Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нечакана для мяне прагучала і яе нецэнзурная лексыка», — Алексіевіч пра закіды Талстой


пісьменьніцы Тацяна Талстая і Сьвятлана Алексіевіч

пісьменьніцы Тацяна Талстая і Сьвятлана Алексіевіч

Расейская пісьменьніца Тацяна Талстая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку працытавала Сьвятлану Алексіевіч, якая ў адным сваім інтэрвію выкарыстала выраз «народнае цела». Расейская пісьменьніца назвала ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі «пераапранутым Валянцінам Зорыным, журналістам-прапагандыстам». Пры гэтым Тацяна Талстая нецэнзурна вылаялася.

«Учора я ішла па Брадвэі, і відаць, што кожны чалавек — асоба. А калі ідзеш па Менску, Маскве, ты бачыш, што ідзе народнае цела. Агульнае. Так, яны надзелі іншае адзеньне, яны езьдзяць на новых машынах, але ледзь яны пачулі баявы вокліч ад Пуціна „Вялікая Расея!“ — яны ізноў народнае цела. Таму мне хацелася паказаць усё, як казала Цьвятаева, красаваньне складанасьці нашага жыцьця», — працытавала Талстая выказваньне Алексіевіч на старонках парталу "Дискурс" і гэтак яго пракамэнтавала:

«Раскажыце ёй хто-небудзь, хто прыдумаў выраз „квітнеючая складанасьць“, і што ён азначае. Так, і па Маскве або па Менску пешкі не хадзіце: там нейкае агульнае цела ходзіць. Або ў машынах езьдзіць».

Потым пісьменьніца вылаялася:

«А п***ц па-беларуску таксама п***ц будзе?»

Далей Тацяна Талстая тлумачыць, разьвіваючы тэму:

«Устойлівае словаспалучэньне „ісьці па Брадвэі“ застаўся з савецкіх часоў. Выкарыстоўваўся ён для стварэньня вобразу ворага. „Ты ведь русской девчонкой когда-то была // А теперь ты идешь по Бродвею!“

Алексіевіч, як чысты, нескаламучаны савок, цудоўна гэта ведае. Толькі мінус на плюс памяняла. Наогул — яна пераапрануты Валянцін Зорын, журналіст-прапагандаст».

Гэты пост Тацяны Талстой выклікаў бурную дыскусію ў фэйсбуку.Арт-дырэктар Свабоднага тэатру Мікалай Халезін у сваім пасьце, які назваў «Пісьменьнік і аўтар» піша:

«Адмаўляць жыцьцё гэтай зьявы (народнае цела) — няма сэнсу. Трэба толькі паглядзець навокал: рускія, што калектыўна цкуюць Украіну, Сырыю, Турэччыну; брытанцы, што як на голас жалейкі «гамеленскага лаўца пацукоў» раптам рушылі да прорвы; амэрыканцы, у якіх раптоўна ўзбудзілася любоў да Трампа; аўстрыйцы, што ледзь не абралі сабе канцлерам новага фюрэра... Гэта і ёсьць яно — «народнае цела», якое раптам праяўляецца і цягнецца да горшага, да калектыўнай брыдоты.

Але гэта размова пра тое, што кажа Сьвятлана. А калі ж пра пост Тацяны Талстой — то гэта размова пра іншае. Хоць, мабыць, гэта і пра тое самае — пра «народнае цела». Калісьці яна спрабавала нас усіх пераканаць, што яна не яго частка: пісала неблагія апавяданьні, выкладала ў Амэрыцы, дазваляла сабе цьвёрда выказвацца пра расейскую ўладу. Але мінуў час, і ўлада прапанавала ёй ступіць туды, у „цела“. Крымнаш, глямур, тэлевізар... Ступіла, і „цела“ прыняло. Што, уласна, і даказвае гэты пост».

Беларускі публіцыст Вадзім Казначэеў пытаецца ў Тацяны Талстой:

«А што вас так „каўбасіць“, ды яшчэ так па-дурному? Нібыта нейкая бабская рэўнасьць. Трэба было Вам, а ня ёй Нобэлеўскую прэмію даць, так?»

Расеец lya Tsimafeyeu піша:

«Цалкам згодны з Алексіевіч. Сапраўды, у Амэрыцы на вуліцы адразу відаць упэўненасьць і незалежнасьць амэрыканцаў — ці бізнэсмэн гэта, ці бомж. У нас, на жаль, на вуліцах толькі змрочная, стомленая, зацкаваная маса».

Пры гэтым большасьць расейскіх камэнтатараў пад пастом Тацяны Талстой былі крытычна і агрэсіўна настроеныя супраць Сьвятланы Алексіевіч.

Гэта ня першы закід Тацяны Талстой Нобэлеўскай ляўрэатцы. Адразу ж пасьля прысуджэньня прэміі беларускай пісьменьніцы Тацяна Талстая на сустрэчы з чытачамі ў Санкт-Пецярбургу выказала такое меркаваньне:

«Да таго, што Нобэлеўскую прэмію па літаратуры далі Сьвятлане Алексіевіч, стаўлюся з горыччу і смуткам. Я віншую яе — мільён даляраў яшчэ нікому кішэні не адцягваў.

Гэтым рашэньнем Нобэлеўскі камітэт сказаў, што сыры магнітафонны запіс, нявырабленыя, недаведзеныя да літаратурнага ўзроўню тэксты цяпер у пашане».

Сьвятлана Алексіевіч такім чынам пракамэнтавала Радыё Свабода выказваньні Тацяны Талстой:

«Я не зьбіраюся ўступаць з Тацянай Талстой у перапалку. Проста я яе лічыла вельмі таленавітым пісьменьнікам. Я заўсёды зь цікавасьцю яе чытала і слухала, глядзела тэлепраграмы, якія яна вяла. Я ня ведаю, што зь ёй адбылося. Але такі ўзровень размовы я не разумею, я ніколі так не размаўляю.

Неяк нечакана для мяне прагучала і яе нецэнзурная лексыка. Я і раней чытала яе рэакцыю на прысуджэньне мне Нобэлеўскай прэміі, „пра мільён у кішэні“. Я на такім узроўні не магу гаварыць і не хачу камэнтаваць. Мне проста вельмі шкада страціць той вобраз таленавітага чалавека, які ў мяне быў. Яна заўсёды падкрэсьлівала сваё дваранскае паходжаньне, а тут не стрымалася. Вельмі шкада».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG