Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалізм у дзённым сьвятле. У Магілёве шукаюць зламысьнікаў, якія аблілі фарбай памятны знак


Вандалізм у дзённым сьвятле

Вандалізм у дзённым сьвятле

Магілёўская міліцыя распачала пошук зламысьнікаў, якія 19 лістапада аблілі чорнай фарбай памятны знак «У памяць пра габрэяў — ахвяраў нацызму». Калі быў учынены акт вандалізму, дакладна не вядома. Першыя здымкі з аблітым помнікам зьявіліся ў сацыяльных сетках пасьля 20 гадзінаў.

Позьнім вечарам былі апытаныя тыя, хто выклікаў міліцыю на месца правапарушэньня. Паводле супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, бліжэйшымі іхнымі дзеяньнямі будзе прагляд відэазапісаў з камэраў назіраньня, што ўсталяваньня на будынку абласной філярмоніі.

Актывісты намагаліся сьцерці фарбу з памятнага знаку, але марна

Актывісты намагаліся сьцерці фарбу з памятнага знаку, але марна

Актывісты габрэйскай грамады Магілёва пра здарэньне паведамілі ў амбасаду Ізраілю, ад камэнтароў пакуль устрымліваюцца.

Непадалёк ад будынка філярмоніі знойдзены бак з фарбаю. У дзённым сьвятле вонкава яе колер супадае з колерам той фарбы, якою аблілі памятны знак.

У 2012 годзе памятны знак, усталяваны ў памяць пра расстраляных нацыстамі нявольнікаў магілёўскага гета, ужо аблівалі фарбай. Тады зламысьнікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён нібыта знайшоў слоік з фарбай, паставіў яго на памятны знак, каб агледзець зьмесьціва, і фарбу разьліў.

Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зьняволеных габрэяў. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі.

Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі талакой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG