца аўта, які яго вёз. Паралельна былі затрыманыя журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, фатограф БелаПАН Андрэй Шаўлюга і блогерка Анастасія Пілюгіна — іх завезьлі ў Аршанскі РАУС​.

Дзяжурны міліцэйскага пастарунку ў Воршы паведаміў Свабодзе, што «Галіна Абакунчык не затрыманая, сама прыйшла, цяпер зь ёй размаўляюць, і як скончаць размаўляць, вернецца».

Міліцыя спыніла машыну з журналістамі «Белсату», на апэратара Аляксандра Баразенку склалі адміністрацыйны пратакол. Група «Белсату» накіравалася ў РАУС, спрабавала ўзяць у будынку камэнтар у затрыманага Паўла Севярынца — у выніку міліцыя ў жывым эфіры затрымала і Баразенку, і журналістку Кацярыну Бахвалаву. Прычыны іх затрыманьня не названыя.

У 17.10 дзяжурны РАУС Воршы паведаміў, што ў міліцыі ўсё яшчэ разьбіраюцца з Галінай Абакунчык і іншымі журналістамі. Начальнік міліцыі не адказвае на тэлефанаваньні.

У 17.20 вызвалілі блогерку Анастасію Пілюгіну і фатографа БелаПАН Андрэя Шаўлюгу. Галіна Абакунчы вядзе жывую трасьляцыю з міліцыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Уласна акцыя прайшла без затрыманьняў і сутычак, але праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што пасьля дэманстрацыі «людзей затрымлівалі ў дварах па адным».

Каля 1000 чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы, вырашылі скласьці рэзалюцыю і занесьці яе ў райвыканкам. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў прадстаўнік гарадзкой адміністрацыі, заявіў, што акцыя незаконная. Затрымліваюць выступоўцаў — удзельнікаў мітынгу. Пра затрыманьне паведамілі актывіст з Барані Віктар Міхасёў і аршанец Віктар Андрэеў, які прамаўляў на мітынгу на цэнтральнай плошчы і заклікаў несьці рэзалюцыю ў райвыканкам.

Севярынец заклікаў аршанцаў далучацца да акцыяў 15 і 25 сакавіка ў Менску: «Вырашацца ўсё будзе ў сталіцы. 15 і 25 сакавіка мы павінны праявіць салідарнасьць».

***

12 сакавіка ў трох беларускіх гарадах анансаваныя «Маршы недармаедаў»: мітынгі прайшлі ў Бабруйску на плошчы Перамогі і ў Воршы на Цэнтральнай плошчы, у Рагачове мітынг заплянаваны а 16-й у цэнтры гораду. У Берасьці акцыя сабралася стыхійна, без анонсу. Свабода правядзе жывыя трансьляцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG