Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Жаданьне адно: каб былі шчасьлівыя дзеці». Тата адзін выгадаваў трох дачок


Ігар Базылеў

Ігар Базылеў

Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, у Беларусі было зарэгістравана 12 тысяч семʼяў, у якіх бацька адзін выхоўваў дзяцей да 18 гадоў. Сем’яў жа, дзе адна жанчына гадавала дзяцей — 157,6 тысячы. Апошніх зьвестак пра колькасьць бацькоў, якія гадуюць дзяцей бяз жонак, адшукаць не ўдалося.

Адзін з такіх бацькоў — жыхар Магілёва Ігар Базылеў. Ён аўдавеў у няпоўныя 43 гады. Жонка памерла праз анкалёгію сем гадоў таму, пакінуўшы яму трох дачок-падлеткаў.

Неўзабаве Ігар сустрэне свой паўвекавы юбілей. З жонкаю Вольгай ён пражыў у шлюбе амаль два дзясяткі гадоў.

Зь Ігарам гутарым у доме, які ён пачынаў будаваць яшчэ з Вольгай. Вялікай кухні пазайздросьціла б любая гаспадыня. Вокны глядзяць на вуліцу, забудаваную дыхтоўнымі катэджамі. За домам — сад, які расьце, як пажадае.

Дочкі ў разьездах. Ігар паказвае на котку з кацянятамі. Кажа: малодшая дачка прынесла, каб не сумаваў.

«Я да жывёл ня дужа хінуся, але даводзіцца даглядаць. Амаль усіх кацянят параздаваў», — з усьмешкай кажа суразмоўца.

Ня думаем, што Вольга памерла, проста яе няма побач

Гаспадар вялікага дому выбачаецца за беспарадак — маўляў, жытло яшчэ не дабудаванае. Хвалюецца і стрымлівае эмоцыі, калі вядзе нетаропкі аповед пра жыцьцё бяз жонкі.

Вольга памерла хоць і раптоўна, аднак ейныя пакуты адклаліся ў памяці. Сям’я зжывалася з стратай некалькі месяцаў, пакуль, боль не прытупіўся.

«Тое, што побач няма блізкага чалавека… З гэтым цяжарам даводзіцца жыць. Безумоўна, яго найбольш востра адчуваюць дзеці».

«Што б ні казалі, але маці для іх важнейшая за бацьку, асабліва для дзяўчынак, а ў мяне іх трое. Вядома ж, я не магу даць таго, што дала б маці, аднак стараюся».

«Зь дзецьмі мы ня думаем, што маці памерла, проста яе няма цяпер побач з намі».

Ігар разам з жонкай Вольгай

Ігар разам з жонкай Вольгай

«Я шмат думаю, якім было б жыцьцё нашай сям’і, калі б жонка не пайшла ад нас. Пэўна, больш гарманічным. Я як мужчына бачу праблемы толькі з свайго гледзішча. І не заўжды даю ім рады. Зразумела, ёсьць нейкія праблемы, пра якія мне дочкі ня кажуць і пра якія я наагул ня ведаю».

Дочкамі ганаруся

«Большая дачка Тацяна, як ня стала маці, узяла на сябе ейную работу па гаспадарцы. Дужа дапамагала мне ды сёстрам, пасталела на вачах. Зь ёй мы часта абмяркоўвалі, як жыць далей. Асабліва ў першыя месяцы, калі нам усім было асабліва цяжка».

Дом сям’і Базылевых яшчэ будуецца

Дом сям’і Базылевых яшчэ будуецца

«Зь дзецьмі ў мяне стасункі як з роўнымі, як зь сябрамі. Спадзяюся, такімі яны і застануцца».

«Старэйшая Тацяна вывучылася на эканаміста і робіць па спэцыяльнасьці. Выйшла замуж, але ўнукаў у мяне пакуль няма. Цяпер, ведаеце, моладзь хоча спачатку пажыць для сябе, а потым ужо думае пра дзяцей».

Такім убачыла адна з дачок свайго бацьку Ігара Базылева

Такім убачыла адна з дачок свайго бацьку Ігара Базылева

«Яна імкнецца быць незалежным чалавекам. Шмат часу аддае на самаадукацыю. Самастойна вывучае сайтабудаўніцтва і дызайн. Зрабіла сайт для майго бізнэсу. Даўно марыць пра стварэньне рэсурсу для кулінараў. Цяпер гэтым і займаецца», — кажа Ігар з гонарам.

«Сярэдняя дачка Марыя скончыла магілёўскі каледж мастацтваў па спэцыяльнасьці „дызайнэр“ і цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Ёй заўжды падабалася маляваць, таму яна і абрала для сябе дызайнэрскі шлях.

Яе таксама цікавяць экалягічныя праблемы, гендэрная роўнасьць, правы жанчын. Ма́е шмат сяброў у розных краінах — пазнаёмілася, калі вывучала прававыя гендэрныя аспэкты. Яны прыяжджаюць да яе ў госьці».

«Меншая Ліза таксама вучыцца ў Віцебску — на лекара. У школе яна займалася музыкай, актыўна ўдзельнічала ў самадзейных калектывах, гэта прыдалося і ва ўнівэрсытэце. Але прафэсійна займацца музыкай яна не захацела — кажа, што музыка толькі для яе».

Такім хацелі б бачаць Ігара ягоныя сябры

Такім хацелі б бачаць Ігара ягоныя сябры

«Марыя і Ліза паступілі на бюджэтнае навучаньне, і гэта дапамагло абысьці фінансавыя цяжкасьці для сям’і».

Па дзяржаўную дапамогу не зьвярталіся

«Зразумела, грошай заўсёды будзе не хапаць, але наша сям’я — прыхільнікі разумнага спажываньня. Вядома ж, дзяўчатам хочацца і прыгожа апранацца, і прывабна выглядаць, асабліва цяпер, калі багаты выбар, аднак яны з разуменьнем ставяцца да фінансавых праблемаў, калі тыя паўстаюць».

«Зрэшты, я не сказаў бы, што мы настолькі ўжо ў грашовай нястачы. Я працаваў, добра зарабляў, потым вырашыў зьмяніць від дзейнасьці — захацеў заняцца сваёй справаю. Напачатку бізнэс прыносіў прыбытак, аднак цяпер стала няпроста працаваць. Эканамічныя праблемы закранулі ўсіх».

Доччыны паштоўкі бацьку

Доччыны паштоўкі бацьку

Дзьве дачкі атрымліваюць дзяржаўную дапамогу праз страту кармільца — па паўтара мільёна.

«Мы наважыліся і напісалі заяву на месца ў інтэрнаце для меншай дачкі. Але адказалі, што сямейны дастатак не дазваляе мець ільготаў на жытло. Наша дзяржава дапамагае тым, каму хапае толькі на малако ды хлеб».

У выхаваньні ня мусіць быць гвалту

«Нас зьяднала, зблізіла бяда. Можна сказаць, што мы гадавалі адзін аднаго. Дапамагалі адзін аднаму.

Я імкнуўся не навязваць сваіх поглядаў на жыцьцё. Мне здавалася, што дзеці самастойна меліся выбіраць жыцьцёвы шлях».

«Часьцяком хацелася выкарыстаць аўтарытарны бацькоўскі рэсурс. Але разуменьне таго, што вялікай карысьці гэта ня дасьць, стрымлівала. Імкнуўся ўсё ж, каб адносіны зь дзецьмі былі роўнымі. Больш даваў свабоды, але чуў праз гэта шмат крытыкі ад блізкіх: маўляў, зашмат дочкам дазваляеш».

Паштоўка да Дня абаронцы айчыны зь беларускім вершнікам

Паштоўка да Дня абаронцы айчыны зь беларускім вершнікам

Сям’я Базылевых часта зьбіраецца разам. «Менавіта дзеці выступаюць ініцыятарамі сямейных сустрэч. Большая дачка займаецца арганізацыяй стала. Балуе прысмакамі, сваімі кулінарнымі вынаходкамі. Яна любіць гэтым займацца».

«За сталом гаворым пра рознае: навуку, гісторыю, не пазьбягаем і палітычных тэмаў. Неяк Ліза апавяла, што ейныя сябры даймалі яе пытаньнямі, адкуль яна пра рознае столькі ведае. Гэта ўсё нашы размовы».

Тэлевізара ў доме няма. Вучымся гаварыць па-беларуску

У доме багата паштовак, адрасаваных Ігару і падпісаных па-беларуску.

«Гэта дочкі падпісвалі і дарылі. Тое, што на беларускай мове, — гэта наша такая пазыцыя. Пакуль па-беларуску гаворым мала, нестае практыкі ды ведаў, але стараемся ўсяму вучыцца».

«Тэлевізара ў доме няма. Не хачу, каб навязвалі нам чужое ўспрыманьне сьвету. Як беларускага няма па тэлебачаньні, дык і наагул яго ня трэба. У старэйшай дачкі таксама няма тэлевізара. І такая ж пазыцыя, як і ў мяне».

«У мяне няма адчуваньня абяздоленасьці. Па першым часе, як ня стала жонкі, было псыхалягічна дужа цяжка. Цяпер гэты боль прытупіўся. Жыцьцё ідзе сваім ладам. Разам з дочкамі думаем пра будучыню».

«Праблема бацькоў і дзяцей актуальная для ўсіх часоў, а пагатоў цяпер, калі жыцьцё хутка мяняецца. У моладзі свае ўяўленьні пра жыцьцё, а ў нас, старэйшага пакаленьня, свае. Аднак мы шукаем і знаходзім паразуменьні».

Час ад часу Ігару раяць, каб пазнаёміўся з жанчынай, якая стала б яму жонкай і маці для дачок. Прызнаецца, спроба такая была:

«Але неяк ня склалася ў нас. Тады ў мяне зашмат праблемаў было. Дзеці былі на першым месцы».

«Мае дзеці кажуць, што хочуць бачыць і мяне шчасьлівым. Але для мяне шчасьце, як для кожнага з бацькоў, каб найперш былі шчасьлівыя дзеці, каб яны маглі напоўніцу рэалізавацца ў сваім жыцьці».

Я не лічу сябе няшчасным чалавекам

«Калі дзеці вырастуць і займеюць свае семʼі, — на мяне не забудуцца. Адзін не застануся».

«Я не лічу сябе няшчасным чалавекам. Мяне раздражняе, калі пачынаюць мяне шкадаваць. Калі ў чалавека ёсьць рукі, ногі, галава, то ён мусіць спраўляцца зь любой сытуацыяй. Я па жыцьці хутчэй рэаліст. Не аптыміст, не пэсыміст, а рэаліст».

«Цяжкасьці пераадольваюцца. Чалавек зжываецца зь любым болем. Так уладкаваная ягоная псыхіка. Ён ня мусіць думаць толькі пра страты. Ягоныя думы скіраваныя ў будучыню. Учацьвярых мы даём рады ўсім праблемам».

Кухня Базылевых

Кухня Базылевых

Ігар больш за дваццаць гадоў адпрацаваў у банкаўскай сфэры. У яго тэхнічная і эканамічная адукацыя. Быў праграмістам, цяпер індывідуальны прадпрымальнік.

«У нас такая традыцыя ў родзе, каб кожны меў вышэйшую адукацыю. Мае дзяды ўжо яе мелі».

«Як кажуць, сапраўды інтэлігент — толькі ў пятым пакаленьні. Мне дужа хочацца, каб традыцыю з вышэйшай адукацыяй працягнулі і ўнукі. Яны і стануць інтэлігентамі».

«Наагул чалавек мусіць мець унутраныя прынцыпы, на падставе якіх мае выбудоўваць сваё жыцьцё. У такім разе ён ведае, дзеля чаго жыве.

І выжыве ў любой сытуацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG