Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве склалі «Чорную кнігу Крамля»


Даніла Лубкіўскі
Даніла Лубкіўскі

Кабінет міністраў Украіны прадставіў 17 лютага «Чорную кнігу Крамля» пра «злачынствы, учыненыя Расеяй супраць украінскага народа і яго эканомікі», як ахарактарызаваў выданьне дарадца прэм’ер-міністра Даніла Лубкіўскі.

«Фактычна гэта звод інфармацыі, які будзе папаўняцца для таго, каб канчаткова ўсталяваць усю паўнату страт Украіны як міжнародны прысуд рэжыму прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна», — паведаміў ён, прадстаўляючы кнігу.

Інфармацыя, атрыманая ад цэнтральных органаў улады Украіны, сабрана па стане на пачатак лютага 2015 году. «Паўнату ахвяраў і страт да гэтага часу немагчыма высьветліць», — дадаў дарадца.

Па зьвестках на пачатак лютага за час агрэсіі загінула больш за 5000 чалавек, больш за 11 000 атрымалі раненьні. Па стане на 1 студзеня 2015 году колькасьць загінулых сярод удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі перавысіла тысячу трыста чалавек. Паводле Лубкіўскага, рэальныя лічбы могуць быць нашмат большымі.

Як заявіў Лубкіўскі, Украіна штодня губляе каля ста мільёнаў грыўняў на правядзеньне антытэрарыстычнай апэрацыі і абарону дзяржавы. Расейскія баевікі і мясцовыя сэпаратысты пашкодзілі або зьнішчылі больш за тысячу энэргетычных аб’ектаў, таксама пашкоджаныя больш за паўтары тысячы аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры, адзначыў ён.

Паводле інфармацыі, якая зьмяшчаецца ў «Чорнай кнізе Крамля», у выніку акупацыі Расеяй Крыма і захопу часткі тэрыторыі Данбасу Ўкраіна страціла амаль 20% свайго эканамічнага патэнцыялу, з больш як 150 вугальных шахт 115 апынуліся на тэрыторыі, якую часова кантралююць групоўкі «ДНР» і «ЛНР». Таму здабыча вугалю зьнізілася на 35%, паведаміў Лубкіўскі.

Агульная сума разбурэньняў, з улікам аб’ектаў жыльлёва-камунальнай, сацыяльнай інфраструктуры, складае больш за 1 мільярд 200 мільёнаў грыўняў.

Паводле Данілы Лубкіўскага, такія наступствы «вайны, разгорнутай Расейскай Фэдэрацыяй супраць Украіны».

«Чорная кніга Крамля» выдадзена на пяці мовах (украінскай, ангельскай, расейскай, нямецкай і французскай) і неўзабаве будзе перададзена ў дыпляматычныя місіі і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый, якія працуюць ва Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG