Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартаваў конкурс «Басовішча-2016»


Прыём заявак ад выканаўцаў будзе доўжыцца да 13 студзеня, фэст пройдзе ў ліпені 2016 году.

Чарговы, ужо XXVII фэстываль маладой музыкі Беларусі «Басовішча-2016» абвясьціў пра пачатак прыёму заявак ад гуртоў.

Ад сёньняшняга дня да 13 студзеня 2016 году гурты і выканаўцы зь пераважна беларускамоўным рэпэртуарам і максымум двума альбомамі ў дыскаграфіі могуць адсылаць заяўкі на адрас konkurs@basowiszcza.org, фармуляр для заявак ёсьць тут, умовы можна пачытаць тут.

«Пачынаем рана працу і прыём заявак таму, што потым часу заўсёды няшмат, а хацелася б, каб конкурсная частка была паўнавартаснай, — тлумачыць Свабодзе галоўная каардынатарка „Басовішча“, старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Ганна Пякарская. — Акрамя таго, калі пройдзе адбор у лютым, а фінал у ліпені, і мы, і сябры журы зможам ацаніць, як памяняўся гурт і што рабіў за паўгода, каб заслужыць ўзнагароду».

Конкурс пройдзе ў тры этапы. Пасьля папярэдняга інтэрнэт-адбору да 1 лютага будуць названыя 10 фіналістаў, зь якімі сябры журы захочуць сустрэцца. Затым каля 19 лютага пройдзе адборачны канцэрт з удзелам гэтых 10 гуртоў, на канцэрце журы (арганізатары, музыкі ды музычныя журналісты-экспэрты) абяруць 4 гурты, што паедуць на фэстываль. І ўжо на фэстывалі, што пройдзе пад Беластокам (Польшча) 22-23 ліпеня, будзе абраны пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, дадатковы выступ у другі дзень фэсту, гарантаваны выступ на наступным «Басовішчы» і ратацыю на «Радыё Рацыя».

Звычайна на «Басовішчы» абвяшчаецца адзін пераможца. У розныя гады на фэстывалі перамагалі «Мясцовы час», Znich, Partyzone.:B:N:, Sciana, IQ48, Indiga, Tarpach, Mauzer, «Глюкі», Akute і іншыя. Але летась было абвешчана адразу два пераможцы: TonqiXod і Navi.

Ганна Пякарская

Ганна Пякарская

«Мы заўсёды думаем пра аднаго пераможцу, бо найлепшы гурт можа быць адзін, — пераконвае Пякарска. — Але мінулагодні досьвед паказаў, што часам бывае цяжка адабраць толькі адну каманду, таму не выключаем такой магчымасьці».

На пытаньне, ці ёсьць ужо гурты, якіх арганізатары хочуць пабачыць на фэстывалі, Пякарская адказвае станоўча:

«Вядома, ёсьць. Зь некаторымі мы ўжо дамовіліся, пра іншых думаем, перапісваемся, дамаўляемся. Магу абяцаць толькі, што музыка будзе ня горш, чым у мінулым годзе. З конкурсам заўсёды праблема — музыкі не чытаюць правілаў, дасылаюць заяўкі ў іншым фармаце або проста музычна яны „не басовыя“. Але нам заўсёды цікава, таму што можам сустрэцца з маладымі гуртамі, а мы студэнты — цяжка за ўсім сачыць».

Арганізатары абяцаюць, што зробяць усё магчымае, каб забясьпечыць наведнікам зь Беларусі візавую падтрымку. І, як сьцьвярджае Пякарская, ужо пачалі працаваць над гэтым:

«Напісалі ліст консулам, амбасадару і будзем праводзіць зь імі перамовы. Спадзяемся, дзякуючы таму, што раней пачынаем пра гэта думаць, а таксама пачынаем супрацоўніцтва з партнэрамі па беларускім боку мяжы, а гэта Плямбір-ТБ, зь якімі таксама будзем арганізаваць канцэрт Brutto ды „Дзецюкоў“ ў Беластоку 12 сакавіка, усё атрымаецца. Але пра гэта будзем яшчэ інфармаваць».

На думку Пякарскай, і леташні фэстываль, і цэлы музычны год для Беларусі можна лічыць удалымі:

«Для нас самае прыемнае і важнае — штораз больш маладых гуртоў карыстаецца беларускай мовай, а гэта ўжо перамога. Калі казаць пра новыя твары, мы захопленыя нашымі мінулагоднімі пераможцамі, Navi і TonqiXod. Яны актыўна дзейнічаюць у музычным сьвеце і жадаем ім посьпехаў. Акрамя таго, яны як сапраўды нешта новае ў беларускамоўным музычным сьвеце».

Ад сябе Ганна дадае, што на яе думку, самы лепшы дыск апошняга часу — «Лекавыя Травы» гурту Re1ikt, таксама старшыні БАС падабаецца малады мэлёдык-гардкор-гурт Askiepak.

XS
SM
MD
LG