Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

78-гадовага жыхара Крычава не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, бо ягоная ініцыятыўная група складалася з пэнсіянэраў


Уладзімер Ушакоў

Уладзімер Ушакоў

Крычаўская раённая пракуратура ня ўгледзела парушэньня з боку акруговай выбарчай камісіі на акрузе № 83. Камісія не зарэгістравала ініцыятыўную групу 78-гадовага пэнсіянэра, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Ўладзімера Ўшакова. Жыхар Крычава зьбіраўся балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, каб, як ён кажа, выправіць сытуацыю ў раённай эканоміцы.

У скарзе пракурору Ўладзімер Ушакоў даводзіў, што ў час падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. На ягоную думку, акруговая камісія павінна была яе зарэгістраваць і выдаць сябрам пасьведчаньне на права збору подпісаў.

«Аднак, — пісаў у скарзе пэнсіянэр, — намесьнік старшыні акруговай выбарчай камісіі Міхаіл Мяшкура пачаў абтэлефаноўваць сяброў ініцыятыўнай групы, каб змусіць іх адмовіцца ад сяброўства ў ёй».

«У выніку незаконных дзеяньняў Мяшкуры парушанае маё законнае права выбіраць і быць выбраным у органы дзяржаўнай улады, парушана права грамадзян на ўдзел у выбарнай кампаніі, прыніжаная чалавечая годнасьць сяброў маёй ініцыятыўнай групы», — пісаў пракурору Ўладзімер Ушакоў.

Акрамя таго, у лісьце кіраўніку нагляднага органа пэнсіянэр паведамляў, што «аднаго з прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — Тацяну Марачкаву — прынялі ў Камуністычную партыю Беларусі задняй датай».

«На момант рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы яна не была сябрам КПБ, хоць і пазначала ў дакумэнтах партыйнасьць — КПБ. Гэта быў падман камісіі», — пісаў пракурору Ўладзімер Ушакоў.

Ушакоў перакананы, што яму не далі пазмагацца за дэпутацтва, каб не ствараць канкурэнцыі Марачковай.

Ініцыятыўная група Ўшакова была сфармаваная пераважна зь людзей сталага веку, і акруговая камісія «засумнявалася», што яны змогуць сабраць належную колькасьць подпісаў у падтрымку вылучэнца.

«У ягоную групу былі ўключаныя людзі 1935, 1936 году нараджэньня. У гэтым няма парушэньня, але мы засумняваліся, што гэтыя людзі змогуць сабраць неабходную колькасьць подпісаў. Мы пачалі цікавіцца ў людзей, як яны апынуліся ў ініцыятыўнай групе. Некаторыя сказалі, што Ўшакоў запытаў іх пашпартныя дадзеныя. Адна жанчына падумала, што такім чынам аддае за яго свой голас, і заявіла, што ня зможа зьбіраць подпісаў. І аказалася, што група ў яго — меней за дзесяць чалавек, і на гэтай падставе яе не зарэгістравалі», — сказалі ў акруговай камісіі.

Пракурор раёну Мікалай Розанцаў адпісаў Ушакову, што па выніках праверкі факты, адзначаныя ў ягоным звароце, не пацьвердзіліся і парушэньня заканадаўства ня выяўлена.

Уладзімер Ушакоў лічыць, што зь віны чыноўнікаў у Крычаўскім раёне зачынілася шмат прадпрыемстваў. На ягоную думку, раёнам кіруюць некваліфікаваныя спэцыялісты, якіх варта звальняць. На гэтым ён зьбіраўся акцэнтаваць увагу ў сваёй выбарчай праграме.

Уладзімер Ушакоў — паважаны ў Крычаве чалавек. У свой час кіраваў калгасам. Займаў розныя кіроўныя пасады. Вядзе актыўнае грамадзкае жыцьцё. Сьпявае ў мясцовым хоры вэтэранаў.

XS
SM
MD
LG