Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэрыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка» толькі што пабачыла сьвет новая кніга паэта, літаратуразнаўцы, дасьледчыка беларускай літаратуры Міхася Скоблы. У «Саркафагі страху» ўвайшлі некалькі дзясяткаў эсэ, напісаных аўтарам за апошняе дзесяцігодзьдзе. Зь іх паўстае цікавы сучасны погляд на беларускую літаратуру як на айсбэрг, які плыве ў бязьмежнай гістарычнай і культурнай прасторы Беларусі. Ён і сфармаваны гэтай унікальнай нацыянальнай прасторай, і сам удзельнічае ў яе фармаваньні. Аўтар кнігі — і пасьлядоўны шукальнік беларускай літаратурнай Атлянтыды, і дасьледнік таго, што было згублена, страчана, скрадзена, рэпрэсавана ў гэтым драматычным і нават трагічным плаваньні. Пра адзін з матываў кнігі — тэму страху ў беларускай літаратуры — мы гутарым зь Міхасём Скоблам.

Вячаслаў Ракіцкі: Міхась, пачнём, відавочна ж, з назвы кнігі — «Саркафагі страху». Яна выглядае вельмі моцнай. Саркафаг — гэта труна, каменная ці разьблёная. Якія страхі схаваныя ў тых саркафагах, што невядома адкуль зьявіліся ў беларускай культурніцкай прасторы на мяжы ХХ—ХХІ стагодзьдзяў?

Міхась Скобла: Саркафагі ў мяне — сымбаль закансэрваванай мінуўшчыны. Вядома, што ў саркафагах пры адпаведных умовах муміі захоўваюцца тысячы гадоў. Шчыра кажучы, я не разумею гэтай прыхамаці эгіпецкіх фараонаў ці нясьвіскіх Радзівілаў. Каб на твае спарахнелыя парэшткі глядзеў хтосьці з наступных стагодзьдзяў... На вялікі жаль, уся Беларусь стала своеасаблівым саркафагам савецкай мінуўшчыны — у нас па-ранейшаму на пастамэнтах стаяць бальшавіцкія правадыры, а вуліцы і плошчы носяць іхныя імёны.

Гэта выглядае неверагодным, але, напрыклад, у Віцебску адзінаццаць (!) вуліцаў носяць імя Надзеі Крупскай, пяць — Якава Сьвярдлова, тры — Аўгуста Бебеля, дзьве — Міхаіла Фрунзэ. Тамсама ў наяўнасьці пяць вуліцаў Сацыялістычных, чатыры Саўгасныя і тры Кастрычніцкія. Гэты падлік я зрабіў паводле мапы Віцебску, выдадзенай для аўтааматараў Белкартаграфіяй у 2013 годзе. У той жа час імёны Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія праславілі Віцебшчыну, не ўшанаваныя на родная зямлі зусім.

Міхась Скобла (зьлева) і Вячаслаў Ракіцкі

Міхась Скобла (зьлева) і Вячаслаў Ракіцкі

Ракіцкі: Зь якога часу тэма страху прысутнічае ў беларускай літаратуры? З чаго, чаму і як яна паўставала? Ці можна казаць, што страх — ляйтматыў беларускай літаратуры?

Скобла: Не, я так не лічу. Тэма страху прысутнічае ў беларускай літаратуры ня ў большай ступені, чым пачуцьцё страху, уласьцівае кожнаму нармальнаму чалавеку, прысутнічае ў нашым жыцьці. Калі ўжо дашуквацца нейкіх ляйтматываў, то гэта можа быць тэма выжываньня, тэма абароны дому. Яшчэ пяцьсот гадоў таму ў прадмове да кнігі «Юдзіф» гэты ляйтматыў вызначыў Францішак Скарына: птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы адчуваюць віры свае, а пчолы свае вульлі — бароняць. Што да беларускага мэнтальнага страху, то яго бліскуча паказаў Уладзімер Караткевіч у сваёй знакамітай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха». Маёнтак Балотныя Яліны, дзе ўсе запалоханыя да бяспамяцтва, — вельмі актуальны вобраз для сучаснай Беларусі.

Ракіцкі: Траціна «Саркафагаў страху» прысьвечаная сучаснай літаратуры. Але вы зноў і зноў вяртаецеся да 1930-х гадоў, пішаце пра тую расстрэльную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі ў курапацкія ямы леглі 102 асуджаныя на сьмерць. Сярод іх былі і 22 пісьменьнікі. Сёньня, з вышыні новага досьведу, як вы гэта можаце патлумачыць?

Скобла: Нейкім адмысловым досьведам я тут пахваліцца не магу, бо архівы КДБ сёньня зноў за сямю замкамі. Дарэчы, я некалькі разоў спрабаваў атрымаць адтуль інфармацыю адносна рэпрэсаваных пісьменьнікаў — калі рыхтавалася да друку анталёгія «Расстраляная літаратура» і калі да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш рабіў яе трохтомавік. Усе мае спробы ня мелі станоўчага выніку. У згаданай анталёгіі прадстаўленыя 66 пісьменьнікаў, а магло б быць удвая больш. Да 1937 году ў Беларусі працаваў адладжаны канвэер сьмерці, перад гэтым апрабаваны ва Ўкраіне, дзе пісьменьнікаў таксама зьнішчалі паўзводна. Скажам, 15 сьнежня 1934 году там расстралялі 15 творцаў, сярод якіх быў і паэт Дзьмітро Фалькіўскі, родам з нашай Кобрыншчыны. Беларускае афіцыйнае літаратуразнаўства крывіць душой, калі сьцьвярджае: іх расстрэльвалі, а яны верылі ў камуністычныя ідэалы. Гісторык Мікалай Улашчык, які перажыў чатыры арышты, у сваіх паказаньнях на сьледзтве (яны надрукаваныя ў ягонай нядаўна выдадзенай кнізе «Даць народу гісторыю») адкрыта заявіў, што ягонай мэтай была незалежная Беларусь. Так што Масква ведала, каго і за што арыштоўвала, адпраўляла ў Гулаг і ў Курапаты.

Ракіцкі: Расстраляныя пісьменьнікі былі на самым піку сваёй творчай дзейнасьці. Што недапісалі яны?

Скобла: Так, ахвярамі сталінскага тэрору былі пераважна маладыя творцы, у веку да 40 гадоў. Хіба толькі Максіму Гарэцкаму, геніяльнаму празаіку, які змог зазірнуць у глыбіні беларускай душы, ішоў 45-ты год. Трыццаціпяцігадовы Міхась Зарэцкі так і не пасьпеў скончыць свой раман «Крывічы», а магчыма, другая частка яго ляжыць у спэцсховах КДБ. Пасьля гібелі 39-гадовага Адама Бабарэкі ў нас фактычна ня стала літаратурнай крытыкі, гаспадарыў адзін Лукаш Бэндэ. Выдатнымі лірыкамі былі Ўладзімер Жылка і Ўладзімер Хадыка — абодва не вярнуліся зь «беласьмертнай поўначы». Арыгінальны празаік Лукаш Калюга сустрэў сьмерць у 28 гадоў. Заходнебеларускі паэт Алесь Салагуб, які шукаў паратунку ад дэфэнзывы ў Савецкім Саюзе, лёг у курапацкі дол у 27 гадоў... У кожнага зь іх былі свае творчыя задумы, але яны не ажыцьцявіліся.

Ракіцкі: А што з прычыны страху недапісалі, недарасказалі беларускія пісьменьнікі, якія засталіся жыць, якія жылі са страхам ад той падзеі?

Скобла: Здаецца, Янка Брыль запісаў прызнаньне Кандрата Крапівы — маўляў, толькі сяду за пісьмовы стол, як перад вачыма ўзьнікае Бэндэ. Думаю, галоўны далакоп беларускай літаратуры мроіўся ня толькі абляўрэачанаму і шматкроць прэміяванаму байкару. Лічаныя пісьменьнікі пакінулі ўспаміны пра перажытае ў Гулагу — названы ўжо Мікалай Улашчык, Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Ларыса Геніюш... У адным зь яе вершаў, дарэчы, дакладна апісаны той стан, у якім жыло беларускае грамадзтва ў пасьлясталінскія часы:

Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш

Страх — за праўду кінуцца ў бой,
страх — не дагадзіць акупантам,
страх быць дома самім сабой,
чалавекам быць — страх пракляты!

Страх — ў чужыне сваіх братоў,
перад зьдзекам страх не скарыцца.
Страх — маліцца на мове бацькоў,
дзікі страх — наагул маліцца.

І страх той учэпіста трымаў многіх творцаў да 1980-х гадоў. Нават у стол баяліся пісаць.

Ракіцкі: Ці заўсёды мы разумеем, ці можам зразумець пісьменьнікаў, якія з боязі, пад жорсткім ціскам камуністычнай улады ішлі на кампрамісы зь ёю і з уласным сумленьнем? Ці мы літасьцівыя да іх?

Скобла: Тут ня так літасьць патрэбная, як разуменьне таго часу і тых умоваў, у якіх жылі пісьменьнікі, што ішлі на кампраміс з уладай. Асабліва мяне раздражняюць папрокі на адрас Янкі Купалы (калі браць 1930-я гады) і Васіля Быкава (калі згадваць 1970-я і 1980-я). Даходзіць да таго, што Купалу вінавацяць у тым, што ён не загінуў у Курапатах і тым самым нібыта запляміў годнасьць першага народнага паэта. Купалу, які напісаў геніяльную паэму «Курган» і бліскучую трагікамэдыю «Тутэйшыя», дзе як у люстэрку адлюстравалася ўсё наша нацыянальнае быцьцё, усё наша спрадвечнае прыстасавальніцтва. Не, кажуць, Купала Сталіна ўслаўляў, ордэн атрымаў, меў дзяржаўны «шэўрале» з пэрсанальным кіроўцам. Але той «шэўрале» насамрэч быў «чорным воранам», які і прывёз Купалу да пагібелі ў маскоўскім гатэлі ў 1942-м. А крытыкі Быкава хай проста возьмуць і пачытаюць двухтомавік Сяргея Шапрана, дзе расказана і паказана дакумэнтальна, як цягам дзесяцігодзьдзяў пісьменьніка ламала тагачасная ідэалягічная машына. І не зламала — зламалася сама.

Янка Купала

Янка Купала

Ракіцкі: Старонак сто ў вашай кнізе займаюць тэксты пра Ларысу Геніюш. Калі казаць пра яе творчую спадчыну, якую вы асабіста вяртаеце, ці дадасца ў блізкім часе яшчэ нешта да тых 72 вершаў, што былі ўпершыню надрукаваныя ў 2010 годзе ў юбілейным двухтомавіку?

Скобла: Архіў Ларысы Геніюш, які зьберагаецца ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, забясьпечыць працу яшчэ некалькім пакаленьням геніюшазнаўцаў. Там безьліч неапублікаваных тэкстаў — вершаў, лістоў. Надрукавана ўсяго адсоткаў дзесяць з агульнага аб’ёму. А ёсьць жа яшчэ прыватныя зборы. Скажам, былы вайсковец Аляксей Галаскок з Ганцавічаў (родам ён з Зэльвеншчыны) перадаў мне цэлы сшытак невядомых геніюшаўскіх вершаў. А Сьвятлана Чарняўская (удава гісторыка Міхася Чарняўскага), перабіраючы архіў мужа, знайшла цэлую тэчку лістоў Ларысы Геніюш. Так што знаходак будзе яшчэ нямала, абы было каму шукаць. А што да згаданага вамі двухтомавіка, то гэта фактычна трохтомавік — трэцім томам стаў адмысловы выпуск альманаху «Асоба і час», які выйшаў у тым самым 2010 годзе.

Ракіцкі: Чаму і сёньня працягваюць жыць літаратурныя цэрбэры тыпу Бэндэ і яму падобных? Вось вы пішаце, як нейкі Г.П. вычышчаў фразэалягічны слоўнік Івана Лепешава, выкінуўшы адтуль Сьвятлану Алексіевіч, Уладзімера Арлова, Сяргея Дубаўца, Аляксандра Лукашука, Уладзімера Някляева, Вінцэся Мудрова, Барыса Пятровіча і вас. Вы ў кнізе абышліся крыптанімам, а я расшыфрую гэтае імя, бо артыкул пра мяне як крытыка і тэатразнаўцу аўтарства Дзіны Стэльмах гэты Г.П. выкінуў з «Тэатральнай энцыкляпэдыі», гэтак жа як і артыкул пра Зянона Пазьняка. Галоўны рэдактар выданьня, ужо нябожчык, Анатоль Сабалеўскі прызнаўся мне, што зьняць адтуль некаторыя пэрсаналіі яго прымусіў Генадзь Пашкоў, тагачасны кіраўнік выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя». Дык чым можна патлумачыць жывучасьць у нашай літаратурнай прасторы бэндаў-пашковых?

Міхась Скобла

Міхась Скобла

Скобла: Умовы для іхнай кіпучай дзейнасьці стварыла ўлада, падзяліўшы пісьменьнікаў на два саюзы. Я неяк зайшоў на сайт прыўладнага саюзу — дык там з такім імпэтам шукаюць «ворагаў народу», як быццам на двары 1930-я гады мінулага стагодзьдзя. Прычым шукаюць сярод сваіх учарашніх калегаў. Аўтары тых выкрывальніцкіх допісаў думаюць, што калі ім удасца зацяніць таленавітых творцаў зь незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — ад сталага векам паэта Анатоля Вярцінскага да маладога празаіка Лявона Вольскага, — то тады і яны стануць больш значнымі і заўважнымі. І вось гэтая валтузьня якраз і спараджае калялітаратурных пігмэяў, якія кусаюць за ногі волатаў. Драпежная дробная рыба пірая жыве і размножваецца толькі ў цёплай каламутнай вадзе. Улада прыгрэла чаргінцоўскую арганізацыю, каламуці ў нашым жыцьці таксама хапае, вось і актыўнічаюць прадаўжальнікі справы Бэндэ. Усё іхнае закулісьсе выдатна апісаў невядомы мне Макар Друкар у паэме «Даў заданьне правадыр напісаць «Вайну і мір», што была нядаўна надрукаваная ў «Народнай Волі».

Ракіцкі: За часы Лукашэнкі папоўніўся новымі творамі яшчэ адзін пласт літаратуры — турэмны. Сучасная турэмная літаратура апісвае страх ці разбурае яго?

Скобла: Турма зь беларускай літаратурай ідуць поруч значна даўжэй за час кіраваньня Лукашэнкі. Я неяк прыкінуў — нашыя пісьменьнікі, калі скласьці ўсе турэмныя тэрміны, адседзелі за кратамі больш за 1000 гадоў. Мне нават дзіўна было, чаму ў нашай літаратуры, нябеднай на тэматычныя анталёгіі, да нядаўняга часу не існавала анталёгіі турэмнай. Але жыцьцё вымагала, і такая анталёгія (на 900 старонак) зьявілася — «Голас волі з-за кратаў» (склаў яе Аляксандар Фядута, які і сам паспытаў турэмнай кашы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году). Што да сучаснай турэмнай літаратуры, то тут клясыкай жанру для мяне — бліскучая паэма Ўладзімера Някляева «Турма» (у «Саркафагах страху» я пішу пра яе). Спадзяюся, паэт на мяне не пакрыўдзіцца, але толькі дзеля гэтай паэмы варта было пасядзець тыя шэсьць месяцаў у СІЗА КДБ. У паэме створаны псыхалягічны партрэт турмы, яе паэт, фігуральна кажучы, разабраў па каменьчыку і тым самым дэсакралізаваў яе, пазбавіў таямніцы, выгнаў зь яе ўсе страхі, бо страхі любяць таямнічую прастору.

Ракіцкі: Адно з эсэ ў вашай кнізе называецца «Каб не застацца ў саркафагах страху». Сучасная беларуская літаратура дае адказ на гэтае пытаньне? Што трэба рабіць, каб пазбавіцца тых саркафагаў?

Скобла: Муміі, якія праляжалі ў закрытых саркафагах тысячагодзьдзі, імгненна рассыпаюцца, калі туды трапляе сьвежае паветра. Так і саркафагі страху пазбавяцца свайго злавеснага зьмесьціва, калі іх вынесьці з сутарэньняў на сонечнае сьвятло. А падобнымі «вынасамі» якраз і займаецца літаратура. Адна з астатніх кніг апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча мае назву «Замова ад страху». Думаецца, што ўся сучасная беларуская літаратура, якая існуе ня дзякуючы дзяржаве, а насуперак ёй, — гэта своеасаблівая замова ад страху. І колькі б сёньняшняя ўлада са сваімі бэндэпадобнымі памагатымі ні падмуроўвала патрэсканыя саркафагі боязі і страху, яны позна ці рана разбурацца.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG