Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліквідатарка чарнобыльскай катастрофы: «Усё ўзгадваецца, дастаткова заплюшчыць вочы...»


«Чарнобыльскі» дом на вуліцы Матросава ў Вялікай Бераставіцы

«Чарнобыльскі» дом на вуліцы Матросава ў Вялікай Бераставіцы

Сёлета 26 красавіка спаўняецца 30 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Многія жыхары Гомельскай і Магілёўскай абласьцей вымушаныя былі тады пакінуць родныя мясьціны і па-новаму абжывацца на Гарадзеншчыне. Наш карэспандэнт наведаўся ў госьці да былых жыхароў чарнобыльскай зоны, якія пражылі па 25 гадоў у Вялікай Бераставіцы Гарадзенскай вобласьці.

На вуліцы Матросава ў Вялікай Бераставіцы на месцы былога маёнтка графа Касакоўскага ёсьць двухпадʼездны дом, які на пачатку 90-х гадоў збудавалі перасяленцы з чарнобыльскай зоны. Яго дагэтуль так і называюць — «чарнобыльскі». Тут жывуць перасяленцы з раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласьцей, якія на пачатку 90-х гадоў выказалі жаданьне перасяліцца з забруджаных тэрыторыяў на Гарадзеншчыну.

Спадарыня Тэрэза з Хойнікаў, як і іншыя мае суразмоўцы, чамусьці зусім ня хоча гаварыць пра цяперашняе жыцьцё — маўляў, такое, як і ўва ўсіх: яна з мужам на пэнсіі, а дзеці вырасьлі ды паразьяжджаліся хто куды. А вось мінулае ўзгадваецца — і, кажа спадарыня Вера, хоць прайшло ўжо 25 год, але ўсё як учора.

— Мы пакідалі тады зь сямʼёй практычна новы дом, пяць гадоў як збудавалі і нават не пасьпелі ў ім нажыцца. Ехалі толькі таму, што хварэлі дзеці. Пашэнціла, што тут жыла мая радня, бо мы пабывалі на Віцебшчыне, Меншчыне, а там то не было працы, то жыльля — і таму вырашылі прыпыніцца тут. А тут мужчынам-перасяленцам прапанавалі арганізаваць брыгаду і збудаваць дом. Вось дагэтуль тут і жывём. Жылі як адна сямʼя, бо радні ні ў кога не было. Вялікай помачы ад дзяржавы тут ня мелі, давялося нават прывозіць сваю маёмасьць з Хойнікаў, бо тады на ўсё былі чэргі: і на мэблю, і на лядоўні, і на тэлевізар. Шкада, вядома, што ільготы паздымалі, бо якраз цяпер бясплатныя лекі і патрэбныя для нас.

Перасяленцы з Хойнікаў — спадарыня Вера і сын Аляксандар

Перасяленцы з Хойнікаў — спадарыня Вера і сын Аляксандар

Спадарыня Вера распавядае, што хоць і лічылася ліквідатаркай, але ільготамі асабліва не карысталася, як і іншыя — проста жылі і зараблялі сваёй працай. Ім нават лецішчы далі ў адным месцы, і там імкнуліся разам працаваць.

А вось спадарыня Натальля пераехала з Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Дадае, што вельмі добра тады да іх ставіліся мясцовыя людзі, бо ўсе разумелі іхнюю бяду.

— Мы таксама пераехалі толькі з-за таго, што дзеці нашы пасьля аварыі пачалі хварэць, і гэтага я баялася найболей. А тут ужо празь месяц яны сталі зусім іншыя, здаравейшыя. І з пуцёўкамі на аздараўленьне нам заўсёды дапамагалі. Ведаеце, я, канечне, заўсёды ўзгадваю сваю радзіму, але лічу, што мне пашэнціла, што мы тады трапілі сюды. Вядома, гэтыя пераезды былі няпростыя, але дзецям здароўе захавалі.

Спадарыня Вера кажа: пра нешта ў жыцьці цяпер шкадаваць не выпадае, таму што большая частка яго пражытая, але вось свой родны кут ніколі не забываецца.

— Мне ўсё роўна дагэтуль сьніцца свой дом, свой дворык зялёны, траўка, кветачкі, дзеці малыя бегаюць... А цяпер нас там ніхто не чакае, бо практычна нікога няма. Езьдзім хіба што толькі на пахаваньне. Хаця, як ні дзіўна, тыя людзі, хто там застаўся, выглядаюць ня горш за нас. Адзінае, яны не перанесьлі ўсе гэтыя цяжкасьці, калі даводзіцца мяняць родны куточак. Але, зь іншага боку, ніколі не забуду, што тады прыходзіш забіраць дзіця ў садок, а яе сяброўкі бягуць і кажуць, што ў Алёнкі кроў з носа пайшла... А тут мы ўжо ўнукаў маем і стараемся жыць далей...

На цэнтральнай плошчы ў Вялікай Бераставіцы

На цэнтральнай плошчы ў Вялікай Бераставіцы

Цікаўлюся ў маіх суразмоўнікаў — як яны ставяцца да будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы? Спадарыня Вера нехаця адказвае, што ўлады абяцаюць зрабіць яе бясьпечнай, цяпер новыя тэхналёгіі, а да станцыі ад нас амаль 300 кілямэтраў...

А вось ейны сын Аляксандар больш упэўнена дадае:

— Ведаеце, я пра гэта вельмі моцна адпачатку задумваўся, бо мне давялося пакінуць радзіму ў чатыры гады. І цяпер у мяне растуць дзеці, і я, вядома, баюся гэтага, што б там хто ні казаў. Надта моцна ўсё залезла ў памяць...

А вось спадарыня Таісія зь сямʼёй пераехала з мужам і двума дзецьмі з Гомеля. Яна кажа, што тады прынялі адназначнае рашэньне, каб перасяліцца, бо думалі толькі пра дзяцей і іх здароўе. Кажа, што пра сучаснае жыцьцё ня мае што казаць: нічым не адрозьніваецца яно ад таго, як жывуць іншыя.

— Мы ў новай трохпакаёвай кватэры нават году не пражылі, вырашылі ехаць. Я працу добрую мела на «Гомсельмашы», інжынэрам была, і ўжо адпачатку інфармацыі мела больш, чым звычайныя людзі. А Гомель ніхто эвакуаваць не зьбіраўся. Тады быў такі закон, што можна было забраніраваць кватэру, калі пераяжджаеш у сельскую мясцовасьць. Наш знаёмы проста паглядзеў на мапу, пабачыў самы заходні гарадок і сказаў, што трэба ехаць туды.

Спадарыня Таісія пасьля Чарнобыльскай катастрофы перасялілася зь сямʼёй з Гомеля ў Вялікую Бераставіцу

Спадарыня Таісія пасьля Чарнобыльскай катастрофы перасялілася зь сямʼёй з Гомеля ў Вялікую Бераставіцу

Паводле спадарыні Таісіі, яе характару было вельмі цяжка зьмірыцца зь пераездам, а муж успрыняў усё спакойна. Праўда, пасьля гарадзкой кватэры апынуліся ў вясковым доме зь печкай, без гарачай вады і іншых выгодаў у хаце. Але не спалохала і гэта: знайшлі працу, дзеці пайшлі ў школу, паціху жылі.

— У нас усё местачкоўцы дапытваліся: як гэта вы пакінулі кватэру з выгодамі і прыехалі на вёску? А я ім адказвала: хочаце, каб вашы дзеці былі здаровыя, то і не такое зробіце. Не забуду, як нас тады на 1 траўня пагналі на тую дэманстрацыю. Цяпер разумею, што ўлады былі ў поўнай разгубленасьці, ніхто ня ведаў, што рабіць у той сытуацыі. Пазьней пачалі ёд піць, вокны зачыняць, слухаць абʼявы па радыё і г.д. Практычна ўсе габрэі зьехалі адразу з Гомеля, прычым пакідалі ўсё: кватэры і тое, што было ў кватэрах. Дарэчы, гэта вельмі паўплывала на рашэньне нашай сямʼі пераехаць.

Спадарыня Таісія кажа, што дзеці цяпер уладкаваныя, яна жыве з мужам. Сувязь з радзімай падтрымлівае, езьдзіць туды. Засталася там яшчэ маці і іншая радня.

— Я цяпер думаю, што і там хварэюць людзі, і тут таксама. А як паўплываў гэты Чарнобыль на людзей, нам ніхто толкам ня кажа. Вось мой муж цяпер у шпіталі — у яго анкалёгія. Цяпер я, можа, адтуль бы не паехала, але вельмі добра памятаю мае пачуцьці ў той час: інакш зь дзецьмі я паступіць не магла... Людзі тады многія ехалі куды маглі, часам нават ня ведалі, што і як рабіць. Зрэшты, і цяпер з наступствамі Чарнобыля нічога канкрэтна не вядома, і ніхто толкам нічога людзям ня кажа. І вось цяпер, калі пачалі будаваць у нас атамную станцыю, у мяне, калі я пра гэта чую, заўсёды дрыжыць сэрца.

Рэшткі гаспадарчых пабудоў графа Касакоўскага, побач зь якімі «Чарнобыльскі» дом

Рэшткі гаспадарчых пабудоў графа Касакоўскага, побач зь якімі «Чарнобыльскі» дом

А вось карэнны жыхар Вялікай Бераставіцы Алег Рамашкевіч узгадвае, як будавалі «Чарнобыльскі» дом, як сам некаму дапамагаў прывозіць з забруджанай тэрыторыі рэчы. Кажа, што колькі жылі побач, ніколі праблемаў ня мелі.

— Разумею, як няпроста было пакідаць людзям родныя хаты, яны шмат перажылі тады і перахваляваліся. Але зь цягам часу неяк пачалі жыць, усё тут на вачах, як кажуць. І я павінен сказаць, што заўсёды зь мясцовымі было ўзаемаразуменьне. Гэта абсалютна нашы людзі, нашы беларусы, якія ад нас нічым ня розьняцца, я ў гэтым за гады пераканаўся.

XS
SM
MD
LG