Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкрылася нямецка-беларуская выстава «Жыць ці пісаць», прысьвечаная Варламу Шаламаву


З выставы пра Варлама Шаламава «Жыць ці пісаць»

З выставы пра Варлама Шаламава «Жыць ці пісаць»

Выставу падрыхтаваў «Дом літаратуры Бэрліна», у Беларусі партнэрамі выступіла гарадзенская творчая прастора «ДОМ 46». На выставе прадстаўленыя дакумэнты, фатаздымкі і мастацкія творы пра турмы, ссылкі і лягеры, празь якія прайшоў вядомы расейскі пісьменьнік Варлам Шаламаў. Наведнікі выставы могуць паглядзець відэафільм пра жыцьцё і творчасьць Шаламава, паслухаць расповед пра эпоху сталінізму.

Дырэктарка творчай прасторы «Дом 46» Яўгенія Рамановіч расказала:

«У нас на адкрыцьці выставы прысутнічала каля 60 чалавек, пераважна маладыя людзі, якія ходзяць да нас на заняткі. Мы тут усе былі ўражаныя ўбачаным і пачутым пра эпоху сталінізму і пра ГУЛАГ.

На жаль, наша пакаленьне пра гэта ведае вельмі мала. Мы хочам яшчэ запрасіць адмыслоўцаў, якія б маглі прачытаць нам лекцыю пра беларусаў, што пацярпелі ў тыя часы. Маладому пакаленьню вельмі важна ведаць гісторыю».

Яўгенія Рамановіч адзначыла, што «ДОМ 46» упершыню рабіў такую тэматычную выставу. У асноўным гэтая недзяржаўная структура ладзіць праекты, зьвязаныя з танцамі, канцэртнай дзейнасьцю.

Імя Варлама Шаламава стаіць у адным шэрагу з імёнамі Прыма Леві, Хорхэ Сэмпруна і Імрэ Кертэса: іхнія апісаньні канцлягераў у Бухенвальдзе і Асвенціме сталі сьведчаньнямі пра таталітарны тэрор.

Расейскі пісьменьнік Варлам Шаламаў правёў у сталінскіх ссылках і ГУЛАГу амаль дваццаць гадоў. У сваіх творах ён адлюстраваў лягерны побыт, катаваньні, безвыходнае становішча зьняволеных. Большая частка літаратурнай спадчыны Шаламава была выдадзена ў СССР і Расеі толькі пасьля сьмерці пісьменьніка.

XS
SM
MD
LG