Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваслаўны біскуп супраць савецкага камісара — як назваць плошчу ў Магілёве?


Архіепіскап Георгій Каніскі

Архіепіскап Георгій Каніскі

У Магілёве распачатае грамадзкае абмеркаваньне пытаньня пра пераназваньне плошчы імя Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага. З калектыўным зваротам у гарвыканкам зьвярнулася група праваслаўных вернікаў. На іх думку, архіепіскап Георгій Каніскі нямала зрабіў для Магілёва і ягонае імя вартае ўвекавечваньня. Паводле праваслаўных актывістаў, ён быў знаным рэлігійным, грамадзкім дзеячам, філёзафам, пэдагогам ды пісьменьнікам.

Некалі называлі Касьцерня, цяпер — Арджанікідзэ

Плошча Арджанікідзэ адна з цэнтральных у горадзе. Названы ў гонар сябра Сталіна пляц утварыўся, калі засыпалі ў 1950 гадах абарончы яр. Старэйшае пакаленьне магілёўцаў гэтую мясьціну называюць Касьцерня.

Гэтак выглядае плошча імя Арджанікідзэ, якую праваслаўныя актывісты хочуць пераназваць у плошчу Каніскага

Гэтак выглядае плошча імя Арджанікідзэ, якую праваслаўныя актывісты хочуць пераназваць у плошчу Каніскага

Навіна пра намаганьні праваслаўных вернікаў увекавечыць Георгія Каніскага, назваўшы плошчу ў яго гонар, разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Стаўленьні да асобы сьвятара дыямэтральна супрацьлеглыя — ад «расейскім калябаранта» да «абаронца праваслаўных».

Магілёўскай эпархіяй Каніскі кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагодзьдзя. Падзеі таго часу прывялі да зьнікненьня з палітычнай мапы Эўропы Рэчы Паспалітай.

Прэсавы сакратар Магілёўскага эпархіяльнага ўпраўленьня Ільля Сідаровіч на просьбу аргумэнтаваць ініцыятыву па перайменаваньні плошчы Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага заявіў: «Асоба сьвятара адна з самых славутых у Беларусі. Георгій Каніскі быў самаахвярным абаронцам прыгнечаных беларусаў, і дзякуючы яму беларусы захаваліся як нацыя. Безь яго не было б цяперашняй Беларусі».

«Веліч Каніскага, — працягнуў Ільля Сідаровіч, — увекавечана, разам зь яшчэ 106 выбітнымі гістарычнымі асобамі, у Ноўгарадзе на помніку «Тысячагодзьдзя Расеі». Пушкін казаў пра Георгія Каніскага, што ён «адзін з самых векапомных асобаў XVIII стагодзьдзя і жыцьцё ягонае належыць гісторыі».

Помнік «Тысячагодзьдзю Расеі ў Ноўгарадзе»

Помнік «Тысячагодзьдзю Расеі ў Ноўгарадзе»

Паводле прадстаўніка эпархіяльнага ўпраўленьня жыцьцё Каніскага непарыўна зьвязана з Магілёвам.

«Плошча, якая, дасьць Бог, будзе названай у гонар архірэя, непадалёк ад месца, дзе раней узвышаўся Спаскі храм, у якім служыў уладыка, і ў якім спачывалі ягоныя мошчы. Там была сэмінарыя, якую ён адкрыў, і створаная ім друкарня. У савецкі час усё гэта разбурылі. Гістарычная справядлівасьць вымагае, каб разбуранае было ўвекавечана назвай плошчы. Калі ў Магілёве ёсьць Архірэйскі вал, то лягічна, што ён мусіць весьці да плошчы імя Каніскага. Дасьць Бог, і як пажадаюць людзі, на ёй будзе і помнік біскупу».

Высілкамі Каніскага захавалася праваслаўе

Суразмоўца кажа: Георгія Каніскага прызначалі Магілёўскім біскупам, калі праваслаўныя вернікі ў Рэчы Палітай цярпелі ад уціску і дыскрымінацыі.

«Толькі на Магілёўшчыне тады засталася праваслаўная катэдра. Празь ягоныя высілкі, якія маглі каштаваць яму жыцьця, захавалася праваслаўе, — зазначае ён. — Калі прыйшоў Каніскі, тут былі непісьменныя сьвятары, бо чыніліся перашкоды разьвіцьцю праваслаўя. Кіраўніцтва гарадоў было пераважна не з праваслаўных. Многія мянялі веру, бо не вытрымлівалі ціску. Каніскі прасіў заступніцтва ў польскага караля і расейскай імпэратрыцы».

Георгій Каніскі шануецца праваслаўнымі вернікамі як мясцовы сьвяты Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Разглядаецца пытаньне пра далучэньне сьвятара да ліку сьвятых праваслаўнай царквы.

Ільля Сідаровіч лічыць, што адна з цэнтральных плошчаў гораду ня можа насіць імя Арджанікідзэ — чалавека, які ня зьвязаны ні з гісторыяй гораду, ні краю.

«Арджанікідзэ славуты сваім удзелам у рэпрэсіях падчас „чырвонага тэрору“. Ён вінаваты ў сьмерці многіх людзей. Хіба можа плошча называцца ў гонар такой асобы?», — рэзюмаваў прадстаўнік эпархіяльнага ўпраўленьня.

Крыж, усталяваны насупраць Архірэйскага палацу, у памяць пра Георгія Каніскага

Крыж, усталяваны насупраць Архірэйскага палацу, у памяць пра Георгія Каніскага

Вернікі пры цэрквах таксама адзначалі выключную ролю сьвятара ў адстойваньні правоў праваслаўных у 18 стагодзьдзі.

«Тады тут было ўсё ў такім заняпадзе, што нават сьвятары ня ведалі сымбалю веры. Дужа моцны на іх быў уціск праваслаўных. Іх прымушалі станавіцца ўніятамі. І калі прыйшоў Каніскі, то ён абараніў народ. Уладыка ведаў да каго зьвяртацца, каму кланяцца» — казалі журналісту ў адным з праваслаўным храмаў.

У Магілёве ў гонар Каніскага ўзьведзены невялікі Георгіеўскі храм. Паводле суразмоўцаў, у ім 6 жніўня, у дзень нараджэньня біскупа Каніскага, і 26 лютага, у дзень яго сьмерці, ладзяцца адмысловыя службы і хрэсныя хады.

На пытаньне, ці вядомы Каніскі магілёўцам, якія ў бальшыні сваёй лічаць сябе праваслаўнымі, вернікі адказалі адмоўна. «Пра яго ведаюць хіба тыя, хто цікавіцца адпаведнай літаратурай», — прызналіся яны. На іх думку, наданьне плошчы імя Каніскага падахвоціць гараджан зацікавіцца асобай архірэя.

«Бараніў праваслаўных ад «палякаў»

Давялося апытаць нямала людзей на магілёўскіх вуліцах, каб адшукаць тых, хто здолеў прыгадаць асобу і чыннасьць сьвятара.

Надпіс на крыжы са словамі архірэя «У што веру — тое вызнаю»

Надпіс на крыжы са словамі архірэя «У што веру — тое вызнаю»

Для бальшыні магілёўцаў веды пра яго і ягоную спадчыну абмежаваныя нешматлікімі помнікамі архітэктуры, якія ацалелі ў горадзе з часоў Каніскага. Нагадвае магілёўцам пра постаць праваслаўнага біскупа і крыж, ўсталяваны насупраць Архірэйскага палацу, дзе жыў уладыка.

«Каніскі, як я чула, заступнік гораду, а чаму — ня ведаю», — адказала дзяўчына каля сабору Трох сьвяціцеляў, на тэрыторыі якога ўзьведзены Георгіеўскі храм з намаляванай на сьцяне постацьцю Каніскага.

«Здаецца ў яго гонар усталяваны крыж непадалёк ад плошчы Арджанікідзэ. Але хто ён такі, на свой сорам, ня ведаю», — выказаўся малады хлопец на пляцоўцы побач з ратушай.

Архірэйскі палац, які ўзьвялі праз руплівасьць Георгія Каніскага

Архірэйскі палац, які ўзьвялі праз руплівасьць Георгія Каніскага

«Так, я чула пра Каніскага. Ведаю, дзе ягоны палац, і там шыльда пра яго вывешаная. Вуліца яшчэ, здаецца, называецца „Архірэйскі вал Каніскага“. Бараніў ён праваслаўных ад палякаў. Пра яго добра адгукаўся Пушкін», — адказала жанчына старэйшага веку.

Георгій Каніскі сорак гадоў кіраваў праваслаўнай эпархіяй на ўсходзе Беларусі. У 1755 годзе яго прызначылі на Магілёўскую катэдру. Як сьцьвярджаюць гісторыкі, у гэты час у Рэчы Паспалітай праваслаўныя цярпелі ўціск за веру. У 1765 годзе на аўдыенцыі ў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста магілёўскі архірэй выступіў з прамовай у абарону правоў праваслаўных.

Пасьля некалькіх замахаў на жыцьцё ратаваўся ў Смаленску, застаючыся Магілёўскім біскупам у выгнаньні. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай вярнуўся ў Магілёў. У тэкстах расейскіх аўтараў, прысьвечаных Каніскаму, сьцьвярджаецца, што ён, нібыта, вітаў новую ўладу. Выступаў супраць Берасьцейскай уніі 1596 году, прапагандаваў ідэю абʼяднаньня рускага, беларускага і ўкраінскага народаў.

«Расейскі калябарант» і «абаронца праваслаўнай веры»

Блогер Юрась Новікаў на сайце «Беларускага партызана» напісаў: «Русский мир» працягвае актыўна атакаваць Магілёў". Аўтар заяўляе: «Каніскі, расейскі калябарант, зь якога сёньня намагаюцца зьляпіць героя Магілёва і ледзьве не беларускага сьвятога. Вядомы факт, напрыклад, што дамогшыся ад расейскай імпэратрыцы найвышэйшага дазволу на працягу трох наступных гадоў „далучыў“ да акупацыйнай царквы 112 578 уніятаў, за што атрымаў чын архіепіскапа ад яе».

Шыльда з барэльефам Каніскага на Архірэйскім палацы

Шыльда з барэльефам Каніскага на Архірэйскім палацы

Гісторык з Горадні Аляксандар Краўцэвіч, у камэнтары «Нашай Ніве» адзначыў: «Хочуць памяняць шыла на мыла. Савецкага дзеяча зьмяніць на імпэрскага. А дзе ж беларускасьць? Трэба абраць іншую асобу, якая больш заслужаная для Магілёва — такіх не бракуе».

«Сьвяціцель Георгій Каніскі быў грамадзянінам сваёй дзяржавы — Рэчы Паспалітай», — адрэагаваў на згаданую публікацыю ў «Нашай Ніве» праваслаўны сьвятар з Горадні Георгій Рой. «Але грамадзянінам другога гатунку, — засяроджвае ўвагу камэнтатар і адказвае на пытаньне чаму: «Толькі з-за таго, што трымаўся веры айцоў, якую ганьбілі і гналі. Адзінае што ён рабіў — абараняў сваю праваслаўную веру. Ён стаў закладнікам тых палітычных абставін, якія стварыў ня ён».

«Менавіта недальнабачныя і фанатычна настроеная палітыкі Рэчы Паспалітай зрабілі магчымым выкарыстоўваць рэлігійнае пытаньне для палітычных мэтаў суседніх дзяржаў. Мы, праваслаўныя беларусы, шануем сьвяціцеля Георгія як абаронцу нашай веры і Праваслаўнай царквы», — заключае Георгій Рой.

«Баронячы» праваслаўных, сьвятар быў гатовы ахвяраваць існаваньнем дзяржавы

Жыхар Магілёва, першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў зьвярнуўся зь лістом ў гарвыканкам, у якім выклаў, чаму, на ягоную думку, ня варта называць плошчу імем Каніскага.

«Каніскі, як сьцьвярджае расейскі гісторык Васіль Ключэўскі ў сваёй працы „Курс русской истории: сочинения в 9-ти томах“, выступаў за тое, каб расійская імпэратрыца Екацярына ІІ увяла на тэрыторыю тагачаснай нашай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага — свае войскі. Такім чынам, „баронячы“ праваслаўных сьвятар быў гатовы ахвяраваць існаваньнем дзяржавы», — сьцьвярджае партыец.

«У наш час ёсьць аналёгія, — дадае ён. — калі пад выглядам абароны расейскамоўнага насельніцтва Расея ўвяла войскі ў Крым і разьвязала вайну на Данбасе».

«Да любой прапановы па ўвекавечваньні гістарычнай асобы варта падыходзіць з пазыцыі сучаснай беларускай дзяржавы і нашай незалежнасьці. Любая асоба мусіць усебакова абмяркоўвацца і крытыкавацца. У нас ёсьць свае выбітныя дзеячы, якія не ўшанаваныя як сьлед. Грамадзкасьць гораду дамаглася, каб зьявіліся вуліцы імя Цішкі Гартнага, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна. Але дзе ж ім помнікі, ці яны іх ня вартыя? У той жа час імем асобы з супярэчлівай дзейнасьцю прапануюць назваць адну з цэнтральных вуліц гораду», — заяўляе сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў.

Партыец прапануе вярнуць плошчы гістарычнае імя: Касьцерня.

Калі ўсходняя Беларусь увайшла ў склад Расейскай імпэрыі, то Каніскі зразумеў свае памылкі

Калектыўны зварот праваслаўных вернікаў разглядалі на пасяджэньні тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме. Ніводзін яе сябра ня выказаўся супраць ушанаваньня памяці Каніскага. Аднак пасьля працяглай дыскусіі было вырашана вынесьці пытаньне на грамадзкае абмеркаваньне.

Гісторык, сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін называе Каніскага адной з прыярытэтных гістарычных асобаў, вартых ушанаваньня ў Магілёве. Паводле навукоўца, намаганьнямі Каніскага ў Магілёве паўстаў тэатар ды духоўная сэмінарыя, у якой у розныя часы вучыліся вядомыя беларусы: гісторык і палітычны дзеяч Усевалад Ігнатоўскі, пісьменьнікі Міхась Касянкоў (Зарэцкі) ды Андрэй Шашалевіч (Мрый). Ігар Пушкін адзначае: дзякуючы Каніскаму быў узьведзены мураваны Спаскі сабор, Архірэйскі палац у стылі віленскага барока, адкрываліся народныя школы.

Надпіс на шыльдзе бяз згадкі пра Расейскую імпэрыю

Надпіс на шыльдзе бяз згадкі пра Расейскую імпэрыю

«Сапраўды многія закідваюць Каніскаму, што ён, баронячы праваслаўных, не на тыя сілы паставіў. Але ня варта забываць, што на ўсходзе Беларусі былі дужа моцныя пазыцыі праваслаўя. Тады наагул зьбіраліся зачыніць адзіную праваслаўную эпархію ў краіне. І Каніскі вымушаны быў яе бараніць», — даводзіць сваю пазыцыі Ігар Пушкін.

«Калі ўсходняя Беларусь увайшла ў склад Расейскай імпэрыі, то ён не зрабіў карʼеры і асаблівай славы не здабыў. Ён зразумеў свае памылкі. Сьвятар быў дужа расчараваны, — дадае гісторык. — Захаваліся ягоныя лісты, у якіх ён прызнаецца пра гэта. Калі ў Рэчы Паспалітай эпархія, якой ён кіраваў, была цэнтрам праваслаўя, то ў Расейскай Імпэрыі стала звычайнай, як мноства іншых у Расеі».

Пытаю ў суразмоўцы, ці ня стане плошча, у выпадку наданьня ёй імя Каніскага, апірышчам для ўмацаваньня ў Магілёве ідэалёгіі гэтак званага «рускага міру».

«А гэта будзе залежыць ад саміх магілёўцаў, — адказавае Ігар Пушкін. — Мая думка такая: калі мы не нададзім плошчы імя Каніскага, то зробім кепскую справу. Варта найперш думаць пра тое, што гэты сьвятар зрабіў для гораду. Калі ж мы будзем разважаць у кантэксьце падзеяў, якія прывялі да развалу Рэчы Паспалітай, то варта прызнаць: паводзіны тагачаснай шляхты і вырашылі лёс краіны. Давайце згадаем 1696 год, калі ў якасьці дзяржаўнай у Рэчы Паспалітай зацьвердзілі толькі польскую. Ад гэтага моманту ў Рэчы Паспалітай на дзяржаўным узроўні ўжо нічога практычна не засталося беларускага. Зьнікла дзяржава двух народаў, як тады называлі Рэч Паспалітую. Георгій Каніскі на ўсходзе Беларусі змагаўся за тое, ува што верыў».

Чыннасьць Канінскага разглядаецца праз прызму пагрозаў «русского мира»

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка гаворачы пра ініцыятыву праваслаўных актывістаў, адзначае: наданьне плошчы ці вуліцы імя пэўнай гістарычнай асобы трэба разглядаць праз прызму ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці, а не размываньня яе.

Вуліца Архірэйскі вал Каніскага, раней называлася «Вал Красной Звезды». На ёй стаіць Архірэйскі палац. Адзіны будынак які захаваўся з часоў Каніскага

Вуліца Архірэйскі вал Каніскага, раней называлася «Вал Красной Звезды». На ёй стаіць Архірэйскі палац. Адзіны будынак які захаваўся з часоў Каніскага

Партыец кажа, што яму не даводзілася чытаць тэкстаў, у якіх Каніскі заклікаў да развалу Рэчы Паспалітай. «Працы, прысьвечаныя Каніскаму, напісаныя расейскімі дасьледнікамі з пазыцыі расейскай жа дзяржаўнасьці», — настойвае суразмоўца.

«Гэтыя працы хутчэй прапагандысцкія, чым навуковыя, — працягвае ён. — Выказваньні сьвятара папросту маглі вырывацца з кантэксту, а тыя, што былі непатрэбныя, выкідаліся. Ушанаваньне праваслаўнага біскупа, які на ўсходзе Беларусі бараніў праваслаўе, якое на тутэйшых землях было натуральнай зьяваю — гэта нармальна».

«У 18 стагодзьдзі ўціск на праваслаўных быў моцным, і цалкам магчыма, што Каніскі вымушаны быў зьвяртацца па абарону як да караля Рэчы паспалітай, гэтак і да расейскай імпэратрыцы. Для многіх цяперашніх беларусаў такія паводзіны ўспрымаюцца як здрада, і Каніскі бачыцца такім „прамаскоўскім агентам“. Я ж лічу, што няма доказаў, што гэты архірэй — сымбаль „русского мира“. Паўтаруся, чыннасьць Каніскага вывучалі пераважна расейскія дасьледнікі з адпаведнай інтэрпрэтацыяй. Сытуацыя вымагае беларускага досьледу», — выказвае меркаваньне фронтавец Віталь Макаранка.

Спадчына Каніскага не дасьледаваная як сьлед

Экскурсавод Алег Дзьячкоў выступае за вяртаньня магілёўскай тапаніміцы гістарычных назваў. Да перайменаваньня плошчы Арджанікідзэ ў плошчу Каніскага ставіцца скептычна. На ягоную думку, пляц мусіць называцца Касьцерня. Гэтая назва, даводзіць кіраўнік гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы, жыве ў людзкой памяці, хоць яна і зьнікла з мапы гораду.

Георгіеўскі храм у Магілёве. На сьценах постаці Георгія Каніскага і архіепіскапа магілёўскага Паўліна, забітага ў 1935 годзе, бальшавікамі. Абодва шануюцца праваслаўнымі вернікамі ў Магілёве як сьвятыя. Праваслаўная царква далучыла іх да мясцовых сьвятых

Георгіеўскі храм у Магілёве. На сьценах постаці Георгія Каніскага і архіепіскапа магілёўскага Паўліна, забітага ў 1935 годзе, бальшавікамі. Абодва шануюцца праваслаўнымі вернікамі ў Магілёве як сьвятыя. Праваслаўная царква далучыла іх да мясцовых сьвятых

«Гэтая назва тут была не адну сотню гадоў. Многія людзі, якія вучыліся ў цяперашнім пэдагагічным каледжы зь іншых гарадоў, пытаюцца: „А ці засталася яшчэ Касьцерня?“. Цалкам лягічна, каб гэтую назву вярнулі гораду», — даводзіць сваю пазыцыю Алег Дзьячкоў.

«Што да асобы Каніскага, то ў нас ёсьць Архірэйскі вал імя Каніскага, — працягвае суразмоўца. — Ёсьць архірэйскі палац Каніскага з шыльдай пра яго. Гэта ўсё замацавана, і мне думаецца, што гэтага дастаткова. Безумоўна, Каніскі шанаваная асоба, пярэчаньняў няма, аднак, Касьцерня — гістарычная назва, і плошча мусіць так называцца».

На думку Алега Дзьячкова, Георгій Каніскі застаецца неадназначным пэрсанажам гісторыі Беларусі. «Ён сам з Украіны. Ведаў беларускую мову, падтрымліваў набажэнствы на ёй, аднак ягоная спадчына з гледзішча беларускай дзяржаўнасьці не дастаткова дасьледаваная. Яе трэба вывучаць і вывучаць, каб не было потым няёмка, што плошчу назвалі ў гонар не таго героя».

Рэлігія — гэта тое, што разьядноўвае беларусаў

На шыльдзе, усталяванай на будынку былога архірэйскага палацу ў гонар Каніскага, ня згадваюць Расейскай імпэрыі. «У гэтым доме жыў і працаваў у 1785–1795 гадах вядомы дзеяч культуры ўсходніх славян, асьветнік, пісьменьнік і палітык — архіепіскап Георгій Каніскі», — напісана на ёй.

Будынак, які ўзьвялі на месцы зруйнаванага Спаскага сабору. У ім спачывалі мошчы Каніскага. Куды іх вывезьлі, невядома. Цалкам верагодна, што яны засталіся ў падмурках, на якім стаіць цяперашні дом

Будынак, які ўзьвялі на месцы зруйнаванага Спаскага сабору. У ім спачывалі мошчы Каніскага. Куды іх вывезьлі, невядома. Цалкам верагодна, што яны засталіся ў падмурках, на якім стаіць цяперашні дом

Гісторык Анатоль Сідарэвіч адзначае: Каніскі быў ня толькі рэлігійным дзеячам, але і палітыкам.

«Наагул я супраць прысваеньня вуліцам, плошчам, сквэрам і сьвецкім установам імёнаў рэлігійных дзеячаў, незалежна ад таго, якая была іх палітычная арыентацыя. Рэлігія — гэта тое, што разьядноўвае беларусаў. Вы назавеце плошчу ў гонар праваслаўнага сьвятара, пакрыўдзяцца католікі. Іншая справа — агульна прызнаныя асобы ад якіх не патыхае палітыкай, напрыклад, Кірыла Тураўскі ці Эўфрасіньня Полацкая», — тлумачыць сваю пазыцыю Анатоль Сідарэвіч.

Грамадзкае абмеркаваньне ініцыятывы праваслаўных вернікаў будзе доўжыцца да 27 ліпеня. Тым часам пры храмах працягваецца збор подпісаў у яе падтрымку.

Як заяўляецца, пасьля абмеркаваньня будзе прынятае рашэньне наконт перайменаваньня плошчы Арджанікідзэ. Прадстаўнікі ўлады пакуль стрымана рэагуюць па прапанову праваслаўных вернікаў.

Калі рашэньне будзе станоўчым, то значнасьць падзеі варта параўноўваць з тэктанічным зрухам. Будзе створаны прэцэдэнт дэсаветызацыі назваў вуліц гораду.

Гэтак выглядае колішняя плошча Касьцерня. Яе межы і межы цяперашняй плошчы Арджанікідзэ ня вызначаныя

Гэтак выглядае колішняя плошча Касьцерня. Яе межы і межы цяперашняй плошчы Арджанікідзэ ня вызначаныя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG