Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нязьменны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька — ужо не старшыня? На яго заведзеная крымінальная справа за разбазарваньне сродкаў? Знакамітыя дамкі на вуліцы Жыгімонта выстаўленыя на продаж за мільёны літаў? Што адбываецца ў беларускай Вільні?

На катэдральным пляцы Вільні гукі касьцельнага звона зьліваюцца са сьпевамі крышнаітаў. Нічога не зьмянілася за дваццаць гадоў. Напачатку 90-х, калі я ўпершыню патрапіў у гэты горад, ля катэдры таксама сьпявалі крышнаіты. Я ішоў тады на вуліцу Жыгімонта, дзе месьцілася рэдакцыя адроджанай «Нашай Нівы». Тыя дамкі былі набытыя ў міжваенны час друйскімі ксяндзамі-марыянамі. Гэты факт паслужыў падставаю для перадачы часткі тых дамоў Таварыству беларускай культуры. І для многіх менчукоў беларуская Вільня пачыналася ад вуліцы Жыгімонта, дзе можна было пазнаёміцца з самім Лявонам Луцкевічам, ці знайсьці цікавых суразмоўцаў. Шмат для каго беларуская Вільня пачыналася з гэтага адрасу.

Калі ў 2004 годзе прагучала навіна, што Таварыства беларускай культуры пераяжджае з Жыгімонта на вуліцу Бролю, з цэнтра на ўскраіну, са старасьвецкіх дамоў на першы паверх савецкай «абшчагі», дык у многіх неабыякавых людзей быў шок. Многія не зразумелі такога кроку з боку кіраўніка ТБК Хведара Нюнькі. Але ж тая даўняя і цьмяная гісторыя ня скончылася.

Але для пачатку давайце паслухаем Людвіку Кардзіс, грамадзкую дзяячку, дырэктарку музэя імя Івана Луцкевіча і ўдаву Сяргея Вітушкі:

Людвіка Кардзіс

Людвіка Кардзіс

— Гэта была сумная падзея. Мы страцілі такую пляцоўку. Я памятаю, калі Пётар Краўчанка быў міністрам замежных спраў, ён прыехаў з афіцыйным візытам і наведаў дамкі. Нюнька яму тады сказаў: гэта і тое, што трымаем, і тое, чаго будзем дамагацца, каб аддалі цалкам, — гэта ўсё для Беларусі. Гэта было сказана ў 1994-м годзе. А пасьля спрабавалі дамагчыся праўды.

Калісьці Сяржук Вітушка, сьветлай памяці, выступіў на сходзе пры ўсёй грамадзе і спытаўся ў Нюнькі, што здарылася? Але яго абазвалі правакатарам і здурнілі на той момант. Усе разумелі, што гэта неадэкватны абмен. І самае галоўнае, што Нюнька ўсім казаў, што дамкі не належалі ТБК. Але я, быўшы пэўны час скарбнікам ТБК, памятаю, што яны належалі. Але каму ты мог нешта даказаць?

Тое, што дамкі не належалі ТБК, было адной з прычынаў, якімі Хведар Нюнька тлумачыў той пераезд. Але што было насамрэч? Слова выкладчыку Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэта, сябру ТБК Алесю Адамковічу:

— У 1998-м годзе гэтыя дамкі плошчай 209 квадратных мэтраў зарэгістравалі як прыватную ўласнасьць Таварыства беларускай культуры. Але гэты факт быў схаваны і ад сяброў Таварыства, і ад іншых людзей. Яны там прасядзелі да 2004-га году, калі Нюнька пачаў казаць пра аварыйны стан гэтых будынкаў, пра тое, што там ужо немагчыма жыць, што шмат грошай ідзе на камунальныя паслугі, якіх у Таварыства няма, і гэтак далей. Старая песьня. Ну і быццам бы падвярнуўся такі варыянт, на які памяняліся ў 2004-м.

Людвіка Кардзіс згадвае, як пачыналася Таварыства беларускай культуры:

— Ідэя стварэньня Таварыства беларускай культуры належала Лявону Луцкевічу. І Таварыства да сьмерці Луцкевіча займалася культурнымі праектамі. Але пасьля сьмерці старых віленчукоў ТБК перастала займацца культурнай дзейнасьцю. Яно стала займацца ўнутранымі імпрэзамі раз на месяц. Я пару разоў была. Засмучае, што там зьбіраецца вельмі маленькая колькасьць людзей. Як я была, там нават пяці чалавек не было разам са мной. А асноўнае — гэта зрабіць імпрэзу, каб прыехалі людзі зь Беларусі, каб імпрэза была гучная, і каб напрыканцы — чарка і скварка. Напаіць людзей. Калі ў ТБК быў нейкі выбарчы сход, зьяўляліся нейкія маладыя людзі, якіх ніхто раней ня бачыў. І яны галасавалі так, як трэба. Мадэль беларускіх выбараў значна раней была апрабаваная на Таварыстве беларускай культуры. Тыя старыя, хто стаяў ля вытокаў ТБК, паадыходзілі. Засталіся ляяльныя, тыя, хто ня можа нічога сказаць супраць.

Два дамы ў цэнтры Вільні. Некалькі пакояў. Вялікая заля, дзе можна было праводзіць любыя імпрэзы. Лепшага месца для беларускага музэя і беларускай бібліятэкі не прыдумаць. Слова віленскаму журналісту Андрэю Антонаву:

Андрэй Антонаў

Андрэй Антонаў

— Я ня ведаю, якія былі ідэі ў ТБК. Але тэарэтычна — ёсьць той жа самы музэй імя Івана Луцкевіча. Які мае даволі выразную і цікавую калекцыю і ня мае дзе яе ня тое што экспанаваць (пра гэта нават гаворка не вядзецца), але дзе нармальна захоўваць. Гэта адзін з варыянтаў. Для чаго б яе ні выкарыстоўвалі, тую плошчу — патрэбныя жывыя людзі, якія ва ўсім гэтым удзельнічаюць. Наколькі я разумею, у плянах кіраўніцтва ТБК гэтых людзей не было. Не было арганізацыі, мэнэджмэнту, які б працаваў на творчасьць, на прадукт. Напрыклад, габрэйская грамада такая самая малая, як і беларуская. І тры музэйныя пляцоўкі. Расейцы, якія паміж сабою не вітаюцца, маюць нармальныя выставачныя пляцоўкі. Тут не было такой задачы. І пераезд на вуліцу Бролю — гэта імкненьне сысьці зь відавоку. — Сёньня тыя дамкі выклікаюць нярадасныя пачуцьці. Мёртвыя вокны з выбітымі шыбамі, зарослы пустазельлем уваход. Як адбываўся той пераезд, згадвае паэт Алег Мінкін, які ў той час рэдагаваў газэту «Рунь»:

Алег Мінкін

Алег Мінкін

— Аднаго разу я падышоў да нашых дамкоў — дзе рэдакцыя наша месьцілася. І ўбачыў, што рэчы, мэбля, архівы, кніжкі — усё выкінута на вуліцу. Людзі паміралі, здавалі ў Таварыства беларускай культуры іх лісты, дзёньнікі архівы, запісы, рэдкія кніжкі. Гэта ўсё захоўвалася ў дамках. Таксама карціны знакамітых віленскіх мастакоў, іх накіды. Драздовіч, напрыклад. Я ўжо не кажу пра іншых. Усё гэта было выкінута на вуліцу, пад дождж. Мне, як беларусу, стала прыкра і няёмка. Яшчэ адна добрая справа вось гэтак скончылася. Новыя гаспадары, як дамову падпісалі, прыйшлі і па-нахабнаму пачалі гаспадарыць. А старыя гаспадары... Нюнька сказаў, што быў у ад’езьдзе. Можа, наўмысна ад’ехаў, каб безь яго гэта ўсё рабілася.

Але вернемся да дэталяў таго абмену. Слова Алесю Адамковічу:

— Сябры Таварыства пагаджаліся з абменам. Але тут — ня ведаю... Ці то некампэтэнтнасьць Рады, якая на той час была, ці мастацтва Нюнькі пераконваць іншых. Ніхто нават не падумаў пацікавіцца коштам той кватэры і коштам тых дамкоў. У выніку таго абмену Таварыства панесла вялікую грашовую страту. Прычым у акце абмену было пазначана — мяняемся без даплаты. І на гэта Рада пагадзілася. Але кошт тых дамкоў і кошт кватэры на Бролю нават у 2004-м адрозьніваўся амаль у тры разы. І як можна было мяняцца без даплаты, мне гэта незразумела.

І яшчэ адна цікавая дробязь ад Алеся Адамковіча:

— Тая фірма Statyba ir nekilnojimas turtas памянялася з Таварыствам той кватэрай на Бролю. Самае цікавае, што тую кватэру на Бролю яны набылі за два месяцы да абмену. Што ўскосна дае падставы падазраваць, што абмен рыхтаваўся. Пытаньне перад Радай было пастаўленае ў сакавіку, а тая кватэра была набытая ў лютым.

Што думаюць сябры Рады Таварыства беларускай культуры пра дамкі і пра свайго былога старшыню Хведара Нюньку? Які цяпер, у сувязі з крымінальнай справай, не старшыня. Сябра Рады Таварыства, журналіст Андрэй Старавойтаў ніякай бяды ў тым абмене ня бачыць:

Андрэй Старавойтаў

Андрэй Старавойтаў

— Самі дамкі, паводле слоў адмыслоўцаў-будаўнікоў, вартасьці ня маюць. Гэтыя муры былі ў складаным стане найперш таму, што ўсё было паедзена грыбам. І будаўнікі сказалі, што там таньней пабудаваць новы гмах. Бо тое, што там ёсьць — гэта ўсё ў трагічным стане.

Сам Хведар Нюнька, як я яго ні ўгаворваў, сустракацца для інтэрвію адмовіўся. Сказаўшы, што ён адмятае ўсе абвінавачваньні на свой адрас. Слова падтрымкі прагучыць ад мастачкі Крысьціны Балаховіч:

Крысьціна Балаховіч

Крысьціна Балаховіч

— Калі б чалавек нешта скраў, лягічна разважаючы, ён бы ўзяў гэтыя грошы, паехаў бы на Канары і ня быў бы тут наступныя гады. Палац бы пабудаваў. Нашто яму гэтыя беларусы? Пакарыстаўся — і ўсё. Але нешта дзіўна! Чаго ён сядзіць у гэтай беднай краіне? Навошта яму вешаць дзесяць памятных шыльдаў? А гэта ж ня кожны пойдзе па інстанцыях. Гэта ж трэба дабівацца, хадайнічаць, хадзіць па бюракратах. Каб павесіць дзесяць шыльдаў беларускім дзеячам. Хутчэй за ўсё, гэта падстроена пэўнай арганізацыяй з-за мяжы, якая хацела б зьнішчыць ТБК. Бо ТБК — адзіная арганізацыя, якая ня «легла» пад структуры Беларусі, пад аднаго чалавека. Каб тыя дамкі нешта каштавалі... Можна, вядома, прыдумаць і чакаць пакупніка. Але ж пакупнік не знаходзіцца...

Сапраўды, у золаце пан Хведар не купаецца. Але сказаць, што дамкі нічога не каштуюць, і не знаходзіцца пакупнік... Пакупнік знайшоўся. Слова Алесю Адамковічу:

— Мы пачалі разьбірацца. Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу наконт таго абмену 2004-га году. І ў гэты ж момант тая фірма выставіла хуценька дамкі на продаж. І 1 сьнежня сёлета ўсе дамкі, якія належалі фірме, сышлі з аўкцыёну за сем з паловай мільёнаў літаў. Гэта прыкладна два мільёны эўра. А старшыня Хведар Нюнька ўсіх пераконваў, што гэтыя дамкі ўвогуле нічога не каштуюць, што гэта — разваліна. Але чамусьці гэтая разваліна празь дзесяць гадоў падаражэла ў сотні разоў. Вельмі дзіўна. Няўжо такія цуды здараюцца? З тых сямі з паловай мільёнаў Таварыству магла б належаць прыкладна пятая частка. То бок, можна зразумець, якія грошы Таварыства страціла.

Асабіста для мяне дамкі назаўжды будуць зьвязаныя з адноўленай «Нашай Нівай». Сяргей Дубавец кажа, што рэдакцыя разьмясьцілася ў дамках таму, што ён сам асабіста хадзіў па інстанцыях:

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

— Гэтыя дамкі былі дадзеныя Нюньку як апэратару. Для ўсіх беларускіх арганізацыяў. І дзякуючы таму, што я тады схадзіў на паседжаньне гарсавета і напісаў заяву, мы там прабылі некалькі гадоў. Больш туды ніхто зь беларускіх арганізацыяў патрапіць ня змог. Нюнька гэта ўсё трымаў. Страшна зьдзіўляла, што ён гэта ўсё трымаў у занядбаным стане. Абсалютна непрэзэнтацыйным. Было нават сорамна запрашаць людзей. Аднойчы, калі ў Вільні праводзілася пасяджэньне Рады БНР, і Нюнька прывёў у гэты пыл, клапы і рэзрух тагачаснага кіраўніка Рады БНР Барыса Рагулю і ўсю кампанію — людзі проста паглядзелі, разьвярнуліся і пайшлі. Зьнялі канфэрэнц-залю ў гатэлі і там праводзілі пасяджэньне Рады БНР. Бо тут было ня тое што несалідна. Проста бамжатнік... Прыехалі людзі з усяго сьвету, і гаварыць пра лёсы Беларусі ў бамжатніку... Гэта быў абсалютна дурны сымбаль.

Але чаму нашаніўцы не змагаліся за тыя дамкі?

— Гэта быў неверагодна творчы час. Мы жылі справамі Беларусі, і важна было адрадзіць беларускі дух. Мы зрабілі ў сваім дамку рамонт. Да нас бясконца прыяжджалі людзі, мы бясконца, днямі і начамі, рабілі газэту. І нам было не да таго, каб з кімсьці змагацца, каб займацца нейкімі кулюарнымі ці юрыдычнымі інтрыгамі. Трэба было адрадзіць «Нашу Ніву». Гэта вялікая справа, і на фоне гэтай вялікай справы для «паддывановых дзялішак» проста не заставалася ні часу, ні энэргіі, ні сілаў, ні жаданьня.

Не бывае аднаго вінаватага. Лішні раз у гэтым пераканаўся, слухаючы кіраўніка клюбу «Сябрына» Валянціна Стэха. Клюбу «Сябрына» не знайшлося месца ў тых дамках. Але ягоным грашам знайшлося месца на рахунку ТБК. Распавядае Валянцін Стрэх:

Валянцін Стрэх

Валянцін Стрэх

— Яшчэ напрыканцы часоў савецкай улады я зьвярнуўся да адміністрацыі інстытута, у якім тады працаваў, з просьбай аказаць «Сябрыне» матэрыяльную дапамогу. «Сябрына» на той час свайго рахунку яшчэ ня мела. Я зьвярнуўся да Хведара Нюнькі з просьбай даць магчымасьць перавесьці гэтыя грошы на рахунак Таварыства. Маючы на ўвазе, што пасьля гэтыя грошы будуць зьнятыя і перададзеныя «Сябрыне». Ён ласкава пагадзіўся. Адміністрацыя інстытута перавяла на рахунак Таварыства тысячу рублёў. Гэта былі немалыя грошы. І калі я празь некаторы час спытаў у спадара Хведара, як мне гэтыя грошы забраць, ён мне адразу: «Ну, што ты, Валянцін! Якія грошы?! Гэта ж наша агульная справа!» Агульная-то агульная. Але ж кожная арганізацыя мае свае выдаткі. Так мы гэтых грошай і ня ўбачылі. Хведар Нюнька неяк казаў, што беларусы ў Літве стаяць ніжэй за цыганоў. А чаму яны стаяць ніжэй? Што сталася таму прычынай? А вось тое і сталася, што не было шчырасьці, не было чыстых, людзкіх адносінаў. Усё было пабудавана на ашуканстве.

Фота Андрэя Антонава

Фота Андрэя Антонава

Толькі пра гэта трэба было расказваць у далёкім 90-м годзе, калі тая тысяча пайшла «на агульную справу». Маўчалі. А каб не маўчалі, дык, можа, і дамкі засталіся б за беларусамі. І не было б гэтага скандалу. І Хведар Нюнька застаўся б на сваёй пасадзе, не спакушаны магчымасьцю вырашаць усё аднаасобна. Але сёньня гаворка не пра Нюньку, а пра лёс дамкоў. Якія былі абмененыя незаконна. Слова пану Адамковічу:

— Паводле закону Літоўскай Рэспублікі, паколькі Таварыства беларускай культуры — гэта асацыяцыя, у асацыяцыі маёмасныя рашэньні мае права прымаць толькі Агульны сход сяброў. Чаго не было зроблена ў 2004-м годзе. Спачатку павінны былі склікаць Агульны сход. Агульны сход павінен быў бы прагаласаваць альбо «за», альбо «супраць» абмену. І толькі тады можна было праводзіць гэты абмен. Гэтага не было зроблена. Справа, дарэчы, узбуджаная па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Літвы. Разбазарваньне маёмасьці, перадача трэцім асобам па заведама заніжаных коштах. Калі суд прызнае, што зьдзелка адбылася з парушэньнямі заканадаўства, адназначна маёмасьць нам вернуць. На колькі часу ўсё зацягнецца, гэта ўжо іншае. Але калі сьледзтва ўстановіць віну, а суд гэта пацьвердзіць — маёмасьць, зразумела, вернецца. Анулююць той акт абмену. І на падставе гэтага дамкі зноў могуць быць у Таварыства. Зразумела, ня сёньня і ня заўтра. Але цягам году-двух яны могуць вярнуцца.

На сёньня з тых 7-мі з паловай мільёнаў ужо ўнесена 10 працэнтаў. Але зьдзелка прыпыненая. І вяртаньне дамкоў іх законным гаспадарам залежыць ня толькі ад літоўскай пракуратуры, але і ад кожнага неабыякавага беларуса. Бо маўчаць ужо не выпадае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG