Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для беларусаў, якія спадзяюцца заехаць у Ізраіль бязь візы, Вялікдзень можа нагадаць Раство


Беларусь завяршыла ўнутраныя працэдуры па ратыфікацыі пагадненьня з Ізраілем аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Пра гэта стала вядома 13 студзеня, калі адпаведны дакумэнт зьявіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

А вось Ізраіль пакуль з завяршэньнем працэдураў затрымліваецца. Як вядома Свабодзе, пад аналягічным дакумэнтам дагэтуль не хапае подпісу міністра ўнутраных спраў Ізраіля. А гэта ставіць пад пагрозу жаданьне некаторых жыхароў Беларусі трапіць у Ізраіль на Вялікдзень бязь візы. Справа ў тым, што бязьвізавае пагадненьне запрацуе толькі праз 90 дзён з даты атрыманьня па дыпляматычных каналах апошняга пісьмовага паведамленьня, якім бакі інфармуюць адзін аднаго пра выкананьне неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.

«Увогуле ў міжнароднай практыцы супадзеньне дат ратыфікацыі і завяршэньня ўнутраных працэдураў абодвума партнэрамі — хутчэй выключэньне, чым правіла, — адзначае прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. — У бальшыні выпадкаў кожны партнэр праводзіць свае ўнутраныя працэдуры так, як гэта яму падаецца зручнейшым. І звычайна ні паскорыць, ні зацягнуць іх немагчыма. Гэтыя працэдуры існуюць, яны працуюць амаль што ў аўтаматычным рэжыме.

Адлік 90 дзён пачынаецца пасьля таго, як бакі абмяняюцца так званымі інструмэнтамі ратыфікацыі. Гэта значыць, што яны афіцыйна паведамяць адзін аднаму, што ўсе ўнутраныя працэдуры скончаныя і пагадненьне можа ўступаць у сілу. Часьцей за ўсё гэта адбываецца праз дыпляматычнае ліставаньне, абмен вэрбальнымі нотамі».

Узьбярэжжа Мёртвага мора
Узьбярэжжа Мёртвага мора

Пагадненьне прадугледжвае, што грамадзяне адной дзяржавы могуць па нацыянальных пашпартах без атрыманьня візаў уяжджаць на тэрыторыю іншай на тэрмін ня больш як 90 дзён на працягу шасьці месяцаў з даты першага ўезду. Прычым агаворана, што біямэтрычныя парамэтры ў пашпартах ізраільцян і беларусаў непатрэбныя.

Бязьвізавае пагадненьне было падпісана ў Менску яшчэ 19 верасьня 2014 году. І тады некаторыя аптымісты спадзяваліся трапіць да радні яшчэ на Раство. Яны меркавалі, што адлік 90 дзён будзе весьціся ад 19 верасьня. Як распавядаў журналістам у першыя дні сьнежня амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал, «каля 30 чалавек купілі квіткі, забраніравалі ізраільскія гатэлі, аднак яны не зьвяртаюцца па візы ў амбасаду Ізраіля ў Беларусі».

Паводле намесьніцы міністра замежных спраў Алены Купчыной, цяпер у Ізраілі жывуць каля 120 тысяч выхадцаў зь Беларусі. Яна таксама кажа, што пры пераходзе на бязьвізавы рэжым з Ізраілем Беларусь страчвае 420 тысяч эўра на год. Але намесьніца міністра ўпэўненая, што гэтыя грошы будуць зь лішкам кампэнсаваныя праз пашырэньне эканамічных, турыстычных, гандлёвых ды іншых стасункаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG