Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1980-я: 17 імгненьняў найноўшай гісторыі


Belarus - Working moments of the work on the film "Witnesses." Written and directed by - Radio Liberty journalist Vyachaslau Rakitsky. With artist Ryhor Sitnitsa, undated

Belarus - Working moments of the work on the film "Witnesses." Written and directed by - Radio Liberty journalist Vyachaslau Rakitsky. With artist Ryhor Sitnitsa, undated

13 верасьня на тэлеканале «Белсат» адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага сэрыялу «Сьведкі», прысьвечанага найноўшай гісторыі Беларусі. Аўтар сцэнару і рэжысэр — наш калега, журналіст Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі.

Першыя 17 фільмаў цыклю вернуць гледачоў у 1980-я гады, да пачатку новай хвалі змаганьня за незалежную і дэмакратычную дзяржаву. Здымкі адбываліся ў Менску, Віцебску, Горадні, Маладэчне. Гісторыю аднаўляюць непасрэдныя сьведкі і актыўныя ўдзельнікі — блізу трох дзясяткаў палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, пісьменьнікаў, мастакоў, навукоўцаў.

Паводле аўтарскай задумы, падзеі ў шматсэрыйным фільме ахопяць пэрыяд ад 1980-х да 2000-х. І хоць нямала людзей, якія рабілі гісторыю краіны, адышлі ў іншы сьвет, яшчэ засталіся тыя, хто здольныя аднавіць у памяці найбольш значныя падзеі, патлумачыць іх значэньне для фармаваньня нацыянальнай і дэмакратычнай сьвядомасьці нацыі. «І гэтым шанцам трэба скарыстацца», — кажа Вячаслаў Ракіцкі.

«Гісторыя Беларусі — гэта ня толькі сівая легенда; ня толькі гісторыя ВКЛ, ня толькі гісторыя Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай ці ў складзе Расейскай імпэрыі і СССР. Яшчэ існуе і найноўшая гісторыя, гісторыя, якую мы самі рабілі, сьведкамі якой мы былі і якая ўжо, на жаль, забываецца. А самае каштоўнае — калі гісторыя пішацца яе ўдзельнікамі ці сьведкамі. Тады ня будзе скажэньняў, якія здараюцца, калі гэта робіцца праз стагодзьдзі, тады ўсталюецца, вобразна кажучы, жывая праўда».

З дыпляматам Пятром Садоўскім

З дыпляматам Пятром Садоўскім

Некалькі гадоў таму ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» выйшла кніга Вячаслава Ракіцкага «100 адрасоў Свабоды». Асобныя разьдзелы пераклікаюцца з тым, што аўтар цяпер увасабляе ў стужцы «Сьведкі»:

«Безумоўна, наўрад ці адбыўся б гэты фільм, калі б не было кнігі „100 адрасоў Свабоды“. Менавіта тады я распачаў працу над аднаўленьнем гісторыі, якая рабілася на нашых вачах. Пазьней я ўдакладняў падзеі, даты, імёны, паглыбляў і пашыраў сабраныя сьведчаньні. Працаваў над архіўнымі фота- і кінадакумэнтамі. У выніку і паўстаў гэты праект для „Белсату“. Калі ў той кнізе мяне найперш цікавіла геаграфія змаганьня, то ў дакумэнтальным тэлецыкле ўжо цікавяць перадусім людзі, якія рабілі гісторыю. Менавіта іхнымі вачыма і падаю найноўшую гісторыю».

Рэжысэр дадае, што ў стужцы актыўна выкарыстоўваюцца арыгінальныя фота- і кінаматэрыялы, якія вяртаюць гледача ў антураж 30-гадовай даўнасьці. Бальшынёй іх зь Вячаславам Ракіцкім падзяліліся самі героі фільму. Але дагэтуль шмат якія архівы недаступныя для незалежнага рэжысэра і незалежнага тэлеканалу:

«Іншыя важныя сьведкі тагачасных падзеяў — фота- і кінаархівы, якія былі нам даступныя і скарыстаць якія ня вельмі было рэальным у выпадку з той жа кнігай. Са мной падзяліліся сваімі архівамі як людзі, якія самі рабілі гісторыю, так і сьведкі тагачасных падзеяў. Натуральна, відэашэраг фільму быў бы шырэйшы, каб мы мелі доступ да дзяржаўных архіваў ці да архіваў Камітэту дзяржбясьпекі. Прыкладам, у сэрыі, прысьвечанай першаму пікету моладзі супраць руйнаваньня гарадзкога тэатру ў Менску, мы нічога не маглі паказаць, бо здымкі гэтага спантаннага пікету вялі толькі супрацоўнікі КДБ. Думаю, што яшчэ доўга мы ня зможам туды трапіць. Такім чынам, у гэтым фільме сьведчаць і людзі, якія рабілі гісторыю, і фота- і кінаматэрыялы».

Са скульптарам Гэнікам Лойкам

Са скульптарам Гэнікам Лойкам

Праект «Сьведкі» распавядае пра лёсавызначальныя падзеі 1980-х. Але найбольш знакавыя падзеі, якія прывялі да атрыманьня краінай незалежнасьці, датуюцца 1990-мі. Ці ёсьць у плянах зьвярнуцца да гэтага пэрыяду?

«У плянах маіх, натуральна, і 1990-я. Гэта найбольш драматычныя, а часам і трагічныя старонкі нашай найноўшай гісторыі. Гэта вельмі захапляльны пэрыяд для кінарэжысэра, для кінаадлюстраваньня. Тут ужо шмат відэаархіваў, бо тады актыўна карысталіся відэакамэрамі. У тым ліку я сам здымаў зь беларускімі і з расейскімі апэратарамі шмат акцыяў, мітынгаў, пікетаў — для падпольнай тэлевізіі, якая тады існавала. Таму, як мне падаецца, сэрыі пра 1990-я ў цыкле „Сьведкі“ могуць быць вельмі цікавыя і захапляльныя. Ну, а ці зьдзейсьніцца задума — залежыць ня толькі ад мяне, а перадусім ад тэлекампаніі „Белсат“. Таму што толькі для яе і зь яе дапамогай сёньня можна ажыцьцявіць гэты складаны праект. Асабіста я веру, што калі будзе „Белсат“, то пасьля 1980-х будуць і 1990-я. І, натуральна, гэта залежыць ад таго, ці спадабаецца мой першы цыкль як кіраўніцтву канала, так і шырокай публіцы».

А пакуль у дакумэнтальным цыкле «Сьведкі» Вячаслаў Ракіцкі раскажа пра беларускае нацыяналістычнае і антысавецкае падпольле («На паддашку», «Група Незалежнасьць»), нефармальныя моладзевыя аб’яднаньні («Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя»), першыя публічныя пратэсты (супраць руйнаваньня будынку Менскага гарадзкога тэатру, затапленьня Падзьвіньня, пракладкі праз гістарычны цэнтар Менску лініі мэтро), адкрыцьцё Курапатаў і першыя адзначэньні Дзядоў. Сьведчыць будуць актыўныя ўдзельнікі тых падзеяў: Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Адам Глобус, Алег Трусаў, Уладзімер Арлоў, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Пётра Садоўскі, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Харэўскі, Алесь Бяляцкі, Гэнік Лойка, Міхась Скобла, Алена Анісім, Зьміцер Колас ды іншыя беларускія патрыёты.

XS
SM
MD
LG