Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літанкета Свабоды: Вячаслаў Ракіцкі


Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі нарадзіўся ў 1953 у мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР. Кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. У «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» выйшлі дзьве кнігі «Беларуская Атлянтыда» і «Сто адрасоў свабоды». Адзін з аўтараў акадэмічнага выданьня «Гісторыі беларускага тэатру» (у 3-х тамах). Як крытык кіно і тэатру надрукаваў некалькі соцень артыкулаў. Перакладае на беларускую мову польскую драматургію. Зь яго прадмовай і некалькімі перакладамі п’ес на беларускую мову выйшаў у сьвет зборнік драматургіі Славаміра Мрожка «Дом на мяжы». Сцэнарыст і рэжысэр дакумэнтальнага кіно. Атрымаў шэраг узнагародаў на міжнародных кінафэстывалях. Аўтар і вядучы культурніцкіх праграмаў на Радыё Свабода і тэлеканале Белсат.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу для сябе і ў спадзяваньні, што некаму захочацца гэта прачытаць. Перадусім людзям, неабыякавым да беларускай гісторыі і культуры.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома, за пісьмовым сталом, на сваім хатнім кампутары, пераважна ўвечары і пазьней.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Маю тры ўлюбёныя кнігі, ня толькі сюжэтамі і героямі якіх захапляюся, але і іх аўтарамі, хоць нават у сьне ўявіць сабе не магу, што сам я мог бы напісаць такія шэдэўры. Маштаб іхнага таленту сусьветны, а мо і боскі. Гэта — «Партрэт Дарыяна Грэя» Оскара Ўайлда, «Вяртаньне ў Брайдсхед» Іўліна Во, «Выйгрышы» Хуліё Картасара.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ніколі пра гэта ня думаў, бо, як па мне, нават двух падобных людзей у сьвеце няма. Што ні чалавек, дык індывідуальнасьць. Скептычна стаўлюся і да вызначэньня «тыповы герой».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Трох я ўжо назваў, не магу не дадаць Шэксьпіра і Чэхава, але як драматургаў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Люблю чытаць адразу некалькі кнігаў. Таму на століку ля канапы — кніга калегі і сябра Сяргея Абламейкі «Мой Картаген», успаміны Юлі Андрусышынай «Забыцьцю не адданае» — маці калегі і сябра Данчыка, на тумбачцы ля ложка — раман Эрыка-Эмануэля Шміта «Як я быў творам мастацтва», а на пісьмовым стале — зборнікі польскай драматургіі з другой паловы 20-стагодзьдзя (у пошуку чарговай «ахвяры» для перакладу на беларускую мову).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На польскай, украінскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Першы том «Беларускай Атлянтыды», таму што там я не дэкляраваў, а і сам пісаў, і сам спазнаваў.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Тую, якую я ўжо 20 гадоў абяцаю сябрам і калегам напісаць — свае ўспаміны пра тэатар, зь якім і ў якім я жыў, які я няблага ведаю, які быў маім. Калі я гэта зраблю, гэта будуць вельмі суб’ектыўныя, вельмі аўтарскія мэмуары пра менавіта мой тэатар.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Я ўвогуле лічу сябе свабодным чалавекам. Натуральна, у межах майго асабістага разуменьня свабоды. Адчуваю сябе свабодным і тады, калі робіцца замах на маю свабоду. Злуюся і адбіваю напады, не падпарадкоўваюся гвалту над маім правам на свабоду. А гэта таксама можа рабіць толькі свабодны чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG