Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Чакаем патэнт на «Трусіка», — вытворца бялізны Serge пра новы брэнд і банкруцтва


Працаўніцы «Сержа»

Працаўніцы «Сержа»

«Абарона прыватнай уласнасьці і прадпрымальнікаў як донараў бюджэту — гэта аснова бізнэс-клімату. Патрэбная дэкрыміналізацыя шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, павінна быць зьніжана актыўнасьць органаў кантролю. Але калі меркаваць па бюджэце на 2017 год, расходы на сілавікоў павялічыліся, на органы дзяржкіраваньня — павялічыліся. Паводле ўскосных прыкмет, зьменаў не прадбачыцца», — кіраўнік ТАА «Серж-Фэшн» (Serge) Сяргей Атрошчанка пра рэаліі і выдаткі пераходнай эканомікі.

Бізнэсовец Сяргей Атрошчанка

Бізнэсовец Сяргей Атрошчанка

Пры канцы студзеня ў Менску пройдзе адкрыты аўкцыён па рэалізацыі маёмасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Серж». Летась у сакавіку эканамічны суд сталіцы прыняў да разгляду заяву кампаніі аб прызнаньні яе эканамічна няздатнай, агучана рашэньне лічыць ТАА «Серж» банкрутам.

У рамках справы заяўлена пра рэалізацыю рэшткаў гатовай прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, складзкіх памяшканьняў, тэхналягічнага абсталяваньня, некалькіх аўтамабіляў — агулам на продаж выстаўлена 80 лотаў.

Летась у беларускую судовую вытворчасьць паступіла больш за 3 тысячы спраў аб банкруцтве. Блізу сотні тычацца прадпрыемстваў, якія маюць асаблівае значэньне для эканомікі краіны.

Для Беларусі банкруцтва — навіна, а Трамп банкрутаваў свае кампаніі чатыры разы

Чаму банкрутуюць субʼекты гаспадараньня і ці абавязкова гэта азначае спыненьне дзейнасьці? Радыё Свабода пацікавілася пра гэта ў заснавальніка і генэральнага дырэктара ТАА «Серж-Фэшн» Сяргея Атрошчанкі.

— Сяргей, недасьведчаная публіка разумее «банкруцтва» проста як ліквідацыю прадпрыемства, бізнэсу і г.д. Ці так гэта насамрэч?

— Трэба адрозьніваць слова «банкруцтва» і сам інстытут банкруцтва — то бок нормы заканадаўства і розныя працэдуры, калі фірма ў сілу пэўных абставінаў дайшла да крызіснага стану. У Беларусі ўсё гэта пакуль у навіну, а вось, скажам, новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп банкрутаваў свае прадпрыемствы чатыры разы, і гэта абсалютна нармальная ўсясьветная зьява. Само сабой, у гэтай справе ёсьць свае нормы і правілы: каб вы разумелі, вось ён, беларускі закон аб банкруцтве (дэманструе стос папераў А4) — 183 старонкі дакладна расьпісанай працэдуры.

— Што ў выпадку зь «Сержам»? Што азначае рэарганізацыя, якую вы правялі?

— ТАА «Серж» стала закладнікам зьнешніх абставінаў: fashion-рынак абваліўся, і практычна ва ўсім сярэднецэнавым сэгмэнце продажы ўпалі. Калі прадпрыемствы нашага легпраму працуюць пераважна ў бюджэтным сэгмэнце і ад падзеньня платаздольнасьці пацярпелі ў меншай ступені (а нехта нават і выйграў), то мы страцілі істотна. На гэтым фоне ад пачатку 1990-х такой «прасадкі» агульнага рынку яшчэ не было. Натуральна, адбыўся спад.

У законе прапісаныя захады, каб папярэджваць эканамічную няздатнасьць. Некалькі разоў зьвярталіся ва ўрад, я пісаў ліст на імя прэмʼер-міністра з прапановай зрабіць падатковыя канікулы, прадугледзець рэструктурызацыю доўгу — усё гэта прадугледжана законам аб банкруцтве, прывязаць для айчынных вытворцаў арэнду да выручкі. Нам па ўсіх пунктах адмовілі. Пайшлі ў камісію па папярэджаньні эканамічнай няздольнасьці Менгарвыканкаму, абмяркоўвалі розныя варыянты з крэдыторамі. Таксама далі зразумець — дзейнічайце ў рамках сваёй кампэтэнцыі.

— Паміж якімі варыянтамі даводзілася выбіраць?

— Што стаяла на шалях? Альбо рэальнае банкруцтва і людзі на вуліцы, альбо рэарганізацыя, пры якой працоўны калектыў пераходзіць на новае прадпрыемства. Апошняе прадугледжана артыкулам 17 Закону аб банкруцтве ды іншымі заканадаўчымі актамі. То бок выбар быў паміж тым, каб зачыніцца і не працаваць, і тым, каб распачаць рэарганізацыю. Мізэрная частка — 0,6% актываў ТАА «Серж» — у працэсе рэарганізацыі была пераведзена на новае прадпрыемства (ТАА «Серж-Фэшн»). У асноўным гэта швейнае абсталяваньне, каб людзі працавалі, і столькі ж забралі даўгоў, пасіваў.

Правы і абавязкі перайшлі згодна з разьдзяляльным балянсам, што прадугледжана законам. У выніку новае прадпрыемства свабоднае ад абавязаньняў старога. Гэта дазволіла захаваць працоўны калектыў і працягваць працаваць. Сёньня, калі рынак арэнды перафарматаваўся, калі больш-менш збалянсаваліся рынкавыя адносіны, мы стабільна працуем і паціху аднаўляем штат: на гэты момант ужо больш за 300 чалавек. А цягам двух гадоў колькасьць будзе даведзена да 700, як у нас і было да крызісу.

— Што зь фірмовымі крамамі, з калекцыямі? На ранейшых месцах пасяліліся іншыя арандатары — у тым жа гандлёвым цэнтры «Сталіца».

— У «Сталіцы» мы не сышліся па кошце арэнды, вось і ўсё. Але кожны месяц адчыняем новую краму. Спадзяюся, у новым годзе тэндэнцыя захаваецца. Раз на два тыдні выходзіць новая калекцыя. ТАА «Серж-Фэшн» падала на рэгістрацыю новы брэнд — «Трусік», гэткая гульня словаў паміж «свойскім зайцам» і элемэнтам бялізны. Вось чакаем, калі будзе зарэгістраваны, тады пачнём актыўнае прасоўваньне.

Наогул, спажыўцы асабліва нічога не адчулі, хіба некаторае зьмяншэньне колькасьці крамаў. Але цягам 2017 году фірмовая сетка будзе адноўлена па ўсёй Беларусі ў поўным абʼёме. Сытуацыя нармалізуецца, у цэлым для нас далейшая стратэгія зразумелая. Таму сам інстытут банкруцтва нясе грамадзкую карысьць: захаваліся працоўныя месцы, пашыраецца гама прадукцыі, ідуць даходы ў бюджэт. Нармальная ўсясьветная практыка, проста ў нас пакуль не адаптаваная. У гэтым сэнсе ТАА «Серж», мабыць, стала піянэрам, адсюль і падвышаная ўвага.

Калі рэклямаваць трусы і бюстгальтэры, без паўаголеных мадэляў не абысьціся

— Летась колькасьць банкруцтваў у Беларусі пераваліла за 3 тысячы. Гэта ўвогуле нармальна для адносна невялікай краіны?

— Тое, што столькі банкруцтваў? Наўрад ці хто будзе спрачацца, што ў Беларусі ў цэлым нестабільная макраэканамічная сытуацыя. Узяць хоць бы дэвальвацыі — пракаціліся літаральна адна за адной. І калі прадпрыемства мае валютныя крэдыты, а тавар аддае на рэалізацыю за рублі, гэта вельмі адчувальна. Напрыклад, да дэвальвацыі быў мільён даляраў, то пасьля ўсё зьмяншаецца на суму дэвальвацыі. Адпаведна, зьнікаюць актывы.

Офіс і вытворчы цэх кампаніі

Офіс і вытворчы цэх кампаніі

А тут яшчэ зраслося ў адно: і дэвальвацыя, і намінаваныя ў валюце арэндныя плацяжы, хоць рэалізацыя тавару ідзе ў рублях, і падзеньне спажывецкага попыту на фоне зьмяншэньня прыбыткаў грамадзянаў і ў нас, і ў Расеі, бо нашы эканомікі пераплеценыя. Масавыя банкруцтвы выкліканыя перадусім зьнешнімі фактарамі, бо сукупны попыт (у тым ліку з боку дзяржавы) скарачаецца — гэта і падзеньне абʼёмаў будаўніцтва жыльля, і іншыя бюджэтныя праграмы. І калі разам са спажывецкім попытам падае і дзяржаўны, усё аднойчы і стрэліла. Але інстытут банкруцтва дазваляе знайсьці выхады, каб аптымальна ўлічваліся інтарэсы ўсіх — і крэдытораў, і даўжнікоў, і дзяржавы.

— Ці паўплывала зьніжэньне вытворчай актыўнасьці на захаваньне долі рынку? Можа, не з ранейшым размахам, але працуе «Мілавіца», некалькі гадоў таму зьявіўся яшчэ адзін сурʼёзны канкурэнт — Mark Formelle.

— Трэба разумець, што на fashion-рынку існуюць розныя цэнавыя сэгмэнты — бюджэтны, сярэдні, прэміюм. Serge працуе ў сярэднецэнавым сэгмэнце, як і «Мілавіца». Большасьць беларускіх вытворцаў — гэта бюджэтны сэгмэнт. Натуральна, калі ў беларусаў пачынаюць падаць прыбыткі, яны зь сярэднецэнавога пераходзяць у бюджэтны, з прэміюму — у сярэднецэнавы. І вось такая міграцыя спажыўцоў найбольш моцна ўдарыла менавіта па сярэднецэнавым сэгмэнце.

— Калі ўжо згадалі Mark Formelle, то нядаўна барацьбіткі за гендэрную роўнасьць абвінавацілі вытворцу ў сэксізьме, выкарыстаньні жаночага цела ў правакацыйнай рэкляме і г.д. Але ж любая фірма, якая спэцыялізуецца на шыцьці бялізны, так ці інакш мае справу з паўаголенымі мадэлямі — прычым не абавязкова гаворка пра жанчын.

— У дадзеным выпадку пытаньне трэба адрасаваць маім сябрам з Mark Formelle. Магу толькі сказаць, што мы з такой рэакцыяй не сутыкаліся. Натуральна, калі рэклямуем трусікі і бюстгальтэры ці бюстʼе, то яны будуць на мадэлі. Як гэта, уласна кажучы, робіцца ва ўсім сьвеце. Асабіста я за сваю досыць доўгую практыку крытычных выказваньняў на гэты конт ня чуў, хоць рабілі паказы ў клюбах, дый цяпер па Менску вісяць бігборды — ніхто прэтэнзіяў да нас не прадʼяўляў. Таму калі ў Mark Formelle была нейкая гісторыя, то давайце ім пытаньне і накіруем.

Мадэль у прадукцыі Serge

Мадэль у прадукцыі Serge

Пакуль інвэстыцыйны клімат фармуюць сілавікі, прытоку капіталу чакаць дарма

— Нават крэдыторы — ад Міжнароднага валютнага фонду да фінансавых падразьдзяленьняў эўразійскай супольнасьці — адной з галоўных умоваў супрацоўніцтва зь Беларусьсю называюць рынкавыя рэформы, прыватызацыю і г.д. Наколькі пэрспэктыўная палітыка дзяржавы, якая ўпарта трымаецца за мэтады плянавай эканомікі?

