Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліва зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну падчас вайны пастаўлялі праз кампанію Wexler Group. Што вядома пра схему


Мазырскі НПЗ. Архіўнае фота
Мазырскі НПЗ. Архіўнае фота

У кастрычніку 2022 году Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць Мазырскага НПЗ.

Ва Ўкраіне на запыт пракурора, які кіруе дасудовым расьсьледаваньнем крымінальнай справы, арыштавалі копіі падпісаных у 2023 годзе кантрактаў аб пастаўках нафтапрадуктаў ва Ўкраіну зь Беларусі і Расеі.

«Высьветлілі, што ў пэрыяд з 2021 году да цяперашняга часу адказнымі асобамі групы кампаній Wexler Group з мэтай утаіць рэальнае паходжаньне нафтапрадуктаў і ў сувязі з увядзеньнем дадатковых санкцый супраць Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь пасьля поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, наладжаны мэханізм набыцьця нафтапрадуктаў расейскай вытворчасьці з выкарыстаньнем падкантрольных кампаній-нерэзыдэнтаў шляхам падачы ў мытныя органы фіктыўных дамоваў аб набыцьці нафтапрадуктаў, вытворцамі якіх зьяўляюцца іншыя краіны», — адзначаецца ў матэрыялах справы.

Арыштаваныя дакумэнты знаходзіліся ў Спэцыялізаванай лябараторыі экспэртызы і дасьледаваньняў Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны.

Справу расьсьледуюць паводле ч. 3 артыкулу 212 («Пазьбяганьне падаткаў у асабліва вялікіх памерах», караецца штрафам звыш 10 тысяч даляраў у эквіваленце, пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін да 3 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), паводле ч. 1 артыкулу 255 («Стварэньне злачыннай арганізацыі», караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці) і ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Фінансаваньне расейскай агрэсіі», караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 7 гадоў з далейшым пазбаўленьнем права займацца гаспадарчай дзейнасьцю на тэрмін да 2 гадоў).

Кампанія Wexler Group адпраўляла ўкраінскім кампаніям «Анвітрейд», «Дайтерія» і «Белойл Система» нафтапрадукты, якія набывалі ў расейскіх і беларускіх кампаній. Сярод беларускіх кампаній фігуруюць ААТ «Бізнэс Транс Сэрвіс», Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і «Беларуснафта-Транс».

Паводле сьледзтва, дызэльнае паліва беларускай вытворчасьці пастаўлялася ва Ўкраіну мінімум да 22 чэрвеня 2022 году. У мытных дакумэнтах краінамі паходжаньня нафтапрадуктаў зьяўляліся Баўгарыя ці Ізраіль.

На карысьць кампаніі Wexler SA нафтапрадукты пастаўлялі Epsilon Holding SA (Швайцарыя, колішняя назва Proton Energy Group SA), Oil Refineries Limited (Ізраіль), Coral Energy DMCC (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), якія ў сваю чаргу набывалі прадукцыю ў АТ «ТАИФ-НК» і ПАТ «НК «Роснефть».

Што вядома пра Wexler Group

Уласьнікам кампаніі Wexler Group быў Пятро Белз, якога зьвязвалі зь Віктарам Медзьвядчуком, кумам Уладзіміра Пуціна і ў мінулым уплывовым украінскім палітыкам (яго ў 2022 годзе перадалі Расеі ў абмен на вызваленьне 200 украінскіх палонных. — РС).

У Беларусі Медзьвядчук меў бізнэс-партнэра Мікалая Вараб’я, які спачатку купіў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваньнем дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Эўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю. Беларускага бізнэсоўца наўпрост зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

Першапачаткова кампанія Wexler Group ажыцьцяўляла пастаўкі дызэльнага паліва зь Беларусі менавіта праз трубаправод «Прикарпатзахідтранс».

У 2021 годзе ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Економічна правда» Пятро Белз зьняпраўджваў свае сувязі зь Віктарам Медзьведчуком. Ён заяўляў, што нават спыніў купляць нафтапрадукты ў кампаніі Proton Energy Group SA, якая мела дачыненьне да Віктара Медзьведчука, а цяпер мае новую назву — Epsilon Holding SA, менавіта гэтая кампанія фігуруе ў расьсьледаваньні).

У кастрычніку 2022 году Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць Мазырскага НПЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG