Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У выпадку маёй сьмерці маё цела патрабую аддаць цэлым маме і сястры», — Саўчанка пачала сухую галадоўку


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Украінская лётчыца і народны дэпутат Надзея Саўчанка заявіла, што адмовіцца ад галадоўкі толькі ў выпадку вяртаньня ў Украіну «жывой ці мёртвай».

Пра гэта гаворыцца ў заяве Надзеі Саўчанкі, тэкст якой публікуе УНІАН.

«Я, Саўчанка Надзея Віктараўна, украінка, грамадзянка Украіны, абвяшчаю сухую галадоўку з 2016/03/04 года да вяртаньня мяне ў Украіну жывой ці мёртвай», — заявіла Саўчанка.

Паводле яе слоў, сухая галадоўка — гэта пратэст «на дзеяньні расейскіх уладаў, расейскіх спэцслужбаў, сьледзтва, суду і пракуратуры РФ, на тое, што яны спрабуюць схаваць свае злачынствы».

Саўчанка ўпэўненая, што гэтыя органы вінаватыя ў парушэньні міжнароднага права, у выкраданьні яе з Украіны, гвалтоўнай перавозцы ў РФ і незаконным утрымліваньні яе ў турмах Расеі і ганебным судзе.

«Я забараняю ў СІЗА і наагул у Расеі спрабаваць выводзіць мяне з галадоўкі. Забараняю браць у мяне якія-колечы аналізы і прымушаць мяне прымаць якія-колечы мэдыкамэнты. Забараняю расейскім лекарам і супрацоўнікам СІЗА да мяне дакранацца. Згодная толькі на агляд лекарамі з Украіны ці Эўропы», — падкрэсьліла Саўчанка.

«Забараняю перамяшчаць куды-небудзь з камэры і этапаваць мяне куды-небудзь без тлумачэньня мне мэты этапу і месца прыбыцьця. Любое прымяненьне да мяне фізычнай сілы буду расцэньваць як катаваньні і аказваць супраціў», — дадала яна.

Саўчанка падкрэсьліла, што калі застанецца жывая, патрабуе вывезьці яе на судовае пасяджэньне.

«У выпадку маёй сьмерці забараняю ўскрываць маё цела і патрабую аддаць яго цэлым маім маме і сястры. Маё рашэньне зьмене не падлягае», — заявіла Саўчанка.

Акрамя таго, яна напісала на ўкраінскай мове: «В Росії нікому не вірю! Не боюсь! Не прошу! Я сказала своє останнє слово! З Україною в серці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG