Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка — пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен 


Разважаем далей пра ўкраінскі досьвед рашучай і хуткай дэкамунізацыі геаграфічных назваў ды нашую рэальнасьць. У Беларусі адназначна трапілі б пад дэкамунізацыю назвы раённых цэнтраў Дзяржынск, Кіраўск, Акцябарскі. Пра іх гаворка была.

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

Але ёсьць у нас іншыя назвы-навадзелы, якія на першы погляд не прапагандуюць камуністычную ідэалёгію, хоць былі навязаныя нам замест аўтэнтычных старажытных тапонімаў — у тым ліку таму, што прышлыя не разумелі беларускае мовы, ня ведалі гісторыі ды мелі свае ўяўленьні пра паліткарэктнасьць, як бы цяпер сказалі, ды эстэтычнасьць. Вёсак пакуль не чапайма, разьбярэмся найперш з гарадамі.

Вось горад Чэрвень. Здавалася б, слова і беларускае, і не зьвязанае з барабаннай прапагандай. Але ўсё ня так проста.

У Чэрвень перайменавалі ў 1923 годзе Ігумен, бо бальшавікі яго ўзялі ў чэрвені 1920 году і бо Ігумен -- рэлігійны назоў, ад кіраўніка манастыра ў царкоўнай ярархіі, а бальшавікі былі, калі хто забыў, зацятыя атэісты і забойцы сьвятароў. Чаму перайменавалі ў Чэрвень, а не ў "Іюнь" — бо тады яшчэ адбывалася так званая беларусізацыя, палітыка прывабліваньня беларусаў да новай улады.

Ігумень — такая яго першая назва — вельмі старажытны горад. Першы ўпамін у 1387, як Вільні Майдэборскае права. Праўда, манастыра ў ім не было і адпаведна не магло быць ігумена. Затое ў навакольлі дзьве ракі Ігуменкі, а да назваў рэк манастыры звычайна не спрычыняліся; да таго ж назвы паселішчаў гістарычна ўтвараюцца ад назваў рэк, а не наадварот. Паводле тапаніміста Івана Яшкіна, для беларускай мясцовай геаграфічнай тэрміналёгіі тыповыя словы ад кораня гумно: поле ці ўрочышча маглі назваць гумяньнё, падгУменьне, гУмнішча; вёска Гумны недалёкага Крупскага р-ну, сяло Гумня на возеры Гумне (Полацкі павет, XVI ст.). Дык вось пра Ігуменскую воласьць у сярэдзіне XV ст. пішуць districtum Humyen.

Карацей, назва, на маю думку, паходзіла не ад імя царкоўнае пасады, але ад зусім нэўтральнага гумна для збожжа. Але бальшавікі доўга не разьбіраліся і яе не пашкадавалі. І рэчку на ашчадзілі, перайменавалі ў Чэрвенку.

Быў Ігуменскі павет. Вялікі наш кампазытар Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў маёнтку Убелі менавіта ў Ігуменскім павеце, а ня ў Чэрвеньскім раёне.

Зрэшты, назва Чэрвень абярнулася для гораду змрочным сымбалізмам. 26 чэрвеня 1941 году тут ва ўрочышчы Цагельня НКВД расстраляла каля трох тысяч вязьняў перасыльнай турмы — беларусаў, палякаў, літоўцаў і іншых.

Немалы і эканамічна важны горад -- цяперашні Сьветлагорск. Але названы ён так толькі ў 1961 годзе, у зьвязку з пабудовай буйной электрастанцыі. Назва ня проста банальная — у Расеі чатыры такія паселішчы — але яна практычна дэзарыентуе, бо няма над Бярэзінай гор. Ізноў жа паселішча даўняе, маёнтак Шацілінскі Востраў згадваецца пад 1560 годам як уласнасьць Рамана Шацілы. Лёсам паселішча пасьля сьмерці Шацілы займаецца сам Жыгімонт ІІІ (паводле ВКЛаўскай нумарацыі) Аўгуст. Потым яно завецца Шацілавічы і ўрэшце ў XVIII ст. — Шацілкі, шляхоцкая ваколіца. Пазьней і чыгуначная станцыя звалася Шацілкі, цяпер Сьветлагорск-на-Бярэзіне, каб адрозьніваць ад штампаваных блізьнятаў.

Шаціла — тыповае беларускае прозьвішча, ад мянушкі ці імя дахрысьціянскага, са значэньнем станоўчым — няўседлівы і рухавы чалавек — і больш адмоўным — які гойсае бяз справы. У кожным разе запамінальнае. Дарэчы, у савецкі час быў такі міністар фінансаў БССР Баляслаў Шаціла, які нават у 70-я і 80-я гады публічна выступаў толькі па-беларуску. У кожным разе ў цяперашнім цэнтры гораду ніякай "Сьветлай гары" няма, нават Леніна няма, а Раман Шаціла ў мэтале стаіць. І турысты ці маладыя пары ідуць да яго, а не да агняноснага Прамэтэя, пастаўленага на ўезьдзе ў горад. Відаць, выеў-такі Зэўсаў арол Прамэтэеву пячонку.

Хаця вогнепаклонства і наагул паганская містыка ў Шацілках нікуды не падзеліся. Праўда, яны не зьвязаныя з электрастанцыяй і Прамэтэем. Вось і народжаны там гурт Re1ikt пра тое самае: "Каб акрыяць — выпі нашае травы…"

* * *

Паводле ўкраінскага закону (а ён дэталёва распрацаваны, ёсьць чаму павучыцца) падлягаюць перайменаваньню і дэмантажу назвы і абʼекты, зьвязаныя ня толькі з адыёзнымі пэрсанажамі ды ідэалягемамі, але таксама зь дзейнасьцю камуністычнай партыі ў цэлым. Напрыклад, з усталяваньнем яе ўлады, з антырэлігійнымі кампаніямі (пад гэта падпадае Чэрвень — былы Ігумен), з так званымі вялікімі будоўлямі камунізму (як Сьветлагорск).

Спрашчэньне Шацілавічы — Шацілкі ўласьцівае жывой беларускай тапанімічнай практыцы. Так Баранавічы іхныя жыхары зь любоўю завуць Баранкі. Што да Шацілак — Шацілавічаў, няхай свае сымпатыі выкажуць самі шацілкаўцы або шацілаўцы (між іншым, украінскі закон прадугледжвае мясоцовыя рэфэрэндумы толькі ў крайнім выпадку, і не пра тое, ці наагул пераймяноўваць, а толькі на што менавіта пераймяноўваць).

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

XS
SM
MD
LG