— Беларусь — клясычная пераходная эканоміка. Ня плянавая, ня рынкавая, а прамежкавая яе форма. Цяпер мы ў стане пераходу ад плянава-адміністрацыйнай да сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі. Шмат якія краіны прайшлі такі шлях — адны з большымі шокамі, іншыя зь меншымі.

Я часта пра гэта кажу: ёсьць пяць асноўных, магістральных кірункаў.

Найперш — лібэралізацыя, куды ўваходзяць дэбюракратызацыя, скарачэньне ліцэнзаваньня і г.д.

Па-другое, інстытуцыялізацыя. Яна ўключае ў сябе прыватызацыю, абарону ўласнасьці, заканадаўчае асяродзьдзе, судовую ўладу.

Трэці пункт — магутны антыманапольны орган. У нас зроблены толькі палавіністы крок: новае ведамства ўваходзіць у склад ураду, а павінна быць незалежным, рэагаваць на любое парушэньне канкурэнцыі, у тым ліку па лініі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Чацьвёртае — макраэканамічная стабілізацыя. Неабходна выйсьці на рост ВУП, прыціснуць інфляцыю, каб інвэстары бачылі пэрспэктыву, маглі складаць нармальныя бізнэс-пляны, каб быў прымальны стан зьнешняга доўгу, золатавалютных рэзэрваў, плацёжнага балянсу, бюджэту, усё ў комплексе.

Пятае — адрасная сацыяльная падтрымка насельніцтва на пэрыяд пераходу ад плянавай да рынкавай эканомікі. Мноства пытаньняў, пачынаючы ад дапамогі па беспрацоўі (лічбы проста зьдзеклівыя) да барацьбы з дармаедамі.

Мадэль у прадукцыі Serge

Мадэль у прадукцыі Serge

— Наконт дармаедаў: ці апраўданая савецкая практыка — караць за тое, што не працуеш?

— Што такое «дармаедзтва», якое мы цяпер назіраем? Якраз індыкатар трансфармацыі эканомікі. Ва ўсіх краінах, якія праходзілі такі ж шлях, рос ценявы сэктар — як спосаб узаемадзеяньня грамадзян і эканомікі. Але ў СССР ценявы сэктар складаў 2%, у пераходных эканоміках бывае 20, 30, нават 40%. Людзі ў нейкі момант адчуваюць пэўную несправядлівасьць і проста перастаюць плаціць падаткі: нешта робяць дома, нешта кляпаюць у гаражы, нешта прадаюць праз інтэрнэт. Самым правільным рашэньнем было б вывучыць вопыт дзяржаваў, якія перажылі штосьці падобнае і дармаедзтва перамаглі.

Як варыянт кампрамісу — больш справядлівае падаткаабкладаньне. Так, можна паўшчуваць тых, хто працаздольны і не працуе, але гэта не адно і тое ж, калі нехта наўмысна сыходзіць у цень. Усе павінны плаціць за грамадзкія даброты. Знакаміты мэтад пугі і перніка. З пугаю зразумела, а пернік — зьніжэньне падаткаабкладаньня, лягчэйшы ўваход у бізнэс для рамесьнікаў, дробных прадпрымальнікаў і, вядома ж, мараторый на любыя штрафы і пакараньні. Ценявы сэктар — толькі індыкатар, бо ёсьць вынік і ёсьць прычына. У нашым выпадку гэта вынік — значыць, трэба знайсьці прычыну: правесьці сацыялягічнае дасьледаваньне, зразумець, у чым незадаволенасьць людзей.

— Ці не адпуджвае патэнцыйных інвэстараў гіпэрактыўнасьць беларускіх сілавікоў? Вялізная колькасьць эканамічных злачынстваў, дзясяткі гаспадарнікаў, прадстаўнікоў бізнэсу і ІТ-сфэры за кратамі — ня самая прывабная карціна для тых, хто мог бы ўкладацца ў нацыянальную эканоміку...

— Абарона прыватнай уласнасьці і, само сабой, бізнэсоўцаў як донараў бюджэту, як працадаўцаў — гэта падмурак бізнэс-клімату, аснова ўсёй эканомікі. Безумоўна, павінна адбыцца дэкрыміналізацыя шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, зьмякчэньне пакараньня. Безумоўна, павінна быць зьніжана актыўнасьць органаў кантролю, нават прэзыдэнт даў такую ўстаноўку — ад Новага году збавіць абароты.

Ці будзе яно выканана — пакуль незразумела. Але калі меркаваць па бюджэце на 2017 год, то выдаткі на сілавікоў павялічыліся, на органы дзяржаўнага кіраваньня — таксама павялічыліся. На адукацыю — наадварот, зьнізіліся. Іншымі словамі, па ўскосных прыкметах, асаблівага зьніжэньня актыўнасьці не прадбачыцца. Бо каб так было, скарацілася б і фінансаваньне. Паглядзім, пра гэта цяпер шмат гаворыцца...

— Сяргей, а самі ня думалі пра тое, каб перавесьці актывы ў шыроты, больш спрыяльныя для бізнэс-дзейнасьці?

— Ды неяк ужо ўсімі каранямі сюды ўрос. Тут нарадзіўся, вырас, распачаў справу. Другая палова жыцьця пайшла, што ўжо мяняць? Гэта хай моладзь ацэньвае, дзе лепш — дома ці за мяжой. Наадварот, буду працягваць гнуць сваю лінію, бо доўгія гады якраз змагаўся за спрыяльны бізнэс-клімат, займаў і працягваю займаць у гэтым пытаньні актыўную грамадзянскую пазыцыю. То бок усё буду рабіць дзеля таго, каб менавіта ў Беларусі дзелавым людзям было добра.

Мадэль у прадукцыі Serge

Мадэль у прадукцыі Serge

Замяніць зьнешні мэдыяўплыў на ўнутраны, каб прымусіць паважаць сваё

— Дарэчы, пра грамадзянскую пазыцыю. Ад сярэдзіны 1990-х Сяргей Атрошчанка з розным посьпехам на фінішы, але меў актывы ў мэдыйных праектах — спачатку «Свободные новости плюс», потым «Обозреватель», нават агучваліся віды на акцыі брытанскай Daily Telegraph. Чаму зьнік інтарэс да СМІ? Дорага ўтрымліваць?

— Думаю, гэта паўза. Гледзячы на сёньняшні мэдыярынак, усурʼёз задумваюся, каб зноў распачаць нейкі праект. Дыскусія, якая цяпер мае месца, палярызаваная, але абсалютна неканструктыўная. Ёсьць, умоўна кажучы, тры кіты: расейскі мэдыяўплыў, заходні і дзяржаўны. А павінен узмацняцца якраз уплыў унутраны, беларускі, каб СМІ стваралі нашы грамадзяне, а ня хто іншы. На жаль, пры ўсёй цяперашняй палярызацыі няма глыбіні думкі. Сёньня адбываецца зьмена ўсёй сьветапогляднай парадыгмы — вось што галоўнае.

Гледзячы на наш мэдыярынак, я бачу, што няма глыбокай аналітыкі, разуменьня працэсаў

Калі яшчэ 5–10 гадоў таму лічылася, што Эўропа — гэта вянец дасканаласьці з гледзішча палітыкі, эканомікі, то цяпер бачым, што новыя грошы друкуюць, а аддача ад гэтага крэдыту ў эканоміку не ідзе. І якая будзе разьвязка — пытаньне. Кажам, што ў нас узровень «дрэннага доўгу» ў банкаўскай сыстэме 14,2%. Дык у Італіі — 28%, у Грэцыі і на Кіпры — па 40%. А эканоміка зьвязаная з палітыкай, да ўлады могуць прыйсьці радыкальныя партыі. Трэба, каб у грамадзтве нараджаўся здаровы кансэнсус, разуменьне новай парадыгмы, да якой мы прыходзім. Гледзячы на наш мэдыярынак, я бачу, што няма глыбокай аналітыкі, разуменьня працэсаў. І гэта штурхае да думкі, што нейкі праект трэба пачынаць, наконт гэтага сурʼёзна думаю.

Сяргей Атрошчанка

Сяргей Атрошчанка

— Пару гадоў таму вы разбавілі аднародную масу безальтэрнатыўных аналітыкаў на Беларускім тэлебачаньні, выказваючы ледзь не крамольныя думкі ў «Клюбе рэдактараў», у палітычных шоў. Як такое стала магчымым?

— Магчыма, ня ўсе да канца зразумелі мой статус у тым жа «Клюбе рэдактараў» — я ўсё ж быў у якасьці галоўнага рэдактара «Обозревателя». Па вялікім рахунку, у кожнай перадачы даваў крытычныя ацэнкі на адрас улады, гаварыў аб празрыстасьці галасаваньня, аб тым, што на ўчастках павінны стаяць відэакамэры, бо не павінна быць нават сумневу, правільна прайшлі выбары ці не.

Хоць на першых перадачах мне спрабавалі і рот затыкаць, але потым пачалі слухаць, пачалася нармальная дыскусія. Цяпер час ад часу ўдзельнічаю як бізнэсовец. Аднак у бальшыні новых палітолягаў, якія зьявіліся на экране, яшчэ раз паўтаруся, глыбіні разуменьня актуальных працэсаў папросту ня бачу, бачу прапаганду з аднаго і з другога боку. Сутыкненьне думак, пры якім людзі адзін аднаго проста ня чуюць, ня хочуць нават прыслухацца.

Мадэль у прадукцыі Serge

Мадэль у прадукцыі Serge

— Чаму грамадзкая актыўнасьць не перакідаецца на нешта большае — тое ж дэпутацтва?

— У мяне пра гэта ня раз пыталіся. Я абмяжоўваюся актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і бізнэсам. Быць публічным палітыкам — пэўная праца, пэўны лад жыцьця. На гэта я нагледзеўся цягам усёй сваёй дзейнасьці, ад пачатку 1990-х. Шмат зь якімі палітыкамі я знаёмы асабіста, ведаю, як і чым яны жывуць. Кожнаму сваё. Асабіста мне хапае актыўнай пазыцыі і бізнэсу.

На маё глыбокае перакананьне, павінна быць палітычная канкурэнцыя, яна неабходная і для палітыкаў, і для грамадзянаў, і для бізнэсу — гэта падмурак абароны правоў уласнасьці, грамадзянскіх правоў, пазытыўнага разьвіцьця ў цэлым. Таму цалкам натуральна, што нам трэба ўзмацняць ролю парлямэнту, партыяў. Каб і ўрад дэпутатамі прызначаўся, і каб празрыстасьць на выбарах была забясьпечаная. Усё трэба рабіць цяпер, не адкладаючы на будучыню.

Сяргей Атрошчанка нарадзіўся ў 1970 годзе ў Менску. Генэральны дырэктар ТАА «Серж-Фэшн» (вытворца ніжняй бялізны Serge).

Мае няскончаную вышэйшую тэхнічную адукацыю. У бізнэсе ад 1992 году — пачынаў з прыватнага прадпрымальніцтва. У 1993-м заснаваў прадпрыемства «Хемпік», якое спэцыялізавалася на гандлі хімічнай сыравінай. Праз год кампанія стала заснавальнікам тыднёвіка «Свободные новости плюс», супрацоўніцтва было спынена пры канцы 1990-х. У 2002 годзе заснаваў новую газэту «Обозреватель», быў шэф-рэдактарам. Апошні нумар выйшаў у сьнежні 2012-га. Сталы фігурант разнастайных рэйтынгаў самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG