Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім аблвыканкаме патлумачылі, што трэба зрабіць, каб паставіць помнік слуцкім паўстанцам


Шыльда на мэмарыяльным крыжы ў вёсцы Грозава, архіўнае фота

Намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Менскага абласнога выканаўчага камітэту Тацяна Хмель патлумачыла Свабодзе, чаму Менскі аблвыканкам рэкамэндаваў Слуцкаму райвыканкаму вярнуцца да тэмы ўсталяваньня помніка ўдзельнікам антыбальшавіцкага паўстаньня 1920 году і што трэба зрабіць, каб такі помнік зьявіўся.

Актывістка ініцыятывы «Дзея» Аліна Нагорная атрымала адказ зь Менаблвыканкаму на калектыўны зварот аб усталяваньні помніка героям Слуцкага збройнага чыну ў Слуцку.

Ліст з подпісам Тацяны Хмель — намесьніцы начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і спраў моладзі.

Сёлета на пачатку лютага ў Слуцкі райвыканкам было перададзена блізу 2 тысяч подпісаў за ўсталяваньне помніка, але мясцовыя ўлады адказалі, што лічыць ушанаваньне немэтазгодным. Пазыцыя абласнога выканкаму не такая катэгарычная. Наадварот: чыноўнікі гатовыя абмяркоўваць пытаньне, Слуцкаму райвыканкаму даручана вярнуцца да разгляду звароту з прыцягненьнем зацікаўленых органаў і спэцыялістцаў.

— Шчыра скажу: працэс няпросты, — гаворыць карэспандэнту Свабоды Тацяна Хмель. — Да яго падключаецца і адмысловая камісія, і рада ў манумэнтальным мастацтве. Але перадусім мы павінны атрымаць адпаведныя паперы ад Слуцкага райвыканкаму. Я ж сама не магу прыняць, ініцыяваць, нешта абвясьціць. У любым выпадку ёсьць пэўны парадак дзеяньняў: першы, другі, трэці крок — і толькі потым вэрдыкт.

— Адрозна ад слуцкіх чыноўнікаў, вы прыязна адказалі падпісантам, сказаўшы пра іхную прапанову як пра «помнік нацыянальным героям, вызваліцелям незалежнасьці Беларусі»...

— Мой погляд — ён мой асабісты. Я філёляг, а не гісторык. Але ўчора паглядзела і прачытала шмат матэрыялаў, прысьвечаных гэтай тэме. Зразумела, заўважыла, што розныя думкі вакол гэтай падзеі. Ня буду біць сябе ў грудзі і казаць, што я экспэрт, вельмі дасьведчаны ў гэтым пытаньні чалавек. Таму не кажу, я ці ня я — мы будзем камандай, усе разам вывучаць гэтую тэму, думаць, раіцца. Усё гэта няпроста, як разумееце. Наогул у вобласьці шмат прапаноў наконт помнікаў, адпаведна і шмат поглядаў, супярэчнасьцяў. Бо колькі пішуць і патрабуюць, то, каб мы ўсё ўхвалялі, навокал ужо ўсё было б у помніках.

— Але што тычыцца ініцыятывы помніка героям Слуцкага збройнага чыну, то спачатку мусіць быць агучанае рашэньне слуцкіх уладаў?

— Так, павінна быць рашэньне Слуцкага райвыканкаму пра тое, каб устанавіць помнік. Ці не ўстанавіць. Калі адказ станоўчы, то яны мусяць падрыхтаваць адпаведныя дакумэнты, зрабіць эскіз, як будзе выглядаць помнік, у якім месцы яго мэтазгодна разьмясьціць. Тады мы запрашаем іх на экспэртную раду, дзе зьбіраюцца людзі сфэры мастацтва, культуры. Яны глядзяць, абмяркоўваюць. Хачу вам сказаць, што, здараецца, гэта расьцягваецца на гады. Ня думайце, што ініцыявалі — і ўсё, гатова. Людзі спрачаюцца, выказваюць розныя думкі. Ёсьць такі парадак у Беларусі, мы ад яго не адыдзем. У кожным разе нам Слуцкі райвыканкам не абысьці, бо першапачатковае «так» ці «не» ўсё роўна будзе зыходзіць ад іх.

— Не сумняваюся, што вы часта маеце справу з розным прапановамі ўшанаваньня, але ў гэтым выпадку зьява не шараговая, знакавая для Беларусі...

— Так, з улікам таго, што пытаньне адметнае, будзем наконт яго думаць. Само сабой, трэба раіцца з гісторыкамі, са спэцыялістамі, падымаць, вывучаць матэрыялы. Яшчэ раз кажу: гэта працэс, да якога трэба ставіцца з разуменьнем. І калі вярнуцца да падпісантаў, то ўсё мусіць быць на парытэтных пачатках. Сёньня ні я ад вас не магу нічога патрабаваць, ні вы ад мяне. Прымусу, загаду гучаць не павінна. Каб займацца гэтай справай, паўтаруся, я сама пачала вывучаць тэму. Таму, безумоўна, будзем працаваць, будзем глядзець. Але зноў жа, не магу сказаць, што зараз усё сама вырашу, бяз слуцкіх уладаў.

— Якія ў прынцыпе могуць быць наступныя крокі?

— Я дакладна ня ведаю, але, верагодна, трэба будзе запытвацца экспэртнага меркаваньня і ў Міністэрства культуры, і ў Акадэміі навук. Зразумела, што аднамомантавы адказ ніхто ня дасьць. Але ў працу над гэтым пытаньнем будуць задейнічаныя многія — і структуры, і экспэрты.

Праект помніка слуцкім паўстанцам. Скульптар Міхась Інькоў

Праект помніка слуцкім паўстанцам. Скульптар Міхась Інькоў

У лістападзе-сьнежні 1920 году вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Слуцкага, Капыльскага і прылеглых раёнаў, аказалі супраціў Чырвонай Арміі, што прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Напярэдадні случакі прысягнулі на вернасьць Беларускай Народнай Рэспубліцы і мужна за яе змагаліся, але ўтрымаць уладу БНР на гэтых землях больш як на месяц ім не ўдалося. І ўсё ж змаганьне на Случчыне засьведчыла прагу беларусаў да волі і незалежнасьці, а значыць, застанецца прыкладам для будучых пакаленьняў беларусаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG