Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлану Алексіевіч часам папракаюць, што ў сваёй апошняй кнізе, прэзэнтацыя англамоўнага выданьня якой днямі трыюмфальна адбылася ў ЗША, яна паказвае толькі адзін бок 90-х. А менавіта піша пра нейкія жахі, дае маналёгі тых, хто расчараваўся ў выніку распаду савецкай імпэрыі, і ў яе прозе няма месца тым, хто лічыць той час найлепшым у сваім жыцьці, бо ён быў часам хай і адноснай, але свабоды, і для тысячы суайчыньнікаў пісьменьніцы гэтыя гады зьвязаныя з найважнейшай гістарычнай падзеяй — абвяшчэньнем незалежнасьці.
На гэта я звычайна адказваю, што выбіраць тэмы і герояў — права аўтара.

У Талстога гераіні танцуюць на балах у пецярбурскіх палацах, у Дастаеўскага яны выходзяць на панэль у пецярбурскіх трушчобах. Пэрсанажамі Васіля Быкава былі салдаты і малодшыя афіцэры ў брудзе і холадзе бліндажоў, героямі Ўладзімера Караткевіча — шляхцічы ў маёнтках. Лукіна Вісконці здымаў свае шэдэўры ў дэкарацыях апартамэнтаў арыстакратыі, улюбёныя вобразы Фэдэрыка Фэліні — простыя людзі ды дзівакі італьянскай правінцыі. Матэрыял важны, але ўсё вырашае талент.

Але нават калі мы кажам не пра талент, а пра геній, у выпадку, калі слова творцы выходзіць за межы мастацкага твора — мы маем права спрачацца. І часам — абавязаныя гэта рабіць. Напрыклад, аспрэчваць геніяльнага мастака Дастаеўскага ў ягоных зусім не прыгожых шавіністычных ці антысэміцкіх тэкстах.

Матэрыял важны, але ўсё вырашае талент

Прымаючы як аксіёму права Сьвятланы Алексіевіч выбіраць тэмы, герояў, стылістыку, мову сваіх твораў — мы пакідаем за сабой права пагаджацца альбо не пагаджацца зь яе ацэнкамі цяперашняй сытуацыі ці падзеяў мінуўшчыны.

І я мяркую, што Сьвятлана Алексіевіч — апошняя з тых, хто хацеў бы, каб кожнае слова першай беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі ўспрымалася высечанымі на скрыжалях ісьцінамі ў апошняй інстанцыі.

Я прыгадваю, што паплечнікі Вацлава Гавэла часам вельмі востра зь ім дыскутавалі. І яшчэ з чэскага досьведу: былыя праскія дысыдэнты распавядалі, што ў 70-80-я гады шмат якія тэмы (і філязофскія, і гістарычныя, і эканамічныя) «прагаворваліся» ў дыскусіях (за куфлем-другім піва таксама) — і таму да «аксамітнай рэвалюцыі» чэская апазыцыя падышла са сфармаванымі канцэпцыямі дзяржаўных, палітычных ды эканамічных пераўтварэньняў.

Дарэчы, недахоп дыскусіі ў беларускім грамадзтве Алексіевіч выдатна адчула, заявіўшы пра намер стварыць у Менску дыскусійны клюб. Дадам, што сама пісьменьніца ўдзельнічала ў добрым дзесятку «круглых сталоў» на Радыё Свабода, дзе яе суразмоўцамі былі ня толькі аднадумцы, але (часьцей за ўсё) — апанэнты, і выявіла зайздроснае ўменьне і слухаць, і аргумэнтаваць (пераканацца ў гэтым можна, прачытаўшы кнігу «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе»).

У часе паездкі па ЗША (пісьменьніца наведала Нью-Ёрк і Вашынгтон), Сьвятлана Алексіевіч выказала некалькі меркаваньняў, зь якімі асабіста мне хацелася б паспрачацца.

«Свабода аказалася нам рэччу зусім незнаёмай, — сказала Алексіевіч. — Мы хадзілі па плошчах, крычалі: „Свабода! Свабода!“ Ніхто ня ведаў, што гэта».

«Беларусь наогул у такім становішчы: спачатку мы спадзяваліся на Расею, потым калі ласка — Пуцін у новай якасьці. Мы спадзяемся на Амэрыку — калі ласка, не прынясіце нам сюрпрызаў».

«З аднаго боку эліту нашай краіны зьнішчыў Сталін, з другога боку Гітлер падчас вайны зьнішчыў яўрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасьць і трываласьць. Зараз гэтае сялянскае насельніцтва без эліты і, канечне, веды толькі адныя — сялянскія».

Безумоўна, ленінска-сталінскія рэпрэсіі і Галакост — вялікія трагедыі беларускага народа (пад гэтым паняцьцем — народ — я маю на ўвазе супольнасьць усіх нацыяў, якія здаўна жылі на нашай зямлі). Я б дадаў сюды яшчэ і эміграцыю — як пасьляваенную беларускую, гэтак і яўрэйскую (прыгадаем Барадуліна, які сваім вершаў наўпрост заклікаў яўрэяў не пакідаць Беларусь). Але наўрад ці правамоцна казаць, што ў выніку гэтых трагедый нацыя зрабілася сялянскай, ці яе эліта набыла сялянскі характар (альбо эліта зьнікла ўвогуле).

На сёньняшні дзень хутчэй, наадварот, можна канстатаваць зьнікненьне вёскі як крыніцы, якая дзесяцігодзьдзямі падсілкоўвала горад

На сёньняшні дзень хутчэй, наадварот, можна канстатаваць зьнікненьне вёскі як крыніцы, якая дзесяцігодзьдзямі падсілкоўвала горад. Беларусь сёньня — гарадзкая краіна. Іншая справа, што ў значнай часткі эліты вынішчаная нацыянальная самасьвядомасьць, а стагодзьдзі акупацыі ўвялі канфармізм у статус інстынкту самазахаваньня значнай часткі эліты (але гэткі ж інстынкт на пэўных гістарычных этапе выяўлялі і эліты некаторых іншых краінаў — напрыклад, Нямеччыны, і для чалавецтва гэта мела страшэнныя вынікі. І калі мне — каб паказаць «дурасьць» беларускага народа ці яго эліты — нагадваюць, які выбар быў зроблены ў 1994 — я прашу назваць імя таго, каго падтрымалі немцы ў пачатку 1930-х).

Увогуле, вельмі важна ўлічваць канкрэтны гістарычны кантэкст. Сьвятлана Алексіевіч часта цытуе расейскага філёзафа Мікалая Бярдзяева. Вось яшчэ цытата: «Гісторыя мае справу выключна з індывідуальным, непаўторным, канкрэтным» (Бярдзяеў, «Філязофія свабоды»).

І калі казаць канкрэтна, дык якраз цягам двух стагодзьдзяў расейскай акупацыі, спачатку царысцкай, потым камуністычнай, але заўсёды імпэрскай — тыя, хто ўздымаў беларускі народ, добра ўяўлялі сабе галоўныя мэты і разумелі, дзеля чаго патрэбная свабода. Гэта цудоўна ведалі і ўдзельнікі паўстаньняў ў ХIX стагодзьдзі, і заснавальнікі «Нашай Нівы» ў пачатку стагодзьдзя ХХ, і стваральнікі БНР, і тыя тысячы беларускіх патрыётаў, якія загінулі ў ГУЛАГу ці адпакутвалі там толькі за тое, што вельмі добра ведалі, для чаго ім патрэбная свабода.
Свабода для іх не існавала без беларускай дзяржаўнасьці, без незалежнасьці. Гэта тычыцца і дзесяткаў тысяч актывістаў Народнага Фронту, якія выходзілі на плошчы (прычым ня толькі ў сталіцы) ў канцы 80-пачатку 90-х. Яны патрабавалі вельмі канкрэтнага: праўды пра Чарнобыль, адхіленьня ад улады камуністаў, дэмакратыі і незалежнасьці.

25 жніўня 1991-га незалежнасьць была дасягнутая (ізноў жа — супольнымі дзеяньнямі трыццаці дэпутатаў Апазыцыі БНФ і тысяч людзей на Плошчы) — але свабоду народ так і не атрымаў, улада засталася ў руках намэнклятуры. Не былі праведзеныя дэмакратычныя рэформы, не адбылося рэформаў эканамічных. Усё гэта заставалася мэтамі (таму і не было такога выбару — што рабіць са свабодай?). Для дасягненьня гэтых мэтаў дэпутацкая Апазыцыя БНФ распрацавала цэлую праграму палітычных, эканамічных, і сацыяльных пераўтварэньняў (і некалькі дзесяткаў законапраектаў пад іх). Гэта праца доўжылася некалькі гадоў — і ў экспэртных групах, і ў парлямэнцкіх камісіях, і там, дзе не хапала сілаў дэпутатаў — там на іх падтрымку выступала вуліца (клясычны варыянт «мітынговай дэмакратыі», празь якую прайшлі і Польшча, і Літва, і Чэхія...).

Кожны (літаральна кожны) мітынг, кожная публічная акцыя, якія праводзіліся ў першай палове 90-ых, мелі мэтай падтрымку ня нейкіх эфэмэрных лёзунгаў, а зусім канкрэтных патрабаваньняў. Некаторых удалося дамагчыся (напрыклад, урэшце была прынятая комплексная праграма дапамогі ахвярам Чарнобыля, пачалося адсяленьне з забруджаных тэрыторыяў, хаця гэта праблема — на стагодзьдзі, і Сьвятлана Алексіевіч цалкам слушна называе Чарнобыль адной з галоўных праблемаў для Беларусі). Некаторыя мэты засталіся недасягнутымі — што ж, і беларусы тут не выключэньне. Можна выказваць крытыку за тактыку альбо стратэгію, — але наўрад ці будзе справядліва казаць, што людзі прыходзілі на мітынгі абы пакрычаць: «Свабода! Свабода!».

Некалькі гадоў назад я прачытаў тэкст былой дэпутаткі Вольгі Абрамавай, дзе яна параўноўвала мітынгі ў Маскве і ў Менску пачатку 90-х. У Маскве — «одухотворённые лица», а вось у Менску — нейкія цьмяныя постаці, нейкія злыя людзі, словам, «полный невосторг» (гэта дакладная цытата).

Так атрымалася, што ў пачатку 90-х мне давялося весьці ці ня ўсе мітынгі Народнага Фронту — у тым ліку і тыя, якія зьбіралі дзесяткі тысяч чалавек. Хто ж выступаў на іх, акрамя апазыцыйных палітыкаў, хто ж выклікаў «полный невосторг»? Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Уладзімер Арлоў, акадэмікі Радзім Гарэцкі і Іван Нікітчанка, прафэсар Мікола Крукоўскі — я мог бы доўжыць і доўжыць сьпіс тых, хто заслужана лічыцца элітай нацыі. Выступы некаторых зь іх ужо ўключаюцца ў зборы твораў (калі казаць пра пісьменьнікаў), іншыя — у гістарычныя зборнікі (пакуль у недзяржаўных выдавецтвах, натуральна).

У актыўнай жа часткі грамадзтва (ва ўсякім разе — у большай яго часткі) спадзяваньняў на Расею не было

Між іншым: гэтыя людзі (як і тыя тысячы, што іх слухалі) цудоўна ведалі, што рабіць са свабодай і ўжо, канешне, ніколі не спадзяваліся на Расею. Магчыма, таму не спадзяваліся, што добра вывучылі гісторыю — як Беларусі, гэтак і нашай усходняй суседкі. Думаю, гэты тэзіс Сьвятланы Алексіевіч (пра спадзевы на Расею) не вымагае колькі-небудзь працяглага аспрэчваньня. Што датычна тых, хто толькі і глядзіць на Маскву (дакладней, бачыць Беларусь у складзе РФ) — дык фраза «атрымалі Пуціна» ім гучыць як райская музыка, Пуціна ім як да раны прыкладай. У актыўнай жа часткі грамадзтва (ва ўсякім разе — у большай яго часткі) спадзяваньняў на Расею не было. Адносна ж нацыянальных сілаў, дык якраз засьцярога наконт імпэрскай сутнасьці посткамуністычнай Расеі была адметнасьцю выказваньняў лідэра Народнага Фронту Зянона Пазьняка, за што ён атрымаў «па поўнай праграме» і што праз гады з трагічнай відавочнасьцю пацьвердзілася ў Грузіі і ва Ўкраіне (выяўляецца і ў стаўленьні Масквы да Беларусі — у «халодным» варыянце).

Сумна, што праўда гісторыі ў нас ня толькі скажаецца, але і зьневажаецца (тут я маю на ўвазе зусім не Сьвятлану Алексіевіч)—нядаўна мы прачыталі пра «сьвядомых змагароў» і «тэатралізаваны радыкалізм» дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12. Некаторыя з гэтых дэпутатаў сышлі з жыцьця, ледзь перакрочыўшы 40-гадовы ўзрост. Напэўна, паўплывала «тэатральнасьць» — бяссонныя ночы, праведзеныя ў працы над законапраектамі, выматваючыя нэрвы дэбаты, бясконцыя паездкі па гарадах ды мястэчках, нарэшце, дубінкі спэцназу і кулакі афіцэраў «Альфы» пад час галадоўкі ў Авальнай залі. Канешне, праз паўстагодзьдзе гісторыя расставіць усё па сваіх месцах, і сьмешнымі будуць менавіта абвінаваўцы — але людзі жывуць сёньня, і падманваюць іх — сёньня. Ва ўсякім разе, падманваюць моладзь, якой папросту няма адкуль узяць інфармацыю пра даўнюю і нядаўнюю гісторыю.

Але пытаньне тут ня ў тым, каб аддаць належнае Пазьняку і Народнаму Фронту ці даказаць, што эліта ў Беларусі — існуе. Ці даць зразумець Вашынгтону, што надзеяў на яго — ня вельмі і шмат (паводзіны адносна Ўкраіны, у кантэксьце ўзятых паводле Будапэшцкага мэмарандуму абавязальніцтваў, паказалі, чаго могуць быць вартымі такія надзеі).
І нават ня ў тым праблема, што палітычная эліта Захаду можа ўспрыняць беларусаў як несамастойны народ, які, ня ведаючы, нашто яму свабода, толькі і можа рабіць, што на нейкага спадзявацца — ці то на Расею, ці то на Амэрыку, ці то на Ўсявышняга.

Праблема ў тым, каб народ ня страціў веру ў сябе.

Бо, як казаў Васіль Быкаў, «Беларусь выжыве, калі не скарыцца чужой сіле».

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG