Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба мяне параўноўваць з Каржом» — рэпэр Vinsent вярнуўся ў Беларусь з новым альбомам


Vinsent, фота Юлі Сакалоўскай, Generation.by
Vinsent, фота Юлі Сакалоўскай, Generation.by

Жывая прэзэнтацыя альбома «Vir» пройдзе 16 сьнежня ў менскім «Пляцоўка-холе». На першую песьню з альбома ўжо зьявіўся кліп.

Рэпэр Vinsent прадставіў першы самотнік з новага альбома «Вір» — песьню «Жывы» і кліп на яе. Апошнюю дагэтуль песьню, «Каго любіш?», якая ўвайшла ў саўндтрэк да фільму «Шляхам Паўстаньня», ён засьпяваў амаль год таму, а папярэдні альбом, свой дэбютны «Пачатак», выпусьціў больш як шэсьць год таму.

«На двары 2015 год — і гук на альбоме будзе стандарту 2015 году. Не хачу сказаць, што арыентуюся на нейкую моду, але, безумоўна, хачу, каб альбом гучаў сучасна. Што да тэматыкі песень, яны атрымаліся вельмі энэргічнымі, пазытыўнымі.

Я назваў альбом «Вір», бо гэта вельмі ёмістае слова, яно азначае вельмі шмат як у прамым, так і ў пераносным значэньні. Гэта кругазварот, тое, што круціцца, рухаецца, рухае падзеі вакол нас. «У віры падзей», «жыцьцё віруе» — гэты альбом асэнсоўваецца ў мяне зь вірам, ён вельмі дынамічны, энэргічны. І я думаю, што ён пазытыўны. Так напісалася, так хацелася. Там амаль няма сацыяльных песень, пра нейкія канкрэтныя падзеі. Альбом больш пра нейкія вечныя тэмы.

Тэксты напісаў, канечне, я. У хіп-хопе ў прынцыпе не прынята, каб тэксты пісаў нехта іншы. І за гэта я вельмі паважаю хіп-хоп, гэта вельмі істотная справа, што піша менавіта «эмсі», які іх і выконвае. Адразу бачыш, што за чалавек — у хіп-хопе няма хлусьні, бо тэксты напісаныя самімі выканаўцамі, у адрозьненьне ад поп-жанру ці нейкіх іншых. З музыкай бывае па-рознаму: часам пішуць хіп-хоп-прадусары, біт-мэйкеры, часам я нешта пішу, часам разам робім, калі зьбіраемся жывым складам і кожны з музыкаў нешта ўносіць.

Прэзэнтацыя альбома пройдзе ў менскім «Пляцоўка-холе» 16 сьнежня. Разам з выканаўцам у жывым складзе зайграюць Міхал Марынічаў, Сяржук Падлівахін і Раман Саракалетаў. Квіткі ўжо паступілі ў продаж. Vinsent зьбіраецца выдаць альбом яшчэ перад канцэртам — артыст кажа, выйдзе наклад CD-дыскаў.

Канцэрт мог бы прайсьці і ў большым клюбе Re:Public, ды, як распавёў Tuzin.fm мэнэджэр сьпевака Павал Белавус, адміністрацыя клюбу падала дакумэнты на гастрольнае пасьведчаньне, а празь некалькі дзён іх зь неназваных прычын адклікала.

Апошні раз Vinsent даваў канцэрты ў Беларусі два гады таму. Тады ж, у 2013 годзе, ён здымаўся ў фільмах «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь» (у другім — у галоўнай ролі). А потым зьехаў за мяжу.

У галоўнай ролі ў фільме «Жыве Беларусь»
У галоўнай ролі ў фільме «Жыве Беларусь»

«Зьяжджаў я тады таму, што быў ціск на мяне з усіх бакоў. Прыняў рашэньне, параіўшыся з больш дасьведчанымі калегамі, зьехаць на нейкі час з краіны. У выніку я добра скарыстаў гэты час, атрымаў адукацыю, шмат падарожнічаў, пісаў новыя песьні. Вядома, быў на штодзённым кантакце зь Беларусьсю, ніколі ня думаў эміграваць, жыць за мяжой. І вось вярнуўся. Мне тут падабаецца, гэта мая зямля, люблю нашу краіну. Тут, вядома, шмат праблемаў, але жыць тут цікава і захапляльна.

Нейкая палітычная лібэралізацыя тут ні да чога. Я думаю, у Беларусі нічога не адбываецца, яна закансэрваваная, тут пераходная стадыя між сацыялізмам і капіталізмам. Я ніколі ня меў кантактаў зь ніякімі палітыкамі, тымі, хто ўплывае на гэта, дый палітыкі ніякай няма ў гэтай краіне. Мне гэта нецікава, дый я адчуваю, што грамадзтву гэта нецікава. Проста адчуў, што я павінен быць тут — і ўсё.

Безумоўна, я адсочваў нейкія новыя імёны ў беларускім хіп-хопе. Няшмат такіх выканаўцаў, але вельмі паважаю тых, хто робіць беларускамоўны рэп. А калі мяне пачынаюць параўноўваць з Максам Каржом... Максім зьбірае стадыёны, ён малайчына. Я даўно зь ім знаёмы, добра да яго стаўлюся. Але ня трэба мяне зь ім параўноўваць — мы ніяк не перасякаемся. Калі ён выдасьць беларускамоўны альбом, тады пагаворым, хто з нас лепшы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG