Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка: «Расея мяне ўсё роўна верне ва Ўкраіну — жывой ці мёртвай»


Тэкст апошняга слова, зь якім сёньня мела намер выступіць Надзея Саўчанка падчас пасяджэньня Данецкага гарадзкога суду, прадставіла сястра ўкраінскай лётчыцы Вера Саўчанка.

Радыё Свабода публікуе поўны тэкст:

«Я не прызнаю ні віны, ні прысуду, ні расейскага суду. У выпадку абвінаваўчага прысуду — апэляцыі ня будзе. Я хачу, каб увесь дэмакратычны цывілізаваны сьвет зразумеў, што Расея — гэта краіна трэцяга сьвету з таталітарным рэжымам і дыктатарам-самадурам, у якой плююць на правы чалавека і міжнароднае права.

Абсурднай зьяўляецца сытуацыя, калі тыя, хто выкрадае людзей — падвяргаюць іх катаваньням, потым яшчэ і робяць выгляд, што маюць права іх судзіць! Аб якім справядлівым судзе тут можа ісьці гаворка ?! У Расеі няма суду і сьледзтва! Тут ёсьць фарс лялечных марыянэтак Крамля. І я лічу абсалютна лішнім марнаваць час свайго жыцьця на тое, каб браць у ім удзел!

Таму апэляцыі ня будзе, а будзе наступнае: пасьля прысуду я працягваю галадоўку яшчэ на дзесяць дзён, пакуль прысуд уступіць у сілу, і гэта незалежна ад перакладу на ўкраінскую мову, таму што гэтым яны таксама ўмеюць вельмі доўга цягнуць час. Праз дзесяць дзён я абвяшчаю сухую галадоўку, і тады ў Расеі ёсьць ня больш за дзесяць дзён, каб вярнуць мяне ва Ўкраіну, адкуль выкралі! І мяне не хвалюе, якім чынам яны будуць гэта абгрунтоўваць! Я чула пра даволі нядрэнныя здольнасьці Пятра Аляксеевіча Парашэнкі ў дыпляматыі. Я спадзяюся, што яго дыпляматычных здольнасьцяў хопіць на тое, каб дамовіцца ў Расеі з адным ідыётам, бо ён абяцаў маёй маці, што я яшчэ на травеньскія сьвяты 2015 году буду дома.

І пакуль за мяне будуць гандлявацца, жыцьцё мяне будзе пакідаць і Расея мяне ўсё роўна верне ва Ўкраіну — жывой ці мёртвай, але верне! І ўсе гэтыя дзесяць дзён пад варотамі СІЗА будзе дзень і ноч стаяць мая сястра, і будзе чакаць — выпусьцяць мяне ці вынесуць. І калі вы яе пасадзіце, на яе месца прыйдзе і стане мая маці, ёй 77 гадоў, вы і яе пасадзіце? Тады на яе месца стане мая сяброўка, мой сябар, а за імі ўкраінец за ўкраінцам! І запомніце — усіх вам сюды не запхнуць! А пакуль мае суайчыньнікі будуць стаяць, простыя, сумленныя і прыстойныя расейцы з бліжэйшых дамоў пачнуць ім падносіць гарачы чай, бутэрброды і цёплыя коўдры, таму што кожны зь іх разумее, што заўтра на маім месцы можа апынуцца дзіця кожнага зь іх у гэтай турме ўсіх народаў пад назвай Расея!

А вось так пачынаюцца Майданы! А яно вам трэба ?! Вы ж гэтага баіцеся як агню! Таму Крамлю лепш вярнуць мяне ва Ўкраіну чым хутчэй і жывой.

А ўсяму сьвету з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі лепш своечасова засвоіць урокі гісторыі і ўспомніць, што ў свой час Эўропа была талерантная да Гітлера, а Амэрыка не была досыць рашучай, і гэта прывяло да Другой Сусьветнай вайны. Пуцін — гэта тыран з імпэрскімі замашкамі, комплексамі Напалеона і Гітлера разам узятых! А мядзьведзь чалавечае мовы не разумее, ён разумее толькі мову сілы. Таму, калі мы ня станем больш рашучымі і ня вызначым своечасова правільныя прыярытэты, то будзем хутка мець Трэцюю Сусьветную вайну!

І я, зараз ужо як палітык не падам рукі Расеі на палітычнай арэне. Вельмі нязручна падаваць руку таму, хто трымаў цябе ў кайданках, а твой народ у кайданах. Але прымаючы кожнае сваё палітычнае рашэньне, я заўсёды буду думаць, як яно адаб’ецца на простым народзе, як ва Ўкраіне, так і ў Расеі. Таму што ў Расеі, нягледзячы ні на што, ўсё ж ёсьць шмат сумленных, добрых і прыстойных людзей».

Сёньня судзьдзя Леанід Сьцепаненка перапыніў пасяджэньне суду адразу пасьля спрэчак бакоў, не дазволіўшы Саўчанцы выступіць з апошнім словам. У адказ украінская ваеннаслужачая абвясьціла сухую галадоўку. Працяг працэсу адбудзецца 9 сакавіка. Заўтра адвакаты Саўчанкі наведаюць яе ў СІЗА Навачаркаску, і ўжо заявілі, што будуць спрабаваць пераканаць яе спыніць галадоўку. З такім жа заклікам да Саўчанкі сёньня зьвярнулася Юлія Цімашэнка. МЗС Украіны сёньня асудзіў Маскву за зацягваньне судовага працэсу над Саўчанкай і заклікаў міжнародную супольнасьць узмацніць ціск на Расею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG