Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У палове кватэр, якія мы абышлі, дзьверы не адчынялі», — Аляксандар Скрабец


Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Ініцыятыўную групу патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, былога палітвязьня і былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня Сяргея Скрабца ачоліў яго малодшы брат Аляксандар.

Сяргей Скрабец будзе зноў балятавацца ў Лідзе, у выбарчай акрузе № 55. Ягоную ініцыятыўную групу афіцыйна зарэгістравалі. Ад мінулай пятніцы 30 чальцоў групы пачалі збор подпісаў — распавёў сёньня Свабодзе Аляксандар Скрабец:

«Мы прынцыпова адмовіліся ад пікетаў. Ведаем, вельмі мала мінакоў маюць пры сабе пашпарт. Таму вырашылі зьбіраць подпісы за вылучэньне брата, выключна абыходзячы кватэры.

І вось тут мы сустрэліся з такой матэматыкай. Роўна ў палове кватэр, куды я хацеў зайсьці, дзьверы не адчыняюць. Ці то ўсе разьехаліся на адпачынак, ці то проста ня хочуць адчыняць. З паловы, якая застаецца, прапорцыя „fifty-fifty“. То бок адны кажуць так: Скрабца мы памятаем, але што ён зрабіў для нашага горада? Нічога добрага, таму больш за яго галасаваць ня будзем. Другая палова кажа супрацьлеглае: мы памятаем вашага брата, ён тады спрабаваў разварушыць гэтае парлямэнцкае балота. Тады не атрымалася, можа, зараз будзе інакш. Вось гэтыя людзі і падпісваюцца за Сяргея».

Аляксандар Скрабец кажа, што за чатыры дні група сабрала ўжо болей за 300 подпісаў:

«На пачатку наступнага тыдня гэтую працу мы скончым. Калі ніхто ня будзе перашкаджаць. Справа ў тым, што да некаторых нашых актывістаў падыходзілі невядомыя людзі ў цывільным. Яны раілі не зьбіраць подпісы за Скрабца. Інакш, маўляў, у вас будуць непрыемнасьці. Але пакуль ніхто з групы не адмовіўся ад абыходу кватэр».

У Лідзкай выбарчай акрузе афіцыйна зарэгістраваныя пяць ініцыятыўных групаў. Галоўным прэтэндэнтам на перамогу тут лічыцца старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG