Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алексіевіч: «Мы думалі, што камунізм мёртвы, але прыйшоў Пуцін, і стала ясна, што камунізм будзе вяртацца яшчэ ня раз»


Пра пройгрыш цывілізацыі і пра даты, якімі ня варта ганарыцца, пісьменьніца пагутарыла з аўтарам і вядучай праграмы «Настоящее время. Итоги» Юліяй Саўчанкай.

Сьвятлана Алексіевіч: Гэта мы ў 90-я гады былі рамантыкамі і думалі, што камунізм мёртвы. Але мінула ўсяго дзесяць гадоў — праз 10 гадоў, здаецца, — прыйшоў Пуцін, і стала цалкам відавочна, што працэс абарачальны, што камунізм будзе ў той ці іншай ступені вяртацца яшчэ ня раз. Мая ідэя была ў тым, каб напісаць энцыкляпэдыю гэтага часу. Я яшчэ засьпела людзей, якія бачылі Леніна, Сталіна, якія сядзелі ў сталінскіх лягерах па 17-20 гадоў, якія былі на Вялікай Айчыннай вайне. Гэта значыць я аказалася, можна так сказаць, патрэбным чалавекам у патрэбным месцы і мне своечасова прыйшла неабходнасьць усё гэта зафіксаваць. Вось я гэтым займалася і думаю, што ўсё ж такі мой аповед больш пра чалавека-утопію, пра тое, што адбываецца зь людзьмі, калі яны хочуць пабудаваць на зямлі дачасны рай. Бо ў сямнаццатым годзе Расея была, хутчэй, фэадальная дзяржава, чым капіталістычная, і шлях ад фэадалізму да сацыялізму, да камунізму, быў, вядома, наіўным, пра што Пляханава ў лістах папярэджваў Ленін. Але, як вядома, у бальшавікоў быў такі лёзунг — ён вісеў на адным з лягераў сталінскіх: «Загонім жалезнай рукой чалавецтва ў шчасьце!». Напэўна, ім здавалася, што гэта можна зрабіць. А што засталося пасьля гэтых амаль ста гадоў жыцьця? Мора крыві, гіганцкая братэрская магіла.

Юлія Саўчанка: Наступны год для Расеі і постсавецкіх краін, якія вы дасьледуеце і дакумэнтуеце, сымбалічны ў сэнсе стагодзьдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Улічваючы той факт, што Вы лічыце, што гісторыя цыклічная і што папярэднікі і нашчадкі рухаюцца па адным коле, на ваш погляд, тое стагодзьдзе і гэты надыходзячы 2017 год будзе мець нейкае асаблівае значэньне?

Сьвятлана Алексіевіч: ​Я ня ведаю, але я думаю, што гэта ўсё ж такі дата, якой асабліва няма чаго ганарыцца. Але мне падабаюцца словы Шаламава, які, праседзеўшы семнаццаць гадоў у сталінскім лягеры, сказаў наступнае: «Я быў сьведкам велізарнай прайгранай бітвы за чалавечае шчасьце». Гэта значыць, была спроба альтэрнатыўнай цывілізацыі, і яна, вядома, правалілася. Мы яе прайгралі. Вось я думаю, гэта падстава пра гэта падумаць. Чаму прайгралі, чаму столькі крыві, чаму столькі зьніклых людзей, аб адказнасьці ідэі падумаць, чаму вось гэтыя словы «свабода, роўнасьць, братэрства» пралілі такія рэкі крыві. Гэта вось падстава пра гэта падумаць, таму што ўжо ні для каго не сакрэт, што маладыя людзі зноў чытаюць Маркса, Энгельса, Троцкага і кажуць: «Гэта вы, бацькі, прафукалі вялікую краіну, а мы ўсё зробім па-іншаму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG