Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы могуць зьбіраць ягады ў Беларусі за грошы


Belarus - Markets trade in radioactively contaminated berries and mushrooms. Homel, 28Jun2012
Belarus - Markets trade in radioactively contaminated berries and mushrooms. Homel, 28Jun2012

Беларускія ўлады далі афіцыйны дазвол украінцам з памежжа за грошы зьбіраць ягады на тэрыторыі заказьніка «Альманскія балоты», што на сумежжы Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей. Адпаведная інфармацыя зьмешчана на сайце беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Каб бесьперашкодна трапіць на беларускую тэрыторыю й заняцца зборам журавінаў альбо грыбоў, украінцам трэба заплаціць 7 базавых велічыняў. Гэта адпавядае мільёну 260 тысячам беларускіх рублёў, альбо 72 далярам ЗША. У наступным годзе пошліна мае падрасьці да 10 базавых велічыняў — паводле цяперашняга курсу звыш ста даляраў.

Новыя ўмовы наведваньня Альманскіх балотаў зь іхнімі журавінавымі прыдобамі тычацца найперш дзесяці паселішчаў Украіны, жыхары якіх жывуць на памежжы і могуць карыстацца пунктамі спрошчанага пераходу ў Драздыні, Хінічаве і Забалаці. Беларускім памежнікам трэба будзе паказаць ня толькі пашпарт і адмысловы пропуск у памежную паласу, але й квіток на аплату дзяржаўнай пошліны за наведваньне заказьніка. Вызначана, што грошы павінны пералічвацца празь Пінскі філіял «АСБ Беларусбанк» у раённы бюджэт. Украінцы могуць заплаціць пошліну праз свае, украінскія банкі.

У Палескім лясгасе, на тэрыторыі якога месьціцца заказьнік «Альманскія балоты», не ў захапленьні ад афіцыйнага дазволу ўладаў пускаць украінцаў у журавіны. Адзін з прадстаўнікоў лясгасу так камэнтуе навацыю:

«Я так разумею, што гэтыя грошы ў лясгас па-любому ня трапяць, а галаўнога болю дабавіцца. Да маёй думкі ніхто ж прыслухоўвацца ня будзе — гэта ўжо вырашана на ўзроўні ўраду».

Суразмоўца лічыць, што журавінаў на балоце хопіць усім — і беларусам, і ўкраінцам, хоць ураджай іх сёлета меншы, бо моцная засуха. Справа, аднак, у іншым: украінцы пакуль ня могуць скарыстацца дазволам, бо ў Беларусі забаронена наведваць лясы й балоты з прычыны пажарнай небясьпекі:

Дый цяпер сытуацыя кепская — пажары пры мяжы. Балоты сухія — усё як парахавая бочка

«Палешукі ад гэтага не пацярпяць, бо прапускаюць украінцаў празь мяжу толькі на роварах. А роварам далёка не заедзеш. Нашы людзі ў памежжа асабліва й ня едуць — у бок Познані, Драздыні, украінскіх паселішчаў. Дый цяпер сытуацыя кепская — пажары пры мяжы. Балоты сухія — усё як парахавая бочка. Чарот, мох, асака, торф — гарыць усё. І тушыць цяжка. Лес пад забаронай з прычыны пятай клясы пажарнай небясьпекі. Забаронена наведваньне лясоў».

У лясьніцтве ў вёсцы Цярэблічы, паўночным ускрайку Альманскіх балотаў, пакуль ня ведаюць пра новыя ўмовы наведваньня ўкраінцамі журавінавых плянтацыяў. Да апошняга часу тут, хоць і ня так часта, але таксама затрымлівалі ўкраінскіх зьбіральнікаў грыбоў і ягад:

«Пракідаюцца ўкраінцы. Але, як тут сказаць, іх арыштоўваюць нашы памежнікі. Ведаеце, такая пажаранебясьпечная абстаноўка. Бывае, і мы ў лясьніцтве ловім. Ну, а як па-іншаму? Пажары, гараць тарфянікі. Балоты сухія, вады няма. Нашы беларусы ў асноўным цяпер кінуліся капаць бульбу, у журавіны — не, ня ходзяць».

Ахоўнік заказьніка апавёў, што ехаць на Альманскія балоты зь беларускага боку не выпадае яшчэ і з-за сапёраў, якія атачылі падыходы да журавінавых прыдобаў:

«Тут у нас ад Цярбліч наагул усё закрыта. Мінёры прыехалі. Шукаюць на колішнім палігоне бомбы, якія не разарваліся. Пакуль толькі на карце паметкі робяць, але не падрываюць. У бок Колак, Букчы, Дзяржынску, паселішчаў на Гомельшчыне атачэньне выставілі. І людзей не пускаюць. Што й калі зьменіцца, толкам сказаць не магу».

Летась і ў папярэднія гады Аляксандар Лукашэнка дазваляў украінскім грамадзянам з памежных вёсак з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 30 верасьня да 15 лістапада пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу ў спрошчаным парадку, каб зьбіраць на беларускай тэрыторыі ўлетку чарніцы, увосень журавіны. Ніякай платы за гэта ня бралі.

У прыватнасьці, у мінулым годзе спрошчаны парадак зрабілі на прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту, каб, як было сказана, «даць магчымасьць этнічным беларусам пракарміць свае сем’і ў цяжкі для Ўкраіны час».

Сёлета такога паслабленьня не было, і беларускія памежнікі, здаралася, затрымлівалі паўднёвых суседзяў па два дзясяткі на дзень. Кагосьці перадавалі ўкраінскім калегам, а ў дачыненьні да многіх афармлялі пратаколы за парушэньне парадку пераходу мяжы і накіроўвалі ў раённыя суды — у Лельчыцы, Столін, Пінск, Драгічын. Тыя выносілі ўкраінцам буйныя штрафы.

Урэшце сытуацыю разьвязалі ў духу рынкавых стасункаў: хочаш зьбіраць грыбы ці ягады — плаці грошы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG