Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашто кіраўніцтва Акадэміі навук Беларусі прыніжае беларускую мову?


Помнік аснове аграрнай эканомікі. Ля Альбэрка, Гішпанія
Помнік аснове аграрнай эканомікі. Ля Альбэрка, Гішпанія

„The Doklady“ Акадэміі навук апублікавалі артыкул пра беларуска-расейскае двумоўе. Гэта шчасьце для беларусаў, бо расейская мова самая дакладная і прыгожая, усе іншыя мовы сьвету або невыразныя, або пшэкаюць. Аўтары — кіраўнік і сакратар Акадэміі.

Сьцісла:

  • Артыкул пра беларуска-расейскі білінгвізм у часопісе „The Doklady“ апублікавалі У. Гусакоў, кіраўнік Акадэміі навук, аграрны эканаміст, і А. Каваленя, сакратар прэзыдыюму НАН, гісторык 2-й усясьветнай вайны.
  • Аўтары цьвердзяць, што:
  • — беларуска-расейскае двумоўе — унікальны фэномэн „в силу общности судеб белорусского и русского народов“ (Але такія „фэномэны“ ў сьвеце ўсюды, дзе навязваюць паноўную мову паняволенаму народу)
  • — колішні прыход польскай мовы ў Беларусь — зло, затое прыход расейскай — дабро (Але ані слова пра русыфікацыю пры царах і камуністах)
  • — расейская мова (разам зь яе ненарматыўнай лексыкай) больш дакладная, зручная, прыгожая і насычаная сэнсам, чым усе іншыя мовы сьвету
  • — ангельская мова занадта рэзкая, нямецкая маршавая, француская невыразная, а польская ўвогуле пшэкае
  • Навуковае абмеркаваньне тэксту немагчымае, бо навукі ў ім няма. Затое ёсьць зьнявагі па моўнай прыкмеце.
  • Навошта кіраўнікі Акадэміі навук зьнішчылі свае рэпутацыі? Загадала ўлада ў Менску або чакаецца фінансаваньне з Масквы?
  • Каб жа дзіўная публікацыя не была сыгналам да зачысткі беларускай навуковай і адукацыйнай прасторы перад прыходам носьбітаў самай правільнай у сьвеце мовы.
  • (Спасылкі на публікацыі Свабоды ў межах Беларусі глядзець пад VPN)
Стартавая старонка онлайн-вэрсіі артыкула У. Гусакова і А. Кавалені
Стартавая старонка онлайн-вэрсіі артыкула У. Гусакова і А. Кавалені

Сэнсацыйны тэкст апублікавала не абы-якое выданьне, а The Doklady (sic!) of the National Academy of Sciences. (Было гэта яшчэ ўлетку, тэкст ужо абмеркаваны ў моўнай суполцы FB , але чамусьці зноў усплыў у інфармацыйнай прасторы. Мо раней быў у цені рэвалюцыйных падзеяў.)

І аўтары — не абы-хто, а старшыня і сакратар прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

Уладзімер Гусакоў быў абараніў у Маскве доктарскую «Аграрная реформа и формирование рыночного хозяйственного механизма (вопросы теории и методологии)». Тэмы навуковых артыкулаў профільныя: мадэль вытворчасьці насеньня рапсу, пэрспэктывы харчовай прамысловасьці і г.д.

Аляксандар Каваленя — гісторык, аб’ект яго дасьледаваньняў — гісторыя партызанкі і падпольля ў Беларусі падчас 2-й Усясьветнай вайны. Асабіста я памятаю, што ў 1980-я ён служыў сакратаром партбюро (заўвага для маладых: тады была толькі адна партыя) у Менскім пэдагагічным інстытуце.

У. Гусакоў — галоўны рэдактар гэтых самых „The Doklady“. „Асноўнай задачай часопіса зьяўляецца прадстаўленьне навуковай грамадзкасьці паведамленьняў пра новыя закончаныя і яшчэ не надрукаваныя арыгінальныя дасьледаваньні, якія маюць прыярытэтны характар“. Значыць, гэта толькі анонс арыгінальнага дасьледаваньня або цэлага кірунку, які яшчэ ўразіць сьвет.

Сайт „союзного государства“ як навуковая крыніца

Паміж школьных банальнасьцяў і лірычных развагаў навукападобныя выказваньні трэба вышукваць. Спынюся на некалькіх.

„Осмысление белорусско-русского двуязычия нельзя осуществлять без учета роли, которая принадлежит православию. Необходимо иметь в виду тот факт, что подавляющее большинство населения Беларуси, начиная со времен крещения Киевской Руси, было православным“.

Пашкадуем акадэмікаў, не заўважым у іхнай расейскай мове стылістычнае пэрліны „осуществлять осмысление“. Гутарка толькі пра зьмест. Усходняе хрысьціянства ў Беларусі вякамі ня мела дачыненьня ані да расейскай мовы, ані да Масквы. Яго кананічнаю моваю была царкоўнаславянская (г. зн. варыянт старабаўгарскай / старамакедонскай мовы), у якую паступова пранікалі элемэнты жывой беларускай мовы. А расейская мова прыйшла толькі разам з маскоўскім праваслаўем, пасьля інкарпарацыі Беларусі ў Расейскую імпэрыю, і то не адразу. І нагадаю аксіёму: праваслаўныя ў нас былі большасьцю далёка не заўсёды.

„В ряде европейских стран наряду с национальным языком, например, в Швейцарии, успешно используются сразу четыре языка, что не ущемляет их национального достоинства“.

Гм. Акрамя Швайцарыі, хто яшчэ ў гэтым „ряде“ чатырымоўных? А ў Швайцарыі і сапраўды афіцыйныя мовы — нямецкая, француская, італьянская і рэтараманская, бо там спрадвеку жывуць кампактныя супольнасьці носьбітаў францускіх, нямецкіх, італьянскіх дыялектаў (адрозна ад расейцаў у Беларусі); адметную мову захавалі ў гарах руманчы, і дзяржава робіць захады для яе рэальнага, не дэкаратыўнага захаваньня. Але „наряду“ зь якой нацыянальнай мовай усе яны выкарыстоўваюцца? Ці рэтараманская і ёсьць „нацыянальная“? Тады „наряду“ тры, а не чатыры? Дарагія акадэмікі, гэта ж умець трэба ў кароткім сказе столькі разоў спудлаваць.

Аб’ектыўнасьць як абавязковая рыса навуковага дасьледаваньня? Навошта? Інфільтрацыя ў Беларусь польскай мовы — апрыёрнае зло:

„...Влияние польской культуры на белорусских землях... привело к вытеснению белорусского языка из официального употребления (...) Польская элита стремилась максимально устранить из системы внутригосударственной жизни связь белорусского народа с духовно-культурными традициями, со своими корнями“.

Затое прыход расейскай мовы — бясспрэчнае дабро: „Это очень обогащает, имея одну культуру, народ дополняет ее другой. Ярким примером этому служит белорусско-русский билингвизм...“ Пра моўную русыфікацыю Беларусі пад імпэрскай і савецкай уладамі, пра непасрэдную забарону ўжываньня беларускай мовы ў найважнейшых функцыях і навязваньне на яе месца расейскай — у тэксьце ані слова.

На фоне ўсяго гэтага спасылкі на сайт „союзного государства“ замест навуковага апарату ўспрымаюцца як мілыя дробязі.

Шасьціглоты


Навуковец мусіць валодаць элемэнтарнымі мэтадамі дасьледаваньня. Пачатковец аглядае зробленае папярэднікамі. І толькі тады бярэцца за ўласныя дасьледзіны. Але нашыя інтэлектуальныя лідэры абышліся бязь лішніх фармальнасьцяў. У артыкуле зусім — зусім! — няма імёнаў такіх дасьледнікаў няпростай праблемы беларуска-расейскага білінгвізму, як Адам Супрун, Арнольд Міхневіч, Ніна Мячкоўская, Генадзь Цыхун, Аляксандар Лукашанец, Сяргей Запрудзкі... Гэта толькі беларускія аўтары, прычым многія зь іх маюць або мелі дачыненьне да Акадэміі навук, „вверенной“ спадару Гусакову; маўчу ўжо пра замежных.

Таму і з галіновай тэрміналёгіяй праблемы. „Людей, владеющих двумя языками, называют билингвами, более двух – полилингвами, более шести – полиглотами“. Адкуль азначэньні — няясна; выглядае, з выпадковага пошуку ў інтэрнэце.

У сьвеце сытуацыі білінгвізму разнастайныя. Ён бывае функцыянальна разьмежаваны, зьмешаны, ураўнаважаны — або не... Без навуковага аналізу ня вызначыць уплыў двумоўя на будучы лёс беларускае мовы. Аднак аўтары і бязь лішняй тэорыі здольныя на сэнсацыйнае паліткарэктнае адкрыцьцё:

„...Краткий экскурс в историю формирования белорусско-русского языкового взаимодействия позволяет утверждать, что это феномен, представляющий собой особый вид билингвизма, имеющий специфические черты в силу общности судеб белорусского и русского народов, генетического родства и близости двух языковых систем“.

Але нічога спэцыфічнага ў нашай моўнай сытуацыі няма. Блізкароднасны білінгвізм, пры якім паноўная мова этнічна неаднароднай дзяржавы выцясьняе мову карэннага народу, вядомы ў розных краінах. Такое было, прыкладам, у Нарвэгіі пад дацкай каронай, а ў наш час становішча, у многім падобнае да моўнай сытуацыі ў падсавецкіх Беларусі і Ўкраіне, захоўваецца ў Каталёніі пад гішпанскай уладай.

Бязь „фені“ ў акадэмікі ня возьмуць

Відаць, галоўнае пасланьне опуса — хваласьпеў расейскай мове:

„...Нет другого такого языка в мире, который так бы точно, полно и образно передавал суть любого «предмета» как в разговорной речи, так и в письменном изложении. Наличие известного количества падежей, склонений и окончаний слов позволяет это делать почти с ювелирной точностью. Он очень удобен по произношению, красив по звучанию, насыщен по смыслу передаваемой и воспринимаемой информации. Включает достоинства всех других языков мира“.

У кітайскай мове няма склонаў і канчаткаў для іх, дый у ангельскай амаль не засталося скланеньня назоўнікаў — значыць, паводле Гусакова-Кавалені, па-кітайску і па-ангельску нельга выказацца дакладна ці вобразна? У беларускай мове, дарэчы, на адзін склон больш, чым у расейскай, а ў эстонскай мове чатырнаццаць склонаў. Дзе адпаведныя высновы, аўтары?

Далей яшчэ круцей.

„Наряду с достоинствами, он [расейская мова. — В.В.] лишен недостатков многих известных языков других стран и народов. Так, русский язык не приемлет резкости и напористости английского, скороговорки и громкости итальянского, спешности и неполной выразительности французского, маршевости немецкого, «пшеканья» польского“.

На пэрсанальнай старонцы У. Гусакова на АграВэб пералічаныя мовы, якімі ён, пэўна, валодае, — расейская, беларуская, ангельская, нямецкая. Францускай, італьянскай і польскай у пераліку няма.

Шчыра хацелася б ведаць, як акадэмік вызначыў, што француская мова — „пасьпешлівая“ і „недастаткова выразная“, не валодаючы ёю. Магчыма, гэта тэма наступнай сэнсацыйнай публікацыі?

А што такое „маршевость“ мовы? Хто мераў ступень „выразительности“, у якіх балах, дзе шкала? Калі працягнуць глыбокую думку, то, прыкладам, у беларускай мове няма расейскай сынтаксычнай недакладнасьці і фанэтычнага чіґіріканья. І г. д. Але так рабіць няможна. Бо не бывае апрыёры прыгожых і непрыгожых, дасканалых і недасканалых моваў. Іх эмацыйная ацэнка ня мае нічога супольнага з навукай.

Характэрная рыса польскай фанэтыкі — пераход мяккага [*r’] у [š]/[ž], магчыма, зьвязаная з кельцкім субстратам; яе ахвотна выкарыстоўваюць для асанансаў паэты. Але нашыя шаноўныя аўтары гэтую зьяву па-гопніцку абазвалі „пшеканьем“.

Слова „пшекать“ у расейскай лексыкаграфіі лічыцца „грэблівым“ ці „прыніжальным“; „пшек“ — гэта расейская „феня“ (гл. „Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона“ Д. Балдаева і суаўт.). Няўжо акадэмікі таксама ўмеюць сядзець на кукішках без адрыву ступні і ганарацца гэтым? Відаць, так! Бо ў тым жа абзацы ніжэй чытаем:

„...На русском языке наиболее сочно звучит даже ненормативная лексика, так называемый слэнг, которым пользуется весь мир“.

Якое значэньне акадэмікі ўкладаюць у выраз „ненарматыўная лексыка“ — ці ўся лексыка па-за межамі літаратурнай нормы, ці, як звычайна ў дылетантаў, тое самае, што абсцэнная? Відаць, апошняе, бо расейскім „слэнгам“ сьвет не карыстаецца дакладна, а вось расейскую нецэнзурную лаянку Ўладзімір Высоцкі бачыў „в общественном парижском туалете“.

Магчыма, першаўзор нятленнай цытаты — памятная ўсім са школы думка расейскага акадэміка Міхайлы Ламаносава зь ягонай прадмовы да „Российской грамматики“:

Карл Пятый, римский император, говаривал, что ишпанским языком с богом, французским — с друзьями, немецким — с неприятельми, италиянским — с женским полом говорить прилично. Но если бы он российскому языку был искусен, то, конечно, к тому присовокупил бы, что им со всеми оными говорить пристойно, ибо нашел бы в нем великолепие ишпанского, живость французского, крепость немецкого, нежность италиянского, сверх того богатство и сильную в изображениях краткость греческого и латинского языка.

Міхайла Ламаносаў (1711—1765)
Міхайла Ламаносаў (1711—1765)

Погляды Ламаносава на моўныя зьявы бывалі наіўнымі. Але нават будучы ў патрыятычным запале, ён тут і сваю родную мову апяяў, і мовы іншых народаў не абразіў, а наадварот — раздаў ім камплімэнты.

А з цытаты акадэмікаў вынікае, што беларуская мова і ўсе астатнія мовы сьвету ніжэйшыя за расейскую. Гэта ня толькі антынавукова, гэта ня толькі самапрыніжэньне нацыянальнай і моўнай годнасьці аўтараў тэксту — беларусаў. Пасаж пра „пшеканье“ etc. мае прыкметы зьнявагі, прыніжэньня паводле моўнай прыкметы і распальваньня міжмоўнай варажнечы.

Самастрэл на загад ці за фінансаваньне?

Дэманстратыўная ідэалізацыя расейшчыны на фоне прыніжэньня іншых моваў вымушае задумацца пра жанр і месца опуса. Бачу, нехта з камэнтатараў называе яго „эсэ“. Што навука там і блізка не стаяла, ясна. Але гэта і не высокаэстэтычны літаратурны жанр эсэ. У якасьці агіткі на якім-небудзь расейскім чарнасоценным інтэрнэт-рэсурсе — сама тое.

Кіраўнікі Акадэміі навук нанесьлі ўдар сваёй рэпутацыі — але гэта іхная асабістая бяда. Пацярпеў жа і статус Акадэміі навук. Адгэтуль кожная экспэртыза пад яе грыфам на палітычна датклівыя тэмы — напрыклад пра наступствы Чарнобыля, пра стаўленьне грамадзтва да Канстытуцыі 1994 году або пра інтэграцыю з Расеяй — ня будзе ўспрымацца як аб’ектыўная і наагул як экспэртыза. Чытачы будуць толькі задавацца пытаньнем „хто ім заплаціў/загадаў“. Варыянтаў адказу няшмат: ці галоўны менскі начальнік, ці россотруднічэствы (іншых міжнародных фундатараў беларускай навукі, відаць, не засталося).

Нават калі нятленку стваралі ня самі вучоныя мужы, а лябаранты і ахмістрыні, гэта ня мае значэньня, бо тэкст падпісаны. Магчыма, яны не шукалі прафэсіяналаў у суседнім акадэмічным будынку невыпадкова? тыя маглі б напісаць крамолу?

Svintus Grandiosus Immortalis

Аўтары нарадзіліся ў Беларусі. Паколькі сталі акадэмікамі, то, відаць, вучыліся ў школе выдатна і мусяць ведаць праграмны твор Кандрата Крапівы — пагатоў ён пра акадэмічную навуку.

Да Крапівы ў мяне стаўленьне неадназначнае. Але вобраз начальніка над вучонымі Гарлахвацкага з камэдыі „Хто сьмяецца апошнім“ перажыў дзесяцігодзьдзі, зьмены эпох і канатацыяў. Прапанова паставіць перад калянадай прэзыдыюму Акадэміі навук помнік неўміручаму Сьвінтусу Грандыёзусу, якую першым агучыў А. Бахарэвіч, актуальная як ніколі:

„Мы толькі што заслухалі найцікавейшы даклад, падобнага якому ня слухала, напэўна, ні адна навуковая аўдыторыя. У выніку гэтага дакладу перад намі ва ўсёй прыгажосьці ўстаў вобраз сьвінячага маманта. Гэтая дапатопная жывёліна аказалася вельмі жывучай, і некаторыя яе экзэмпляры дажылі аж да нашага часу. Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе ня ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсьць у яе, — калі ня ўзяць за гэтыя жабры, дык такі сьвінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць. Добра, калі ён адзін, а могуць за яго сьпінаю стаяць яшчэ больш клыкастыя“.

Каб жа недарэчная публікацыя ў „The Doklady“ не была сыгналам да зачысткі беларускай навуковай, культурнай, адукацыйнай прасторы перад прыходам носьбітаў самай правільнай у сьвеце мовы.

Акадэмікі, падміргніце!

Захоўваю апошні спадзеў. Мо У. Гусакоў і А. Каваленя такі тэкст апублікавалі спэцыяльна — каб чытачы зразумелі, што гэта не ўсур’ёз, і каб усе мы разам пасьмяяліся зь недарэчных і небясьпечных ідэалягічных загадаў улады. Калі сапраўды так — няхай акадэмікі двойчы падміргнуць грамадзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG