Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта мяне ў гэтую пустыню прывезьлі?» — перасяленцы з «чарнобыльскай зоны» вырошчвалі бульбу ды разводзілі пчол у менскіх мікрараёнах


«Каб мне сказалі ехаць у Слаўгарад, я б ужо сёньня ўвечары быў там», — кажа 65-гадовы Віктар Меляшкевіч, былы месьціч Слаўгараду, які з 1993 году жыве ў мікрараёне Малінаўка ў Менску. На пачатку 1990-х сюды масава перасялялі жыхароў з забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў. Як вяскоўцы адаптавалі пад сябе «каменную пустыню», Свабодзе распавялі перасяленцы.

У кожным падʼезьдзе жывуць перасяленцы з розных раёнаў

Вуліца Рафіева, 78 — адзін з «чарнобыльскіх» адрасоў у Менску. Даўжэзны дом у 24 падʼезды напалову заселены перасяленцамі з Магілёўскай і Гомельскай абласьцей. Па ім можна меркаваць пра геаграфію забруджаных тэрыторыяў. Чачэрскі раён пасялілі ў адзін падʼезд, Хойніцкі — у другі, Кармянскі — у трэці. Чым большая плошча адсяленьня была ў раёне, тым больш кватэраў для перасяленцаў.

У «чарнобыльскім» доме жыве некалькі тысяч чалавек. Тут зьмясьцілася б некалькі вялікіх вёсак
У «чарнобыльскім» доме жыве некалькі тысяч чалавек. Тут зьмясьцілася б некалькі вялікіх вёсак

Восьмы падʼезд — «слаўгарадзкі». Тут жывуць Віктар і Кацярына Меляшкевічы. Да 1993 году яны жылі ў Слаўгарадзе ў Магілёўскай вобласьці. Як і многія іншыя перасяленцы, яны кажуць, што ні пры якіх умовах не паехалі б у Менск, каб не радыяцыя.

«Я ж пражыў на вёсцы ўсё дзяцінства, — кажа Віктар Рыгоравіч. — Лес, балота, рэчка — вось што мяне цікавіць. Я ня менскі. Сплю і сьню вёску».

У Слаўгарадзе Віктар Меляшкевіч быў чыноўнікам — працаваў галоўным аграномам раёну. Але нават улады ня ведалі пра маштабы выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Сямʼя Віктара Меляшкевіча ў вёсцы Церахоўка пад Слаўгарадам. Пасьля выбуху на ЧАЭС прайшоў толькі тыдзень, і яшчэ нічога не вядома
Сямʼя Віктара Меляшкевіча ў вёсцы Церахоўка пад Слаўгарадам. Пасьля выбуху на ЧАЭС прайшоў толькі тыдзень, і яшчэ нічога не вядома

1 траўня 1986 году ў цэнтры гораду правялі сьвяточную дэманстрацыю. У той жа дзень Віктар Рыгоравіч паехаў да сваякоў на Слонімшчыну. У Доўску, што за 50 км ад Слаўгарада, у рэйсавы аўтобус зайшлі з праверкай вайскоўцы ў строях хімічнай абароны. Што за праверка, пасажырам не патлумачылі. Пра выбух на Чарнобылі ўжо даходзілі чуткі, але што насамрэч там здарылася, мала хто ведаў.

Тры гады нам нічога не казалі

Толькі праз колькі месяцаў Віктар Рыгоравіч прачытаў пра выбух у Чарнобылі ў часопісе «Огонёк». Аднак яшчэ тры гады пра радыяцыю ў Слаўгарадзе не казалі. Падрабязнасьці даведаліся толькі ў 1989 годзе, калі ў Вярхоўны Савет трапіла апазыцыя.

Сямʼя Меляшкевічаў у Слаўгарадзе
Сямʼя Меляшкевічаў у Слаўгарадзе

У 1990 годзе, калі ўлады вызначылі плямы найбольшага забруджваньня, у Слаўгарад прыслалі цэлы вайсковы батальён — 600 салдат. Яны выкапалі магільнік каля вёскі Пчэльня, куды звозілі зямлю з падвышаным утрыманьнем радыяцыі. У раёне сталі разьбіраць пабудовы ды асфальтаваць дарогі ў зонах зь небясьпечнай дозай забруджваньня.

«Але ўжо прайшло больш за тры гады! — кажа Меляшкевіч. — Дзеці як хадзілі ў садок, так і хадзілі. А аказалася, што школа-інтэрнат месьцілася ў вельмі забруджаным месцы. Я сам ведаю ўсе палі, дзе нельга было выпасваць жывёлу. Але ўрад хаваў ад нас інфармацыю».

Віктар Меляшкевіч пераехаў канчаткова ў Малінаўку толькі на пачатку 2000-х
Віктар Меляшкевіч пераехаў канчаткова ў Малінаўку толькі на пачатку 2000-х

Пасьля вымярэньняў Слаўгараду вынесьлі прысуд — гэта зона падвышанай радыяцыйнай забруджанасьці. І з 1992 году адсюль сталі перасяляць людзей. У першую чаргу — семʼі зь дзецьмі, у каго на прысядзібных участках фіксавалі высокі ўзровень радыяцыі.

У канцы 1980-х у дачкі Меляшкевічаў выявілі павялічаную шчытападобную залозу. У той час пра наступствы радыяцыі ўжо было вядома. І калі зьявілася магчымасьць выехаць са Слаўгарада, Меляшкевічы пераехалі ў Менск.

Тыдзень пабуду ў Менску — хутчэй дамоў. Больш ня мог цярпець

Яшчэ сем год Віктар Рыгоравіч жыў у Менску наездамі — два тыдні працаваў у Слаўгарадзе, а потым на два тыдні прыяжджаў да сямʼі ў сталіцу. Канчаткова пераехаў у Менск толькі празь дзесяць гадоў. Але і пражыўшы ў Менску 23 гады, кажа, што так і не асвоіўся тут.

«Маленькі гарадок, як Слаўгарад, мяне цалкам задавальняе, — кажа ён. — А тут ня тыя ўмовы, якія мне патрэбныя».

Раней зь Міхаілам Маркусенкам былі суседзямі па Слаўгарадзкім раёне, цяпер — па падʼезьдзе ў Малінаўцы
Раней зь Міхаілам Маркусенкам былі суседзямі па Слаўгарадзкім раёне, цяпер — па падʼезьдзе ў Малінаўцы

Такія самыя настроі ў многіх перасяленцаў. Міхаіл Васільевіч Маркусенка, яшчэ адзін жыхар «слаўгарадзкага» падʼезду, пераехаў у Менск толькі праз радыяцыю. Раней ён жыў у Гайшыне — за 6 км ад вёскі, дзе жылі бацькі Кацярыны Іванаўны. Цяпер яны суседзі ўжо не па вёсках, а па паверхах.

«Я вельмі давольны быў Гайшыном, — кажа Міхаіл Васільевіч. — Побач Сож, вакол лес, шмат грыбоў і ягад. Пчолы ў мяне былі. Жыць было — лепш не прыдумаеш. І ўсё давялося кінуць, бо жонка захварэла».

Пасьля вясковых краявідаў перасяленцы прызвычайваліся да новых даляглядаў
Пасьля вясковых краявідаў перасяленцы прызвычайваліся да новых даляглядаў

Перасяленцаў сялілі ў некалькіх мікрараёнах Менску. Ці ня больш за ўсё кватэр для іх выдзелілі ў Малінаўцы — новым раёне Менску, забудаваным вялікімі панэльнымі дамамі. Вяскоўцы ды жыхары малых гарадоў зь цяжкасьцю прызвычайваліся да блёчных кватэр пасьля вясковых хатаў.

«Я й раней прыяжджаў у Менск, — узгадвае Міхаіл Васільевіч. — Тыдзень пабуду — і хутчэй дамоў. Больш ня мог цярпець».

Сусед зьверху прывёз некалькі вульлёў пчол

Маці Міхаіла Васільевіча ўвесь час пытала: «Навошта вы мяне ў гэтую пустыню прывезьлі?» Каб хоць трошкі адаптаваць шматпавярховую Малінаўку, былыя вяскоўцы сталі разводзіць тут грады. На траўніках каля дамоў зрабілі бульбяныя грады.

«У 1990-я людзі на сонечным баку дома саджалі бульбу, — узгадвае Юры Меляшкевіч, Віктараў сын. — Памідоры таксама расьлі, гуркі. А наш сусед зьверху пчол прывёз. У яго некалькі вульлёў было на гаўбцы».

Перасяленцы Малінаўкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

Таксама вакол дамоў пасадзілі пладовыя дрэвы. Цяпер тут растуць яблыні, ігрушы, вішні, алыча — усё як у вясковым садзе. Раней гаспадары дрэваў з драбінай зьбіралі ягады на кампоты ды сочыва.

Толькі пазьней, калі жыхары чарнобыльскага дома атрымалі ўчасткі пад лецішчы, бульбянішчы закінулі, і яны зарасьлі травой. Але й цяпер вакол дамоў можна пабачыць сьляды нядаўніх гародаў.

Ці ня кожны жыхар першага паверха мае тут такі падвальчык
Ці ня кожны жыхар першага паверха мае тут такі падвальчык

Яшчэ адна вясковая звычка паўплывала на канструкцыю кватэр у гэтым доме. Ці ня ўсе жыхары першых паверхаў павыкопвалі ў свой час падвалы пад сваімі лёджыямі. З вуліцы падвалы закладзеныя цэглай, а ўваход — або праз лаз, або з вуліцы. Рабілі падвалы вялікія — на ўсю даўжыню лёджыі і ў поўны рост.

Былыя вяскоўцы былі вымушаныя іх выкопваць, бо захоўваць закаткі ды гародніну ім не было дзе. А хто меў дзьве лёджыі, дзяліліся падваламі з суседзямі зь іншых паверхаў.

Самі бачылі, што «справа пахне керасінам»

Перасяленцы ў першым пакаленьні дагэтуль не адаптаваліся да сталічнага жыцьця. Пасьля гутаркі зь Меляшкевічамі застаецца ўражаньне, што гэта была камандзіроўка ў Слаўгарадзкі раён, а не ў Малінаўку — усе іхнія размовы толькі пра даліну Сажа.

Так выглядаюць малінаўскія падвальчыкі знутры
Так выглядаюць малінаўскія падвальчыкі знутры

Некаторыя перасяленцы нават пазьяжджалі назад у Слаўгарад. На пачатку 1990-х яны не прадавалі свае дамы й кватэры — туды цяпер і павярталіся.

Мясцовыя ўлады кажуць, што радыяцыя ўжо не такая моцная, як раней. Нават Гайшын, дзе сьмяротную дозу радыяцыі атрымала жонка Міхаіла Мартысенкі, ператвараюць сёньня ў зону адпачынку.

«Каб сказалі мне ехаць у Слаўгарад, я б паехаў, — кажа Віктар Рыгоравіч. — Хоць сёньня. Увечары ўжо там быў бы. Многае зьвязвае мяне зь ім. Там уся мая маладосьць прайшла».

Сваю патрэбу ў лясах і палях ён, як і іншыя перасяленцы, кампэнсуе на лецішчы пад Менскам. А пару разоў на год Меляшкевічы езьдзяць у Слаўгарад, дзе пахаваныя жончыны сваякі.

Рэдкія чарнобыльскія згадкі ў Малінаўцы
Рэдкія чарнобыльскія згадкі ў Малінаўцы

Але пры ўсёй настальгіі па малой радзіме людзі разумеюць, што іншага варыянту, акрамя панэльнай забудовы на ўскрайку Менску, для іх не было.

«Нам прапанавалі пераехаць, ды мы і самі бачылі, што справа пахне керасінам, — кажа Міхаіл Васільевіч. — Гарыш сам, твар гарыць. Ужо далей заставацца не было чаго».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG