Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчанка, якая змагаецца за перагляд справы мужа: «Сто разоў зьвярталася да Лукашэнкі, і нічога»


Людміла Кучура, архіўнае фота
Людміла Кучура, архіўнае фота

На гісторыю пра перагляд магілёўскай справы аб забойстве жанчыны, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам, адгукнулася жыхарка Менску Людміла Кучура. Жанчына з 2005 году дамагаецца перагляду справы свайго мужа Пятра Кучуры, асуджанага за забойства падчас паляваньня на 17 гадоў зьняволеньня.

Людміла Кучура вітала тое, што зьявіўся новы шанец вынесьці справядлівае рашэньне ў магілёўскай справе, пра якую расказаў Аляксандар Лукашэнка, але адзначыла, што за доўгі час свайго змаганьня яна так і не пагутарыла пра мужаву справу наўпрост з кіраўніком дзяржавы.

«Таму чалавеку неяк пашанцавала пагаварыць з Лукашэнкам, мне ж гэтага не ўдалося. У мяне больш за 100 зваротаў да яго, але выніку пакуль няма. І нікому з нашай групы грамадзян, якая называецца „Ініцыятывай за справядлівы суд у Беларусі“, гэтага не ўдалося. А нас там некалькі дзясяткаў чалавек. Нам усім адказваюць, што Аляксандар Лукашэнка сам не прымае грамадзян, а нашы скаргі нібыта разгледжаныя і вызначана, што „суды прынялі справядлівае рашэньне“. Прычым раней мне даводзілася чуць ад высокапастаўленых чыноўнікаў, якія правяралі справу, што там „суцэльная фальсыфікацыя“. Але потым усё вярталася, а са мной перапіску проста прыпынялі», — расчараваная зваротамі Людміла Кучура.

Яна сказала, што за мінулы дзень ёй было шмат званкоў ад людзей, якія выказвалі такое ж расчараваньне.

«Маё цела выкіньце ля будынку, дзе сядзіць высокае кіраўніцтва»

Спадарыня Кучура сказала, што ведае яшчэ як мінімум трох бацькоў, чыіх дзяцей забілі, але забойцы, як лічаць сваякі, не пакараныя і справы не заведзеныя нават пасьля шматлікіх скаргаў. Жанчына назвала імя Мікалая Лебедзя з Салігорску, які лічыць, што ягоную дачку згвалцілі і забілі, схаваўшы злачынства пад выглядам аўтааварыі.

«Ён шмат разоў таксама зьвяртаўся да Лукашэнкі, але марна», — кажа Людміла Кучура.

Таксама яна ведае пра трох чалавек, асуджаных за забойства, чые сваякі ня вераць у іх віну і прасілі Аляксандра Лукашэнку разабрацца, але гэта не дало выніку.

«Ёсьць такая Ніна Цімафееўна Курнушка, якой двойчы ўдавалася хоць не пагаварыць, але перадаць Лукашэнку свае звароты ў рукі, гэта было падчас набажэнстваў у царкве. І таксама нічога не атрымалася — фармальныя адпіскі», — кажа Людміла Кучура.

Жанчына мяркуе, што шмат у якіх судах і пракуратуры вельмі фармальна падыходзяць да разгляду складаных спраў аб забойстве, а ў некаторых выпадках пакрываюць сапраўдных забойцаў і злачынцаў, калі тыя маюць падтрымку ва ўладзе.

Паводле дадзеных Вярхоўнага суду, у 2017 годзе ў беларускіх судах былі апраўданыя 98 чалавек, якіх вінавацілі ў крымінальных злачынствах, у тым ліку апраўдалі трох абвінавачаных у забойстве.

Забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка: падазраваны нанёс 50 удараў нажом

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG