Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што ў Ірляндыі й Швайцарыі можна, а ў Беларусі — не. Піша Вінцук Вячорка.

Падзеі апошняга паўгоду паказалі, якой небясьпечнай зброяй могуць быць звычайныя працэнты носьбітаў пэўнае мовы на пэўным абшары. Адкуль тыя працэнты (ці то адсоткі) бяруцца?

Напачатку дыяграма, якую мне ўжо даводзілася паказваць.

Беларуская мова як родная ў перапісах насельніцтва (1897–2009)

Беларуская мова як родная ў перапісах насельніцтва (1897–2009)

  • Сіняя лінія — этнічныя беларусы

  • Чырвоная лінія — усё насельніцтва

  • * У межах Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Горадзенскай губэрняў.
  • ** У межах БССР да верасьня 1939.

Пасьля непрацяглага росту беларускай моўнай ідэнтычнасьці (была кароткая эпоха «беларусізацыі» 20-х гадоў у БССР) надалей у савецкі час ішоў яе няўхільны, хоць і павольны, спад — па 3–6% кожныя дзесяць год. Тэндэнцыя пераламілася, як толькі беларуская мова стала адзінаю дзяржаўнаю і Беларусь аднавіла незалежнасьць. У 1999 годзе 73,7% грамадзянаў назвалі беларускую мову роднай (зразумела, 1999 — зусім не 1993, але моўна-каштоўнасны выбар людзей мае пэўную інэрцыю).

А паводле апошняга перапісу (2009 год) працэнт усіх жыхароў дзяржавы, якія лічаць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53,2%. Адсотак беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%. Зразумела, на карысьць расейскае. Такая радыкальная й хуткая (20–25% за дзесяць гадоў) зьмена моўнай ідэнтычнасьці — беспрэцэдэнтная для моўных сытуацыяў у сьвеце. Пагатоў калі йдзецца пра «маладую дзяржаву», у якой, здавалася б, мусіць мацавацца ўласная нацыянальна-культурная тоеснасьць. (Зрэшты, «маладосьць дзяржавы» — рэч адносная: дзяржавы Балтыі за 20 гадоў міжваеннай незалежнасьці забясьпечылі сваім мовам такі непарушны статус, што яго не падарвала нават савецкая моўная палітыка.)

Нацыянальны статыстычны камітэце, барані сваё!

Няма падставаў сьцьвярджаць, што нехта ў прамысловых маштабах карэктаваў атрыманыя вынікі; пэўна, людзі больш-менш так і адказвалі. Чаму?

Ясна, што радыкальна зьмянілася стаўленьне дзяржавы да беларускае мовы. Гэта выявілася і ў заявах кіраўніка дзяржавы наконт патэнцыялу беларускае мовы, і ў скарачэньні сфэраў яе ўжытку, і ў пэрспэктывах для тых, хто вучыцца па-беларуску. Гэта відавочна кожнаму і ня можа не ўплываць на паводзіны паспалітага беларуса падчас перапісу (г. зн. наўпроставага кантакту зь дзяржаваю): адкажу так, каб патрапіць у чаканьні ды сабе не нашкодзіць.

Многія нашыя сучасьнікі вымушаныя аднаўляць моўную ідэнтычнасьць праз разрыў аднаго ці двух пакаленьняў: іхныя бацькі, самі з маленства беларускамоўныя, размаўлялі зь дзецьмі як умелі па-расейску, каб не ўскладняць ім жыцьця.Але зьмяніліся і фармуляваньні, ужытыя ў перапісе. Яшчэ калі ён плянаваўся, мы з калегамі білі ў званы, але марна. Паняцьце «Родная мова» ў перапісным блянку раней не тлумачылася. Цяпер тлумачыцца як «мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве». Але ў нашай традыцыі родная мова — тая, якую чалавек успрымае як пазнаку нацыянальнай прыналежнасьці, як каштоўнасьць, і тым самым пагаджаецца, што беларуская мова павінна жыць, мець пэрспэктыву, што хай ён сам цяпер не гаворыць, але дзеці-ўнукі адновяць надарваны ланцужок.

Беларускія службоўцы тлумачылі, што ўзялі такое тлумачэньне паняцьця «родная мова» з рэкамэндацыяў UNFPA — cпэцыялізаванай ААНаўскай структуры для вывучэньня актыўнасьці насельніцтва. Сапраўды, UNFPA імкнецца, каб зьвесткі перапісаў былі параўнальныя міжсобку, мэтадычна дапамагае маладым дзяржавам без традыцыяў уласнай статыстыкі. Наколькі вядома, Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, рыхтуючы перапіс 2009 году, зважаў на рэкамэндацыі UNFPA (у тым ліку і таму, што з боку ААН мела быць дапамога — праграмным забесьпячэньнем ды інш.).

Ангельская тэрміналёгія ўжывае выраз mother tongue — матчына мова. Аказваецца, пераклад гэтага спалучэньня на беларускую выразам «родная мова» бывае недакладны (зрэшты, «матчынаю моваю» завуць беларускую і тыя, з кім маці ўжо не гаварыла па-беларуску — але зь ёю магла гаварыць ейная маці — і выраз у такім выпадку значыць — традыцыйна свая. На расейскую гэтая ідыёма не перакладаецца). Нішто не замінала, скарыстаўшы гатовую матрыцу UNFPA, папоўніць яе пытаньнямі, адпаведнымі нашым рэаліям.

Люстэркі бываюць якасныя

Калі перапісы рыхтуюцца ў дэмакратычных дзяржавах, зацікаўленых аб’ектыўна ацаніць складаную моўную сытуацыю, то моўны блёк там заўсёды дапасоўваецца да рэальнасьці.

Вось блянк перапісу насельніцтва Ірляндзкай Рэспублікі. Там пасьля стагодзьдзяў уціску адраджаецца ірляндзкая гэльская (кельцкая) мова. Справа ідзе нялёгка, даводзіцца канкураваць з магутнай ангельскай мовай, якая выконвае функцыю глябальнага сродку камунікацыі (дарэчы, адрозна ад расейскай). Пра ангельскую дублінская анкета ўвогуле не пытае. Затое прапаноўвае пытаньні пра ірляндзкую:

11. Ці можаце вы гаварыць па-ірляндзку?

1- Так 2- Не

Калі «Так», ці вы гаворыце па-ірляндзку:

1- Штодня 2- Штотыдзень 3- Менш часта 4- Ніколі

У выніку здабываюцца зьвесткі пра актыўнае і пасіўнае валоданьне моваю — апошняе трэба мераць, каб стымуляваць яго пераход у актыўную форму.

Яшчэ кельты. Валія (Уэльс) — калісьці першая калёнія Ангельшчыны, а сёньня складовая частка Злучанага Каралеўства. Моўнае пытаньне перапісу:

9. Ці можаце вы разумець, гаварыць, чытаць або пісаць па-валійску? (пазначаць усе пункты, якія пасуюць)

□ Разумею вусную валійскую мову

□ Гавару па-валійску

□ Чытаю па-валійску

□ Пішу па-валійску

□ Нічога з названага вышэй

І, урэшце, Швайцарыя — дзяржава, афіцыйнае чатырохмоўе якой любяць прыводзіць як аргумэнт адвакаты дзяржаўнага двумоўня ў Беларусі.

У іх вельмі дэталізаваная моўная анкета перапісу, дзе ёсьць і пытаньне пра мову, на якой чалавек думае і ведае найлепей, і пра мову ці мовы, на якой (якіх) гаворыць рэгулярна, прычым асобна ў школе і на працы або дома, зь сям’ёй. Абавязкова павінны пазначацца дыялекты, г. зн. ня можна пісаць, што асоба гаворыць па-нямецку, па-італьянску, калі папраўдзе яна карыстаецца швайцарска-нямецкім дыялектам або італьянскім дыялектам Тычына. Асобна зазначана, што калі людзі гавораць па-фрыульску, то гэта не італьянскі дыялект, а рэтараманскі. Так швайцарцы вымяраюць захаванасьць непаўторна сваіх, швайцарскіх, гаворак (кожная зь якіх пераважае ў пэўным кантоне).

Невыносная лёгкасьць моўнага быцьця

У беларускіх жа перапісных анкетах нічога не было пра варыянты беларускае мовы ў вуснах грамадзянаў: дыялектныя формы, беларуска-расейскія зьмешаныя варыянты («трасянка»), якія ў мовазнаўстве шырэй называюць «піджыны» й «крэольскія мовы». Сапраўды, дзе мяжа беларускай і расейскай у такім ланцужку: «на наступным прыпынку» — «на сьледушчай астаноўцы» — «на сьледушчай астаноўке»? Адказ ня просты. Фанэтычна, інтанацыйна, часта граматычна гэта прынамсі не расейская мова.

У той жа час у перапісе 2009 году было новае моўнае пытаньне: «На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?»

Вось жа, паводле афіцыйных зьвестак, дома звычайна размаўляе па-беларуску толькі 23,4% (сярод этнічных беларусаў — 26,1%). У той час калі, паводле многіх сацыялінгвістаў і паводле UNESCO, крытычны парог самаўзнаўленьня для мовы — 30% практычных носьбітаў.

Аднак папраўдзе мы маем тут адказ на іншае пытаньне: «Ці думаеце вы, што мова, якою вы гаворыце, беларуская?» Вось жа мноства людзей лічыць, што тэрмінам «беларуская мова» яны маюць права назваць толькі літаратурную, стандартную мову, блізкую да таго, што памятаюць са школы й чулі ў радыё. А іхны родны дыялект або трасянка самі называюць у лепшым выпадку нечым «зьмешаным». Моўная ідэнтычнасьць можа адрозьнівацца ад моўных паводзінаў. Прычым у абодва бакі. Так, каштоўнасна матываваны расейскамоўны ад нараджэньня чалавек з выразнай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьцю падчас перапісу можа назваць роднаю моваю (нават калі апытальнік будзе настойваць на «ААНаўскім» азначэньні) беларускую. І наадварот: носьбіт дыялекту, піджыну запішацца «расейскамоўным».

Наагул кажучы, і збор моўных зьвестак, і рэальная моўная палітыка дзяржавы залежаць ад стратэгіі: ці плянуецца інтэнсіўная тэрапія, ці нехта ўжо рыхтуе патолягаанатамічнае заключэньне

Спытаўшыся пра «хатнюю» мову, варта было б усьлед спытаць і пра мову, якую ўжывае чалавек на працы (як швайцарцы). І мы пабачылі б, якое мізэрнае месца адведзена беларускай мове ў крытычна важных для яе будучыні працоўных сфэрах ужытку.

Трэба меркаваць, што пасіўна валодае беларускаю моваю, гэта значыць яе разумее, абсалютная бальшыня жыхароў краіны. Прысутнасьць беларускае мовы ў інфармацыйнай прасторы і ва ўсіх іншых функцыях нічым нікога ня ўшчэміць. Але перапіс 2009 году не адлюстроўвае ступені актыўнага й пасіўнага валоданьня беларускаю моваю ва ўсіх яе варыянтах.

Здароў! — Здароў, калі не жартуеш

Тут гаворка толькі пра перапісы, бо іхныя зьвесткі лічацца найбольш верагоднымі, на іх грунтуецца дзяржаўная палітыка. Цяпер акурат своеасаблівы мэдыюм — пяць гадоў прамінула з апошняга перапісу, празь пяць гадоў мае быць наступны, дык варта фармуляваць пазыцыю загадзя. Апошнім часам і сацыёлягі пачалі больш зважаць на моўныя праблемы, ёсьць цікавыя дасьледаваньні (і ёсьць закарэлыя стэрэатыпы), але пра тое іншым разам. Скажу хіба пра дробязь, на якую не зважаюць ані сацыёлягі, ані арганізатары перапісаў.

Мова, акрамя іншых, мае так званую фатычную функцыю — служыць для ўсталяваньня кантакту. У грамадзтвах з складанаю моўнаю сытуацыяй (а ў нас яна складаная) выбар мовы першага кантакту ўплывае на наступную камунікацыю. Калі апытальнік пачынае гаварыць па-расейску, нават беларускамоўны ў жыцьці чалавек часта падсьвядома да гэтага адаптуецца — і невядома (ніхто ж ня мераў!), ці розьніліся б адказы на пытаньні пра мову, калі б апытальнік пачынаў гутарку па-беларуску.

Рэкляма беларускай мовы на білбордах

Рэкляма беларускай мовы на білбордах

Падобна выглядае сытуацыя першага кантакту на нібыта двумоўных інфармацыйных парталах. Давялося быць на сустрэчы з стваральнікам найбуйнейшага такога парталу ў Беларусі. Ён сказаў, што працэнт тых, хто выбірае беларускую мову, вельмі невялікі, хоць за апошні час і вырас удвая (зазначу, так і застаўшыся мізэрным). Аднак калі чалавек разумее абедзьве мовы, а каб пераключыцца на беларускую, трэба адпаведную спасылку знайсьці зь мікраскопам на самым дне парталу, то настойлівымі будуць ну вельмі прынцыповыя людзі. Калі партал стандартна адкрываецца па-расейску — раўнапраўнага выбару мовы няма.

Перакуленая піраміда калі-небудзь упадзе

Нават, лагодна кажучы, няпоўныя зьвесткі перапісаў могуць служыць беларускамоўным падставаю для абароны сваіх правоў. Так выглядае перакуленая піраміда функцыянальна неўраўнаважанага двумоўя ў Рэспубліцы Беларусі (зьвесткі 2011–2012 гг.).

Ведаю з досьведу: іншаземцаў уражвае. Але з агульнанацыянальнага пяройдзем на лякальны ровень: горад Маладэчна, колішні (пра што там памятаюць) абласны цэнтар, насельніцтва 94 тысячы чалавек. Паводле перапісу 2009 году, роднаю моваю тут прызнаюць беларускую 65005 чалавек, або 68,9%.

Прызналіся, што гавораць дома па-беларуску, 27515 жыхароў Маладэчна, або 29,2%. Сярод іх ня толькі «яшчэ тыя» міжваенныя дзяды — такіх фізычна гэтулькі не набярэцца — але і эканамічна актыўнае насельніцтва, сем’і зь дзецьмі. У горадзе 6524 вучні. Калі зь іх трэць, або хай сабе чвэрць або пятая частка, належыць да беларускамоўнае грамады Маладэчна, гэта ад 1200 да 2100 школьнікаў. Магчымасцяў вучыцца для іх няма зусім, 0%.

Сям’я з запамінальным прозьвішчам Брыль, дзе трое дзяцей-школьнікаў рознага ўзросту, спрабавала ў школе № 1 — імя Янкі Купалы! — дамагчыся вучобы па-беларуску. Пагатоў Статут школы кажа:

4.1. Обучение в Школе ведется на белорусском и русском языках с учетом пожеланий родителей и в зависимости от форм и методов обучения учащихся.

Праўда, ня надта зразумелы і не падмацоўваецца ніякім законам выраз «в зависимости от форм и методов обучения учащихся» — ці гэта значыць, што ёсьць формы і мэтады, якімі вучыць па-беларуску проціпаказана? Інакш не магу патлумачыць адмову школы вучыць дзяцей Брылёў па-беларуску, а таксама абразьлівую прапанову вазіць дзяцей у вясковую школу ў Выверах.

Наагул кажучы, і збор моўных зьвестак, і рэальная моўная палітыка дзяржавы залежаць ад стратэгіі: ці плянуецца інтэнсіўная тэрапія, ці нехта ўжо рыхтуе патолягаанатамічнае заключэньне — пры жывых і маладых носьбітаў ніяк не ўміручага вірусу беларушчыны.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG