Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Ні ўладам, ні правакатарам з сацыяльных сетак не ўдалося сарваць сьвята


Віталь Рымашэўскі (справа) на Дні Волі

Віталь Рымашэўскі (справа) на Дні Волі

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што, нягледзячы на правакацыі ўладаў і антымайдану, сьвяточнае шэсьце ў Менску з нагоды Дня Волі адбылося.

«Ні ўладам, ні правакатарам з сацыяльных сетак, антымайданам, асобным моладзевым дзеячам беларускай культуры не ўдалося сарваць гэта сьвята. Наадварот, настрой быў сьвяточны. Безумоўна, калі б улады не адмовілі, па сутнасьці, не забаранілі правядзеньне акцыі ў той час, у які аргкамітэт прасіў адпачатку, то тады людзей было б у некалькі разоў больш. Але прыйшлі больш за паўтары тысячы чалавек, і сьвята атрымалася моладзевым. Бо ў гэты час маглі прыйсьці пераважна студэнты, пэнсіянэры ці людзі, якія працуюць у прыватным бізнэсе, якія не занятыя, як на дзяржаўных прадпрыемствах. Сьвята атрымалася, і яно было досыць удалае, настрой быў сьвяточны.То бок, нягледзячы на правакацыі ўладаў ці антымайдану, сьвята сёньня адбылося».

Адносна таго, як паводзіла сябе міліцыя падчас акцыі, Віталь Рымашэўскі сказаў:

«Пакуль нам не паступала інфармацыі пра затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. У прынцыпе, ніякіх асаблівых перашкодаў не было. Але перашкодай была незаконная адмова ў правядзеньні акцыі ў час, зручны людзям, які прасілі арганізатары».

Параўноўваючы масавасьць сёньняшняй акцыі зь леташняй, Рымашэўскі адзначыў:

Трэба чакаць вялікай колькасьці людзей, большай, чым летась, 26 красавіка на „Чарнобыльскі шлях“

«Калі трошкі і менш было людзей, то гэта не было так заўважна. Я думаю, што ўлады чакалі нашмат меншай колькасьці ўдзельнікаў і горшых вынікаў. Час нязручны, але ўдзельнікаў было, як і ў мінулым годзе. Гэта сьведчыць, што ёсьць запатрабаванасьць у вулічных акцыях, шэсьцях, і людзей будзе ўсё больш. Тым больш што ў нас хутка прэзыдэнцкая кампанія, гэта людзі будуць адчуваць. І трэба чакаць вялікай колькасьці людзей, большай, чым летась, 26 красавіка на „Чарнобыльскі шлях“. Мы ўжо размаўляем пра стварэньне аргкамітэту гэтай акцыі і запрашаем далучацца ўсіх, каб не было залішніх спрэчак. Бо ў інтэрнэце могуць знаходзіцца асобныя дзеячы, якія крытыкуюць, а на акцыі іх не відаць. Але непатрэбныя такія разлады ў сацсетках узьнікаюць да правядзеньня акцыі. Таму, каб такога не было, на наступным тыдні мы абвесьцім пра стварэньне аргкамітэту, і гэтыя паседжаньні будуць адкрытымі. І будзем прасіць далучацца ўсіх і да аздабленьня, і да крэатыву гэтай акцыі».

За акцыю на Дзень Волі арганізатары павінны заплаціць міліцыі 20 мільёнаў рублёў. Ці гатовыя арганізатары «Чарнобыльскага шляху» плаціць такія грошы?

«Мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне, яно незаконнае, гэта парушэньне права на свабоду сходаў. Бо міліцыя і так атрымлівае фінансаваньне з падаткаў. Але каб не правакаваць сілавыя структуры на неадэкватныя дзеяньні, на забарону шэсьця, мы тым ня менш пагадзіліся сплаціць. Пабачым, што будзе перад „Чарнобыльскім шляхам“. Думаю, што першыя абскарджваньні патрабаваньня аплаты ў судзе будуць вядомыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG