Вашынгтонскі дасьледны Інстытут Катона (Cato Institute) сумесна зь нямецкім Лібэральным Інстытутам Фонду Фрыдрыха Наўманна (Liberales Institute) і канадзкім Інстытутам Фрэйзэра (Fraser Institute) апублікаваў Індэкс чалавечай свабоды 2016, які ўключае 159 краінаў. Беларусь у рэйтынгу не прадстаўленая
Рэйтынг ацэньвае ўзровень асабістых, грамадзянскіх і эканамічных свабодаў, а таксама ўзровень асабістай бясьпекі грамадзян. Напрыканцы рэйтынгу Індэксу чалавечай свабоды апынулася Расея. Яе апярэдзілі практычна ўсе рэспублікі былога СССР, уключаныя ў даклад: Літва (20-е месца), Эстонія (21-е), Латвія (24-е), Грузія (43-е), Арменія (55-е), Малдова (69-е), Казахстан (96-е), Кыргызстан (98-е), Украіна (111-е). Па Беларусі, Туркмэністане і Узбэкістане аўтары не змаглі сабраць неабходных дадзеных.
На вяршыні сусьветнага рэйтынгу па Індэксе чалавечай свабоды знаходзяцца Ганконг (1-е месца), Швайцарыя (2-е), Новая Зэляндыя (3-е). Рэйтынг краін сьвету па Індэксе чалавечай свабоды закрываюць Іран (157-е месца), Емэн (158-е), Лібія (159-е месца).
У цэлым дасьледнікі з ЗША, Канады і Германіі канстатуюць, што за апошнія 6 гадоў сусьветны індэкс асабістых свабодаў зьнізіўся з 7,23 да 7,17 бала. У той жа час сусьветны індэкс эканамічных свабодаў нязначна падвысіўся — з 6,78 да 6,86 балаў. У выніку агульнасусьветны індэкс чалавечай свабоды за пэрыяд 2008-2014 гадоў застаўся нязьменны — 7,01 бала зь 10 магчымых.