Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мы ўжо разважалі пра Акцябарскі-Рудобелку, Кіраўск-Качэрычы, Дзяржынск-Койданаў, Чэрвень-Ігумен і Сьветлагорск-Шацілавічы як пра ідэалягічныя перайменаваньні, у пэрспэктыве падлеглыя скасаваньню.

Іншыя савецкія перайменаваньні гарадоў у Беларусі наўпрост не падпадаюць пад крытэры дэкамунізацыі. На першы погляд савецкая ўлада дбала пра замену абразьлівых для жыхароў назваў. Ці так гэта папраўдзе?

Слаўгарад. Фота www.slavgorod-museum.com

Слаўгарад. Фота www.slavgorod-museum.com

Вось Слаўгарад. Старэйшыя людзі яшчэ нядаўна па-ранейшаму звалі свой горад Прапойск, Прапоськ, Прупой. Ён на рацэ Проні (ад праняць ‘прарыць’), фіксавалася назва Пропа; а яе вусьце ў Сож завуць Пропасьць за стромыя берагі. Гэта сьведчыць тапаніміст Іван Яшкін, які з таго краю паходзіць. Ад назвы Пропасьць утвараюцца Прапошаск ці Прапоськ; Прапойск можа быць і ад формы Пропа.

Чаму васьмісотгадовы Прапойск стаў раптам Слаўгарадам? Галоўная прычына – тое, што яго назва гораду апынулася ў 1944 годзе ў цэнтры ўвагі савецкага вайсковага камандаваньня і прапаганды.

Расейскамоўным і расейскадумным генэралам і ня толькі чулася ў ёй выключна расейскае слова "пропойцы". Хаця ў нас у розных рэгіёнах аналягічны кантынгент завецца хутчэй п’яніца ці п’янíца, п’янюга, піток, пітун, выпівака, апівоха. Нямала ёсьць словаў зь іншымі каранямі, напрыклад, жлуктач, бардахлыст у Насовіча.

На нашай вуліцы

А пятай раніцы

Апошні п'яніца

Дамоў вяртаецца.

Дамоў вяртаецца,

Ідзе, хістаецца.

(верш М.Анемпадыстава, сьпявае “Новае Неба”)

Расейскае ўспрыманьне назвы гораду мацавалі вядомыя пісьменьнікі. Канстанцін Сіманаў, які хоць і ваяваў на Магілёўшчыне, але пісаў:

Должно быть, название это

Недаром Пропойску дано,

Должно быть, и зиму, и лето

Там пьют беспробудно вино.

Должно быть, в Пропойске по-русски

Грешит до конца человек,

И пьет, как в раю, - без закуски,

Под дождик, под ветер, под снег.

Яшчэ і абяцае ў тым вершы надаць гораду "трезвое имя" "Протрезвенск".

Падобна казаў і Веніямін Каверын (той, што "Два капітаны"), толькі прозай.

В названии Пропойск отцу почудилось нечто родное, потому что, подивившись меткости русского языка, он пустился в воспоминания о том, как некогда служил у одного генерал-майора. (Тот)...разденется до кальсон, плачет и пьет… Кухарка, пожилая, верующая, сорок лампадок, почтенная, наливалась с утра как налим. …Пьянка поголовная. Чуть не погиб.

(Раман "Открытая книга")

Такая вялікадзяржаўная і абразьлівая для беларусаў моўная глухата.

Легенда кажа, што ў 1944 годзе дзьве савецкія дывізіі, якія бралі горад, прэтэндавалі на званьне гвардзейскіх. Такім дывізіям звычайна давалі імя ў гонар адпаведнага гораду: Таманская, Палтаўская. Адпаведна мусіла зьявіцца і Прапойская, і генэралы прыйшлі ў жах. Але больш праўдападобна, што салют у Маскве ў гонар узяцьця Прапойску абразіў Сталінава вуха. Карацей, у траўні 1945 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР, вядома ж, на просьбу працоўных, перайменаваў старажытны горад у безаблічны Слаўгарад. Слаўгарады ёсьць і ў Расеі, і ва Ўкраіне (Дніпроўская і Сумская вобласьці).

Слаўгарад. Алтайскі край Расеі

Слаўгарад. Алтайскі край Расеі

А тыя самыя працоўныя, якія нібыта прасілі ўладу забраць імя ў іхнага гораду, як сьведчыць пісьменьнік Іосіф Сёмкін родам зь недалёкай Крамянкі, так і засталіся міжсобку прапайшчане, прапайскíя.

***

Наступны горад таксама заснаваны продкамі ля вусьця меншай ракі, што ўліваецца ў большую, і атрымаў імя ад меншай. Дзьвінскія Друя, Дзісна, Полацак, Віцебск – усе стаяць на меншых рэках з адпаведнымі назвамі. Так і Дрыса.

Дрыса. www.belpohod.info

Дрыса. www.belpohod.info

Але не шукайма такога гораду на сучаснай мапе. З 1962 году гэта Верхнядзьвінск. І не шукайма лёгікі ў такой назьве, бо Полацак і Віцебск вышэй па Дзьвіне. Дрыса як бы Дзьвінск Верхні стасоўна гістарычнага Дзьвінску, але той цяпер у Латвіі і афіцыйна Даўгаўпілс, і назву Дзьвінск у часы БССР не было прынята ўспамінаць.

Часопіс "Беларуская школа ў Латвіі", красавік 1929 г.

Часопіс "Беларуская школа ў Латвіі", красавік 1929 г.

Між іншым, Верхнядзьвінскі -- самая доўгая назва раёну Беларусі, 15 літараў.

Менавіта ў 1960-я гады на Беларусь нахлынула чарговая хваля перайменаваньняў. Спрадвечныя тутэйшыя тапонімы расейскаму вуху чыноўнікаў здаваліся немілагучнымі. Так і з Дрысай. Але фізіялягічны дзеяслоў тут ні да чога, бо яго поўны корань заканчваецца на –т; ён этымалягічны блізкі да анг. dirt "бруд".

Корань дрыс- балцкі. Дрыса – характэрны для рэгіёну гідронім. Так завуцца возера і рака. Да гэтага ж кораню ўзыходзяць назвы рака Дрысьвята, возера і мястэчка Дрысьвяты. Магчыма, той самы корань з чаргаваньнем дры-/дру- маюць Друя, Друць. Іван Яшкін знайшоў ва Ўсходняй Беларусі назву дрысак або дрысак – іскрак (калчадан) ці жалезная балотная руда. Карацей, у назьве Дрыса зашыфравана нямала старадаўніх таямніц.

Паселішча Дрыса старажытнае. У 15 ст. гэта была асобная воласьць, якая належала да Полацка. Родам з самой Дрысы ці з навакольля – мноства выдатных людзей, напрыклад, паўстанец 1863 году і выдатны географ Ян Чэрскі.

З Дрысай зьвязаны лёс Эдварда Вайвадзіша ды іншых беларускіх дзеячоў міжваеннай Латвіі. У Дрысенскім павеце нарадзіўся дзяяч эміграцыі Франціш Бартуль. І ніхто з дрысенцаў не саромеўся свайго паходжаньня.

Вось жа на маю думку, у нас дэкамунізацыя тапаніміі непарыўна зьвязаная зь яе дэрусыфікацыяй, пазбаўленьнем ад усяго адміністрацыйна накінутага. Нават калі ў адвольных псэўдаэстэтычных заменах старых беларускіх тапонімаў няма сьлядоў таталітарнай ідэалёгіі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG