Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу паведамілі, што зносяць дом, у якім ён жыве


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Улады паведамілі былому палітвязьню Мікалаю Статкевічу пра сваё рашэньне зьнесьці дом у прыватным сэктары ў мікрараёне Лошыца, дзе ён жыве.

Статкевіч сказаў, што прынцыпова не аплочвае шматлікія штрафы за акцыі, якіх за ўвесь час набралася прыкладна на 6 тысяч даляраў.

«Магчыма, каб адпомсьціць мне, улады і прынялі рашэньне зьнесьці дом, дзе я жыву», — сказаў сайту palitviazni.info палітык.

«Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы, — кажа Мікалай Статкевіч. — Яна ў ім вырасла, цяпер мы ў ім жывём. Цяпер модна зносіць старыя дамы, але якраз летам мінулага году, перад маім выхадам на волю, жонка атрымала ліст, у якім паведамлялася, што гэты прыватны сэктар не падлягае зносу, бо зьяўляецца нейкай гістарычнай каштоўнасьцю. Праўда, калі я стаў жыць у гэтым доме, то, шчыра кажучы, ня верыў, што гэтае шчасьце будзе надоўга. Так яно і атрымалася. 12 верасьня я правёў акцыю „За сапраўдныя выбары“, а пасьля даведаліся, што рашэньне аб зносе было дэманстратыўна прынята 13 верасьня „ў сувязі з грамадзкімі патрэбамі“. Суседзі пачалі тэлефанаваць чыноўнікам, але тыя, высьветлілася, нічога ня ведаюць. Таму ня выключана, што гэтае рашэньне прымалася ў высокіх кабінэтах».

Мікалай Статкевіч мяркуе, што рашэньне пра знос дома наўпрост зьвязана зь яго актыўнай палітычнай дзейнасьцю і адмовай аплочваць штрафы:

«Яны ўжо ўсё паспрабавалі, каб спагнаць зь мяне штрафы. Палову пэнсіі вылічваюць, арыштавалі мабільны тэлефон, забаранілі кіраваць аўтамабілем... Можа, хацелі б і за краты адправіць, але ж ня могуць, бо нібыта лібэралізацыю Захаду трэба паказваць. Тым больш ведаюць, што нават арышт на мяне не паўплывае, бо да гэтага часу не зламалі і ня зломяць надалей. Вось і вырашылі нанесьці ўдар зь іншага боку — перасяліць з прыватнага дому, мабыць, у аднапакаёўку. Гэта дадатковыя выдаткі, клопаты і моцны псыхалягічны ўдар па жонцы, таму што яна ўсё жыцьцё правяла ў гэтым доме. Адным словам, дастаюць як могуць. Але пасьля ўсяго таго, што я прайшоў, ужо ня страшна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG