Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палац Валовічаў развальваецца пад аховай дзяржавы


Палац Валовічаў у Сьвяцку

Палац Валовічаў у Сьвяцку

Унікальны палацава-паркавы комплекс у Сьвяцку, узьведзены італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сака ў XVIII стагодзьдзі для магнатаў Валовічаў, застаўшыся без гаспадара, пакрысе разбураецца. Іншага падобнага помніка архітэктуры блізу Горадні няма.

Тым, хто памятае палац Валовічаў у Сьвяцку яшчэ з савецкіх часоў, цяпер цяжка тут хадзіць. Камуністы былі не найлепшымі гаспадарамі, але ўсё ж гэты помнік выкарыстоўвалі ў якасьці санаторыя. Цяпер гэтае хараство зьнікае, прычым бясьсьледна.

У такім стане палац Валовічаў цяпер

У такім стане палац Валовічаў цяпер

На будынку шыльдачка з надпісам: помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, ахоўваецца дзяржавай... А побач са сьценамі, якія паабсыпаліся ад вільгаці, побач з зацягнутымі цыратай вокнамі — зарослыя берагі сажалак. Усяго некалькі гадоў таму іх аднавілі, але з таго часу пасьпелі зноў занядбаць.

У такім стане палац Валовічаў цяпер

У такім стане палац Валовічаў цяпер

Мясцовы жыхар, спадар Іван, якога давялося тут сустрэць, кажа, што цяжка праходзіць побач бяз болю. Ён узгадвае, як выглядаў палац і парк у ягоным дзяцінстве, паказвае, дзе цьвілі ружы, дзе плавалі па ставах на лодках, куды хадзілі ў краму. Узгадвае, што тут заўсёды гучала музыка, а ў самім санаторыі можна было пагуляць у більярд, схадзіць у бібліятэку і пасядзець там ва ўтульным фатэлі, разглядаючы розныя цікавінкі ў старасьвецкай залі.

У такім стане палац Валовічаў цяпер

У такім стане палац Валовічаў цяпер

— Цяпер нічога тут няма, людзей практычна няма, а палац — яго ніхто не шкадуе, а такая прыгажосьць. Памятаю, як у 2005 годзе адсюль ад’яжджалі апошнія лекары, рабілі вунь тут каля саду шашлыкі... Нехта распавядаў, як палілі архіўныя паперы ў кацельні, то знайшлі, што ў санаторыі працавалі больш за 90 чалавек. Вядома, разам зь лекарамі і абслугай. Як тут было ўсё прыгожа і сьвяточна. А цяпер вунь дрэва ўпала на дарозе і ўжо колькі месяцаў ляжыць, а так ніхто і не прыбярэ.

У такім стане палац Валовічаў цяпер

У такім стане палац Валовічаў цяпер

Маладая жанчына гуляе зь дзіцем. Кажа, што прыяжджае да родных часам на лета. І заўсёды да яе тут падыходзяць турысты і зьдзіўлена пытаюцца — чаму такое запусьценьне і калі пачнуць рабіць рэстаўрацыю? Прычым турысты як зь Беларусі, так і замежныя.

У такім стане палац Валовічаў цяпер

У такім стане палац Валовічаў цяпер

— Мне таксама сорамна за тое, як тут усё выглядае, хоць я нібыта і не нясу за гэта адказнасьці. Вунь бачыце, ясеневая прысада. Мы тут заўсёды гулялі, яна такая рамантычная. Але цяпер ня пойдзеш з каляскай, бо ня выедзеш. Пісалі ў газэтах, што нібыта павінна рэстаўрацыя скончыцца ў 2017 годзе, а тут нават ніхто нічога не пачынаў. Сам палац пачаў развальвацца. І пра што толькі думаюць уладальнікі? А сажалкі былі давялі да ладу, а цяпер паглядзіце, як усё дзіка пазарастала. Яшчэ летась трактары прыяжджалі, касілі, а цяпер...

Вакол палаца дзічэюць берагі сажалак

Вакол палаца дзічэюць берагі сажалак

Насамрэч у 2009 годзе, пасьля таго як палац перайшоў ва ўласнасьць санаторыя «Азёрны», які тады належаў Нацбанку, сёе-тое пачало зьмяняцца. Давялі да ладу сажалкі, парабілі вакол іх прыгожыя дарожкі, па якіх ахвотна гулялі заежджыя турысты. Месца аблюбавалі вясельныя картэжы з Горадні, рабілі здымкі, гулялі. А цяпер тут нідзе ня пройдзеш, усё дзічэе. Толькі ля самога палаца трохі абкошаная трава.

Дарожкі вакол сажалак, зробленыя некалькі гадоў таму, зарастаюць

Дарожкі вакол сажалак, зробленыя некалькі гадоў таму, зарастаюць

Што да кіраўніцтва санаторыя «Азёрны», на балянсе якога знаходзіцца палацава-паркавы комплекс «Сьвяцк», то да дырэктара Аляксандра Купрашэвіча не ўдалося датэлефанавацца. Ягоная сакратарка ўвесь час адказвала, што «ён знаходзіцца на тэрыторыі...».

Паводле гарадзенскага гісторыка Янкі Лялевіча, стан палаца-паркавага комплексу ў Сьвяцку выклікае толькі сум. Зразумела, што ў сьвеце няма нічога вечнага. Але, кажа Янка Лялевіч, калі зусім нічога не рабіць дзеля таго, каб уратаваць помнік архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай, то за гэта мусіць нехта адказваць.

— Аб палацы відавочна ніхто ня дбае, і велічны палац можа разбурыцца. Зьнікне вельмі каштоўны помнік, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Цяжка ўявіць, дзе знаходзяцца ўсе нашы кантрольныя службы, якіх такое мноства. Бо калі недзе проста хату будуюць, то замучаць праверкамі, а тут нішчыцца такі палац, і нікому няма справы. Гэта ўжо зусім хамства. Сумна, вельмі сумна...

Нягледзячы на гэта, ніхто за палац не заступаецца. Грамадзкія арганізацыі, актывісты, проста людзі не зьбіраюць подпісаў, ня пішуць скаргаў, ніхто не зьвяртае ўвагі.

Вядома, што на пачатку ХХ стагодзьдзя палаца-паркавым комплексам валодалі Гурскія. У міжваенны час у палацы быў пансіянат для нарказалежных. Ад марфінавай і іншай залежнасьці тут лячыліся і прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў.

У 1930-я палац перабудавалі. За савецкім часам тут зрабілі санаторый для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер быў зьнішчаны. У 2005 санаторый адсюль выехаў, а палац перадалі на балянс упраўленьня адукацыі гарадзенскага райвыканкаму. Тады і перасталі дбаць аб палацы і парку. Пазьней комплекс перадалі на балянс санаторыя «Азёрны», але зьменаў да лепшага гэта не прынесла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG