Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскага пэнсіянэра не пусьцілі ў дэпутаты


Уладзімер Ушакоў

Уладзімер Ушакоў

78-гадовы пэнсіянэр з Крычава, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Ўладзімер Ушакоў скардзіцца на акруговую камісію, якая, як ён сьцьвярджае, пазбавіла яго магчымасьці пазмагацца за дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Ушакоў заяўляе, што камісія наўмысна не зарэгістравала ягонай ініцыятыўную групу, каб ён не ствараў канкурэнцыю іншым вылучэнцам на дэпутацтва. Пэнсіянэр настойвае: на сябраў ініцыятыўнай групы аказваўся ціск, каб яны адклікалі свае заявы аб сяброўстве ў ягонай ініцыятыўнай групе.

Уладзімер Ушакоў кажа, што за дзень стварыў сваю ініцыятыўную групу з 12 чалавек. Калі ж прыйшоў рэгістраваць яе, то ў акруговай камісіі пачалі адгаворваць ад удзелу ў перадвыбарчай кампаніі і ўскладняць афармленьне дакумэнтаў.

Сябра камісіі націскаў на тое, што людзі сталага веку ня змогуць хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы ў маю падтрымку. Тыя, каму ён званіў пры мне, на ягоныя закіды патрабавалі, каб іх не зьневажалі, бо яны здатныя самі прымаць рашэньне, што ім рабіць, а што не.

«Пры мне сябра акруговай камісіі пачаў тэлефанаваць тым, хто даў згоду на сяброўства ў ініцыятыўнай групе. Званіў траім, але яны не пагадзіліся адклікаць свае заявы. Сябра камісіі націскаў на тое, што людзі сталага веку ня змогуць хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы ў маю падтрымку. Тыя, каму ён званіў пры мне, на ягоныя закіды патрабавалі, каб іх не зьневажалі, бо яны здатныя самі прымаць рашэньне, што ім рабіць, а што не», — давёў сытуацыю Ўшакоў.

Паводле суразмоўцы, камісія ўсё ж дамаглася ад трох чалавек, каб яны адклікалі свае заявы. Гэтак ініцыятыўная група стала «неправамоцнай, каб яе зарэгістраваць».

«У маёй ініцыятыўнай групе засталося 9 чалавек, а паводле закону, гэтай колькасьці замала для рэгістрацыі. Такі ў нас закон няправільны, — абураецца пэнсіянэр. — Дакумэнты з адмовай у рэгістрацыі групы камісія мне на рукі не аддала — даслалі поштай. Пакуль я іх атрымаў, то выйшлі тэрміны на абскарджаньне рашэньня акруговай камісіі».

У Крычаўскай акруговай выбарчай камісіі № 83 прызнаюць, што Ўладзімер Ушакоў зьвяртаўся па рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, але адмаўляюць, што аказвалі ціск на яе сяброў.

«У ягоную групу былі ўключаныя людзі 1935, 1936 году нараджэньня. У гэтым няма парушэньня, але мы засумняваліся, што гэтыя людзі змогуць сабраць неабходную колькасьць подпісаў. Мы пачалі цікавіцца ў людзей, як яны апынуліся ў ініцыятыўнай групе. Некаторыя сказалі, што Ўшакоў запытаў іх пашпартныя дадзеныя. Адна жанчына падумала, што такім чынам аддае за яго свой голас, і заявіла, што ня зможа зьбіраць подпісаў. І апынулася, што група ў яго меней за дзесяць чалавек, і на гэтай падставе яе не зарэгістравалі», — давёў сябра акруговай камісіі.

Наважыўся пэнсіянэр пайсьці ў дэпутаты, каб выправіць сытуацыю ў эканоміцы. Паводле яго, па віне чыноўнікаў у Крычаўскім раёне зачынілася шмат прадпрыемстваў. На думку Ўшакова, раёнам кіруюць некваліфікаваныя спэцыялісты, якіх варта звальняць.

Уладзімер Ушакоў паважаны ў Крычаве чалавек. У свой час кіраваў калгасам. Займаў розныя кіроўныя пасады. Вядзе актыўнае грамадзкае жыцьцё. Сьпявае ў мясцовым хоры вэтэранаў.

XS
SM
MD
LG