Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 лістапада актывісты партыі БНФ, Маладога фронту, грамадзкага руху «За свабоду» і Руху салідарнасьці «Разам» правялі на Случчыне мерапрыемствы з нагоды 96 гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

У лістападзе-сьнежні 1920 года вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Слуцкага, Капыльскага раёнаў і прылеглых раёнаў аказалі ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, якая прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Напярэдадні случчакі прысягнулі на вернасьць Беларускай народнай рэспубліцы і мужна за яе змагаліся, але ўтрымаць уладу БНР на гэтых землях больш як на месяц ім не ўдалося. І ўсё ж, лічаць удзельнікі сьвяточных мерапрыемстваў, змаганьне на Случчыне засьведчыла прагу беларусаў да волі і незалежнасьці, а таму застанецца прыкладам для будучых пакаленьняў беларусаў.

Тэма змаганьня за незалежную Беларусь стала галоўнай і на мітынгу, які адбыўся ў Слуцку, Выступоўцы на акцыі казалі пра чарговую небясьпеку Беларусі з боку Крамля, крытыкавалі беларускі палітычны рэжым за згортваньне дэмакратыі і ўзурпацыю ўлады, заклікалі беларусаў быць гатовымі да адстойваньня незалежнасьці краіны, у тым ліку і са зброяй у руках.

Урачыстыя акцыі на Дзень герояў — гэтак актывісты называюць 26 лістапада, калі пачаўся Слуцкі збройны чын — адбыліся таксама на месцах баёў у мястэчках Грозаў, Семежаў і вёсцы Чырвоная Слабада. Там былі ўскладзеныя кветкі да памятных крыжоў. Памяць ваяроў за незалежнасьць Беларусі ўшанавалі хвілінай маўчаньня, былі праведзеныя маленьні. Пабываўшы ў гэтых памятных мясьцінах, актывісты вырашылі да наступных угодкаў адрамантаваць мэмарыяльныя крыжы.

«Праз год будзе 25-годзьдзе, як у гэтых вёсках зьявіліся крыжы ў памяць пра слуцкіх паўстанцаў. І што мы ўбачылі? У Грозаве з крыжа зьнікла Пагоня, у Семежаве да помніка гэтак і не пракладзена дарока, у Чырвонай Слабадзе ўвогуле крыж зьнішчылі некалькі гадоў таму і гэтак не аднавілі. Таму мы вырашылі за год аднавіць крыжы, а ў Вызьне (Чырвоная Слабада) паставіць новы. Памяць пра случчакоў, якія змагаліся за незалежную Беларусь, мы мусім ушаноўваць і захоўваць», — сказаў удзельнік мерапрыемстваў на Случчыне Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасьці «Разам».

Напярэдадні мітынгу актывісты «Маладога фронту» прынялі прысягу на адданасьць арганізацыі і Беларусі. Падчас акцыі праходзіў збор подпісаў за ўсталяваньне ў Слуцку помніку ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Дагэтуль мясцовыя ўлады нічога не зрабілі для ўшанаваньня сваіх загінулых землякоў.

Гісторыя Слуцкага паўстаньня замоўчвалася ў савецкія часы, не нашмат больш пра яго ведаюць у Слуцку і цяпер. Удзельнікі акцыі асобна згадвалі імя гісторыка Анатоля Грыцкевіча, намаганьнямі якога пра Слуцкі збройны чын стала шырока вядома ў канцы 1990-ых гадоў.

Таксама ўдзельнікі мітынгу ў Слуцку ўсклалі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў мясцовым парку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG