Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Паганяйла: Экспэртыза справы «Рэгнум» разьбітая ўшчэнт


Гары Паганяйла каля Менскага гарадзкога суду, дзе разгялядаецца «справа „Рэгнума“»
Гары Паганяйла каля Менскага гарадзкога суду, дзе разгялядаецца «справа „Рэгнума“»

20 сьнежня на працэс над аўтарамі сайту «Рэгнум» прыйшоў вядомы праваабаронца, былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла. Сваю цікаўнасьць да працэсу над «пракрамлёўскімі прапагандыстамі» Гары Паганяйла патлумачыў апасеньнямі, што «з прычыны палітызаванасьці справы будуць парушаныя правы абвінавачаных, у тым ліку на абарону».

Карэспандэнт Свабоды папрасіў праваабаронцу пракамэнтаваць падзеі на судзе ў трэці дзень працэсу, калі з аналізам абвінаваўчага заключэньня і экспэртызы выступіў падсудны Сяргей Шыптэнка.

«Ён ведае, пра што кажа. Бачна, што самым уважлівым чынам разам з адвакатам вывучыў матэрыялы справы і найперш экспэртнае дасьледаваньне, якое для абвінавачаньня зьяўляецца асноўным доказам. І разьбіў гэтую экспэртызу ўшчэнт праз аналіз і амаль парадковую крытыку».

Гары Паганяйла мяркуе, што «яўны абвінаваўчы ўхіл» у экспэртызе зададзены ўладамі, якія, паводле яго, далі каманду на завядзеньне крымінальнай справы супраць аўтараў агенцтва «Рэгнум» ды забясьпечылі патрэбнае экспэртнае заключэньне. «У прававой дзяржаве такія рэчы недапушчальныя», — лічыць Гары Паганяйла.

У дзеяньнях аўтараў расейскага агенцтва «Рэгнум», паводле Гары Паганяйлы, няма складу злачынства, і таму ён мяркуе, што па справе мусіць быць «толькі апраўдальны прысуд». Але прадказаць, якое рашэньне прыме суд, Гары Паганяйла не бярэцца.

Гары Паганяйла згадаў справы апошніх гадоў, дзе пэўныя матэрыялы прызнаваліся экстрэмісцкімі на падставе экспэртных заключэньняў. Сярод іх былі справы пра кнігі Зянона Пазьняка, альбома «Прэс-фота — 2011», кніг Паўла Шарамета.

«Мне давялося прадстаўляць у Ашмянскім судзе інтарэсы журналістаў у справе „Прэс-фота — 2011“, і магу засьведчыць, што ў нас склалася гэтая ганебная практыка — фабрыкаваць такую экспэртызу, якая патрэбная ўладам».

Сяргей Шыптэнка прытрымліваецца спрэчных поглядаў на сувэрэнітэт Беларусі, вынікі расейска-беларускай інтэграцыі, ацэнкі гістарычных дзеячаў Беларусі, пэрспэктывы беларускай мовы. Як Гары Паганяйла ставіцца да гэтых поглядаў падсуднага, якія сёньня зноў прагучалі ў судзе?

«Я індыфэрэнтна стаўлюся да любых ідэалягічных установак, якія часам друкуюць у тых ці іншых мэдыях. Права выказаць сваё меркаваньне мае нават вар’ят, а мы на тое і людзі, каб умець ацэньваць, адсейваць і ўспрымаць толькі тое, што кладзецца нам на душу паводле нашага сьветапогляду», — адказаў Гары Паганяйла.

Праваабаронца выступіў за тое, каб ідэалягічныя спрэчкі вяліся выключна на дыскусійных пляцоўках, у тым ліку ў мэдыях, а не праз крымінальныя справы.

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень трэці

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG