Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У клюбе Алексіевіч — гісторык, кніга якой абурыла Літву


Рута Ванагайце (Rūta Vanagaitė)
Рута Ванагайце (Rūta Vanagaitė)

Рута Ванагайце, аўтарка кнігі «Нашы» пра ўдзел літоўцаў у Галакосьце, 2 сакавіка выступае ў інтэлектуальным клюбе нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.

Каб напісаць сваю кнігу, Ванагайце абʼезьдзіла ўсю Літву, гаварыла са сьведкамі і ўдзельнікамі падзеяў, чытала ў архівах справы, на якія раней ніхто не зьвяртаў увагі. У забойствах 200 000 габрэяў у час Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Літвы, паводле Ванагайце, літоўцы прымалі актыўны ўдзел.

Кніга выклікала неадназначную рэакцыю ў літоўскім грамадзтве. Аўтарка казала, што ад яе «адвярнуліся сябры і знаёмыя». Адразу пасьля выхаду кнігі Ванагайце адмовілася даваць інтэрвію расейскім СМІ. «Я напісала кнігу для Літвы. Гэта ўнутраная справа літоўцаў» — казала яна.

Мы выбралі некалькі выказваньняў Руты Ванагайце з інтэрвію розным выданьням, у тым ліку Радыё Свабода.

«У маёй бабулі былі залатыя зубы, у маёй мамы былі залатыя зубы, адкуль гэтае золата? У савецкія часы, калі ты прыходзіў да зубнога ўрача, ён пытаўся: „Ваша золата ці наша?“. І калі я падумала, колькі ўвогуле людзей у Літве дакрануліся, датычныя да гэтага, я хацела проста гэта адкрыць. У кожнай нашай сямʼі магло такое быць, і трэба проста ўсьвядоміць гэта» — у інтэрвію Радыё Свабода.

«У IX форце расстралялі 5000 габрэяў з Аўстрыі і Чэхіі. Сюды іх везьлі на прышчэпку — габрэі ішлі ў ямы з закасанымі рукавамі ў чаканьні прышчэпкі. Літоўцы так добра працавалі, што батальён Антанаса Імпулявічуса вывезьлі ў Беларусь — там забілі 15 000 габрэяў. Немцы былі вельмі задаволеныя» — у інтэрвію Delfi.

«У кнізе я не абапіраюся на ніводную замежную крыніцу, толькі на тое, што сказана жыхарамі Літвы і гісторыкамі. Паўгода я правяла ў Спэцыяльным архіве, чытала справы, іх споведзі. Хто скажа, што нашых хлопчыкаў катавалі і толькі пасьля гэтага яны давалі паказаньні — глупства, ніхто ня кажа пра катаваньні. Адзін забойца габрэяў скардзіўся на боль у плячы, зрабілі рэнтген, высьветлілі прычыну, прызначылі масаж і парафінавыя ванначкі. Відаць, надта многа страляў» — тамсама.

«Я чытала пратаколы аб эксгумацыі — мноства дзяцей зь непашкоджанымі чарапамі — значыць, закопвалі жывымі. У кнізе ёсьць сьведчаньне аднаго вайскоўца — бацька ніцма клаўся ў яму, прыкрываючы дзіця. У вайскоўца спыталіся — у каго першага стралялі, у бацьку ці ў дзіця? Адказаў: „Што мы, зьвяры, ці што, страляць у дзіця на вачах у бацькі? Канечне, у бацьку. Дзіця ж нічога не разумее“» — тамсама.

«У нас ёсьць манумэнты ка́там, якія забівалі ў Літве і ў Беларусі. Стаяць помнікі! Гэта ў нас цьвёрдая памяць... Няма аніякага кансэнсусу, проста яны стаяць. Стаяць помнікі тым партызанам, якія да таго масава забівалі габрэяў. І дзясяткі кніг пра гэта напісана» — у інтэрвію Радыё Свабода.

Інтэлектуальны клюб — грамадзкая ініцыятыва нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Яна запрашае значных дзеячоў культуры выступіць у Менску і паўдзельнічаць у дыскусіі. Раней удзельнікамі клюбу былі расейскія паэтэса і філёзаф Вольга Седакова і палітычны аналітык Станіслаў Бялкоўскі.

Рута Ванагайце — грамадзка-культурная дзяячка, пісьменьніца, гісторык, тэатральны крытык. У 2000–2001 была дарадцам па культуры і сувязях з грамадзкасьцю ва ўрадзе прэмʼер-міністра Раландаса Паксаса. Аўтарка некалькіх кніг. У апошнія гады працавала над выданьнем пра ўдзел літоўскага насельніцтва ў Галакосьце. Кніга «Нашы» выйшла ў 2016 годзе. За гэтую публікацыю Рута Ванагайце атрымала ўзнагароду «За мужнасьць» ад цэнтру Сымана Візэнталя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG