Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц


У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

На дамах у гарадзкім пасёлку Мір усталёўваюць новыя шыльды. На іх побач з сучаснымі назвамі вуліц мястэчка — і гістарычныя.

Усяго будзе ўсталявана 76 новых шыльдаў. Яны вырабленыя за грошы і з ініцыятывы музэю «Замкавы комплекс «Мір». Вуліца Ленінградзкая некалі была Завальнай, Маскоўская — Глухой, Чырвонаармейская — Нясвіскай, Піянэрская — Падолам або Броварамі.

Як паведамілі Свабодзе ў музэі, праект вяртаньня гістарычных назваў вуліц прадставілі ў Міры ў чэрвені 2016 году на сельскім сходзе. Мясцовай супольнасьці музэйная ініцыятыва спадабалася.

«Стаўленьне ва ўсіх станоўчае, — сказала Свабодзе Анаіт Арзуманян, спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю ў музэі. — Некаторыя жыхары нават прапаноўвалі заплаціць за шыльды, якія прымацоўвалі да іхніх дамоў. Але мы тлумачылі, што ініцыятыва — цалкам нашага музэю, і, адпаведна, нікому з жыхароў нічога плаціць ня трэба».

Ідэю прадубляваць сучасныя назвы гістарычнымі супрацоўнікі музэю пазычылі ў Смаленску. Туды яны езьдзілі на пачатку лета на міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю.

Таксама ў лютым 2016 году ў Фэдэральным архіве нямецкага гораду Кобленца Вольга Папко, дырэктарка музэю, знайшла дзьве мапы Міра XIX стагодзьдзя. Адтуль і ўзялі гістарычныя назвы вуліц.

Грамадзка-культурны праект «Гістарычныя назвы вуліц Міра» ладзіцца дзеля папулярызацыя гістарычнай спадчыны Міра. Супрацоўнікі музэю праводзяць экскурсіі ня толькі на тэрыторыі замкавага комплексу, але і па самім мястэчку. У музэі лічаць, што са зьяўленьнем гістарычных назваў XIX стагодзьдзя такія экскурсіі будуць больш цікавымі і нагляднымі.

76 шыльдаў з гістарычнымі назвамі будуць усталяваныя на 17 вуліцах.

«Старыя шыльды з будынкаў не прыбіраюцца, да іх проста дадаюць новыя, бо афіцыйна назваў вуліц ніхто не зьмяняе, — сказала Арзуманян. — Дадаюцца шыльды толькі на тыя вуліцы, якія прысутнічаюць на згаданых мапах».

Некаторыя сучасныя вуліцы ў XIX стагодзьдзі былі падзеленыя на дзьве часткі з рознымі назвамі, а некаторыя, наадварот, былі часткамі адной доўгай вуліцы.

Таксама ў цэнтры Міра зьявяцца тыя самыя мапы XIX стагодзьдзя, раздрукаваныя на вялікіх шчытах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG